ЦЭМЕ́НТ (ням. Zement ад лац. caementum друз),
парашкападобнае вяжучае рэчыва (пераважна гідраўл.), здольнае ўтвараць з вадой (воднымі растворамі солей або інш. вадкасцямі) пластычную масу, што з часам загусае і пераходзіць у каменепадобны стан.
У залежнасці ад сыравіны і спосабу атрымання адрозніваюць віды Ц.: портландцэмент і яго разнавіднасці (шлакавы і пуцаланавы; гл. Пуцаланы), гліназёмісты, расшыральны і шэраг спец. марак (напр., кіслотатрывалы). Прамысл. вытв-сць з 19 ст. Найб. пашыраны портландцэмент — прадукт тонкага памолу, атрыманы абпальваннем да спякання (т-ра каля 1450 °C) вапняку і гліны (суадносіны 3:1). Каб палепшыць тэхн. ўласцівасці, пры памоле да клінкеру дадаюць каля 3% двухводнага гіпсу і каля 15% актыўных мінер. дабавак (дыятаміту, трэпелу, доменнага грануляванага шлаку і інш.). Якасць Ц. вызначаецца тонкасцю памолу, тэрмінам ахоўвання і маркай (характарыстыкай трываласці пры сцісканні стандартных узораў) — абазначаецца лічбамі 200, 300, 400, 500, 600 і 700. Чым вышэй марка, тым больш трывалы выраб на яго аснове. Асн. галіны выкарыстання Ц. — атрыманне маналітнага і зборнага бетону і жалезабетону, прыгатаванне буд. раствораў.
На Беларусі Ц. выпускае прадпрыемства «Ваўкавыскцэментнашыфер», ВА «Крычаўцэментнашыфер».
Я.М.Кавалёў.
т. 17, с. 163
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)