ЦЕСАКО́Ў Кім Дзмітрыевіч (н. 20.2.1936, г. Чэрвень Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1998). Скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1965). З 1966 выкладаў у Бел. кансерваторыі і ў 1972—96 у спец.муз. школе пры ёй. У 1969—71 заг. рэдакцыі ў выд-ве «Беларусь». Працуе ў розных жанрах. Для яго музыкі характэрны філасафічнасць, драм. і гераічная вобразнасць, народнапесенныя інтанацыі. Значнае месца займае музыка для дзяцей і юнацтва. Сярод твораў: опера «Барвовы золак» (радыёпаст. 1978), «Палын — трава горкая» (1987); 7 сімфоній (1966—2000), у т. л. 7-я для вял. духавога аркестра; 10 стр. квартэтаў (1967—93); канцэрты для цымбалаў (1974, 1986), габоя (1985) і для 3 труб і вял. літаўры (1997) з аркестрам; кантаты, у т. л. «Купалле» (1991); араторыі, у т. л. «Хатынь» (1973); камерна-інстр. музыка; вак. і хар. цыклы; песні, музыка для драм.т-ра, кіно.
Літ.:
Лукша В. Людзям — шчодрасць сэрца // Лукша В. Дзесяць дарог да чароўнага. Мн., 1970;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦІМУ́Р, Тамерлан,
Цімурленг («Цімур кульгавы»; 1336, с. Хаджа-Ільгар каля г. Шахрысабз, Узбекістан — 18.2.1405),
сярэднеазіяцкі дзярж. дзеяч, эмір, палкаводзец; заснавальнік дынастыі Цімурыдаў. Сын бека Тарагая з цюркізаванага манг. племені барлас. У 1370 захапіў уладу ў Маверанахры, дзе стаў кіраваць ад імя нашчадкаў Чынгісхана. Сталіца яго дзяржавы — г. Самарканд. З 1370-х г. здзейсніў больш за 20 паходаў. У 1380—90-яг. спалучаў аб’яднанне зямель Сярэдняй Азіі (да 1388 канчаткова падпарадкаваў Харэзм) з паходамі ў Іран, Закаўказзе і інш. У выніку трох паходаў супраць Тахтамыша (1389, 1391, 1394—95), разграміў Залатую Арду, абрабаваў яе сталіцу Сарай-Берке і інш. гарады. У 1398 уварваўся ў Індыю і захапіў г. Дэлі. Выйграў вайну з тур. султанам Баязідам I, якога ў час Анкарскай бітвы 1402 узяў у палон. Распачаты ім у 1404 паход на Кітай перапынены з-за смерці Ц. У пач. 14 ст. яго дзяржава ўключала Маверанахр, Харэзм, Харасан, Закаўказзе, Іран і Пенджаб. Усе паходы Ц. суправаджаліся разбурэннем гарадоў, масавым знішчэннем і паланеннем насельніцтва.
Літ.:
Новосельцев А.П. Об исторической оценке Тимура // Вопр. истории. 1973. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫ́ТРА (ням. Zither ад грэч. kithara кіфара),
струнны шчыпковы муз. інструмент. Мае плоскі драўляны корпус накшталт скрынкі ў форме прамавугольніка з адным фігурна выразаным бокам; уздоўж другога боку змешчаны грыф з метал. ладамі, 4—5 метал. струн — меладычныя, астатнія (25—40) — жыльныя, нацягнуты па-за грыфам над дэкай і служаць для акампанементу. Пры ігры кладзецца на калені або на падстаўку. Гук здабываецца з дапамогай плектра, а таксама зашчыпваннем іх пальцамі.
Вядома са старажытнасці. Карысталася папулярнасцю ў Аўстрыі, Германіі (Баварыя), у 19 ст. існавалі суполкі, клубы, акадэміі цытрыстаў. Сярод яе разнавіднасцей: прыма, тэнар, альт, бас.
На Беларусі пашырылася ў 2-й пал. 19 ст. Бытавала сярод музыкантаў-аматараў. Выйшла з ужытку ў пач. 20 ст. У сялянскім муз. побыце выкарыстоўвалася самаробная Ц., канструкцыя якой спалучала элементы стараж.-рус.гусляў і зах.-еўрап. струнна-клавішных інструментаў. На Ц. ігралі на вяселлях, бяседах, ігрышчах (сола ці ў ансамблі са скрыпкай, цымбаламі) і для суправаджэння прыпевак. Сустракалася ў 1930-яг. ў Чэрвеньскім, Стаўбцоўскім (Мінская вобл.), Пастаўскім (Віцебская вобл.) і Навагрудскім (Гродзенская вобл.) р-нах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́ГЛА,
штучны каменны матэрыял (выраб) правільнай формы, звычайна ў выглядзе прамавугольнага паралелепіпеда. Вырабляецца з мінер. сыравіны, пасля абпалу або апрацоўкі парай набывае каменепадобныя ўласцівасці (трываласць, вада- і марозаўстойлівасць).
Адрозніваюць Ц. будаўнічую (гліняную абпаленую і вапнава-пясчаную, або сілікатную цэглу, атрыманую аўтаклаўнай апрацоўкай), вогнетрывалую (шамотную, магнезітавую, дынасавую і інш., якая ідзе на муроўку прамысл. печаў, комінаў) і тугаплаўкую (вогнетрываласць не менш за 1350 °C; выкарыстоўваецца для брукавання дарог, тратуараў, абліцоўкі гідратэхн. збудаванняў, муроўкі фундаментаў і інш.). Буд. Ц. бывае суцэльная і пустацелая, звычайная, абліцовачная, лёгкая і спец. прызначэння (кіслотаўстойлівая Ц., дарожны клінкер і інш.). Цагляны друз выкарыстоўваюць як запаўняльнік для бетонаў. Выкарыстанне абпаленай Ц. вядома з глыбокай старажытнасці (з 3—2-га тыс. да н.э.) у Стараж. Егіпце, Індыі, Месапатаміі, пазней — у Стараж. Рыме, з 17 ст. — ва «ўзорыстай» архітэктуры Расіі.
На Беларусі Ц. вырабляюць з даўніх часоў (з 12 ст. захавалася цагляная Гродзенская Барысаглебская царква). У 1973 у Мінскім НДІбуд. матэрыялаў распрацавана тэхналогія вырабу сілікатнай лёгкай цэглы. Цагельныя з-ды Беларусі вырабляюць пераважна гліняную і сілікатную Ц.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭМЕ́НТ (ням. Zement ад лац. caementum друз),
парашкападобнае вяжучае рэчыва (пераважна гідраўл.), здольнае ўтвараць з вадой (воднымі растворамі солей або інш. вадкасцямі) пластычную масу, што з часам загусае і пераходзіць у каменепадобны стан.
У залежнасці ад сыравіны і спосабу атрымання адрозніваюць віды Ц.: портландцэмент і яго разнавіднасці (шлакавы і пуцаланавы; гл.Пуцаланы), гліназёмісты, расшыральны і шэраг спец. марак (напр., кіслотатрывалы). Прамысл.вытв-сць з 19 ст.Найб. пашыраны портландцэмент — прадукт тонкага памолу, атрыманы абпальваннем да спякання (т-ра каля 1450 °C) вапняку і гліны (суадносіны 3:1). Каб палепшыць тэхн. ўласцівасці, пры памоле да клінкеру дадаюць каля 3% двухводнага гіпсу і каля 15% актыўных мінер. дабавак (дыятаміту, трэпелу, доменнага грануляванага шлаку і інш.). Якасць Ц. вызначаецца тонкасцю памолу, тэрмінам ахоўвання і маркай (характарыстыкай трываласці пры сцісканні стандартных узораў) — абазначаецца лічбамі 200, 300, 400, 500, 600 і 700. Чым вышэй марка, тым больш трывалы выраб на яго аснове. Асн. галіны выкарыстання Ц. — атрыманне маналітнага і зборнага бетону і жалезабетону, прыгатаванне буд. раствораў.
На Беларусі Ц. выпускае прадпрыемства «Ваўкавыскцэментнашыфер», ВА«Крычаўцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНАЕ БЮРО́ КРАЯЗНА́ЎСТВА,
грамадскі орган па кіраўніцтве краязнаўчым рухам на Беларусі ў 1920—30-яг. Дзейнічала з 1923 пры Інбелкульце, у 1929—36 пры АН Беларусі. Старшыні М.І.Бялуга, В.А.Серафімаў, адказны сакратар С.В.Скандракоў, навук. сакратары М.І.Каспяровіч, В.А.Самцэвіч і інш. У бюро працавалі М.Азбукін, К.Крапіва, В.Пераход, У.Пічэта, А.Фядзюшын. Вывучала формы, метады і кірункі краязнаўчай работы, вяла ўлік краязнаўчых т-ваў і гурткоў, аказвала ім метадычную дапамогу, забяспечвала л-рай і бібліягр. інфармацыяй, каардынавала іх дзейнасць з дзярж.навук. арг-цыямі. Шырока прапагандавала краязнаўчую работу. Садзейнічала падрыхтоўцы краязнаўчых кадраў: праводзіла іх вучобу на спец. курсах, распрацавала план курса па краязнаўстве для ВНУ і тэхнікумаў. З кастр. 1925 выдавала час.«Наш край» (у 1930—33 наз. «Савецкая краіна»), зб-кі, дзе змяшчаліся матэрыялы краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, рэцэнзіі на краязнаўчыя выданні, праграмы і інструкцыі.
Літ.:
Амелькович Л.Г. Деятельность Центрального Бюро краеведения Белоруссии (1923—1933 гг.) // Вопросы библиотековедения и библиографоведения. Мн., 1975.
грузінскі грамадскі дзеяч, паэт. Князь. У час навучання ў Пецярбургскім ун-це (1859—63) успрыняў ідэі рас.рэв. дэмакратыі. Пасля вяртання на радзіму (1864) адзін з заснавальнікаў (з І.Чаўчавадзе) груз.рэв.-дэмакр. плыні 1860—70-х г. «Цергдалеўлебі», якая выступала за сац. разняволенне і нац. вызваленне груз. народа. У 1897—1900 выдаваў час. «Акакіс цвіўры крэбулі» («Штомесячны зборнік Акакія»), у 1905 рэдагаваў сатыр.час. «Хумара» («Жартаўнік»). Літ. дзейнасць пачаў у 1858. Майстар грамадз. і любоўнай лірыкі; яго творы вылучаюцца народнасцю і музыкальнасцю. Вызв. ідэямі прасякнуты гіст. паэмы «Торніке Эрыставі» (1884), «Расказ Кікала» (1889), «Натэла» (1900), аповесць «Башы-Ачукі» (1895—96), драма «Маленькі кахецінец» (1889). Аўтар п’ес «Каварная Тамара» (1885), «Медэя» (1896), аўтабіягр. аповесці «Перажытае» (1894—1909) і інш. Вершы «Светлячок», «Суліко» і інш. сталі нар. песнямі, «Далоў» — рэв. гімнам Грузіі. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі Я.Сіпакоў, К.Цвірка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАХО́ВІЦ Марцін (ліст. 1632, г. Збоншынь, Польшча — ліст. 1613),
тэолаг і пісьменнік-палеміст, ідэолаг левага крыла радыкальна-рэфармацыйнага руху ў ВКЛ і Польшчы. Вучыўся ў Лейпцыгскім ун-це. З 1559 настаўнік пратэстанцкай школы ў Вільні. З пач. 1560-х г. прыхільнік і прапагандыст анабаптызму і антытрынітарызму. Быў прапаведнікам у кальвінісцкім зборы, удзельнічаў у сінодах бел. і літ.антытрынітарыяў. Пад націскам кальвіністаў і гар. магістрата ў 1565 выехаў у Польшчу, жыў у Куявіі ў маёнтку аднадумца Я.Немаеўскага, з якім арганізаваў антытрынітарскую суполку, потым пераехаў з ім у Люблін і ўзначаліў антытрынітарскую суполку. У 1581 у мяст. Лоск (каля г. Валожын) вёў палеміку з С.Будным і В.Цяпінскім. Лічыў веру асабістай справай чалавека, патрабаваў рэліг. верацярпімасці, выступаў супраць прыгонніцтва, Контррэфармацыі і езуітаў, адмаўляў свецкую ўладу і войны. Этыка Ч. грунтавалася на прынцыпах евангельскага вучэння і запаветаў Ісуса Хрыста. Аўтар твораў «Хрысціянскія размовы» (1575), «Пра паходжанне памылак дзетахрышчэнцаў» (1582) і інш.
Літ.:
Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — нач. XVII в.). Мн., 1970.
расійская актрыса. Нар.арт.СССР (1981). Скончыла Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1965). З 1963 у Т-ры імя Я.Вахтангава, у Т-ры-студыі кінаакцёра пры кінастудыі «Ленфільм», з 1974 у Ленінградскім т-ры драмы імя А.Пушкіна, з 1984 у Цэнтр. т-ры Рас. Арміі. Яе творчай манеры ўласціва імкненне да стварэння складаных вобразаў, паказу развіцця характару ў барацьбе з сабой і знешнімі абставінамі: Ліза («Дзеці сонца» М.Горкага), Саша («Іванаў» А.Чэхава), Настасся Піліпаўна («Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага), імператрыца Марыя Фёдараўна («Павел I» Дз.Меражкоўскага), лэдзі Макбет («Макбет» У.Шэкспіра). З 1961 здымаецца ў кіно: «Данская аповесць» (1965), «Угрумрака» (тэлефільм), «Журавушка» (прыз Міжнар. кінафестывалю ў Сан-Себасцьяне), «Вірынея» (усе 1969), «Любоў Яравая» (1970, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах), «Алеся» (1971), «Прывалаўскія мільёны» (1973), «І гэта ўсё пра яго» (1977, тэлефільм), «Факты мінулага дня» (1981), «Каханне немаладога чалавека» (1990), «Графіня», «Справа Сухаво-Кабыліна» (абодва 1991), «Хагітрагер» (1994), «Чорны пакой» (2000, тэлесерыял) і інш.Дзярж. прэмія Расіі 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЁЎКА,
знадворная абшыўка дошкамі ці дранкамі сцяны, франтона і інш. элементаў драўлянага будынка. Выконвае дэкар. і засцерагальную функцыі. З’явілася ў бел.манум. дойлідстве 17 ст. (пераважна ў сядзібна-палацавым і культавым) пад уплывам мураванай архітэктуры стылю рэнесансу. Пашырылася ў 2-й пал. 18 ст. ў архітэктуры стыляў класіцызму і ампіру. Стварала гарыз. (у сядзібным дойлідстве) ці верт. (у культавым дойлідстве) рытм. У нар. дойлідстве шырока выкарыстоўваецца з 1940—50-х г. Вядомы Ш. верт., верт. з нашчыльнікамі, гарыз., гарыз. з нашчыльнікамі, камбінаваная, у елачку, ромбападобная і інш.Найб. пашырана Ш. сцен з шэрагу гарыз. паясоў адметнага малюнка. Вуглы закрываюцца дошкамі, часта з накладнымі элементамі ці прапілоўкай. Дэкар. акцэнт узмацняюць фігурныя паяскі, ажурныя карнізы і інш. Арыгінальная Ш. франтонаў жылля цэнтр. Палесся з выкарыстаннем салярных матываў. Маст. выразнасць Ш. ўзмацняецца расфарбоўкай з выкарыстаннем кантрастных колераў ці розных адценняў аднаго колеру. Іл.гл. таксама да арт.Народнае дойлідства.
Я.М.Сахута.
Віды шалёўкі: 1 — вертыкальная; 2 — гарызантальная з нашчыльнікамі; 3 — гарызантальная; 4 — ромбападобная; 5 — у елачку; 6 — камбінаваная.