КО́САЎ (Сільвестр) (канец 16 ст., маёнтак Жаробычы Віцебскага ваяв. — 23.4.1657),
бел. і ўкр. царкоўны дзеяч, пісьменнік-публіцыст. Скончыў Віленскую брацкую школу, Люблінскі езуіцкі калегіум і Замасцянскую акадэмію. Выкладаў рыторыку ў Вільні і Львове. З 1631 праф. філасофіі ў Кіева-Пячэрскай школе, з 1633 архімандрыт Кіева-Пячэрскай лаўры, з 1634 епіскап магілёўскі, аршанскі, мсціслаўскі. У 1646 заснаваў Магілёўскі жаночы манастыр пры царкве св. Мікалая. У 1647—57 мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (у межах Рэчы Паспалітай), экзарх канстанцінопальскага патрыяршага прастола. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 выступаў супраць падначалення Кіеўскай мітраполіі Маск. патрыярхату і далучэння ўкр. і бел. зямель да Расіі. Пісаў на польск. і царк.-слав. мовах. Аўтар публіцыст. і багаслоўскіх твораў «Экзегезіс» (1635, Вільня; прапанаваў новую сістэму адукацыі, абараняў правасл. святароў ад абвінавачванняў у пратэстантызме), «Патэрыкон, або зборнік жыццяў святых пячорскіх айцоў» (1635, перавыд. 1661, 1678), «Дыдаскалія, або навука для святароў» (1637, Куцейна) і інш.
Літ.:
Саверчанка І.В. Сільвестр Косаў // Бел. гіст. часоп. 1995. № 3.
І.В.Саверчанка.
т. 8, с. 428
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)