ВІ́ЛЬСАН, Уілсан (Wilson) Томас Вудраў (28.12.1856, г. Стантан, штат Віргінія, ЗША — 3.2.1924), дзяржаўны дзеяч ЗША. Скончыў Прынстанскі ун-т (1879), праф. права і паліт. эканоміі (1890—1902), рэктар (1902—10) у ім.
Губернатар штата Нью-Джэрсі (1910—12). Двойчы перамагаў на прэзідэнцкіх выбарах ад Дэмакр. партыі, 28-ы прэзідэнт ЗША (1913—21). Адміністрацыя Вільсана ў першыя гады яго прэзідэнцтва правяла шэраг прагрэс. рэформаў (прыняцце закону аб тарыфах і падаходным падатку, антытрэстаўскага закону, увядзенне 8-гадзіннага прац. дня на чыгунцы і інш.). У міжнар. палітыцы дэклараваў імкненне зрабіць ЗША вядучым абаронцам міру, аднак пры Вільсане ЗША ажыццявілі інтэрвенцыю ў Мексіку, акупіравалі Гаіці і Санта-Дамінга. У 1-ю сусв. вайну Вільсан, урад якога да 1917 прытрымліваўся нейтралітэту, спрабаваў ініцыіраваць мірныя перагаворы варагуючых бакоў, у пач. 1917 Вільсан прапанаваў кангрэсу ЗША план усталявання міру шляхам стварэння Лігі Нацый. Пры Вільсане ЗША аб’явілі вайну Германіі (крас. 1917), ажыццявілі інтэрвенцыю ў Сав. Расію. Вільсан — аўтар праграмы міру з 14 пунктаў (уключала і пункт аб стварэнні Лігі Нацый), актыўны ўдзельнік распрацоўкі і прыняцця Версальскага мірнага дагавора 1919. Нобелеўская прэмія міру 1919.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫХЛАПНЫ́Я ГА́ЗЫ,
газападобныя і цвёрдыя прадукты, што выкідваюцца ў атмасферу рухавікамі ўнутр. згарання; адна з асн. крыніц забруджвання атмасфернага. Пераважныя інгрэдыенты выхлапных газаў: вокіс вугляроду (CO), вокіслы азоту (NOx), сярністы ангідрыд (SO2), вуглевадароды (CnHm), серавадарод (H2S) і інш. Асобную групу складаюць канцэрагенныя поліцыклічныя араматычныя вуглевадароды і найб.актыўны з іх — бенз(а)пірэн (індыкатар наяўнасці канцэрагенаў у выхлапных газах). Пры выкарыстанні этыліраванага бензіну ў саставе выхлапных газаў высокатаксічныя злучэнні свінцу. Пад уздзеяннем сонечнай радыяцыі ў выніку фотахім. рэакцый выхлапныя газы ператвараюцца ў таксічныя рэчывы і адмоўна ўплываюць на чалавека, жывёл (павялічваюць успрымальнасць да розных хвароб, пераважна анкалагічных) і расліны (парушаюць працэс фотасінтэзу). Выкіды аўтатранспарту — асн. прычына фотахім. смогу ў гарадах. Узровень выкідаў CO, CnHm, NOx і дымнасці выхлапных газаў рэгулюецца спец. нарматывамі (дапушчальныя выкіды на 1 км пройдзенага шляху) і кантралюецца газааналізатарамі і дымамерамі. На Беларусі выкіды ад аўтатранспарту склалі 1,7 млн.т (77% ад агульных выкідаў у атмасферу; 1995). Таксічнасць выхлапных газаў зніжаецца пры выкарыстанні неэтыліраванага бензіну і экалагічна чыстых відаў паліва — прыроднага і звадкаванага газу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГ (George),
імя англ. каралёў у 20 ст.Найб. значныя прадстаўнікі:
Георг I (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.
Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).
Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.
Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛІЙ (лац. Kalium),
K, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 19, ат. м. 39,0983, належыць да шчолачных металаў. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 39K (93,259%), 41K (6,729%) і радыеактыўнага 40K. У зямной кары 2,41% па масе, трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (гл.Калійныя солі). Найважнейшы пажыўны элемент для раслін (гл.Калійныя ўгнаенні). Адкрыты ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. аль-калі — паташ.
Мяккі серабрыста-белы метал, tm 63,51 °C, шчыльн. 862,9 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. З вадой і разбаўленымі к-тамі ўзаемадзейнічае з выбухам і загараннем. Лёгка ўзаемадзейнічае з кіслародам паветра (утварае аксід K2O, пераксід K2O2, надпераксід KO2), галагенамі, пры награванні — з вадародам, халькагенамі, фосфарам, графітам (гл.Калію злучэнні). Не ўзаемадзейнічае з азотам. Захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер. масла. Атрымліваюць узаемадзеяннем метал. натрыю з расплавам калію гідраксіду ці хларыду KCl, электролізам расплаву KCl ці карбанату K2CO3. Выкарыстоўваюць як матэрыял электродаў у хім. крыніцах току, як гетэр у вакуумных радыёлямпах, сплаў К. і натрыю — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах. Пры кантакце выклікае моцныя апёкі скуры і слепату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЛЬЦЫЙ (лац. Calcium),
Ca, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 20, ат. м. 40,08, адносіцца да шчолачназямельных металаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў, найб. пашыраны 40Ca (96,94%). У зямной кары 3,38% па масе. Трапляецца толькі ў выглядзе злучэнняў (каля 400 мінералаў); вапняк, мармур, мел, апатыт і інш. Метал атрыманы ў 1808 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад лац. calx (calcix) — вапна.
Серабрыста-белы метал, tm 842 °C, шчыльн. 1540 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны, аднаўляльнік. На паветры пакрываецца плёнкай з кальцыю аксіду і кальцыю гідраксіду. Узаемадзейнічае з вылучэннем вадароду з вадой і к-тамі (акрамя канцэнтраваных сернай і азотнай), 3 галагенамі, пры награванні — з вадародам, азотам, фосфарам, халькагенамі, вугляродам (гл.Кальцыю карбід). У прам-сці атрымліваюць электролізам расплаву сумесі хларыдаў CaCaCl2 (75—85%) і KCl ці алюматэрмічным аднаўленнем К. аксіду. Выкарыстоўваюць для аднаўлення урану, торыю, цэзію, рубідыю, тытану, цырконію і некат. лантаноідаў з іх злучэнняў, як кампанент антыфрыкцыйных сплаваў са свінцом для вытв-сці падшыпнікаў, кальцыю злучэнні — у буд-ве (вапна, цэмент), медыцыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНО́ЎСКІ (Антон) (10.7.1781, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 3.1.1855),
выдавец, публіцыст. Скончыў Мінскую гімназію, Віленскі ун-т (1807). Адзін з арганізатараў і актыўны член т-вашубраўцаў, Віленскага друкарскага т-ва (1818—22). У 1816—22 рэдактар сатыр.час. «Wiadomości brukowe» («Вулічныя навіны»), у 1817—39 рэдактар-выдавец газ. «Kurier Litewski» («Літоўскі веснік»), у 1819—30 — першага на Беларусі і ў Літве навук.-літ.час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»). У 1817 заснаваў у Вільні друкарню, дзе выдаў каля 400 назваў кніг па розных галінах ведаў, у т. л. «Летапісец Літвы і руская хроніка» ў апрацоўцы І.Даніловіча (1827), «Гісторыю літоўскага народа» Т.Нарбута (т. 1—9, 1835—41), творы І.Красіцкага, Ф.Князьніна, І.Легатовіча і інш. Аўтар прац па педагогіцы, антыпрыгонніцкай сатыры «Машына для біцця хлопаў» (пад псеўд. Патэлё, 1817), мемуараў (зберагаліся ў Р.Зямкевіча, загінулі ў 2-ю сусв. вайну). Адзін са складальнікаў «Збору старажытных грамат і актаў гарадоў: Вільні, Коўна, Трок...» (ч. 1—2, 1843). Мяркуюць, што ў 1812 пісаў на бел. мове адозвы да сялян супраць памешчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліць царк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДЫЙ (лац. Palladium),
Pd, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 46, ат. м. 106,42, адносіцца да плацінавых металаў. У прыродзе 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 102, 104—106, 108, 110. У зямной кары 10−6% па масе. Трапляецца ў самародным выглядзе, у выглядзе сплаваў (напр., паладзістая плаціна, якая мае 7—39% П.) і злучэнняў (напр., мінерал паладыт — аксід PdO). Адкрыты ў 1803 англічанінам У.Воластанам, названы ў гонар адкрыцця астэроіда Палада.
Серабрыста-белы мяккі метал, tпл 1554 °C, tкіп 2840 °C, шчыльн. 12 020 кг/м³. Паводле хім. уласцівасцей найб.актыўны плацінавы метал. Добра раствараецца ў царскай гарэлцы, а таксама ў гарачых канцэнтраваных азотнай і сернай к-тах. Найб. устойлівыя злучэнні Pd(II). У паветры акісляецца пры 600—800 °C (пакрываецца тонкай цьмянай плёнкай PdO). Пры награванні ўзаемадзейнічае з галагенамі, халькагенамі, мыш’яком і крэмніем. Абарачальна паглынае ў значнай колькасці вадарод (да 900 аб’ёмаў на 1 аб’ём П.). Сплавы П. з інш. металамі выкарыстоўваюць для вырабу мед. інструментаў, зубных пратэзаў, у вытв-сці ювелірных вырабаў, хім. апаратуры, як каталізатары шматлікіх хім. рэакцый (гідрыравання, дэгідрыравання і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯТРО́ЎСКІ (Рыгор Іванавіч) (4.2.1878, г. Харкаў, Украіна — 9.1.1958),
савецкі дзярж. і парт. дзеяч. Бацька Л.Р.Пятроўскага. Чл.ЦК (1921—39), канд. у чл. Палітбюро ЦК (1926—39) Камуніст. партыі. У 1897 уступіў у екацярынаслаўскі «Саюз барацьбы за вызваленне рабочага класа». У 1899—1900 на рэв. рабоце ў Харкаве і Мікалаеве. У рэвалюцыю 1905—07 адзін з арганізатараў Екацярынаслаўскага Савета рабочых дэпутатаў і Баявога стачачнага к-та. Дэп. 4-й Дзярж. думы (з 1912), дзе ўзначальваў фракцыю бальшавікоў. У ліст. 1914 арыштаваны, у лют. 1915 навечна сасланы ў Сібір. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 камісар Якуцкай вобл. З чэрв. 1917 на парт. рабоце ў Петраградзе, Екацярынаславе, актыўны ўдзельнік барацьбы за Сав. ўладу ў Данбасе. У ліст. 1917 — сак. 1919 нарком унутр. спраў РСФСР. У 1919—38 старшыня ЦВК Украінскай ССР, адначасова нам. старшыні ЦВКСССР (1922—37), нам. старшыні Прэзідыума Вярх. Савета СССР (1937—38). Старшыня Усеўкр. камісіі бедных сялян (1920—33). З 1940 нам. дырэктара Музея рэвалюцыі СССР. У яго гонар названы г.Днепрапятроўск (б. Екацярынаслаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РУНЬ»,
ілюстраваны літ.-мастацкі часопіс нац.-дэмакр. кірунку. Выходзіў з 2.5 да 4.7.1920 у Мінску на бел. мове штотыднёва. Рэдактар Янка Луцэвіч (Я.Купала), выдавец В.Іваноўскі. Выступаў за нац. дзяржаўнасць бел. народа, развіццё яго эканомікі, пашырэнне культуры і асветы на роднай мове. Актыўны ўдзел у выданні часопіса прымалі З.Бядуля, Л.Родзевіч, М.Чарот, мастак Я.Драздовіч. Упершыню апублікаваў цыкл вершаў Я.Купалы «Песні на ваяцкі лад», «Брат і сястра», сцэнічны жарт «Прымакі», арт. «Справа беларускага нацыянальнага гімну», апавяд. М.Багдановіча «Апокрыф», апавяданні, артыкулы, нарысы З.Бядулі, арт. Ф.Аляхновіча «Першае таварыства беларускай драмы і камедыі», сцэнічны абразок «Лес шуміць», нарыс «Тэатр на вёсцы», вершы А.Гаруна, Чарота, К.Буйло, А.Петрашкевіча, І.Піліпава, У.Жылкі. Змясціў даследаванні Я.Карскага («Духоўныя вершы і канты, штучна створаныя», «Беларускі пісьменнік-народнік А.Р.Пшчолка», «Арцём Вярыга-Дарэўскі»), У.Ігнатоўскага («Кароткі гістарычны нарыс Гродзеншчыны»), І.Гердэра («Штукарства мовы і красамоўства», пер. з ням.). Надрукаваў рэцэнзіі на творы М.Гарэцкага, даведкі пра бел. пісьменнікаў, фатаграфіі і малюнкі бел. краявідаў, помнікаў гісторыі і культуры.