КЕРА́МІКА (грэч. keramike ганчарнае мастацтва ад keramos гліна),
вырабы з прыродных глін і іх сумесей з мінер. і арган. дамешкамі, абпаленыя да каменепадобнага стану. Паводле прызначэння падзяляецца на посуд (сталовы, кухонны, тарны), буд. вырабы (плітка керамічная, цэгла, чарапіца, кафля і інш. вырабы будаўнічай керамікі), рэчы мастацтва, культу (дэкар. вазы, статуэткі, фігуркі, барэльефы, урны пахавальныя) і інш. Паводле гатункаў гліны К. бывае звычайная (з афарбаванай, ажалезненай гліны) і фарфора-фаянсавая (з белай гліны — кааліну). Паводле дамешкаў у глінянае цеста адрозніваюць К. тэракотавую (з чыстай чырванаватай гліны), з арганічнымі (расліннымі) дамешкамі, тоўчанымі ракавінамі, пяском (кварцам), жарствой (тоўчаным каменем), крывавікам (балотнай рудой), шамотам (здробненымі кавалкамі посуду), фарфоравую (з дамешкамі ў каалін кварцу, мармуру, мелу), фаянсавую (з дамешкамі гіпсу) і інш.Стараж. К. нясе ў сабе тэхналагічную, храналагічную (стадыяльную), тэрытарыяльную, культурна-археал. інфармацыю. Тыпы, формы і арнаментацыя гліняных вырабаў (найперш посуду) з’яўляюцца асн. вызначальнымі прыкметамі пэўнай археал. культуры, а часам і этнічнай прыналежнасці. Паводле спосабаў вытв-сці К. падзяляюць на ляпную (вырабленую рукамі) і ганчарную. Па апрацоўцы паверхні керамічны посуд бывае гладкасценны, з адбіткамі шнура (вяроўкі), з расчосамі грэбенем, шурпаты, штрыхаваны, храпкаваты (абляпаны), тэкстыльны (з адбіткамі тканіны), глянцаваны, паліраваны, маёлікавы (гл.Маёліка) і інш.
Вытворчасць глінянага посуду пачалася 8—6 тыс.г. да н.э. ў Пярэдняй Азіі (Месапатамія), на Б. Усходзе і ў Інданезіі. У Еўропе найб.стараж. посуд (6—5,8 тыс.г. да н.э.) знойдзены на Балканскім п-ве (Македонія, Балгарыя). У 5—4 тыс. да н.э.вытв-сць К. стала вядома насельніцтву Валыні, а з канца 5-га тыс. да н.э. плямёнам, якія насялялі тэр. Беларусі. Для стараж. посуду характэрна выкарыстанне раслінных дамешкаў у цесце гліны, якія пры т-ры 300—400 °C часткова выгаралі. Абпал посуду на адкрытым вогнішчы быў слабы, пры т-ры 500—600 °C утвараўся аксід жалеза, што афарбоўваў паверхню ў чырванаваты колер. У жал. веку ў фармовачную масу найчасцей дамешвалі жарству ці буйназярністы пясок, посуд фармавалі стужачна-кальцавым спосабам на спец. цвёрдай падстаўцы. Спачатку выбівалі ці выціскалі донца, потым нарошчвалі сценкі. Абпальвалі ў скляпеністых горнах, дзе т-ра дасягала 1000 °C, калі мінер. дамешкі пачыналі плавіцца, а пазней і 1200—1400 °C, пры якой адбывалася іх крышталізацыя і чарапок набываў «звонкасць». Усх. славяне ганчарны посуд пачалі вырабляць у сярэдзіне 10 ст. Першапачаткова ганчарны круг выкарыстоўвалі толькі для загладжвання ўжо гатовага начыння ці частковай яго фармоўкі. Асн. яго формай былі гаршкі, вырабленыя на павольным крузе.
На Беларусі са з’яўленнем нажнога ганчарнага круга стаў выкарыстоўвацца спосаб тачэння або выцягвання пасудзіны з аднаго кавалка гліны. Вельмі шмат ганчарнай К. ў культурных пластах гарадоў 12—13 ст. Асабліва добра К. абпальвалася ў горне (гл.Ганчарны горан). Пасля прыняцця хрысціянства (988) у гарадах Кіеўскай Русі, у т. л. на Беларусі, разгарнулася буд-ва мураваных цэркваў, што адразу рас шырыла асартымент К. З гліны пачалі вырабляць плінфу (шырокую плітачную цэглу), архітэктурныя дэталі, у т. л.галаснікі; для аздаблення падлогі і сцен выраблялі пліткі, якія часам пакрывалі паліхромнымі палівамі. У 14 ст. з’явілася, а ў 16—17 ст. шырока распаўсюдзілася брусковая буйнапамерная цэгла-пальчатка з адбіткамі і баразёнкамі ад пальцаў. Частка цэглы перапальвалася і ператваралася ў цэглу-жалязняк цёмна-шэрага колеру, што выкарыстоўваўся на дэкор. У гэты час ганчары навучыліся загартоўваць посуд у растворы хлебнага квасу, у выніку з’явілася «абварная», «гартаваная», «рабая» К., дэкор якой меў выгляд плям на светла-ружовым фоне. У 14 ст. рамеснікі ВКЛ перанялі ў ням. майстроў уменне вырабляць кафлю і абліцоўваць ёю печы. Аб’яднанне рамеснікаў у цэхі ў сярэдзіне 16 ст. і асваенне нажнога ганчарнага круга садзейнічалі павышэнню якасці К. Посуд стаў больш тонкі і сіметрычны, пашырыўся яго асартымент. Пачалі вырабляць курыльныя люлькі, скарбонкі, цацкі-свістулькі і інш. рэчы. Прадукцыя ганчароў паступала на рынкі, набывала таварны характар. Шмат белаглінянага посуду — т.зв. «каменнага тавару» — трапляла ў 16 ст. ў гарады Беларусі з Рэйнскай вобласці. З 15 — пач. 16 ст. посуд і кафлю пакрывалі пераважна зялёнай палівай, з сярэдзіны 16 ст. пачалі рабіць маёлікавы посуд і кафлю, аздобленыя паверх нізкарэльефнага малюнка жоўтай, белай, зялёнай эмаллю не ражком, як гэта было ў 12—15 ст., а пэндзлем непасрэдна па непрасушаным чарапку. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі дымленне, глянцаванне, падглазурную размалёўку — ангобам, а надглазурную — эмалямі. Росквіт вытв-сці паліхромнай кафлі на Беларусі ў 16—17 ст. дазволіў экспартаваць яе ў Маскоўскую дзяржаву. У 17 ст. на Беларусі з’явіўся маёлікавы посуд, рэчы, аздобленыя кобальтавай размалёўкай. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Целяханах, Слуцку і інш. гарадах. У 19—20 ст. К. пераважна вырабляюць на прамысл. прадпрыемствах. Тэхнал. працэс вырабу прамысл. К. ўключае апрацоўку сыравіны, прыгатаванне керамічнай масы, фармаванне, сушку і абпал вырабаў, дэкаратыўную аддзелку.
К. мастацкая — галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Асн.тэхнал. віды маст. К. — тэракота, шамот, маёліка, фаянс, каменная маса, фарфор.
Вырабы з гліны (выявы жывёл і чалавека) вядомы з палеаліту (фігуркі з Дольні-Вестаніцы, Чэхія, 27 тыс.г. да н.э.). З позняга палеаліту і ў неаліце вядома абпальванне вырабаў з гліны (рэльефныя выявы жывёл у пячоры Цюк-д’Адубер, Францыя). Выразныя магчымасці К. павялічваліся з удасканаленнем спосабаў вырабу (ад лепкі ўручную да фармоўкі на ганчарным крузе), абпальвання (ад вогнішча да ганчарнага горна) і аздаблення посуду (ад нескладанага ямкавага арнаменту для глянцавання, лакаў, ангобу, палівы і шматкаляровай размалёўкі; гл.Ганчарства). Імкненне атрымаць тонкую і прыгожую К. прыводзіла майстроў розных краін і эпох да адных і тых жа адкрыццяў. Напр., вытв-сць фаянсу і глазураў, вядомая стараж. егіпцянам у 15 ст. да н.э., была зноў вынайдзена ў 3—4 ст.н.э. ў Кітаі, у 9—10 ст. у краінах Б. Усходу, у 16 ст. ў Францыі. Сакрэт фарфору, вядомага ў Кітаі з 6—7 ст., адкрылі ў 1-й пал. 18 ст. самастойна рус. і ням. майстры (мейсенскі фарфор), у 2-й пал. 18 ст. — у Францыі (сеўрскі фарфор). У Францыі і Англіі былі створаны блізкія да фарфору разнавіднасці К. — т.зв. мяккі і «касцяны» фарфор. Важнае месца ў гісторыі К. належыць Стараж. Грэцыі, дзе выпрацаваны разнастайныя формы пасудзін (амфара, ваза, кіяф, кілік, скіфас і інш.), упрыгожаныя чорна- і чырваналакавай размалёўкай (гл.Вазапіс), былі пашыраны ляпныя і размаляваныя тэракотавыя статуэткі. Высокага маст. ўзроўню дасягнула К. амер. індзейцаў, якія да 16 ст. не ведалі ганчарнага круга (тэракотавыя статуэткі майя, фігурныя пасудзіны і маскі ацтэкаў, «тваравыя» пасудзіны інкаў). Высокім маст. узроўнем вызначаюцца кіт. фарфор 9—17 ст., блізкаўсходні паліхромны з люстрам посуд і арх. абліцоўкі 9—15 ст. (дэкор пабудоў Самарканда, Бухары і інш.), іспана-маўрытанская (14—15 ст.) і італьян. (15—17 ст.) маёліка, фаянсы Руана, Сеўра (16—18 ст.), рас. фарфор, фаянс (гл.Гжэльская кераміка. Дулёўскі фарфоравы завод) і вырабы нар.маст. промыслаў (гл.Дымкаўская цацка, Скапінская кераміка). З пач. 20 ст. з пашырэннем функцыяналізму ў К. краін Еўропы і ЗША вёўся пошук простых, часам без дэкору форм, разлічаных на прамысл.вытв-сць (распрацоўкі «Баўгауза» ў Германіі і інш.). У 1950-я г.прамысл. К. імкнулася да рацыянальнай прастаты, выяўлення утылітарнасці прадмета, структурных і фактурных якасцей матэрыялу. Для дэкору характэрна разнастайнасць тэхнік (новыя віды эмалі, палівы), стылявых тэндэнцый, кантрастных супастаўленняў з інш. матэрыяламі. З 1960-х г. адбываецца адыход ад строгай функцыянальнасці і імкненне наблізіцца да станковых форм. У галіне К. працуюць буйнейшыя мастакі і архітэктары.
На тэр. Беларусі керамічныя вырабы (прадметы хатняга ўжытку) вядомы з неаліту (гл. ў арт.Першабытнае мастацтва). Лепленыя ўручную вастрадонныя гаршкі ўпрыгожвалі наколкамі, адбіткамі грэбеня, пракрэсленымі лініямі, пазней арнаментавалі ўсю паверхню. У бронзавым веку была пашырана шнуравая К., у жал. веку пераважала штрыхаваная, гладкасценная і чорназадымленая. Выкарыстанне ганчарнага круга, павышэнне якасці апрацоўкі гліны садзейнічалі таму, што з 10 ст. керамічныя вырабы сталі больш якасныя, пластычна выразныя і разнастайныя па форме. У сярэдневякоўі склаліся традыц. асаблівасці К. Практычную і эстэт. каштоўнасць гліняных вырабаў павялічыла выкарыстанне глазуры. Керамічны посуд аздаблялі гравіраваным лінейна-хвалістым узорам, штрыхамі, кропкамі. Выраблялі таксама арх. дэталі, збаны-галаснікі, паліхромныя абліцовачныя пліткі (гл.Плітка дэкаратыўная). У 16—18 ст. інтэнсіўна развівалася вытв-сцькафлі. Пра шырокае ўжыванне маст. К. ў 17 ст. сведчаць інтэр’еры маскоўскіх і падмаскоўных храмаў, манастыроў і палацаў, якія аздаблялі выхадцы з Беларусі, майстры-цаніннікі С.Палубес, П.Заборскі, І.Максімаў, С.Грыгор’еў, старац Іпаліт і інш. У 18 — пач. 19 ст. пачаўся выраб фаянсу ў Свержані (Стаўбцоўскі р-н), Целяханах (Івацэвіцкі р-н; гл.Целяханскія фаянсавыя вырабы), Гродне, Урэччы, Слуцку. Фаянсавыя вырабы аздаблялі рэльефным арнаментам, маскаронамі, шматколернай размалёўкай і пазалотаю. Склаліся цэнтры маст. К., сфарміраваліся самабытныя школы дэкар. размалёўкі, мясц.маст. стылі (гл.Бабінавіцкая кераміка, Бабруйская кераміка, Гараднянская кераміка, Гарадоцкая кераміка, Дубровенская кераміка, Заслаўская кераміка, Івянецкая кераміка, Крычаўская кераміка, Поразаўская кераміка і інш.). Да традыц. відаў маст. К. адносяцца і гліняная скульптура, цацкі-свістулькі і інш. У 19 — пач. 20 ст. К. выраблялі на кафляных і фаянсавых з-дах у Целяханах, Слуцку, Барысаве, Магілёве; буйнейшы цэнтр вытв-сці — Копысь Аршанскага р-на (гл.Копыская кафля, Копыская кераміка). У 1925—29 існавала аддзяленне маст. К. ў Віцебскім маст. тэхнікуме. У 1920—40-я г. на базе нар. ганчарнага рамяства створаны арцелі (у Барысаве, Івянцы, Бабруйску, Бабінавічах Лёзненскага, Ракаве Валожынскага р-наў); з 1948 працуе фаянсавы з-д у Мінску. Лепшыя тагачасныя творы К. адметныя пошукам новых дэкар. магчымасцей у прыродных формах. Выраблялася таксама настольная дэкар. скульптура, гал.ч. з фарфору. У 1959 створана керамічная майстэрня прыМаст. фондзе БССР. У 1961 адкрыта аддзяленне дэкар.-прыкладнога мастацтва, у 1964 — кафедра маст. керамікі ў Бел.тэатр.-маст. ін-це (цяпер Бел.АМ). З 1963 працуе керамічны цэх Барысаўскага камбіната прыкладнога мастацтва. Значны ўклад у развіццё маст. К. ў гэты час зрабілі Ф.Зільберт, М.Бяляеў, В.Гаўрылаў, Т.Паражняк. Для мастакоў-керамістаў гэтага перыяду характэрна імкненне да выяўлення прыгажосці матэрыялу, шырокае выкарыстанне кантрастаў яго фактур, матэрыялаў, якія раней лічыліся немастацкімі (напр., шамот), смелае спалучэнне колераў, распрацоўваліся новыя віды эмалей і глазураў. У 1960-я г. павялічылася цікавасць да унікальнай К., якая ў 1970-я г. набыла станковы характар, да традыцый нар. творчасці (работы Л.Панамарэнкі, М.Шаўцовай, М.Кляцкова, Ф.Шостака). З 1978 працуе Добрушскі фарфоравы завод, з 1979 — аб’яднанне «Беларуская мастацкая кераміка». Маст. К. развіваецца ў 2 кірунках: адны мастакі амаль адышлі ад масавай бытавой К. і ствараюць пераважна свабодныя дэкар. формы, арх. К., другія паслядоўна прадаўжаюць традыцыі нар. мастацтва. У творчасці мастакоў першага кірунку відавочна імкненне парушыць канструкцыйна-прадметную сутнасць твора, іх работам уласцівы своеасаблівасць пластычных сродкаў, складаныя асацыяцыі, сімволіка. Дэкар. рэчы ствараюцца ў формах, блізкіх да скульптуры і жывапісу. Пашыранымі сталі блізкія да скульптуры малых форм керамічныя пано і размаляваныя рэльефы. Сярод мастакоў-керамістаў 1980—90-х г. М.Байрачны, В.Грыгарышына, В.Данчук, А.Дзятлава, А.Зіменка, В.Калтыгін, Т.Кіршчына, А.Концуб, У.Кузняцоў, Н.Кухарэнка, С.Ларчанка, А.Паддубны, У.Паражняк, Э.Позняк, В.Прыешкін, Г.Пусеў, Т.Пятроўская, Т.Сакалова, А.Сурмач, У.Угрыновіч і інш.
Літ.:
Беларуская кераміка. Мн., 1984;
Бобринский А.А. Гончарство Восточной Европы: Источники и методы изучения. М., 1978;
Акунова Л.Ф., Крапивин В.А. Технология производства и декорирование художественных керамических изделий. М., 1984.
Н.І.Здановіч, Г.К.Штыхаў, М.М.Яніцкая, В.І.Жук (К. мастацкая).
Да арт.Кераміка. Дама з мопсам. Мейсен. Каля 1740.Да арт.Кераміка. Паднос. Кітай. 18 ст.Да арт.Кераміка. Керамічная лямпа са Скальнага храма ў Іерусаліме. 1549.Да арт.Кераміка. У.Кузняцоў. Дэкаратыўная скульптура «Купава» ў Мінску. 1970.Да арт.Кераміка. У.Угрыновіч. Дэкаратыўная кампазіцыя «Развіццё». 1980.Да арт.Кераміка. С.Палубес. Чатыры апосталы. Рэльеф. Маёліка. 2-я пал. 17 ст.Да арт.Кераміка. Т.Сакалова. Кампазіцыя «З’яўленне». Шамот, эмаль. 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕГІ́ПЕТ (араб.Міср),
Арабская Рэспубліка Егіпет (Гумхурыя Міср аль-Арабія), дзяржава на ПнУ Афрыкі і на Сінайскім п-ве ў Азіі. Мяжуе з Лівіяй на З, з Суданам на Пд, з Ізраілем і сектарам Газа на ПнУ. Абмываецца Міжземным м. на Пн, Чырвоным м. на У. Падзяляецца на 26 мухафаз (губернатарстваў). Пл. 1001,4 тыс.км². Нас. 64,8 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Каір. Афіц. мова — арабская. Дзярж. рэлігія — іслам суніцкага толку.
Нац. свята — Дзень Рэвалюцыі (23 ліп.).
Дзяржаўны лад. Е. — дэмакр. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1971 (са зменамі 1980). Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам тэрмінам на 6 гадоў (пры прэзідэнце дзейнічае дарадчая Прэзідэнцкая рада). Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны. Нар. сход, які складаецца з 458 дэпутатаў (10 з іх назначае прэзідэнт, астатнія выбіраюцца насельніцтвам, усе тэрмінам на 5 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў на чале з прэм’ер-міністрам (дарадчы орган пры ўрадзе — Кансультатыўная рада з 258 чал.).
Прырода. Амаль уся краіна знаходзіцца ў межах Сахары. У рэльефе пераважае плато з выш. 300—1000 м, якое падзяляецца па фіз.-геагр. асаблівасцях на плато Лівійскай пустыні на 3, плато Нубійскай пустыні на ПдУ і плато Аравійскай пустыні на У. Лівійская пустыня займае 2/3пл. краіны, складзена з пясчанікаў і вапнякоў, якія падвяргаюцца ветравой эрозіі. Месцамі дзюны і барханы выш. да 300 м. На Пн упадзіна Катара, якая ляжыць на 133 м ніжэй узроўню мора. Аравійская і Нубійская пустыні больш камяністыя, павышаюцца ў бок Чырвонага мора, дзе месцамі маюць выгляд гор (да 2187 м). На Пд Сінайскага п-ва горы з найвыш. пунктам Е. (г. Катэрын, 2637 м), на Пн — плато і раўніна. Вельмі важнае значэнне мае даліна р. Ніл (даўж. ў Е. 1200 км. шыр. 1—3 км на Пд, 20—25 км каля Каіра, пл. разам з дэльтай каля 40 тыс.км²). У пустынях ёсць невял. аазісы. Карысныя выкапні: нафта (узбярэжжа і акваторыя Суэцкага зал., ПнЗ), прыродны газ (на ПнЗ), жал. руда (раён Эль-Кусейра і аазіс Бахарыя), фасфарыты (аазіс Харга, Эль-Кусейр). Ёсць каменная соль, каменны і буры вугаль, марганец, золата, волава, вальфрам, малібдэн, тантал і інш. Клімат гарачы і вельмі сухі, на большай ч. трапічны кантынентальны. На ўзбярэжжы Між земнага м. і ў дэльце р. Ніл клімат субтрапічны — сярэдняя т-растудз. 11 °C, ліп. 29 °C, ападкаў 250—300 мм за год. На Пд сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 34 °C, ападкаў некалькі мм за год. Адзінай ракой з’яўляецца Ніл. На ім вадасховішча — воз. Насэр (пл. 5120 км²). Ніл мае асаблівае значэнне для арашэння. як крыніца водазабеспячэння і гідраэнергіі, як трансп. шлях. Ад яго адыходзяць арашальныя каналы, якія выкарыстоўваюцца і для суднаходства. Міжнар. значэнне мае Суэцкі канал. На тэр. Е. рэзка выдзяляюцца 2 ландшафты: дэльта і даліна Ніла з урадлівымі алювіяльнымі глебамі і багатай культ. расліннасцю; пясчаныя або камяністыя пустыні з вельмі беднай разрэджанай расліннасцю. Рэзерват Вадзі-Рышраш, некалькі заказнікаў.
Насельніцтва. 98% насельніцтва — арабы (егіпцяне). Жывуць таксама нубійцы (на Пд), берберы (аазіс Сіва), грэкі і армяне (у вял. гарадах) і інш. Пераважная большасць егіпцян мусульмане, каля 3 млн. хрысціян-коптаў (жывуць пераважна ў гарадах). Ёсць невял. групы католікаў, пратэстантаў і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 65 чал. на 1 км² Амаль усё яно засяроджана ў даліне і дэльце Ніла, дзе шчыльнасць дасягае 1000—2000 чал. на 1 км². Шчыльна заселены таксама ўзбярэжжа Суэцкага канала і аазісы. У пустынях каля 70 тыс. качэўнікаў. У гарадах жыве 53% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1992): Каір — 6800, Александрыя — 3380, Гіза — 2144, Шыбін-эль-Ком — 834, Порт-Саід — 460, Эль-Махала-эль-Кубра — 408, Суэц — 388, Танта — 380, Эль-Мансура — 371, Асьют — 321. Каля 3 млн. егіпцян працуюць за мяжой, пераважна ў Лівіі (1 млн.чал.) і краінах Персідскага заліва.
Гісторыя. У старажытнасці на сучаснай тэр. Е. ўзнік адзін з першых цэнтраў цывілізацыі. Тысячагоддзямі тут існавала рабаўладальніцкая дзяржава — Егіпет Старажытны. У 31—395 уваходзіў у склад Рым. імперыі, пасля распаду якой стаў правінцыяй яе ўсх.ч. — Візантыі. У рым. перыяд адбыўся заняпад стараж.-егіп. культуры: познаегіп. мова змянялася копцкай, мясц. рэлігія — хрысціянствам. Візантыйцы ў кіраванні Е. абапіраліся на сілу і рэпрэсіі, што аблегчыла заваяванне яго арабамі-мусульманамі. У 642 захоплена сталіца Е. — Александрыя, краіна стала правінцыяй Араб. халіфата. У выніку араб. заваявання егіп. насельніцтва паступова перайшло на араб. мову, копцкую рэлігію выцесніў іслам, Е. стаў правінцыяй ісламскай імперыі. Напачатку ім правілі Амеяды, з 750 — Абасіды. З аслабленнем Абасідаў халіфата Е. фактычна кіравалі незалежна ад багдадскіх халіфаў Тулуніды і Іхшыдыды (935—969). У 969 Е. заваяваны войскамі Фатымідаў, якія пабудавалі тут горад «Аль-Кахіра» (перамаганосны) — Каір, які з 973 стаў іх сталіцай. З сярэдзіны 11 ст. пачаўся распад Фатымідаў халіфата, што выкарысталі еўрап. крыжаносцы. У 1168 яны ўварваліся ў Е. і аблажылі Каір. Халіф звярнуўся за дапамогай да Сірыі. У барацьбе з крыжаносцамі вызначыўся палкаводзец Салах-ад-дзін (Саладзін). У 1171 ён скінуў фатымідскага правіцеля, стварыў незалежную дзяржаву і стаў яе султанам. Праўленне заснаванай ім дынастыі Айюбідаў адзначана адраджэннем Е., уздымам сельскай гаспадаркі і культуры. Пры іх усталявалася ваенна-ленная сістэма, створана гвардыя мамлюкаў, якая ў 1250 захапіла вярх. ўладу. Найбольшым поспехам мамлюкаў быў разгром мангольскага войска ў Палесціне ў 1260, у час якога вызначыўся военачальнік Бейбарс. У хуткім часе ён стаў султанам Е. і ўзначаліў выгнанне крыжаносцаў 3 прыбярэжных крэпасцей Палесціны, Лівана, Сірыі (завершана ў канцы 13 ст.). Мамлюцкія правіцелі стварылі магутную дзяржаву, якая акрамя Е. ўключала Сірыю, Кілікію, Чырванаморскае ўзбярэжжа Судана і інш. У 13—14 ст. Е. — эканамічна моцная дзяржава, адзін з буйнейшых рэліг. і культ. цэнтраў мусульм. свету, важны цэнтр гандлю паміж Афрыкай. Азіяй і Еўропай. У 1517 мамлюкаў перамаглі туркі-асманы і Е. стаў правінцыяй Асманскай імперыі. Гэта стала прычынай заняпаду культуры і гасп. жыцця Е., змяншэння колькасці яго насельніцтва. У 18 ст. ўплыў мамлюкаў зноў павялічыўся. Яны стварылі напаўнезалежны эмірат (бейлікат). Тур. султан перастаў быць рэальным кіраўніком Е., хоць і заставаўся яго рэліг.-паліт. сюзерэнам. У 1770 мамлюцкі эмір Алі-бей аль-Кабір абвясціў незалежнасць Е. З гэтага часу Е. стаў аб’ектам англа-франц. саперніцтва. У 1798 франц. войскі на чале з ген. Напалеонам Банапартам высадзіліся ў Александрыі. У бітве каля пірамід яны разбілі мамлюцкую армію і занялі Каір (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801). У 1801 французы капітулявалі перад англа-тур. войскамі і Е. зноў прызнаны ўладаннем Асманскай імперыі. У 1805 нам. султана ў Е. з тытулам пашы стаў Мухамед Алі. Ён умацаваў сваю ўладу, расправіўся з непакорнымі мамлюкамі і шляхам рэформ распачаў мадэрнізацыю краіны Яго магутная армія пачала захопніцкія войны з мэтай стварэння велізарнай арабскай імперыі. Гэта супярэчыла інтарэсам Вялікабрытаніі, Прусіі, Аўстрыі і Расіі, якія ўмяшаліся ў канфлікт на баку туркаў. У 1841 Е. капітуляваў і з гэтага часу пачаў ператварацца ў залежную ад еўрапейцаў краіну.
З 1840-х г. у Е. актыўна пранікаў замежны капітал, пераважна англійскі. У 1869 адкрыты Суэцкі канал, але яго выгоды выкарыстоўвалі найперш еўрапейцы, якія валодалі кантрольным пакетам акцый. Прыегіп. правіцелю Ісмаіле-пашы [1863—79], у краіне будавалі чыгункі, каналы, тэлегр. лініі, школы, з’явіліся нац. газеты і часопісы. Усё гэта прывяло да вялікай запазычанасці Е. замежным крэдыторам. У 1876 Е. аб’явіў аб сваім банкруцтве і над краінай устаноўлены англа-франц.фін. кантроль. Закабаленне краіны замежным капіталам абвастрыла сац. супярэчнасці і выклікала паўстанне патрыятычна настроеных афіцэраў на чале з А.Арабі-пашой. Быў створаны егіп.нац. ўрад, прыняты праект канстытуцыі, падрыхтаваны законапраекты. Гэта занепакоіла Вялікабрытанію, якая пад выглядам абароны іншаземцаў увяла ў Е. свае войскі і ў вер. 1882 перамагла армію Арабі-пашы. Е. фактычна стаў калоніяй Вялікабрытаніі, хоць фармальна лічыўся часткай Асманскай імперыі. У канцы 19 ст. ў Е. ўзніклі патрыят. арг-цыі, якія ставілі сваёй мэтай нац. незалежнасць краіны. Ідэйным кіраўніком і арганізатарам егіп.нац.-вызв. руху быў публіцыст і асветнік М.Каміль. 1-я сусв. вайна значна паўплывала на адносіны Е. з Вялікабрытаніяй, якая ў снеж. 1914 ліквідавала ўладу Асманскай імперыі над Е. і абвясціла яго сваім пратэктаратам. У ваен. дзеяннях супраць Турцыі англічане выкарыстоўвалі матэр. і людскія рэсурсы Е., што ўзмацняла антыбрыт. настроі. У 1918 у Е. створана бурж.-памешчыцкая партыя Вафд на чале з С.Заглулам, якая патрабавала незалежнасці ад Вялікабрытаніі. Антыкалан. егіпецкія паўстанні 1919, 1921 прымусілі Вялікабрытанію пайсці на пэўныя ўступкі, і дэкларацыяй 28.2.1922 абвешчаны адмена пратэктарату і незалежнасць Е.; яго султан атрымаў тытул караля. Аднак брыт. войскі заставаліся ў краіне, захавалася і эканам. панаванне англічан. Прынятая ў 1923 канстытуцыя прадугледжвала некаторыя бурж.-дэмакр. правы і гарантавала прывілеі іншаземцам, а егіп. каралю давала шырокія паўнамоцтвы. Магутная хваля нац.-вызв. і забастовачнага руху прымусіла англічан падпісаць англа-егіпецкі дагавор 1936 аб дружбе і саюзе і пацвердзіць незалежнасць Е. У 2-ю сусв. вайну тэр. Е. стала арэнай ваен. дзеянняў. Італія і Германія імкнуліся захапіць Суэцкі канал. У кастр. 1942 брыт. войскі спынілі ням. армію ген.-фельдмаршала Э.Ромеля і ў бітве пад Эль-Аламейнам нанеслі ёй паражэнне. Толькі ў лют. 1945 егіп. ўрад аб’явіў вайну краінам фаш. блока. Е. стаў чл.-заснавальнікам ААН, пры яго актыўным удзеле ў 1954 створана Ліга арабскіх дзяржаў. Пасля 2-й сусв. вайны егіп. ўрад сутыкнуўся з шэрагам сац.-эканам. праблем; нявырашаным заставалася і пытанне вываду брыт. войск. У 1948 Е. і інш.араб. краіны ўступілі ў вайну з Ізраілем і пацярпелі паражэнне (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49). Усеагульная незадаволенасць вынікамі вайны, каралеўскім рэжымам і брыт. прысутнасцю ў Е. вылілася ў падтрымку экстрэмісцкай арг-цыі «Браты-мусульмане», якая выступала за ўвядзенне ў краіне ісламскага праўлення. 15.10.1951 вафдзісцкі ўрад дэнансаваў англа-егіпецкі дагавор 1936, у выніку чаго ваен. прысутнасць англічан у Е. страціла «законную» падставу. У зоне Суэцкага канала пачалася партыз. барацьба супраць брыт. войск. 23.7.1952 тайная патрыят.арг-цыя «Свабодныя афіцэры» на чале з Г.А.Насэрам ажыццявіла дзярж. пераварот. У выніку кароль Фарук адрокся ад прастола і быў высланы з краіны; усе паліт. партыі забаронены, прыняты аграрны закон, які абмяжоўваў буйное землеўладанне. 18.6.1953 Е. абвешчаны рэспублікай, прэзідэнтам краіны стаў ген. М.Нагіб, які захаваў і пост прэм’ер-міністра. Новы ўрад дамогся падпісання англа-егіпецкага пагаднення 1954, паводле якога да 18.7.1956 з зоны Суэцкага канала выводзіліся ўсе брыт. войскі. У кастр. 1954 Нагіб змешчаны з усіх пасад. Прэзідэнтам Е. стаў Насэр, які ўзяў курс на супрацоўніцтва з СССР і інш.сацыяліст. краінамі. Стрыжнем яго эканам. палітыкі было буд-ва Асуанскай плаціны. Але ЗША і Вялікабрытанія, не задаволеныя курсам Насэра, адмовіліся крэдытаваць будаўніцтва канала. У адказ егіп. прэзідэнт 26.7.1956 аб’явіў аб нацыяналізацыі міжнар. кампаніі Суэцкага канала, што стала моцным ударам па пазіцыях Вялікабрытаніі і Францыі ў гэтым рэгіёне. У кастр. 1956 войскі Ізраіля, падтрыманыя Вялікабрытаніяй і Францыяй, уварваліся на Сінайскі п-аў. Англа-франц. войскі акупіравалі зону Суэцкага канала, захапілі Порт-Саід, бамбардзіравалі Александрыю. Толькі ўмяшанне СССР і ЗША прымусіла агрэсараў вывесці войскі з Е. Гэтыя падзеі павысілі прэстыж краіны і яе прэзідэнта, зрабілі яго лідэрам усяго араб. свету. У лют. 1958 Е. і Сірыя ўтварылі Аб’яднаную Арабскую Рэспубліку (ААР), да якой далучыўся і Йемен (саюз з ім ануляваны ў снеж. 1961). Сірыя пасля дзярж. перавароту ў вер. 1961 выйшла з ААР, але Е. захаваў афіц. назву — ААР. 1960-я г. характарызаваліся значнымі сац.-эканам. пераўтварэннямі: прыняты шэраг дэкрэтаў аб нацыяналізацыі прыватных, страхавых, буд. і інш. буйных кампаній, банкаў, прамысл. прадпрыемстваў, транспарту і інш. 30.6.1962 Нац. кангрэс нар. сіл зацвердзіў Нац. Хартыю — важны паліт. дакумент ААР, які абвясціў мэтай егіп, рэвалюцыі сацыялізм. Да 1965 дзярж. сектар эканомікі даваў больш за 80% усёй прамысл. прадукцыі. У 1968 пры дапамозе СССР Е. завяршыў буд-ва Асуанскай плаціны, што значна палепшыла ірыгацыйную сістэму Е., павысіла прадукцыйнасць сельскай гаспадаркі. Прымаліся меры па ліквідацыі сац. няроўнасці, працягвалася агр. рэформа, расшыралася адукац. сістэма. Аднак напружанасць у адносінах араб. краін з Ізраілем прывяла да ізраільска-арабскай вайны 1967. Ваен. паражэнне Е., страта Сінайскага п-ва з багатымі радовішчамі нафты абвастрылі ўнутрыпаліт. крызіс. Пасля смерці Насэра (1970) прэзідэнтам стаў А.Садат. У 1971 ён аднавіў афіц. назву краіны — Арабская Рэспубліка Егіпет і, каб забяспечыць эканам. рост краіны і дамагчыся вяртання акупіраваных Ізраілем зямель, пераарыентаваўся на ЗША. Паспяховае наступленне егіп. войск у кастр. 1973 на пазіцыі Ізраіля на Суэцкім канале скончылася заключэннем выгаднага для Е. пагаднення. Гэта стала пачаткам сепаратных перагавораў Е. з Ізраілем пры падтрымцы ЗША (дамоўленасці 1974 пра раз’яднанне ўзбр. сіл на Сінаі, 1975 пра частковы вывад ізраільскіх войск з акупіраваных тэр. і інш.). У 1978 падпісаны Кэмп-Дэвідскія пагадненні; на аснове іх 26.3.1979 падпісаны мірны дагавор, паводле якога Ізраіль вяртаў Е. акупіраваныя тэрыторыі; у 1980 паміж Е. і Ізраілем устаноўлены дыпламат. адносіны. Ва ўнутр. палітыцы Садат трымаў курс на развіццё рыначных адносін, заахвочванне прыватнай ініцыятывы і замежных інвестыцый. Яго дзеянні не мелі падтрымкі ні ў Е., ні за яго межамі; араб. краіны не прызналі дагавор Е. з Ізраілем, выключылі Е. з Лігі араб. краін. У кастр. 1981 Садат забіты групай экстрэмістаў. Пры новым прэзідэнце М.Х.Мубараку паступова палепшыліся адносіны з інш.араб. краінамі (у 1989 адноўлена членства Е. ў Лізе араб. дзяржаў) і СССР. Унутр. хваляванні, выкліканыя цяжкай эканам. сітуацыяй (перанасяленне, беспрацоўе), а таксама рост актыўнасці мусульм. фундаменталістаў паслужылі падставай для захавання надзвычайнага становішча, уведзенага пасля замаху на Садата. У знешняй палітыцы Е. паслядоўна імкнуўся да арганізацыі мірных шматбаковых араба-ізраільскіх перагавораў і вырашэння праблемы палесцінцаў шляхам надання ім аўтаноміі. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая Нац.-дэмакр. партыя, Сацыяліст. партыя працы, Партыя лібералаў, Нац.-прагрэс. (левая) партыя, Аль-Ума, Новы Вафд і інш. Прафсаюзы аб’яднаны ў Егіпецкую федэрацыю прафсаюзаў.
Гаспадарка. Е. — аграрна-індустр. краіна, буйны пастаўшчык на сусветны рынак высакаякаснай доўгавалакністай бавоўны і вырабаў з яе. Нац. даход на 1 чал. каля 800 дол. ЗША за год. Асн. галіна — земляробства, якое грунтуецца на штучным арашэнні водамі Ніла. У валавым унутр. прадукце сельская гаспадарка і рыбалоўства даюць 18%, прам-сць — 22%, абслуговыя галіны — 60%. У сельскай гаспадарцы занята каля 35% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — каля 13%.
Сельская гаспадарка. Вялікая колькасць цяпла і магчымасць арашэння зямель дазваляюць збіраць па 3—4 ураджаі за год. Плошчы зямель, якія апрацоўваюцца, складаюць 2,7 млн.га (1993). Гал. збожжавыя культуры (млн.т, 1993): пшаніца — 4,6, рыс — 4,2, кукуруза — 4,3, сорга — 0,8. Добра развіта агародніцтва, асабліва вырошчванне (тыс.т, 1993) памідораў — 3000, цыбулі — 1700, бульбы — 1700, капусты — 329, бахчавых культур — каля 600, а таксама бабовых (гарах, боб, фасоля), алейных (сезам, арахіс). Развіта пладаводства, вырошчванне (тыс.т, 1993) фінікаў — 615, апельсінаў — 1800, лімонаў — 308, бананаў — 397, манга — 180, вінаграду — 600, аліваў, фіг. З тэхн. культур найб. значэнне мае вырошчванне доўгавалакністай бавоўны, якая займае каля 1/3 пасяўных плошчаў (дэльта і паўн.ч. даліны Ніла), валавы збор бавоўны-сырцу 550 тыс.т (1993). Вырошчваюць таксама (млн.т, 1993) цукр. трыснёг (на Пд) — 11,9, цукр. буракі — 0,8. З-за недахопу пашы жывёлагадоўля не атрымала значнага развіцця. Гадуюць (млн. галоў) буйн. раг. жывёлу — 3,2, буйвалаў — 3,5, авечак — 3,7, коз — 3, у пустынях вярблюдаў — 0,2. Птушкагадоўля, асабліва развядзенне курэй — 38 млн. (1993). Рыбалоўства ў Ніле, азёрах і морах — каля 200—300 тыс.т штогод. Здабыча каралаў, жэмчугу, губак. З галін прамысловасцінайб. значэнне мае горназдабыўная. Аснову складае нафтагазавы сектар, які з’яўляецца гал. экспартнай галіной краіны. Нафта здабываецца з 1911, здабыча складае 45,6 млн.т (1991), больш за 90% яе прыпадае на ўзбярэжжа і акваторыю Суэцкага зал.; здабыча прыроднага газу — каля 5 млрд.м³ (1992), пераважна ў раёне ўпадзіны Катара. Здабываецца таксама (млн.т, 1991) жал. руда — 1,1, фасфаты — 1,9, марганец, каменная соль, каменны вугаль, буд. матэрыялы і інш.Вытв-сць электраэнергіі 40,5 млрд.кВт∙гадз (1991), у т. л. каля 20% дае Асуанская ГЭС. Буйныя ЦЭС у Шубрыэль-Хейме, Каіры, Александрыі, інш.вял. гарадах працуюць на нафце і газе. Сярод галін апрацоўчай прам-сці вядучае месца займае харчовая і харчасмакавая. Выпускаецца шырокі асартымент іх прадукцыі (1991): цукар (1,1 млн.т, гал. цэнтры Ком-Омба, Ідфу, Армант), тытунёвыя вырабы (Каір, Александрыя, Гіза, Эль-Фаюм), плодаагароднінныя кансервы, алей (Даманхур, Танта, Эль-Мансура, Бені-Суэйф), вытв-сць мукі (каля 3,4 млн.т штогод), піва, сіропаў, сокаў, глюкозы. Развіты таксама рысаачышчальная (Эль-Мансура, Дум’ят, Эль-Махала-эль-Кубра) і рыбакансервавая (Дум’ят) прам-сць. Другое месца займае лёгкая прам-сць, асабліва тэкст., якая працуе на мясц. сыравіне. Гал. цэнтры Каір, Александрыя, Эль-Махала-эль-Кубра і інш. Бавоўнаачышчальныя прадпрыемствы ў Танце, Эль-Мансуры, Дум’яце, Бені-Суэйфе, шаўкаткацкія ў Хелуане, воўнапрадзільныя ў Танце, Эль-Міньі, Эль-Фаюме. Шырока развіты гарбарна-абугковая (Александрыя, Каір, Дум’ят, Эль-Фаюм, Асьют), швейная і трыкатажная галіны. Вытв-сць дываноў у Даманхуры і Асьюце, саматужная вытв-сцьнац. адзення ў Танце, маст. рамёствы ў Каіры, Бені-Суэйфе, Эль-Міньі. Трэцяе месца ў структуры прам-сці належыць хім. і нафтахім. прам-сці. Асн. цэнтры нафтаперапрацоўкі і нафтахіміі Александрыя, Суэц, Каір, Порт-Саід. Развіта вытв-сцьмінер. угнаенняў (фасфарытных і азотных) у Каіры, Кафр-эз-Заяце, Суэцы, Асьюце, гумавая прам-сць і вытв-сць аўтапакрышак у Александрыі. Атрымліваюць таксама соду, кіслоты, пластмасы і інш.хім. прадукты. Металург. прам-сць прадстаўлена Хелуанскім металург. камбінатам поўнага цыкла, прадпрыемствамі ў Каіры, металург. з-дам па вытв-сці акатышаў у Александрыі, алюмініевым камбінатам у Наг-Хамады. Металаапр. прадпрыемствы ў Каіры і Ісмаіліі. Машынабудаванне развіта параўнальна слаба: ёсць невял. вытв-сцьчыг. вагонаў, аўтобусаў, легкавых і грузавых аўтамабіляў, самалётаў (зборка з прывазных дэталей), электратэхн. абсталявання, тэле- і радыёапаратуры. Асн. цэнтры Хелуан, Каір, Александрыя. Цэнтры суднабудавання і суднарамонту Александрыя, Суэц, Порт-Саід. Развіты ваен.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, асабліва цэменту (каля 18 млн.т штогод, Александрыя, Хелуан, Асьют), па экспарце якога Е. займае адно з вядучых месцаў у свеце. Каля паловы прамысл. прадукцыі краіны выпускаецца ў Каіры і Александрыі. Транспарт. Е. мае добра развітую сетку трансп. шляхоў у асноўным у даліне і дэльце Ніла, па ўзбярэжжы Міжземнага м. і ўздоўж Суэцкага канала. Даўж. чыгунак 8,6 тыс.км, з іх 4,4 тыс. шырокакалейных, аўтадарог 38 тыс.км, з іх 15 тыс.км асфальтаваных. Даўж. суднаходных шляхоў па Ніле, каналах і пратоках дэльты складае 4 тыс.км. Знешнія гандл. сувязі праз порты Александрыя, Порт-Саід, Суэц. Танаж гандл. флоту каля 1 млн.т. Велізарнае трансп.-гандл. значэнне мае Суэцкі канал, праз які штогод праходзіць 16—20 тыс. суднаў з грузам каля 100 млн.т. Даход ад эксплуатацыі канала складае каля 2 млрд.дол. штогод. Е. мае адмоўны гандл. баланс. Штогадовы экспарт 5—6 млрд.дол. ЗША. Экспартуюцца нафта і прадукты яе перапрацоўкі, прадукцыя горназдабыўной прам-сці, цэмент, алюміній, бавоўна, фрукты і гародніна, некат. харч. прадукты і інш. Штогадовы імпарт каля 15 млрд.дол. ЗША. Імпартуюцца пераважна харч. і хім. прадукты, машыны і трансп. сродкі. Асн.гандл. партнёры: па экспарце — Італія (15%), ЗША (11%), Грэцыя (8%), Сінгапур (6%), Германія (5%); па імпарце — ЗША (22%), Германія (10%), Італія (9%), Францыя (8%), Японія (6%). Гандаль з Рэспублікай Беларусь нязначны, у асобныя гады дасягае 2—3 млн. долараў: імпартуюцца грузавыя аўтамабілі, трактары, металарэзныя станкі, экспартуюцца абутак і цытрусавыя. Вялікае значэнне для эканомікі Е. мае замежны турызм і адпачынак. Арганізаваны зімовы адпачынак на ўзбярэжжах мораў. Штогод краіну наведвае каля 3 млн. турыстаў, даход каля 3 млрд. долараў. Краіна атрымлівае міжнар. дапамогу, істотнае значэнне для фінансавага стану маюць грашовыя пераводы эмігрантаў. Грашовая адзінка — егіпецкі фунт.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы і нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні. Рэгулярныя ўзбр. сілы налічваюць 436 тыс.чал. (1997) і складаюцца з сухап. войск (310 тыс.чал.), ВПС (110 тыс.чал. у пач. 1995, 551 баявы і вучэбна-баявы самалёт) і ВМС (20 тыс.чал. у пач. 1995, 48 баявых караблёў, у т. л. 8 падводных лодак, і 41 баявы катэр). Стратэг. сілы налічваюць 2,4 тыс. ракет рознага прызначэння. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Тэрмін ваен. службы — 3 гады (ва ўсіх родах войск). Нерэгулярныя ваенізаваныя фарміраванні складаюцца з цэнтр. сіл бяспекі (300 тыс.чал.), нац. гвардыі (60 тыс.чал.), пагран. корпуса (12 тыс.чал.), атрадаў «абароны і бяспекі» (60 тыс.чал.), берагавой гвардыі (7 тыс.чал.). Агульная колькасць рэзерву — 254 тыс.чал. (канец 1994).
Ахова здароўя. Мед. абслугоўванне бясплатнае. Нізкі ўзровень жыцця, клімат, дрэнныя сан. ўмовы і нерацыянальнае харчаванне — прычыны развіцця хвароб, што маюць эпідэмічны характар. Дзеці да двухгадовага ўзросту падлягаюць абавязковай вакцынацыі супраць воспы, дыфтэрыі, туберкулёзу, поліяміэліту. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 59,8, жанчын 63,8 года. Смяротнасць 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 515 чал., урачамі — 1 тэрапеўт на 1472 чал. Узровень нараджальнасці — 28 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,9%. Дзіцячая смяротнасць 71 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета. У 1953—57 у Е. прыняты законы, якія заклалі асновы новай нац. сістэмы адукацыі. Сучасная сістэма адукацыі ўключае дзіцячыя сады (пераважна прыватныя) для дзяцей ва ўзросце 4—5 гадоў, абавязковыя пач., падрыхтоўчыя і старэйшыя школы, прафес. вучылішчы, сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. Пач. школа 6-гадовая (ёсць прыватныя), у ёй вучацца дзеці ва ўзросце 6—12 гадоў. Падрыхтоўчая школа (тэрмін навучання 3 гады; дзеці 12—15 гадоў) дае няпоўную сярэднюю адукацыю; мае 2 кірункі — агульны і тэхнічны. Старэйшая школа (50% прыватных; тэрмін навучання 3 гады, навучэнцы ад 15 да 17 гадоў) дае поўную сярэднюю адукацыю. У 1-ы год навучання заняткі вядуцца па адзінай праграме; потым вучні размяркоўваюцца па прыродазнаўча-матэм. і гуманітарным аддзяленнях. Прафес. адукацыя (3 гады навучання) на базе падрыхтоўчай школы. У сістэме вышэйшай адукацыі 8 ун-таў, 14 спец.ВНУ, з іх 5 мастацкіх, у т. л. Акадэмія араб. музыкі (з 1932) у Каіры. Буйнейшыя ун-ты: Айн-Шамс (з 1950), мусульм. аль-Азхар (рэарганізаваны ў 1961) у Каіры, Александрыйскі (з 1942), ун-т у г. Танта і інш.Найб. б-кі: Нац. (з 1870) у Каіры, Александрыйская гарадская, б-кі Каірскага і Александрыйскага ун-таў. Найб. музеі: Егіп.нац. (з 1858), музеі ісламскага (з 1881) і сучаснага (з 1920) мастацтва, Геал. (з 1899), егіп. цывілізацыі (з 1939) — усе ў Каіры, грэка-рымскіх старажытнасцей (з 1892) і Марскі (з 1948) у Александрыі. Навук. даследаванні праводзяцца ў галіновых цэнтрах і лабараторыях адпаведных мін-ваў, НДІ, ва ун-тах і навук. ін-тах пры іх, у Нац. даследчым цэнтры (з 1956) прын.-д. і тэхнал. Акадэміі. Дзейнічаюць Ін-т Егіпта (з 1798) у Каіры і Акадэмія араб. мовы (з 1932) у Гізе.
Друк, радыё, тэлебачанне. Друк Е. (усе перыяд. выданні) падпарадкаваны Найвышэйшай радзе прэсы. Цэнтр выдавецкай дзейнасці краіны — г. Каір. Найб. папулярныя і ўплывовыя выданні: штодзённыя газеты «Аль-Ахрам» («Піраміды, з 1876), «Аль-Ахбар» («Паведамленні», з 1952), «Аль-Гумхурыя» («Рэспубліка», з 1953). Гал. інфармацыйнае агенцтва — Блізкаўсходняе агенцтва навін (з 1955) — рыхтуе рэгулярныя паведамленні на араб., англ. і франц. мовах. Радыё (з 1928) і тэлебачанне (з 1960) падпарадкаваны Егіпецкай карпарацыі радыёвяшчання і тэлебачання. Радыё штодзённа мае 300 гадзін вяшчання на араб., англ., франц., арм., ням., грэч., італьян., яўр. і розных афрыканскіх мовах, тэлебачанне — 22,5 гадз вяшчання па 3 каналах. У Е. дзейнічае Блізкаўсходняе радыёвяшчанне (з 1964), якое трансліруе камерцыйную праграму з Лондана.
Літаратура. Традыцыйна развівалася на арабскай мове ў цеснай сувязі з л-рамі Лівана, Сірыі і інш. арабскіх краін на аснове іх агульнай культ. спадчыны (гл.Арабская культура). Працэс абнаўлення літ. і культ. жыцця Е. ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. звязаны з дзейнасцю ранніх асветнікаў — заснавальніка Школы перакладу (1836) Р.Р. ат-Тахтаві, заснавальніка Нац. б-кі А.Мубарака, А.Факры і інш. У 1870—1919 вызначальны ўплыў на грамадскую думку і станаўленне новай егіп. л-ры зрабілі ідэолагі мусульм. рэфармацыі М.С.Джэмаль-ад-дзін аль-Афгані, М.Абда, прыхільнік эмансіпацыі жанчын К.Амін, заснавальнік нац. партыі «Ватан» М.Каміль. Побач з публіцыстыкай развівалася звязаная з ёй ідэйна, але традыц. па форме паэзія М.С. аль-Барудзі, Я.Сану, Ісхака Адзіба, В.Йекуна, А.Шаукі і інш. У пошуках сродку прапаганды сваіх поглядаў егіп. асветнікі звярталіся да тэатра. Яго рэпертуар напачатку складаўся з перакладаў і апрацовак (звычайна з перанясеннем дзеяння ў Е.) драм У.Шэкспіра, П.Карнеля, Мальера, В.Гюго. У 1880-я г. арыгінальныя драмы стварылі А.Надзім («Бацькаўшчына» і «Арабы»), Каміль («Заваяванне Андалусіі»). Пачынальнікам жанру гіст. рамана сталі ліванскія эмігранты Дж.Зейдан і Антун Фарах. У пач. 20 ст. з’явіліся асветніцкія аповесці Хафіза Ібрахіма, М. аль-Мувайліхі і інш. Важным этапам на шляху да рэаліст. прозы сталі аповесць «Зейнаб» М.Х.Хайкаля і зб, апавяданняў «Што вочы бачаць» заснавальніка школы егіп. навелістыкі Мухамеда Тэймура. З уздымам нац.-вызв. руху ў 1919—21 пачынаецца навейшы перыяд у гісторыі егіп. л-ры. Узніклі абноўленыя паэт. формы. У паэзіі ўсталяваўся рамантызм, прадстаўнікамі якога былі літ. групы «Паэты Дывана» (А.М. аль-Акад, А.Шукры і інш.), «Паэты Вадаспаду» (А.Хільмі) і «Апалон» (А.З. Абу Шадзі, І.Нагі, А.М.Таха), у прозе — рэалізм (апавяданні Махмуда Тэймура, аповесць «Дні» Хусейна Таха, навелы А.Х.Саіда, М.Т.Лашына і інш.). У драматургіі 1920—30-х г. побач з гістарычнымі паяўляюцца творы сучаснай тэматыкі (п’есы Т. аль-Хакіма, Мухамеда Тэймура, А.Язбека), у прозе развіваецца рамант. кірунак (раманы «Вяртанне духа» аль-Хакіма і «Ібрахім-журналіст» І. аль-Мазіні). У перыяд рэакцыі і спаду нац.-вызв. руху (1930-я г.) у л-ры сталі адчувальнымі песімістычныя настроі, матывы адчаю (сімвалісцкія драмы «Спячыя ў пячоры», «Шэхеразада» аль-Хакіма, аповесць «Кліч няведамага» Махмуда Тэймура, навелы Я.Хакі). Пасля перамогі нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 вядучае месца ў л-ры занялі «новыя рэалісты», асн. тэма творчасці якіх жыццё і барацьба простых людзей (зб. апавяданняў А. аль-Хамісі, аповесць «Грэх» Ю.Ідрыса, раманы «Зямля», «Ускраінныя вуліцы» А. аш-Шаркауі). У раманах Н.Махфуза «Новы Каір», «Пачатак і канец», трылогіі «Бейн аль-Касрэйн» паказана шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Паэзія 1950-х г. прадстаўлена творчасцю аш-Шаркауі, С. Абд-ас-Сабура, А.Хігазі і інш. Расчараванне грамадства, асабліва пасля паражэння Е. ў вайне з Ізраілем у 1967, выклікала настроі адчаю і бязвер’я. Адыход ад сац. праблематыкі, замыканне ў рамках суб’ектыўных перажыванняў, матывы адчужэння характэрныя для навелістыкі М.Х.Рагаба, Д. аш-Шаркауі. Пошукі і эксперыменты ў галіне формы пашырылі маст. магчымасці прозы, узбагацілі яе ў жанравых адносінах. Рэаліст. проза 1970-х г. спалучала псіхалагізм з фалькл. вобразнасцю, дакументальнасць з прыёмамі гратэску (сатыр. раманы «Хроніка вуліцы аз-Заафарані» Г. аль-Гітані, дакумент. аповесць «Гэта адбываецца ў Егіпце ў нашы дні» М.Ю. аль-Куайіда).
Архітэктура. З прыходам арабаў (639) у архітэктуры Е. адбыўся ўздым, звязаны з утварэннем новай сталіцы Фустат (640) і інтэнсіўным культавым і свецкім буд-вам новага тыпу. Першыя араб. гарады мелі характар вайск. лагера; гал. элементамі арх. ансамбля сталі мячэці, палацы, грамадскія лазні і памяшканні для гарнізона. Прамавугольныя кампазіцыі гар. забудовы абносілі мурамі. Сярод найб. ранніх пабудоў — мячэць Амра ў Фустаце (641—642, перабудавана ў 9 ст.). Прыкладам сталай егіп. архітэктуры была мячэць Ібн Тулуна ў Каіры (876—879), якая адаптавала традыцыі копцкага мастацтва і пярэднеазіяцкага буд-ва: уключала 5-нефавую шматкалонную залу для малення, ад крытую ва ўнутр. квадратны ў плане двор, абкружаны арачнымі галерэямі. Ёй характэрны смеласць і прастата прасторавага вырашэння, веліч манум. аб’ёмаў. У перыяд Фатымідаў (10—12 ст.) Каір набыў абарончы выгляд, пабудаваны гар. муры і брамы з квадратнымі і паўкруглымі зубчастымі вежамі. У сакральнай архітэктуры з’явіліся Т-падобны трансепт, дэкар. распрацаванасць і акцэнтаванасць парталаў-уваходаў і мінарэтаў, што фланкіравалі будынкі т.зв. калоннага тыпу (мячэці аль-Азхар, 970—972; аль-Хакім, 990—1013). Раннефатымідскія маўзалеі былі квадратныя ў плане, з аркай у цэнтры кожнага фасада і купалам на 8-гранным барабане (група маўзалеяў Саб’а Банат у Фустаце). Больш познія часам мелі круглую камеру, якая абкружалася з трох бакоў галерэяй, і 3 міхрабы; у канструкцыі тромпаў і ветразяў з’явіліся сталактыты (маўзалей Ум Кульсум у Каіры, 1122). Пры Айюбідах (12—13 ст.) і Мамлюках (13—15 ст.) на змену квадратным у плане мячэцям прыйшлі складаныя арх. комплексы. якія звязвалі ў адзіны ансамбль залу для малення, медрэсэ, маўзалеі і інш. (комплексы султанаў Калауна, 1284—85, і Каіт-бея, 1472, у Каіры). Маўзалейная ч. пабудовы заўсёды мела высокі купал на барабане і фланкіравалася шмат’яруснымі мінарэтамі ў выглядзе шматгранных ці круглых вежаў з абходнымі балконамі і верхняй пляцоўкай-«ліхтаром» пад купалападобным завяршэннем. Строгасць манум. форм спалучалася з багаццем дэкору (мячэць-медрэсэ султана Хасана ў Каіры, 1356—63). У перыяд Асманскай імперыі (16—18 ст.) мячэці ўзводзіліся на ўзор турэцкіх: цэнтрычныя буйнамаштабныя пабудовы з вял. паўсферычнымі купаламі і мінарэтамі з вострымі завяршэннямі (мячэць Сінан-пашы ў Каіры, 1571). Архітэктура Е. сярэдзіны 19—1-й пал. 20 ст. звязана з еўрап. стылямі (мадэрн, канструктывізм і інш.): будынкі Егіп.нац. музея ў Каіры (1902, франц.арх. М.Дурньён), Вікторыя-каледжа (1950-я г., амер.арх. Дж.Полтак) і інш. З 1950-х г. развіваецца арх. забудова новых адм. і жылых раёнаў гарадоў (тэлевізійная вежа і будынак Лігі араб. краін у Каіры). З’явілася нац. школа архітэктуры, якая распрацоўвае сучасныя праекты з улікам кліматычных асаблівасцей і мясц. традыцый горадабудаўніцтва (С.Карым, А.Сідкі, Н.Хебіб, М.Амар і інш.).
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Самыя раннія з вядомых узораў мастацтва мусульм. Е. адносяцца да фатымідскай эпохі: фрагменты фрэскі з лазні ў Фустаце (10—11 ст.), прыклады разьбы па камені, дрэве і слановай косці з фігуратыўнымі выявамі (фрызы з Фатымідскага палаца ў Каіры, канец 10 — пач. 11 ст.), мініяцюры (малюнак тушшу з фігурамі двух воінаў, 11 ст.; ілюстрацыі да рукапісу «Макамат» аль-Харыры, 1337). У стылістыцы адчуваецца пераасэнсаванне копцкіх і эліністычных традыцый у новым ісламскім вобразе. У дэкар.-прыкладным мастацтве сярэдневяковага Е. асаблівае развіццё атрымалі тканіны з вышытым, тканым ці набіваным узорам; кераміка, размаляваная люстрам і каляровымі палівамі (9—12 ст.), посуд з горнага хрусталю (10—12 ст.), вырабы са шкла з размалёўкай каляровымі эмалямі (свяцільнікі для мячэцей, 13—15 ст.), бронзавыя фігуры («грыфон», 11—12 ст.). 13—15 ст. — росквіт разьбярства з геам. і расл. арнаментам (пераносныя міхрабы, падстаўкі для Карана і інш.). У вырабах 10—12 ст. у дэкоры часта выкарыстоўвалі выявы людзей і жывёл, пазней дамінавалі арабескі. Сучаснае выяўл. мастацтва Е. сфарміравалася ў канцы 19 ст. разам з нац.-вызв. рухам. Яго станаўленне звязана і з засваеннем еўрап.маст. культуры і са спробамі адраджэння стараж.нац. традыцый. Гэта тэндэнцыя характэрна для творчасці буйнейшага тагачаснага егіп. скульптара М.Мухтара. (манумент «Абуджэнне Егіпта» ў Каіры, 1919—28). Жывапіс зазнаў уплывы імпрэсіянізму, фавізму. італьян. і франц. акадэмізму. Заснавальнікі сучаснага егіп. жывапісу А.Сабры, М.Нагі, М.Саід працавалі ў рэаліст. манеры. У 2-й пал. 20 ст. разам са спробамі авангардысцкага пераасэнсавання еўрап. мастацтва ў творчасці Г.Сіры, С.Абдэль Расула, Т.Хусейна, А.Г. аль-Газара, С.Рэды развіваецца тэматыка нар. жыцця. Пашырылася роля станковай і кніжнай графікі (Х.Фаўзі, А. аль-Вафі і інш.). Развіваюцца традыц. віды прыкладнога мастацтва: разьба па дрэве, метале, косці, ткацтва, кераміка і інш.
Музыка Е. вядома з глыбокай старажытнасці (гл. ў арт.Егіпет Старажытны). Да нашага часу захавалася выпрацаваная на працягу многіх стагоддзяў традыц. музыка. Яе асн. жанры — працоўныя, лірычныя, вясельныя, радзінныя, пахавальныя песні, танц. песні з воплескамі і характэрныя для Верхняга Е. эпічныя песні-паданні. Мелодыка песень Ніжняга Е. заснавана на 7-ступенных гукарадах, на астатняй тэр. пераважае пентатоніка. Сярод муз. інструментаў: мізмар (тып лютні), аргуль (падвойны кларнет), флейты, барабаны дарабука або хока, табл баладзі (вял. барабан), рык (бубен), кусат (талеркі); з 7 ст. пашыраны араб. інструменты — уд, рэбаб, канун (стр. шчыпковыя), най (падоўжаная флейта). Сфарміравалася сістэма макамаў — макамат (пэўны прынцып музіцыравання і яго асобныя праявы). У эпоху сярэдневякоўя пашырыліся розныя віды свецкай араб. класічнай музыкі (захаваліся і цяпер): вак. жанры касыда, мувашшах, інстр. таксім і інш. У 18—19 ст. у муз. практыку ўвайшлі інстр. ансамблі тахт. Адным з найважнейшых муз. жанраў стаў дор (разгорнутая вак. кампазіцыя; выконвалася спеваком-мутрыбам, інстр. ансамблем і хар. групай). У 19 ст. ў музыку пачалі пранікаць элементы еўрап.муз. культуры, створаны муз. школы з еўрап. выкладчыкамі. У 1869 у Каіры адкрыўся першы на Афрыканскім кантыненце оперны т-р, дзе выступалі артысты з Еўропы (у 1871 тут пастаўлена опера Дж.Вердзі «Аіда», напісаная па заказу егіп. ўрада). Пачалі наладжвацца канцэрты, узніклі канцэртныя жанры. У 1910—20 склаўся жанр араб. аперэты (буйнейшы майстар С.Дэрвіш). У 1914 у Каіры заснаваны муз. клуб (з 1929 Ін-т арабскай музыкі), у 1927 — Муз.т-ва Е. У 1930-я г. паявіліся муз. кінафільмы, створаныя пры ўдзеле спевака, кампазітара, акцёра і рэжысёра М. Абд аль-Вахаба і спявачкі У.Кульсум. З 1930-х г. фарміруецца сістэма муз. адукацыі, у 1940—50-я г.прафес. кампазітарская школа (у 1955 засн. Саюз прафес. музыкантаў). Сярод кампазітараў А.Б.Хайрат, М.Р.Гарана, ГА.Рахім і інш.Нац.муз. кадры рыхтуюць Каірская кансерваторыя (з 1959) і яе філіял у Александрыі, Ін-тараб. музыкі, Каірскі ін-тмуз. выхавання і інш. Працуюць Каірскі оперны т-р, сімф. аркестр Каірскага радыё, аркестр араб. класічнай музыкі, Егіпецкая нац. трупа нар. мастацтва і інш.
Тэатр. Вытокі тэатра ў пахавальным рытуале з дыялогамі багоў, ролі якіх выконвалі жрацы, а таксама ў нар. святах у гонар багоў у суправаджэнні прадстаўленняў на міфалагічныя сюжэты. Падобныя прадстаўленні разыгрываліся ў эпоху Стараж. царства. У сярэднія вякі ў Е. існаваў ценявы т-р, вядомым дзеячам якога быў Ібн Даніял, пазней узнік лялечны т-р. У 19 ст. ў краіне гастраліравалі франц. і італьян. трупы. У 1869 Якуб Сану (псеўд. Абу Назара) стварыў першую нац. трупу і паставіў у Каіры сваю аперэту на араб. мове. У 1869 у Каіры пабудаваны т-р оперы. У 19 ст. з ліку інтэлігенцыі і вучнёўскай моладзі складаліся шматлікія аматарскія тэатр. калектывы. У канцы 19 — пач. 20 ст. працавалі прафес. трупы пад кіраўніцтвам Сану, С.Накаша, С. аль-Кардахі, Ісхака Адзіба і інш. (кожны з іх быў адначасова драматургам, рэжысёрам, акцёрам і, як правіла, уладальнікам трупы). Вял. значэнне для развіцця т-ра мелі пераклады твораў Мальера, У.Шэкспіра, П.Карнеля і інш.Т-р актыўна развіваўся ў 1910—20-я г.; ствараліся муз. і драм. трупы, ставіліся гіст. драмы. Папулярнасць набыла п’еса «Незвычайны госць» Т. аль-Хакіма (1918). У 1919 ён стварыў трупу, якая паспяхова працавала шмат гадоў. У 1930-я г. арганізаваны Вышэйшы к-т па развіцці араб.тэатр. мастацтва, у 1935 — першая дзярж.Нац. трупа. У 1944 засн. Арабскі ін-тт-ра. У 1950-я г. станаўленне нац. драматургіі садзейнічала арганізацыі дзярж. і прыватных труп. У 1958 у Каіры адкрыты т-р лялек, у 1960-я г. ўзведзены тэатр. будынкі «Аль-Гумхурыя», «Аль-Эзбекія» і інш.Найб. вядомыя калектывы; Нац.т-р, Сусветны, «Масрах аль-Гейб», Таўфіка аль-Хакіма, камедыі. Сярод дзеячаў т-ра: А.Алям, Х.Рыяд, А.Фарыс, А.Гаміль і інш. У рэпертуары нац. і перакладная класічная драматургія. Другі тэатр. цэнтр Е. — г. Александрыя. Тэатры дзейнічаюць у гарадах Даманхур, Танта, Порт-Саід і інш. У Каіры функцыянуе Ін-ттэатр. мастацтва, створаны ў 1952 на аснове Араб. ін-та т-ра.
Кіно. З 1897 замежныя рэжысёры і аператары здымалі кароткаметражныя хранікальныя, з 1917 і ігравыя фільмы. У 1925 у Каіры пабудавана першая кінастудыя «Міср». З 1927 кінавытворчасць стала сістэматычнай. Асн. кінапрадукцыя 1930-х г. — муз. фільмы. У 1940-я г. экранізаваліся літ. творы і нац. легенды, з’явіліся фільмы на тагачасныя і гіст. сюжэты (рэжысёры А.Бадрхан, С. Абу Сейф, Х.Сідкі і інш.). У 1950-я г. ставіліся фільмы, прысвечаныя сац. і культ. пераўтварэнням, зменам у свядомасці людзей: «Джаміля», «Зямля», «Вярні мне жыццё» (у пракаце «Зноў жывы»), «Людзі на Ніле» (разам з СССР), «Мумія» і інш. Выпускаліся таксама меладрамы, камедыі, муз. фільмы. Кінематаграфія Е. набыла міжнар. вядомасць. У 1959 у Каіры адкрыты кінаінстытут. У пач. 1960-х г. кінавытворчасць Е. нацыяналізавана. Нягледзячы на крызісную сітуацыю ў кінематографе 1970—80-х г., прагрэс. дзеячы кіно працягвалі ствараць высокамаст. стужкі: «Народная лазня» (1972), «Ваданос мёртвы» (1977), «Бандыты» (1980), «Трубадур» (1981) і інш. Сярод акцёраў — Ф.Шаукі, Э.Хамзі, Н. аш-Шарыф, М.Малігі, актрыс — Шадзія, Ф.Хамама, Магда, С.Хусні, Н.Ібрахім, рэжысёраў — С.Іса, А.Фахмі. Працуюць кінастудыі «Міср», «Аль-Ахрам», «Ан-Ніл», «Галаль», «Насібіян».
Літ.:
Беляев И.П., Примаков Е.М. Египет: время президента Насера. М., 1974;
Князев А.Г. Египет после Насера, 1970—1981. М., 1986;
Васильев А.М. Египет и египтяне. М., 1986;
Голдобин А.М. Национально-освободительная борьба народа Египта. 1918—1936 гг.М., 1989;
Герб і сцяг Егіпта.Да арт.Егіпет. Руіны г. Порт-Саід пасля налёту англійскай ваеннай авіяцыі. 1956.Да арт.Егіпет. М.Саід. Горад.Да арт.Егіпет. Танец «Сіва» ў выкананні ансамбля народнага танца «Рэда».Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Дзяўчына з Шалаля.Да арт.Егіпет. А.Г. аль-Газар. Жанчына-дэрвіш.Да арт.Егіпет. Х.Фаўзі. Праца.Да арт.Егіпет. Г.Сіры. Ніл каля вострава Замалек.Да арт.Егіпет. Будынак Лігі арабскіх краін.Да арт.Егіпет. Каірская тэлевізійная вежа. 1950-я г.Да арт.Егіпет. М.Мухтар. Сялянка са збанам.Да арт.Егіпет. С.Рэда. Лялька.Да арт.Егіпет. Тэатр лялек у Каіры (сцэна са спектакля).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЬСКІЯ,
княжацкія і баярскія роды ў ВКЛ і Маскоўскім вял. княстве. Існавалі 2 роды Бельскіх, не звязаныя сваяцтвам: Бельскія-Рурыкавічы і Бельскія-Гедзімінавічы. Родапачынальнік Бельскіх-Рурыкавічаў — кн. Іван Міхайлавіч Морткін-Бельскі з роду яраслаўскіх князёў. Адзін з яго сыноў, Леў Іванавіч, выехаў у ВКЛ. Яго нашчадкі жылі да 1800 у Віленскім, Берасцейскім і інш. ваяводствах. Родапачынальнік Бельскіх-Гедзімінавічаў — Алелька (пасля хрышчэння Уладзімір), унук вял. князя ВКЛГедзіміна. Ён меў сыноў Алельку (пасля хрышчэння Аляксандр, родапачынальнік кн. Пінскіх і Слуцкіх — Алелькавічаў), Івана (ад яго пайшлі Бельскія) і Андрэя Уладзіміравічаў.
Іван Уладзіміравіч (? — пасля 1446), упамінаецца з 1411. Валодаў г. Белая на р. Обша (Смаленская вобл.). Быў намеснікам у Ноўгарадзе (1445—46). Меў 7 дзяцей, у т. л. сыноў Фёдара і Сямёна. Фёдар Іванавіч (?—?), сын Івана Уладзіміравіча, упамінаецца з 1476 як «князь Фюдар з Белай». Належаў да апазіцыі Казіміру IV Ягелончыку, у 1481 удзельнічаў у змове князёў супраць яго, на 2-і дзень пасля шлюбу з Ганнай Сямёнаўнай з роду князёў Кобрынскіх быў вымушаны ратавацца ўцёкамі. З 1482 у Маскве. Казімір IV Ягелончык, а пазней і яго сын Аляксандр не адпускалі Ганну з Кобрына. Спробы Фёдара Іванавіча, які стаў баярынам Маскоўскага вял. княства, вызваліць жонку вынікаў не далі. У 1493 ён спрабаваў вярнуцца ў ВКЛ, за што сасланы ў Галіч. У 1497 памілаваны, у 1498 ажаніўся з разанскай князёўнай Ганнай Васілеўнай, пляменніцай вял.кн. Івана III Васілевіча. У 1499 Фёдар Іванавіч быў ваяводам коннага войска, пасланага пад Казань. У час вайны Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ 1500—03 удзельнічаў у беспаспяховай аблозе Смаленска. У 1506 зноў удзельнічаў у паходзе на Казань. Сямён Іванавіч (? — пасля 1507), сын Івана Уладзіміравіча. У 1500 незадаволены сваім становішчам у ВКЛ перайшоў з гарадамі Чарнігаў, Старадуб, Гомель, Любеч на службу да вял.кн. маскоўскага Івана III Васілевіча. Адзін з ініцыятараў войнаў Маскоўскай дзяржавы супраць ВКЛ на пач. 16 ст.Дзмітрый Фёдаравіч (каля 1500—13.1.1551), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1530, ваявода. Адзін з рэгентаў пры малалетнім вял.кн. маскоўскім Іване IV. Іван Фёдаравіч (? — май 1542), сын Фёдара Іванавіча, дзярж. дзеяч Рус. дзяржавы, баярын з 1522, ваявода. З лета 1540 «першадарадца» Івана IV Грознага. На пач. 1542 скінуты Шуйскімі, сасланы на Белавозера і там забіты. Сямён Фёдаравіч (?—?), сын Фёдара Іванавіча, баярын з 1522. У 1534 уцёк у ВКЛ. Пасля ўдзельнічаў у паходах супраць Рус. дзяржавы (1535, 1541). Іван Дзмітрыевіч (? — 24.5.1571), сын Дзмітрыя Фёдаравіча, дзярж. дзеяч часоў Івана IV Грознага, баярын з 1560, ваявода. Удзельнічаў у 1563 у Лівонскай вайне 1558—83, у Земскім саборы 1566. Загінуў разам з сям’ёй у час наезду на Маскву крымскіх татар хана Даўлет-Гірэя. Акрамя таго, вядома некалькі польск. шляхецкіх родаў Бельскіх, сярод якіх у 18 ст. сустракаюцца бароны і графы, і дваранскі род Бельскіх у Расіі (выйшаў з Валыні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКІЯ́НІЯ,
самая вял. сукупнасць астравоў (каля 10 тыс.) у цэнтр. і паўд.-зах.ч. Ціхага ак. паміж Аўстраліяй, Малайскім архіпелагам на З і шырокімі акіянскімі прасторамі на Пн, У і Пд. Размешчана паміж субтрапічнымі шыротамі Паўн. паўшар’я і ўмеранымі Паўднёвага. Пл. 1,26 млн.км². Нас. 10,3 млн.чал. (1987). Найбольшыя а-вы Новая Гвінея, Паўночны і Паўднёвы (2 апошнія ўваходзяць у склад Новай Зеландыі) займаюць у сукупнасці каля 80% тэр. Акіяніі. Пры падзеле сушы на часткі свету Акіянію звычайна аб’ядноўваюць з Аўстраліяй; часам вылучаюць як асобную частку свету. У Акіяніі размешчаны дзяржавы (1993): Вануату, Зах. Самоа, Кірыбаці, Мікранезія, Маршалавы Астравы, Науру, Новая Зеландыя, Палау, Папуа — Новая Гвінея, Саламонавы Астравы, Тонга, Тувалу, Фіджы, ч. Інданезіі. Гавайскія а-вы — штат ЗША. Многія а-вы — уладанні Вялікабрытаніі, Францыі, ЗША, Аўстраліі, Новай Зеландыі, Чылі.
Паводле прыродных умоў і насельніцтва Акіянію падзяляюць на Меланезію, Мікранезію, Палінезію і Новую Зеландыю. Ёсць астравы мацерыковага паходжання (Новая Гвінея, Новая Каледонія, Фіджы), гарыстыя вулканічныя (Бугенвіль, Гаваі і інш.) і нізінныя каралавыя (Маршалавы, Науру і інш.) а-вы. Найб.выш. — 5029 м (г. Джая ў Новай Гвінеі). Гарыстыя а-вы Акіяніі размешчаны ў межах астраўных дугаў геасінклінальнай вобласці зах. ускраіны дна Ціхага ак. У цэнтр.ч. Ціхага ак. — найвыш. вулканы, якія ўтвараюць некаторыя з Гавайскіх а-воў (у т. л. Маўна-Кеа і Маўна-Лоа, больш за 4000 м); актыўны вулканізм і ў Новай Зеландыі. Радовішчы нікелю і жалеза (Новая Каледонія), фасфатаў (Науру), нафты (Новая Гвінея), золата (Папуа — Новая Гвінея, Фіджы), вугалю (Новая Зеландыя), медзі (Бугенвіль, Новая Каледонія), жал. руды (Новая Гвінея) і інш. Клімат акіянскі, вільготны, пераважна субэкватарыяльны і экватарыяльны, на Пд субтрапічны і ўмераны. У экватарыяльным поясе сярэднямесячная т-ра на працягу года 26—28 °C, на крайнім Пд ад 16 °C (люты) да 5 °C (жнівень). Ападкаў за год ад 1000 мм на У да 3000—4000 мм і больш на З (асабліва шмат на наветраных схілах гарыстых а-воў, напр., на Гавайскіх а-вах месцамі да 14000 мм). У цэнтр. Акіяніі і на З частыя тайфуны. У гарах Новай Гвінеі і на в-ве Паўднёвы Новай Зеландыі ледавікі. Рэкі кароткія, мнагаводныя, пераважна на буйных а-вах. Глебы чырваназёмы і латэрыты, у раёнах сезонных дажджоў — чырвона-бурыя саваннаў, у вільготных раёнах — балотныя і забалочаныя. На наветраных схілах гарыстых а-воў пераважаюць вільготныя вечназялёныя трапічныя лясы, на падветраных — ксерафітныя лясы, хмызняковыя фармацыі. Трапляецца расліннасць тыпу саваннаў. На нізінных каралавых а-вах — зараснікі хмызняку, участкі лясоў, гаі какосавых пальмаў, хлебнага дрэва і інш.Асн. культурныя расліны — сагавыя і какосавыя пальмы, манга, цукр. трыснёг і інш. Фауна Акіяніі — аўстралійскія (яхідна, сумчатыя) і азіяцкія (дзік) віды; мала млекакормячых, мноства насякомых; каля 650 відаў птушак; шмат эндэмікаў.
Да арт.Акіянія. Паўднёвы востраў. Новая Зеландыя.Да арт.Акіянія. Вёска ў Папуа—Новай Гвінеі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЬПІНІ́ЗМ,
від спорту, узыходжанне на цяжкадаступныя горныя вяршыні ў спартыўных ці інш. мэтах.
Афіц. гісторыя альпінізму пачынаецца з 1786 (узыходжанне швейцарцаў Ж.Бальмы і М.Пакара на Манблан у Альпах). З 2-й пал. 19 ст. ўзнікаюць альпінісцкія клубы ў Англіі, Аўстрыі, Італіі, Швейцарыі, Расіі і інш. Да канца 19 ст. ў Альпах былі адолены многія вяршыні, пракладзены складаныя маршруты. Па меры вывучэння і даследавання інш. горных сістэм, удасканалення сродкаў зносін пашыралася геаграфія альпінізму, які актыўна развіваецца з 1950-х г. пасля пакарэння найвышэйшых вяршыняў свету (гл.табл.).
Альпінізм патрабуе добрай фізічнай і спец. падрыхтоўкі, спец. адзення, абутку, харчавання для жыццезабеспячэння ва ўмовах высакагор’я і адпаведнага рыштунку (вяроўкі, ледарубы, скальныя і лёдавыя кручкі, карабіны і інш.) для страхоўкі спартсменаў. Пры ўзыходжанні на вяршыні вышынёй больш за 8 000 м часта выкарыстоўваюць кіслародныя апараты. У альпінізме прынята класіфікацыя маршрутаў паводле іх складанасці (усяго 6 катэгорый). Альпінісцкую падрыхтоўку атрымліваюць у спец. альплагерах ці школах. Узыходжанні робяць, як правіла, у складзе групы, з інструктарам або гідам-правадніком (на пач. этапе) ці самастойна. У горных раёнах дзейнічае спец. горнавыратавальная служба. Нац. федэрацыі і альпінісцкія саюзы розных краін аб’яднаны (з 1932) у Міжнар. саюз альпінісцкіх асацыяцый (УІАА). Праводзяцца альпініяды.
На Беларусі альпінізм развіваецца з 1950-х г. Дзейнічае (з 1955) федэрацыя альпінізму і скалалажання. З 1973 праводзіцца першынство краіны па альпінізму. Бел. альпіністы — удзельнікі і прызёры чэмпіянатаў СССР і СНД па альпінізму. Імі зроблены ўзыходжанні на вышэйшыя (больш за 8000 м) вяршыні свету ў Гімалаях: Э.Ліпень (Джамалунгма, 1990, 1993, Шыша-Пангма, 1992, разам з І.Велянковай), В.Кульбачэнка (Канчэнджанга, 1994). Восенню 1994 адбылася першая бел. экспедыцыя (з удзелам рас. і балг. альпіністаў) у Гімалаі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАТО́МІЯ (ад грэч. anatomē рассячэнне, расчляненне),
навука пра форму і будову асобных органаў, сістэм і арганізма ў цэлым; раздзел марфалогіі. Адрозніваюць анатомію чалавека (антрапатомію), анатомію жывёл (заатомію) і анатомію раслін (фітатомію). Самастойнай з’яўляецца параўнальная анатомія жывёл. Разам з фізіялогіяй анатомія складае аснову тэарэт. і практычнай медыцыны і ветэрынарыі.
У сваім развіцці анатомія чалавека і жывёл як навука прайшла шэраг этапаў. Першапачатковы, апісальны, этап узнік пры выкарыстанні метаду расчлянення, калі збіраліся і апісваліся факты пра будову цела чалавека і жывёл. Заснавальнік яе — фламандзец А.Везалій (16 ст.). Апісальную анатомію падзяляюць на сістэматычную (вывучае органы па сістэмах), тапаграфічную (разглядае будову і форму органаў і іх узаемаразмяшчэнне) і пластычную (даследуе статыку і дынаміку вонкавых формаў цела). Новы этап у развіцці анатоміі — функцыянальны — тлумачэнне назапашаных фактаў з пункту гледжання антагенезу і філагенезу і функцыянальнага назначэння органаў і сістэм. Сучасны этап — эксперыментальны — аналіз структурна-функцыянальнай арганізацыі органаў і сістэм у сувязі з рознымі фактарамі навакольнага асяроддзя. Вылучаюць таксама анатомію дынамічную, узроставую, мікраскапічную (гісталогія і цыталогія) рэнтгенаанатомію і інш. Заснавальнікі анатоміі: Арыстоцель, К.Гален, Везалій, Леанарда да Вінчы, У.Гарвей і інш. У Расіі найб. значныя даследаванні ў 18—19 ст. па пытаннях будовы і функцыі страўніка (А.П.Пратасаў), будовы нырак (А.М.Шумлянскі), стварэнні тапаграфічнай анатоміі (М.І.Пірагоў), рус.анат. тэрміналогіі (М.І.Шэін). У 19 ст.засн. першая рус.анат. школа (П.А.Загорскі, 1807), складзены анатамічны слоўнік (Н.М.Амбодзік-Максімовіч). Прагрэсу анат. навукі спрыялі таксама працы П.С.Лесгафта, Дз.М.Зёрнава, У.А.Беца, В.П.Вараб’ёва, У.М.Танкова, Дз.А.Жданава, Б.М.Долга-Сабурава і інш.
На Беларусі 1-е анатаміраванне цела праведзена ў 1586 у Гродне для ўдакладнення прычыны смерці караля Стафана Баторыя. Станаўленне сучаснай анат. навукі звязана з арганізацыяй у 1921 кафедры анатоміі на мед. ф-це БДУ. Заснавальнік — С.І.Лябёдкін, які стварыў нац. школу марфолагаў. Н.-д. работа вядзецца на кафедрах анатоміі Віцебскага, Гомельскага, Гродзенскага, Мінскага мед. ін-таў, Бел. акадэміі фізічнай культуры і спорту, у Віцебскай акадэміі вет. медыцыны, БДУ і інш. Значную ролю ў развіцці анатоміі адыгралі працы Д.М.Голуба па праблемах эмбрыягенезу чалавека і жывёл, вывучэнні структурнай арганізацыі вегетатыўнай нерв. сістэмы, нерв. шляхоў і дапаўняльных цэнтраў інервацыі. Высветлена анатомія сімпатычнага ствала, нерваў наднырачнікаў, крывяносных сасудаў і інш. органаў (А.С.Леанцюк, А.П.Амвросьеў, П.І.Лабко і інш.). Даследуюцца будова лімфатычных сасудаў касцей і суставаў (У.І.Ашкадзёраў), касцявы і перапончаты лабірынты чалавека і жывёл (З.І.Ібрагімава), узроставыя асаблівасці галаўнога мозга чалавека і яго артэрыяльных сасудаў (А.М.Габузаў). Існуе навук.т-ва анатамаў, гістолагаў і эмбрыёлагаў.
Літ.:
Анатомия человека. Т. 1—2. 2 изд. М., 1993;
Акаевский А.И. Анатомия домашних животных. 3 изд. М., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯРЭ́ЗІНА, Беразіна,
рака ў Беларусі, у Віцебскай, Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях, правы прыток Дняпра. Даўж. 613 км. Пл. вадазбору 24,5 тыс.км². Пачынаецца на ПдЗ ад г. Докшыцы. Асн. прытокі: Гайна, Пліса, Уша, Уса, Свіслач (справа), Сха, Бобр, Клява, Ольса, Ала (злева).
Агульная даўж. рачной сістэмы Бярэзіны (425 рэк) 8490 км. Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоў працякання Бярэзіны падзяляецца на З участкі: верхні (ад вытоку да вусця Гайны, 168 км), сярэдні (паміж вусцямі Гайны і Свіслачы, 205 км), ніжні (ад упадзення Свіслачы да вусця, 240 км). У верхнім цячэнні рака працякае праз Бярэзінскі біясферны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Палік.
Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасцю. Пойма забалочаная, куп’істая, шыр. 500 м — 6 км. У разводдзе затапляецца на глыб. да 3 м. Рэчышча моцназвілістае, багатае пратокамі, невял. пясчанымі астравамі. Шыр. да 60 м. Берагі пясчаныя, забалочаныя. У сярэднім цячэнні даліна выразная, трапецападобная, шыр. 1—3 км. Схілы спадзістыя і сярэдне стромкія, месцамі абрывістыя (выш. 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызняком. Каля падэшвы схілаў багатыя выхады грунтавых водаў. Пойма да вусця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шыр. 1,5—2 км, хмызнякова-лугавая. У разводдзе затапляецца на глыб. 0,5—3 м ад 10—20 сут да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча звілістае, разгалінаванае. Шыр. ракі 60—300 м. Берагі стромкія, выш. 1—2 м. Ніжэй упадзення Свіслачы і да вусця даліна пераважна трапецападобная, шыр. ад 300 м да 8 км. Схілы стромкія, выш. да 25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Пойма вельмі забалочаная, куп’істая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая, шыр. 1,5—5 км. У разводдзе затапляецца на глыб. каля 3,5 м да 1,5 месяца. Рэчышча звілістае, шмат плаўных лукавін, водмеляў, заліваў, рукавоў, старыц і поймавых азёр. Шыр. ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, выш. ад 1—2 м да 15 м. Асаблівасць воднага рэжыму Бярэзіны — высокія паводкі позняй восенню і спад іх у перыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасць сцёку. Веснавое разводдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяжным снегараставанні — некалькімі хвалямі.
Пад’ём узроўню (працягласць 20—30 сут) пачынаецца з сярэдзіны сак., сярэдняя выш. 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найб. 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводдзя ад вытоку да вусця на працягу 8 сут. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 сут, у ніжнім цячэнні да 2 месяцаў. Замярзае Бярэзіна ў 1-й пал.снеж., крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Веснавы ледаход 4—7 сут. Сярэднегадавы расход вады ў вусці 142 м³/с. Суднаходства ад в. Броды Барысаўскага р-на (494 км ад вусця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. каналаў. Каналізавана 12,8 км рэчышча ў вярхоўі. На рацэ гарады Барысаў, Беразіно, Бабруйск, Светлагорск; у маляўнічых мясцінах зоны адпачынку Беразіно, Асіповічы, Дроздзіна, Прырэчча і інш. Курорты Бабруйск і Горваль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́РДЗІ ((Verdi) Джузепе Фартуніна Франчэска) (10.10.1813, Ле-Ранколе, цяпер у межах г. Бусета, Італія — 27.1.1901),
італьянскі кампазітар. Вучыўся ў дырыжора т-ра «Ла Скала» В.Лавіньі і інш. З 1835 наладжваў канцэрты ў г. Бусета, выступаў як дырыжор, піяніст, арганіст. З 1838 у Мілане, дзе ў 1839 пастаўлена яго першая опера «Аберта, граф Сан-Баніфача». Оперы Вердзі 1840-х г. «Набука» («Навухаданосар»), «Ламбардцы ў першым крыжовым паходзе», «Жанна д’Арк», «Атыла», «Бітва пры Леньяна» прасякнуты нац.-вызв. ідэямі. Цікавасць Вердзі да сюжэтаў вял. ідэйнага зместу, насычаных драматызмам, яркай кантрастнасцю, моцнымі пачуццямі, выявілася ў операх паводле твораў В.Гюго («Эрнані», 1844), У.Шэкспіра («Макбет», 1847), Ф.Шылера («Луіза Мілер» паводле трагедыі «Каварства і каханне», 1849). У операх «Рыгалета» (паводле драмы «Кароль забаўляецца» Гюго, 1851), «Трубадур» (паводле А.Гарсіі Гуцьерэса) і «Травіята» (паводле «Дамы з камеліямі» А.Дзюма-сына; абедзве 1853) выявіліся лепшыя рысы муз.-драм. даравання Вердзі: глыбокае спасціжэнне ўнутр. свету герояў, прастата і выразнасць муз. мовы, песеннасць, высокі гуманізм. Оперы 1850-х г. «Сіцылійская вячэрня», «Сімон Баканегра», «Баль-маскарад», «Сіла лёсу» адметныя спалучэннем дынамізму і значнасці масавых сцэн з паглыбленым псіхалагізмам. Да найб. значных яго твораў належаць оперы «Дон Карлас» (паводле Шылера, 1867) і «Аіда» (1870), дзе элементы жанру вял. оперы — развітыя ансамблі, разгорнутыя масавыя сцэны, урачыстыя шэсці, балет — поўнасцю падпарадкаваны раскрыццю глыбокага гуманіст. зместу. Блізкі да лепшых позніх опер Вердзі «Рэквіем» (1874, памяці пісьменніка-патрыёта А.Мандзоні). Вяршыня творчасці Вердзі — муз. драма «Атэла» (1886) і камічная опера «Фальстаф» (1892), у якіх традыц. арыі і дуэты заменены маналогамі і дыялагічнымі сцэнамі, засн. на скразным муз. развіцці, дасягнута поўнае зліццё музыкі з драм. дзеяннем. Вердзі рэфармаваў камічную оперу на аснове дасягненняў рэаліст.муз. драмы 19 ст. Творчасць Вердзі — адна з вяршынь опернага рэалізму ў сусв.муз. мастацтве. На аснове традыцый папярэднікаў і сучаснікаў, выкарыстання песеннасці італьян.нар. музыкі Вердзі стварыў уласны муз. стыль, для якога характэрны яскравая тэатральнасць, вастрыня і выразнасць у абмалёўцы дзейных асоб і сітуацый, неперарыўнасць сцэн. развіцця, гібкасць вак. дэкламацыі, майстэрства ансамбля, узмацненне драматургічнай ролі аркестра. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены «Рыгалета», «Травіята», «Трубадур», «Аіда», «Баль-маскарад», «Атэла», «Дон Карлас», фантазія «Шэкспір і Вердзі» (у трох частках), у рэпертуары хору — «Рэквіем».
Тв.:
26 опер (з іх 6 у 2 рэдакцыях);
«Рэквіем» для 4 салістаў, хору і арк., Staban mater для хору і арк. (1898), Те Deum для падвойнага хору і арк. (1898) і інш.;
вак.-сімф. «Гучы, труба» (рэв. гімн, 1848), Гімн нацый (1862);
струнны квартэт (1873), вак.-інстр. ансамблі;
песні, рамансы і інш.
Літ. тв.: Рус.пер. — Избр. письма. М., 1959.
Літ.:
Соллертинский И. Джузеппе Верди // Соллертинский И. Исторические этюды. 2 изд. Л., 1963;
Тароцци Дж. Верди: Пер. с итал. М., 1984;
Соловцова Л.А. Джузеппе Верди. 4 изд. М., 1986;
Галь Г. Брамс. Вагнер. Верди: Три мастера, три мира: Пер. с нем. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕТРАЭНЕРГЕ́ТЫКА,
галіна энергетыкі, звязаная з распрацоўкай тэарэт. асноў, метадаў і тэхн. сродкаў для ператварэння ветравой энергіі ў эл., мех. і цеплавую. Займаецца таксама вызначэннем галін і маштабаў мэтазгоднага выкарыстання энергіі ветру ў нар. гаспадарцы. Ветраэнергетыка абапіраецца на аэралагічныя даследаванні, на базе якіх распрацоўваецца ветраэнергет. кадастр (па ім выяўляюць раёны са спрыяльным ветравым рэжымам). Аснова ветраэнергетыкі — ветраэлектрычныя станцыі (ВЭС).
Першыя ветрарухавікі (барабаннага тыпу) выкарыстоўваліся ў Стараж. Егіпце і Кітаі, у 7 ст.н.э. персы будавалі больш дасканалыя — крыльчатыя. Мяркуюць, што ветракі з’явіліся ў Еўропе і на Русі ў 8—9 ст., пашырыліся з 13 ст. (асабліва ў Галандыі, Даніі і Англіі), з 15 ст. — на Беларусі. Выкарыстоўваліся для пад’ёму вады, размолу зерня, прывода розных машын. У пач. 20 ст. М.Я.Жукоўскі распрацаваў тэорыю быстраходнага і высокапрадукцыйнага ветрарухавіка, пачалася прамысл.вытв-сць сродкаў ветраэнергетыкі. Былі пабудаваны першыя ВЭС: у Расіі каля Курска (1930, магутнасць 8 кВт), на Украіне каля Севастопаля (1931, 100 кВт), у Казахстане (пач. 1950-х г., 400 кВт). У канцы 1960-х г. у СССР створаны уніфікаваныя быстраходныя ветраэнергет. агрэгаты ВБЛ-3, ВПЛ-4, «Беркут» і інш., прызначаныя ў асноўным для пад’ёму вады на жывёлагадоўчых фермах, аддаленых пашах і інш. Перспектыўным лічыцца стварэнне магутных ветраэнергет. комплексных сістэм, якія спалучаюцца з дзейнымі энергасістэмамі і маюць эфектыўныя ветраагрэгаты (іх асаблівасць — паваротная вежа з двума ветраколамі, якія маюць 50-метровы размах лопасцей).
На Беларусі работы ў галіне ветраэнергетыкі пашырыліся з 1986. Уведзена ў дзеянне больш як 25 ветраэнергетычных установак (ВЭУ). Распрацавана ВЭУ малой магутнасці БВ-305 (5,5 кВт, дыяметр ветраротара 8 м, макс. скорасць яго вярчэння 100 аб/мін, дыяпазон рабочых скарасцей ветру 3,5—20 м/с, гадавая выпрацоўка электраэнергіі 12—15 МВт∙гадз); доследная партыя зроблена на Мінскім НВП «Ветрамаш». Распрацоўваюцца ВЭУ магутнасцю 30 кВт для ацяплення аўтаномных аб’ектаў, ветрамех. ўстаноўка для перапампоўвання вадкасці з свідравін. Перспектыўныя ветраагрэгаты серыі ВТН (навук.-вытв. фірмы «Ветэн», Расія), прызначаныя для электразабеспячэння аўтаномных аб’ектаў: ВТН8-4 магутнасцю 4 кВт, для раёнаў з сярэднегадавой скорасцю ветру v ≥ 3,5 м/с; ВТН8-8 — 8 кВт, v ≥ 5 м/с; ВТН16-30 — 30 кВт, v ≥ 5 м/с. Эканам. работа ВЭУ забяспечваецца пры сярэднегадавых скарасцях ветру больш за 3,5 — 4 м/с на вышыні 10 м (на Беларусі 3—3,5 м/с у паўд.ч., 4—4,5 м/с у цэнтр., 4—5 м/с зімой у цэнтр. і паўн.-зах.ч.). Патрэбнасць Беларусі ў сродках ветраэнергетыкі на бліжэйшую перспектыву ацэньваецца ў 150 шт. агульнай магутнасцю 900 кВт. Найб. мэтазгодна камбінаванае выкарыстанне энергарэсурсаў — у гібрыдных устаноўках, дзе спалучаецца выкарыстанне энергіі ветру з энергіяй сонца, бія- і арган. паліва і інш.
Літ.:
Энергия ветра: Оценка технич. и экон. потенциала: Пер. с англ.М., 1982;
Шефтер Я.И. Использование энергии ветра. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́НЫ (ад лац. vita жыццё),
група нізкамалекулярных арган. злучэнняў рознай хім. прыроды, неабходных для нармальнай жыццядзейнасці арганізма. Выконваюць у арганізме найважнейшыя біяхім. і фізіял. функцыі абмену рэчываў; уваходзяць у састаў субклетачных структур і падтрымліваюць іх нармальную будову і функцыянаванне. Сінтэзуюцца пераважна раслінамі (гл.Вітамінаносныя расліны), грыбамі і бактэрыямі. Чалавек і жывёлы атрымліваюць вітаміны ў асн. з расліннай ежай або з прадуктамі жывёльнага паходжання. У жвачных жывёл вітаміны групы B утвараюцца мікрафлорай кішэчніка. Некаторыя вітаміны ўтвараюцца ў арганізмах чалавека і жывёл самастойна (напр., PP), але ў недастатковай колькасці, або з іх папярэднікаў — т.зв.правітамінаў. Праз сценкі страўнікава-кішачнага тракту чалавека і жывёл вітаміны паступаюць у кроў, разносяцца па ўсім арганізме і ўтвараюць шматлікія вытворныя (напр., эфірныя, амідныя, нуклеатыдныя), якія звычайна спалучаюцца са спецыфічнымі бялкамі і ўтвараюць многія ферменты (больш за 200). Многія праяўляюць сваё спецыфічнае біял. ўздзеянне пасля ператварэння ў метабалічна актыўныя формы або ўваходзяць у састаў каферментаў і адпаведных ферментаў. Нястача вітамінаў (гл.Вітамінная недастатковасць) прыгнечвае асобныя рэакцыі абмену рэчываў, аслабляе некаторыя фізіял. функцыі. Калі вітамінаў намнога больш, чым патрэбна арганізму, узнікаюць гіпервітамінозы, калі менш або яны адсутнічаюць — гіпа- і авітамінозы. Выкарыстанне арганізмам вітамінаў памяншаецца пры наяўнасці ў ежы і кармах антывітамінаў — антаганістаў, якія перашкаджаюць вітамінам праяўляць іх біял. актыўнасць. Тэрмін «вітаміны» прапанаваў польскі біяхімік К.Функ (1912).
Вядома больш за 20 розных вітамінаў, якія маюць назвы, што характарызуюць іх хім. састаў ці фізіял. дзейнасць, таксама літарныя і лічбава-літарныя абазначэнні (напр., рэцінол — A1, тыямін — B1, рыбафлавін — B2, пантатэнавая кіслата — B3, пірыдаксін — B6, цыянкабаламін — B12, аротавая кіслата — B13, пангамавая кіслата — B15, фоліевая кіслата — Bc, аскарбінавая кіслата — C, эргакальцыферол — D2, халекальцыферол — D3, такаферолы — E, філахінон — K1, фарнахінон — K2, вікасол — K3, біяцін — H, біяфлаваноіды — P, нікацінавая кіслата, або нікацінамід — PP, ліпоевая кіслата, мезаіназіт). Часам яны маюць групавыя назвы, а асобныя прадстаўнікі гэтых груп (напр., A1 і A2, D2 і D3і г.д.) называюцца вітамерамі. Па растваральнай здольнасці вітаміны падзяляюцца на тлушча- і водарастваральныя. Да тлушчарастваральных належаць вітаміны групы A, D, E, K, Q, якія звычайна дэпануюцца ў тканках. Большасць водарастваральных вітамінаў у выглядзе фосфарных эфіраў выконваюць ролю каферментаў або ўваходзяць у састаў больш складаных каферментаў. Да гэтай групы належаць вітаміны групы B — B1, B2, B3, B5, B6, B12, H, PP, U; ліпоевая, фоліевая і аскарбінавая к-ты. Вельмі багатыя вітамінамі дрожджы, лісцевая агародніна, ягады.
Вітаміны атрымліваюць хім. і мікрабіял. сінтэзам, таксама з прыродных крыніц (гл.Вітамінная прамысловасць). Выкарыстоўваюць у медыцыне і ветэрынарыі для прафілактыкі і лячэння гіпа- і авітамінозаў, інш. хвароб, карэкцыі абменных працэсаў у арганізме (вітамінатэрапія), вітамінізацыі прадуктаў харчавання і кармоў (гл.Вітамінныя кармы) і інш. Вітаміны вывучае Вітаміналогія.
Літ.:
Березовский В.М. Химия витаминов. 2 изд. М., 1973;