ТУЛУ́З-ЛАТРЭ́К [Toulouse-Lautrec; сапр. Тулуз-Латрэк-Манфа

(Toulouse-Lautrec-Monfa)] Анры Раймон Мары дэ (24.11.1864, г. Альбі, Францыя — 9.9.1901),

французскі жывапісец і графік, буйнейшы прадстаўнік постімпрэсіянізму. Вучыўся ў Парыжы ў Л.​Бона (1882) і Ф.​Кармона (з 1883). Зазнаў уплыў Э.Дэга і яп. гравюры. Асн. тэма творчасці — забавы і быт начных парыжскіх кабарэ, кавярняў і інш., якія ён увасабляў без маральнасці, але з уласцівай яму хваравітай вастрынёй назіранняў, часта з едкай іроніяй, па-майстэрску перадаючы гратэскную дынаміку нібыта выпадкова выхапленых з жыцця мізансцэн, характарнасць поз і жэстаў: «Цырк Фернандо. Наезніца» (1888), «Танец у «Мулен Руж» (1890), «У «Мулен Руж» (1892), «Спявачка Івет Гільбер» (1894). Яго манеры ўласцівы абагульнены, гнуткі і ломкі малюнак, доўгія вібрыруючыя мазкі, халодная гама, адцененая буйнымі, яркімі, маляўнічымі плямамі. У 1890-я г. выканаў плакаты «У «Мулен Руж». Ла Гулю» (1891), «Арыстыд Бруан у «Амбасадэр» (1892), «Японская канапа», «Жан Аўрыль у «Жардэн дэ Пары» (абодва 1893) і інш., якія сталі рэв. крокам у развіцці рэкламнага плаката, у 1892—99 зрабіў больш як 300 літаграфій. Аўтар дэкарацый да спектакляў, ілюстрацый да твораў. Іл. гл. таксама да арт. Літаграфія.

Літ.:

Перрюшо А. Тулуз-Лотрек: Пер. с фр. М., 1969;

Воркунова Н. Тулуз-Лотрек. М., 1972.

Я.​Ф.​Шунейка.

А. дэ Тулуз-Латрэк. «У «Мулен Руж». 1892.

т. 16, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)