(Toulouse-Lautrec-Monfa)] Анры Раймон Мары дэ (24.11.1864, г. Альбі, Францыя — 9.9.1901),
французскі жывапісец і графік, буйнейшы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Парыжы ў Л.Бона (1882) і Ф.Кармона (з 1883). Зазнаў уплыў Э.Дэга і яп. гравюры. Асн. тэма творчасці — забавы і быт начных парыжскіх кабарэ, кавярняў і інш., якія ён увасабляў без маральнасці, але з уласцівай яму хваравітай вастрынёй назіранняў, часта з едкай іроніяй, па-майстэрску перадаючы гратэскную дынаміку нібыта выпадкова выхапленых з жыцця мізансцэн, характарнасць поз і жэстаў: «Цырк Фернандо. Наезніца» (1888), «Танец у «Мулен Руж» (1890), «У «Мулен Руж» (1892), «Спявачка Івет Гільбер» (1894). Яго манеры ўласцівы абагульнены, гнуткі і ломкі малюнак, доўгія вібрыруючыя мазкі, халодная гама, адцененая буйнымі, яркімі, маляўнічымі плямамі. У 1890-я г. выканаў плакаты «У «Мулен Руж». Ла Гулю» (1891), «Арыстыд Бруан у «Амбасадэр» (1892), «Японская канапа», «Жан Аўрыль у «Жардэн дэ Пары» (абодва 1893) і інш., якія сталі рэв. крокам у развіцці рэкламнага плаката, у 1892—99 зрабіў больш як 300 літаграфій. Аўтар дэкарацый да спектакляў, ілюстрацый да твораў. Іл.гл. таксама да арт.Літаграфія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УТЫЛІЗА́ЦЫЯ АДХО́ДАЎ,
выкарыстанне ў нар. гаспадарцы прамысл. і камунальных адходаў і выкідаў. Уключае утылізацыю забруджвальнікаў і нейтральных рэчываў. Мае вял.эканам. і прыродаахоўнае значэнне.
Выкарыстанне другаснай сыравіны (макулатуры, лому металаў, бітага шкла, тэкстыльных адходаў) зніжае патрэбу ў імпарце шматлікіх відаў сыравіны і энергіі. Напр., утылізацыя 1 т макулатуры зберагае ў вытв-сці паперы 4 м³ драўніны; выкарыстанне ў шыхце шклаварачных печаў 10% бітага шкла зніжае расход энергіі на 2%, выкарыстанне 80% бітага шкла памяншае шкодныя выкіды ў атмасферу на 20%, расход вады — на 50%.
На Беларусі штогод утвараецца каля 2 млн.т цвёрдых быт. адходаў, большасць з якіх выдаляецца на палігоны, каля 4% утылізуецца на мінскім смеццеперапрацоўчым заводзе. З 25 млн.т цвёрдых адходаў прам-сці (асн. крыніца адходаў) утылізуецца каля 15%. Драўляныя адходы лесапілавання і дрэваапрацоўкі выкарыстоўваюцца на 94%, адходы вытв-сці пластмас — на 93%, гумазмяшчальныя — на 82%, вытв-сці харч. прадуктаў — на 97,5%, лігніну гідролізнага — на 59%, адходы з рэшткамі нафтапрадуктаў — на 60%, гальванашламаў — на 4%, фасфагіпсу — на 3,4%. Наспелі праблемы утылізацыі буйнатанажных адходаў і адходаў павышанай небяспекі (галітавых і глініста-салявых шламаў, металургічных шлакаў, гарэлай зямлі, лігніну, гальванаадходаў і інш.).
У свеце індэкс У.а. складае: у Германіі — 50%, Нідэрландах — 45%, Японіі — 39%, ЗША — 25%.
Літ.:
Состояние окружающей среды Республики Беларусь: Нац. доклад. Мн., 2001.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХІ́МІЯ ТО́РФУ,
навука пра састаў і хім. ўласцівасці торфу, якія вызначаюць асн. кірункі перапрацоўкі тарфяной сыравіны з мэтай атрымання разнастайных прадуктаў і матэрыялаў для розных галін гаспадаркі.
Асн. кірункі навук. распрацовак: сувязь хім. саставу з відам і тыпам торфу; хімія гумінавых кіслот, піроліз торфу; вытв-сць біялагічна актыўных рэчываў гумінавага паходжання, тэхналогіі атрымання воску, прэпаратаў для медыцыны, быт. хіміі, сарбцыйных матэрыялаў для ачысткі сцёкавых вод ад нафтапрадуктаў і іонаў цяжкіх металаў, фарбавальнікаў і інш.Вял. клас арган. злучэнняў торфу — бітумаў, вугляводаў, гумінавых рэчываў — вызначае яго каштоўнасць як хім. сыравіны і арган. ўгнаення. Тэрмічная перапрацоўка торфу дазваляе атрымліваць тэхнал. газ, вадкае паліва, кокс, вугляродныя сарбенты і інш.
На Беларусі як самаст. галіна хіміі пачала фарміравацца з 1912 на Мінскай балотнай доследнай станцыі. З 1932 даследаванні па Х.т. вядуцца ў Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН. Уклад у фарміраванне і развіццё навук. даследаванняў па Х.т. зрабілі П.І.Бялькевіч, У.Я.Ракоўскі, І.І.Ліштван і інш.Гл. таксама Тарфяная прамысловасць, Торфаздабыча, Торфалячэнне.
Літ.:
Лиштван И.И., Король Н.Т. Основные свойства торфа и методы их определения. Мн., 1975;
Раковский В.Е., Пигулевская Л.В. Химия и генезис торфа. М., 1978;
Тишкович А.В. Использование торфа в сельском хозяйстве. Мн., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРЖ (ад франц. charge перабольшванне) у выяўленчым мастацтве, сатырычная ці дабрадушна-гумарыстычная выява (звычайна партрэт), у якой пры захаванні знешняга падабенства зменены і вылучаны найб. характэрныя рысы мадэлі; від карыкатуры. Лёгкасць і нязмушанасць кампазіцыі, парадыйнае выкарыстанне маст. прыёмаў, у т. л. гіпербалы і гратэску, даюць магчымасць гумарыстычна ці сатырычна паказаць пэўную асобу, падзеі міжнар. жыцця, быт. з’явы. У жанры Ш. працавалі А.Дам’е (Францыя), Дз.Маор (Расія); на Беларусі Я.Дамель, К.Бахматовіч, С.Богуш-Сестранцэвіч, Я.Бусел, М.Лісоўскі, А.Чуркін, В.Швяцоў, В.Шматаў і інш. Ш. найчасцей змяшчаюць у час. «Вожык». У літаратуры Ш. — паказ пэўнай з’явы ў змененым, скажоным выглядзе; вобраз, сатырычны або гумарыстычны твор, у якім наўмысна перабольшваюцца, вылучаюцца найб. характэрныя асаблівасці знешняга аблічча ці адмоўныя рысы ў характары чалавека. Асн. сродак адлюстравання ў памфлеце, фельетоне, эпіграме, пародыі. Трапныя гумарыстычныя Ш.-подпісы (часцей вершаваныя) дапаўняюць графічную ці жывапісную выяву, дапамагаюць дасягнуць большага камічнага эфекту. Ш. карысталіся Я.Купала, К.Чорны, К.Крапіва і інш. Трапныя подпісы да сяброўскіх Ш. пішуць Р.Барадулін, Г.Юрчанка і інш.
Публ.:
Лісоўскі М., Барадулін Р. Няўрокам кажучы... Мн., 1971;
Юрчанка Г. Парнаскія ўхабы. Мн., 1979;
Абразы без абразы: Сяброўскія шаржы і эпіграмы. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎРЫПІ́Д (Euripidēs; каля 485 ці 480 да н.э., в-аў Саламін, Грэцыя — 406 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт-драматург. Упершыню выступіў у драм. спаборніцтвах у 455 (перамагаў 5 разоў, апошні раз пасмяротна). Падвяргаўся крытыцы за погляды, блізкія натурфілосафам і сафістам. З 408 жыў у Македоніі. Напісаў 92 п’есы, з якіх захаваліся 17 трагедый, сатыраўская драма «Кіклоп» і больш за тысячу фрагментаў. Адлюстраваў супярэчнасці афінскай рабаўладальніцкай дэмакратыі, якія паглыбіліся ў час Пелапанескай вайны. У трагедыях «Геракліды» (каля 430), «Гекуба» (каля 424), «Прасіцелькі» (каля 422), «Траянкі» (415), «Фінікіянкі» (каля 410) ідэі патрыятызму, антываен. і антыспартанскія тэндэнцыі. Вял. знаўцам чалавечай душы выступіў у трагедыях «Медэя» (431), «Іпаліт» (428), гераіні якіх пакутуюць з прычыны сваіх нястрыманых страсцей і супярэчлівых імкненняў. Узор патэтычнай трагедыі — «Іфігенія ў Аўлідзе» (406). У быт. драмах «Алкестыда» (438), «Алена» (412), «Іон» (каля 413 ці 409) інтрыга, прыгоды, шчаслівы канец. Яго творчасць вызначаецца пераасэнсаваннем міфаў, пільнай увагай да ўнутр. свету чалавека («Электра», 413; «Арэст», 408). адыходам ад нарматыўных прынцыпаў класічнай трагедыі, мовай, блізкай да гутарковай. У 1926 БДТ-2 паставіў п’есу Э. «Вакханкі».
Тв.:
Рус.пер. — Трагедии. Т. 1—2. М., 1980.
Літ.:
Гончарова Т. Еврипид. М., 1984;
Ярхо В.Н. Античная драма: Технология мастерства. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРА́ Гнат Пятровіч (8.1.1888, с. Падлеснае Аляксандраўскага р-на Кіраваградскай вобл., Украіна — 18.1.1966),
украінскі акцёр і рэжысёр. Нар.арт.СССР (1940). На сцэне ў т-рах Украіны з 1907. Адзін з заснавальнікаў Укр.т-ра імя І.Франко (1920, у Вінніцы, з 1926 у Кіеве) і яго маст. кіраўнік (да 1961, з 1954 з М.Крушальніцкім), акцёр і рэжысёр. З 1938 выкладаў (з 1946 праф.) у Кіеўскім тэатр. ін-це імя І.Карпенкі-Карага. Яркі камед. акцёр, яму ўласцівы праўдзівасць пачуццяў, нар. гумар, сакавітасць быт. характарыстык, шчырасць. Сярод роляў: Мартын Баруля, Банавентура, Цярэшка Сурма («Мартын Баруля», «Сто тысяч», «Марнасць» Карпенкі-Карага), Лука («На дне» М.Горкага), Швейк («Прыгоды ўдалага салдата Швейка» паводле Я.Гашака) і інш. Паставіў спектаклі: «97» М.Куліша (1924, і роля Мусія Капысткі), «Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ (1933, роля Фігаро), «Украдзенае шчасце» Франко (1940), «Маруся Багуслаўка» М.Старыцкага (1941), «Макар Дубрава» (1948) і «Калінавы гай» (з Б.Нордам, 1950) А.Карнейчука, «Вяселле Свічкі» І.Качаргі (1960) і інш.; у іх глыбокае адчуванне народнасці, выразныя прыкметы нац. асаблівасцей характараў, майстэрства распрацоўкі масавых сцэн. Здымаўся ў кіно («Праметэй», 1936; «Кармялюк», 1939; «Тарас Шаўчэнка», 1951, і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ТРА,
вёска ў Навагрудскім р-не Гродзенскай вобл., на р. Ятранка. Цэнтр сельсавета і адкрытага акц.т-ва. За 33 км ад г. Навагрудак, 205 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Наваельня. 267 ж., 128 двароў (2003). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Царква. Магіла партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну.
Упершыню ўпамінаецца ў 1554 у ВКЛ як двор Ю.В.Цішковіча (Тышкевіча). У 1562 атрыманы дазвол вял.кн. Жыгімонта II Аўгуста на заснаванне мястэчка, права мець корчмы, праводзіць таргі і кірмашы. У 1761 у Я. заснавана уніяцкая царква Багародзіцы. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Рас. імперыі. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. вёска Пачапаўскай воласці Навагрудскага пав. У 1851 заснавана нар. вучылішча, у якім вучыўся Я.Карскі. У 1897 сяло, 328 ж., 49 двароў, нар. вучылішча, царква, вадзяны млын, 2 крамы, хлебазапасны магазін, карчма. З 1921 у складзе Польшчы, вёска Пачапаўскай гміны Навагрудскага пав., 384 ж., 67 дамоў. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 у Валеўскім р-не, з 12.10.1940 цэнтр сельсавета, 25.11.1940 у Карэліцкім р-не Баранавіцкай вобл., з 8.1.1954 у Гродзенскай вобл., з 25.12.1962 у Навагрудскім р-не.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВЫ́ ЖАНР,
жанр выяўленчага мастацтва, які адлюстроўвае падзеі штодзённага прыватнага і грамадскага жыцця. Судакранаецца з гістарычным жанрам і батальным жанрам, з партрэтам. Вызначальнае месца ў бытавым жанры належыць жывапісу, жанравыя тэмы пашыраны таксама ў графіцы і скульптуры (пераважна ў скульптуры малых формаў). Дыяпазон бытавога жанру шырокі — ад амаль дакумент. фіксацыі ўбачаных у жыцці ўзаемаадносін і паводзін людзей да глыбокага раскрыцця ўнутр. сэнсу і грамадска-гіст. зместу з’яў штодзённага жыцця.
Быт. сцэны ў выяўленчым мастацтве вядомыя з далёкай старажытнасці: сцэны палявання і абрадаў у першабытным мастацтве, шэсцяў прыдворнага жыцця, працы аратых і рамеснікаў Стараж. Усходу, быт. сюжэты ў грэчаскім вазапісе. У сярэднявеччы жанравыя сцэны ўключаліся ў рэліг. і алегарычныя кампазіцыі (размалёўкі, рэльефы, мініяцюры). У еўрап. мастацтве склаўся ў 17 ст., сцвярджаючы сябе як мастацтва рэальнага жыцця, а прыватны побыт як грамадскую з’яву. Сярод майстроў бытавога жанру 17—19 ст. Ф.Гоя, Д.Веласкес, П.П.Рубенс, У.Хогарт, П. дэ Хох. У рус. мастацтве бытавы жанр развіваўся з 18 ст.Найб. яркія палотны стварылі А.Венецыянаў, А.Дайнека, Б.Кустодзіеў, Ю.Піменаў, К.Пластаў, В.Пяроў, І.Рэпін, Т.Салахаў і інш. На пач. 20 ст. для твораў бытавога жанру характэрны адыход ад быт. сюжэта, змяненне яго трактоўкі, страта непасрэдных сувязяў з рэчаіснасцю (творы П.Гагена, Э.Мунка, Ф.Ходлера). У 20 ст. бытавы жанр заняў значнае месца ў мастацтве неарэалізму (Ф.Брэнгвін, Дж.Белауз, Р.Гутуза, У.Морыс і інш.). Уклад у развіццё рэаліст. Бытавога жанру зрабілі мастакі сацыяліст. краін, якія адлюстравалі новыя грамадскія адносіны ў жыцці сваіх народаў (К.Баба ў Румыніі, С.Венеў у Балгарыі, В.Вомака ў Германіі, М.Бенка і Л.Фула ў Чэхіі, Нгуен Дык Нунг у В’етнаме, Кім Ёнджун у Карэі, Цзян Чжаахэ ў Кітаі).
У бел. мастацтве элементы бытавога жанру вядомыя з 15 ст. (мініяцюра «Вясельнае ігрышча» ў Радзівілаўскім летапісе). Жанравыя сцэны сустракаюцца ў графіцы Ф.Скарыны («Руф у полі», 1519), у іканапісе 17—18 ст. («Нараджэнне Маці Божай» Пятра Яўсеевіча з в. Галыніца, 1649, «Пакланенне вешчуноў», 17 ст.). Шмат бытавых назіранняў у графіцы А.Тарасевіча (серыя «Поры года», канец 17 ст.). Як самастойны бытавы жанр пашыраны з 18 ст. Яго станаўленне звязана з творчасцю М.Жукоўскага (гравюры ў кн. У.Радзівіл «Трагедыі і камедыі», 1754), Ф.Смуглевіча («Сяляне за сталом»), К.Бароўскага («Гарадская харчэўня ў Вільні»), І.Хруцкага («У пакоях»), Я.Дамеля («Галоп»), К.Бахматовіча («Замалёўкі з народнага побыту»), Ф.Гарэцкага («Апошняе прычасце»), М.Мікешына (серыя «Беларускія малюнкі»), В.Дмахоўскага («Каля пераправы»). У 2-й пал. 19 ст. ў бытавым жанры працавалі К.Альхімовіч («Дажынкі»), М.Э.Андрыёлі («Каляднікі»), Б.Залескі («У юрце»), Н.Сілівановіч («Дзеці ў двары»), П.Баркоўскі («Беларуская карчма»), А.Бартэльс («Абед чэлядзі»), А.Гараўскі («Старая моліцца»), В.Сляндзінскі («Дзяўчынка ля дзвярэй»). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў бытавым жанры ўзмацніўся ўплыў крытычнага рэалізму (жывапісныя творы Л.Альпяровіча, Г.Віеру, С.Каўроўскага, Я.Красоўскага, Я.Кругера, Ю.Пэна, Р.Семашкевіча, М.Сеўрука, М.Станюты, М.Філіповіча; графічныя С.Богуш-Сестранцэвіча, А.Каменскага, К.Кастравіцкага, К.Каганца, С.Кудраўцава, Ю.Фалата; скульптурныя — А.Бембеля, А.Грубэ, А.Краснапольскага, Я.Тышынскага). У перыяд Вял.Айч. вайны асобныя творы бытавога жанру набліжаны да батальных кампазіцый. У 1950-я — пач. 1960-х г. папулярнасць набыла тэматычная кампазіцыя з апавядальным сюжэтам (жывапісныя творы Б.Аракчэева, А.Бархаткова, Г.Бржазоўскага, В.Волкава, П.Гаўрыленкі, А.Гугеля, І.Давідовіча, Ф.Дарашэвіча, В.Жолтака, К.Касмачова, У.Кудрэвіча, А.Мазалёва, Л.Рана, І.Стасевіча, І.Фяцісава, А.Шаўчэнкі; графічныя — А.Волкава, І.Гембіцкага, Л.Лейтмана). У творах бытавога жанру 1960—70-х г. відавочнае імкненне адлюстраваць гіст. змест быцця, наблізіцца да сімвала, алегорыі (жывапісныя кампазіцыі Э.Белагурава, Г.Вашчанкі, У.Гоманава, М.Данцыга, Б.Казакова, А.Малішэўскага, У.Стальмашонка, В.Сумарава, Л.Шчамялёва, А.Шыбнёва; графічныя — Л.Асецкага, М.Бельскага, А.Дзямарына, Ю.Зайцава, А.Кашкурэвіча, А.Лось, Г.Паплаўскага, У.Пашчасцева; скульптурныя — А.Веліксонава, І.Глебава, М.Пушкара, М.Якавенкі). З 1980-х г. у бытавым жанры звычайныя жыццёвыя працэсы набываюць рытуальны характар, час паказваецца іманентна, вобразы становяцца імперсанальныя, вылучаюцца своеасаблівымі філасофска-інтэлектуальнымі абагульненнямі (жывапісныя кампазіцыі С.Казака, У.Кожуха, А.Марачкіна, В.Маркаўца, У.Сулкоўскага, В.Тоўсціка, Ф.Янушкевіча, В.Яўсеева; графічныя — Э.Агуновіча, А.Лапіцкай, В.Славука, В.Цітовіча; скульптурныя — А.Гвоздзікава, У.Слабодчыкава, У.Церабуна, А.Фінскага).
Літ.:
Русская жанровая живопись XIX — начала XX в. М., 1964;
Фехнер Е.Ю. Голландская жанровая живопись XVII в. в собрании Государственного Эрмитажа: Альбом. М., 1979;
Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;
Яго ж. Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;
Шматаў В.Ф. Сучасная беларуская графіка 1945—1977. Мн., 1979;
Беларуская савецкая скульптура. Мн., 1978.
М.Л.Цыбульскі.
Да арт.Бытавы жанр. В.Жолтак. А за вокнамі зіма. 1975.Да арт.Бытавы жанр. П. дэ Хох. Гаспадыня і служанка. Каля 1660.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́СЛАЎ,
горад у Беларусі, цэнтр Браслаўскага р-на Віцебскай вобл., на паўн. беразе воз. Дрывяты. За 220 км ад Віцебска, 40 км ад чыг. ст. Друя на лініі Варапаева—Друя. 10,7 тыс.ж. (1995).
Упершыню ўпамінаецца ў летапісе Быхаўца і хроніцы М.Стрыйкоўскага пад 1065. Летапісныя назвы Браславль, Браславль Завельски. З пач. 14 ст. велікакняжацкае ўладанне. У 15 ст. цэнтр Браслаўскага павета Віленскага ваяв. У 1500 атрымаў прывілей на магдэбургскае права, у 1792 — герб: у блакітным полі залатое сонца, на якім блакітны трохвугольнік з чалавечым вокам. У канцы 18 ст. мястэчка, цэнтр воласці Браслаўскага пав. (цэнтр павета г. Відзы). У 1793 утворана Браслаўскае ваяводства. У 1850-я г. ў Б. 220 ж., 60 двароў, у 1913 — 1550 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр павета Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, 4,9 тыс.ж. З 1940 Браслаў — цэнтр раёна Вілейскай вобл. З 27.6.1941 да 6.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія знішчылі ў Браславе і раёне 5456 чал. Дзейнічала Браслаўскае патрыятычнае падполле. З 1944 у Полацкай, з 1954 у Маладзечанскай, з 1960 у Віцебскай абл. У 1969 — 4,6 тыс.ж.
Прадпрыемствы харч., лёгкай прамысловасці і сац.-быт. абслугоўвання. Браслаўскі гісторыка-краязнаўчы музей. Арх. помнікі 19 ст.: Браслаўская Мікалаеўская царква, Браслаўскі касцёл, калодзежны шацёр; археал. помнік — гарадзішча. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяраў фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ЖЫН,
горад у Беларусі, цэнтр Валожынскага р-на Мінскай вобл., на р. Валожынка. За 75 км ад Мінска, 17 км ад чыг. ст. Валожын на лініі Маладзечна—Ліда, на аўтастрадзе Мінск—Гродна. 11,5 тыс.ж. (1995).
Вядомы з 14 ст. Каля 1475 тут засн. касцёл. У розныя часы належаў Манівідам, Вярэйскім, Гаштольдам, Радзівілам. Служкам, Чартарыйскім, Тышкевічам. З 1551 мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. У 1681 тут заснаваны касцёл і кляштар бернардзінцаў (ліквідаваны ў 1864), каля 1683 — правасл. брацтва, у 1710 пабудавана уніяцкая царква. У пач. 18 ст. ў Валожыне 107 двароў, 2 касцёлы, 2 царквы. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 1806—92 дзейнічала яўр. духоўная акадэмія (ешыбот), 2 школы, З царквы, сінагога, аптэка, шпіталь, суконная ф-ка, праводзіліся 4 кірмашы на год. У 1897 — 4533 ж. У 1918 горад акупіраваны герм., вясной 1920 — польск. войскамі. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр Валожынскага павета Навагрудскага ваяв. З вер. 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Валожынскага раёна. З 25.6.1941 да 5.7.1944 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 2 тыс.чал. У 1969 — 5,8 тыс. жыхароў.
У Валожыне прадпрыемствы харч., лёгкай, дрэваапр. прам-сці і сац.-быт. абслугоўвання. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Валожынскі палац, касцёл св. Юзафа (1816), царква Канстанціна і Алены (1866). Помнік Вызвалення.