ФІ́ШЭР (Vischer),

сям’я нямецкіх майстроў бронз. і латуннага ліцця. Працавалі ў 15—16 ст. у г. Нюрнберг. Майстэрня Ф. засн. ў 1453 Германам Ф. Старэйшым (?—1488); вырабляла пераважна надмагільныя дошкі, саркафагі, панікадзілы, купелі і інш. Петэр Ф. Старэйшы (каля 1460—7.1.1529), сын Германа. Пашырыў майстэрню, зрабіў яе самай буйной у Германіі. Выканаў статуі каралёў Артура і Тэадорыха для кенатафа імператара Максіміляна I (1513, Хофкірхе, г. Інсбрук, Аўстрыя); мадэлі выраблялі з дрэва спец. скульптары-разьбяры. Пашырэнню ў ням. пластыцы рэнесансавых маст. прынцыпаў спрыялі сыны Петэра: Герман Ф. Малодшы (каля 1486—1516), Петэр Ф. Малодшы (1487—1528), Ганс Ф. (каля 1489—1550); таксама скульптары і ліцейшчыкі. Петэр Ф. Малодшы ўпершыню ў Германіі ўвёў італьян. тэхніку ліцця па васковых мадэлях, выканаў фігурныя ўпрыгожанні ракі св. Зебальда (1508—19, Зебальдускірхе).

Літ.:

Либман М.Я. Немецкая скульптура, 1350—1550. М., 1980.

т. 16, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)