КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС,

сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова закрытага тыпу. Спачатку прызначаліся для падрыхтоўкі дваранскіх дзяцей (у асн. сыноў афіцэраў) да вайск. службы. Узніклі ў Прусіі ў 1653. У Рэчы Паспалітай да вайск. службы рыхтавалі Варшаўская школа рыцарства (1765—95), Гродзенскі і Нясвіжскі К.к. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) прускі кароль Фрыдрых Вільгельм II заснаваў Калішскі кадэцкі корпус (1793—1831). У Рас. імперыі К.к. існавалі ў 1732—1917. Падпарадкоўваліся Гал. ўпраўленню ваенна-навуч. устаноў. У 18 ст. мелі самаст. кіраванне, рыхтавалі кадры для вайск. і цывільнай службы, з 1830-х г. пераважна для вайсковай. Падзяляліся на губернскія, сталічныя і спец. (артылерыйскі, інжынерны, марскі). У 1857—63 выпускнікі К.к. атрымлівалі адразу афіцэрскі чын (да 1857 з губернскіх пераводзіліся ў сталічныя). У выніку ваен. рэформ 1860—70-х г. рэарганізаваны ў ваенныя гімназіі, у 1882 адноўлены. З гэтага часу ў К.к. давалі агульную адукацыю з элементамі ваеннай падрыхтоўкі. З 1913 у некаторыя К.к. прымаліся дзеці недваранскага паходжання. Выпускнікі, як і ваенных гімназій, пераводзіліся ў ваенныя вучылішчы, дзе атрымлівалі спец. падрыхтоўку. У жн. 1917 К.к. перайменаваны ў гімназіі ваен. ведамства. Да 1917 у Рас. імперыі было 29 К.к. (акрамя Марскога і Пажскага), у якіх навучалася больш за 10 тыс. чал. На Беларусі ў 1842—63 існаваў Брэсцкі кадэцкі корпус, у 1835—1918 — Полацкі кадэцкі корпус. Шклоўскае шляхетнае вучылішча ў 1778—97 існавала як прыватная навуч. ўстанова.

Літ.:

Алпатов Н.И. Учебно-воспитательная работа в дореволюционной школе интернатного типа: (Из опыта кадетских корпусов и воен. гимназий в России). М., 1958;

Брыгадзін П., Лукашэвіч А. Шклоўскае шляхетнае вучылішча // Бел. мінуўшчына. 1997. № 4.

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 7, с. 407

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗІМІ́Р IV Ягелончык

(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),

вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл. Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.

Л.​П.​Грыцкевіч.

Казімір IV Ягелончык.

т. 7, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛО́ІДНАЯ ХІ́МІЯ,

навука, якая вывучае ўласцівасці гетэрагенных высокадысперсных сістэм і працэсы, што ў іх адбываюцца. Асн. раздзелы: малекулярна-кінетычныя з’явы ў дысперсных сістэмах (ДС); тэорыя ўзнікнення і росту зародкаў новай фазы ў метастабільных сістэмах (метады атрымання ДС); паверхневыя з’явы; устойлівасць, стабілізацыя і каагуляцыя ДС; аптычныя ўласцівасці ДС (гал. ч. рассеянне святла ў іх); эл. і электракінетычныя з’явы ў ДС; структурна-мех. ўласцівасці ДС. К.х. вывучае золі, суспензіі, эмульсіі, пены, сітаватыя дысперсныя целы (адсарбенты, каталізатары), аэразолі, лаўкалоіды, структураваныя сістэмы (гелі). Метады даследаванняў у К.х.: дыяліз, ультрафільтрацыя, ультрацэнтрыфугаванне, электроліз, нефеламетрыя, электронаграфія, электронная мікраскапія і інш.

К.х. як самаст. навука ўзнікла ў 1860-я г. пасля з’яўлення прац Т.Грэма. Сістэматычнае вывучэнне калоідных сістэм пачалося ў пач. 20 ст., калі былі распрацаваны новыя метады іх даследаванняў. Сучасная К.х. распрацоўвае навук. асновы тэхналогіі буд. матэрыялаў, сілікатаў, лакаў, фарбаў, палімерных матэрыялаў, новых матэрыялаў для тэхнікі, узбагачэння карысных выкапняў, здрабнення цвёрдых цел, шматлікіх працэсаў (фарбавання, дублення, мыйнага дзеяння, вода- і газаачысткі). Метады К.х. выкарыстоўваюць у многіх галінах харч. прам-сці, для аптымізацыі структуры глебы ў сельскай гаспадарцы.

На Беларусі даследаванні па К.х. пачаліся ў БДУ (1924) пад кіраўніцтвам М.Ф.Ярмоленкі, праводзяцца ў Ін-це агульнай і неарган. хіміі і Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац. АН Беларусі, БДУ (хім ф-т і НДІ фіз.-хім. праблем) і Бел. тэхнал. ун-це.

Літ.:

Воюцкий С.С. Курс коллоидной химии. 2 изд. М., 1976;

Щукин Е.Д., Перцов А.В., Амелина Е.А. Коллоидная химия. 2 изд. М., 1982;

Фридрихсберг Д.А. Курс коллоидной химии. 3 изд. СПб., 1995.

Ф.​М.​Капуцкі.

т. 7, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЦЫЯНА́ЛЫ (позналац. cantional ад лац. cantio спевы, песня),

зборнікі рэлігійных і свецкіх адна- і шматгалосых песнапенняў. Сярод жанраў у складзе К.: літургічныя песнапенні і малітвы, пратэстанцкія харалы, псальмы і канты, гейналы і інш. Вядомы з 1-й пал. 15 ст. (Чэхія, Германія), асабліва пашыраны ў час Рэфармацыі. На Беларусі ў 16 ст. друкаваліся мясц. пратэстанцкія, а таксама чэш., ням., польскія К. Першы ўзор нотадрукавання на Беларусі і адзін з самых ранніх ва Усх. Еўропе — брэсцкі зб. «Песні хвал боскіх», складзены і выдадзены Я. Зарэмбам (1558). Ён змяшчае каля 100 адна- і чатырохгалосых псальмаў і кантаў на польскай і лац. мовах, запісаных мензуральнай натацыяй на 5-лінейным нотным стане (захаваліся ў фотакопіі 10 мелодый і заканчэнне; 38 мелодый з яго перадрукаваны ў канцыянале Я.​Секлюцыяна, 1559). Аўтары шэрагу муз. узораў — Вацлаў з Шамотул і Ц.Базылік. У 1562 у Нясвіжы М.​Кавячынскі выдаў «Катэхізіс», у адну з частак якога ўключыў К., дзе змешчаны 40 псальмаў, 110 песень і свецкіх кантаў з нотамі. У канцы 16 — пач. 17 ст. нотныя К. выдаваліся ў Любчы, у т. л. зборнік 1-галосых песнапенняў 1620 (у аснове многіх псальмаў і кантаў мелодыі франц. свецкіх, ням. нар. песень, гусіцкіх, гугеноцкіх, лютэранскіх, кальвінісцкіх гімнаў і харалаў, касцельных песень, лац. секвенцый, гімнаў і антыфонаў, зах.-еўрап. і слав. песень і танцаў, усх.-слав. лірычных нар. песень). Бел. К. — помнікі кантавай культуры 16—17 ст.

Літ.:

Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;

Kot S. Kancjonał brzeski lana Zaręby z 1558 r. // Reformacja w Polsce. Warszawa, 1937—39. R. 9—10.

Л.​П.​Касцюкавец.

т. 8, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПЭ́ЛА (позналац. capella, італьян. cappella капліца),

1) у архітэктуры — каталіцкая ці англіканская шліца ў выглядзе невял. збудавання або памяшкання для богаслужэнняў, малітваў адной сям’і, захавання рэліквій і інш. Будавалася асобна (Сіксцінская капэла) ці размяшчалася ў храмах (у бакавых нефах ці вакол хораў — «вянок капэл» у гатычнай архітэктуры), замках, палацах.

2) У музыцы — харавы выканальніцкі калектыў. З 15 ст. К. наз. царк. хары, што спявалі без суправаджэння (адсюль спевы a cappella). У 16—17 ст. з развіццём інстр. музыкі К. ператварыліся ў мяшаныя ансамблі або аркестры пры дварах магнатаў. Сярод буйнейшых К. — Сіксцінская капэла ў Ватыкане, імператарская Прыдворная пеўчая капэла (з 1990 Санкт-Пецярбургская акадэмічная капэла імя М.​І.​Глінкі). На Беларусі з 17 ст. існавалі К. пры дварах магнатаў і калегіумах, асабліва пашыраны ў 2-й пал. 18—19 ст. (гл. Прыгонныя аркестры і капэлы). У асноўным гэта былі аркестры з групай салістаў-вакалістаў, якія складаліся з замежных музыкантаў і прыгонных, падрыхтаваных у мясц. муз. школах. Найбольшыя з іх — Гродзенская капэла Тызенгаўза, Гродзенская капэла езуіцкай бурсы, Нясвіжская капэла Радзівілаў, Слонімская капэла Агінскага. Бел. харавыя прафес. К. 20 ст.: Беларуская дзяржаўная капэла, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь. Працуюць шматлікія самадзейныя, у т. л. народныя, хар. К. К. наз. таксама аркестры асаблівага складу (ваен. К., джазавая К., Кіеўская К. бандурыстаў), некат. сімф. аркестры (Дрэздэнская, Берлінская К. і інш.). У цэнтр. і зах. раёнах Беларусі «капэлямі» ці «аркестрамі» называюць нар. інстр. ансамблі вял. складу. К. наз. і творчыя маст. аб’яднанні, дзейнасць якіх накіравана пераважна на адраджэнне старадаўняй музыкі (гл. Дзяржаўная акадэмічная сімфанічная капэла Расіі, «Беларуская капэла», «Гродзенская капэла»).

т. 8, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАХАНО́ЎСКІ ((Kochanowski) Ян) (1530, в. Сыцына каля г. Радам, Польшча — 22.8.1584),

польскі паэт эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Кракаўскім, Крулявецкім (Кёнігсбергскім), Падуанскім ун-тах. У 1559—70 служыў пры дварах магнатаў, у т. л. Мікалая Радзівіла Чорнага. Пісаў на польск. і лац. мовах. У польскамоўных паэмах «Згода» і «Сатыр, або Дзікі муж» (абедзве 1564), паэме-элегіі «Муза» (каля 1567) уздымаў актуальныя сац.-паліт. тэмы і эстэт праблемы. Аўтар паэмы «Сцяг, або Пруская прысяга» (1569), лірычнай трагедыі «Адказ грэчаскім паслам» (1578), перакладу «Псалмы Давіда» (1578, з’явілася ўзорам для «Псалтыры рыфматворнай» Сімяона Полацкага). Лепшы лірычны цыкл — 19 плачаў-элегій «Трэны» (1580), напісаных на смерць дачкі Уршулі і прасякнутых глыбокім жалем, філас. роздумам пра жыццё чалавека. Жартоўным зместам і трапнасцю грамадскіх і быт. назіранняў вызначаюцца яго эпіграмы-мініяцюры «Фрашкі» (кн. 1—2, 1584). Вяршыня паэт. майстэрства К. — «Песні» (кн. 1—2, 1586), разнастайныя па рытміцы і строфіцы, змесце і танальнасці. Сярод песень «Узяцце Полацка» (1580). Шэраг твораў прысвяціў М.​Радзівілу Чорнаму, яго жонцы Альжбеце, акраверш Крыштофу Радзівілу. Гуманіст. пафас твораў і версіфікатарская культура К. спрыялі станаўленню нац. польск. паэзіі і паўплывалі на творчасць А.​Рымшы, У.​Сыракомлі, В.​Дуніна-Марцінкевіча і інш. На бел. мову асобныя творы К. пераклаў У.​Мархель.

Тв.:

Dzieła wszystkie. T. 1—2, 4. Warszawa, 1982—92;

Dzieła polskie. T. 1—2. 10 wyd. Warszawa, 1980;

Рус. пер. — Стихотворения. М., 1980.

Літ.:

Мархель У.І. Ян Каханоўскі ў Беларусі (XVI—XIX стст.) // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1985. № 3;

Korolko M. Jan Kochanowski: Żywot i sprawy. Warszawa, 1985;

Pelc J. Jan Kochanowski poeta renesansu. Warszawa, 1988.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ АКАДЭ́МІЯ, Кіева-Магілянская акадэмія,

першая вышэйшая навуч. ўстанова, асв. і культ. цэнтр на Украіне. Існавала ў 1632—1817 у Кіеве. Створана ў выніку аб’яднання Кіеўскай брацкай школы (з 1615) і школы Кіева-Пячэрскай лаўры (з 1631) пад назвай Кіева-Магілянскага калегіума (у гонар заснавальніка мітрапаліта кіеўскага П.​Магілы). У 1701 калегіуму нададзены правы і тытул акадэміі. Курс навучання — да 12 гадоў, мела 7, а з 1689 8 класаў: фара (падрыхтоўчы клас), інфіма (малодшы клас), граматыка, сінтаксіма і вышэйшыя — паэтыка, рыторыка, філасофія і багаслоўе. Навучэнцы атрымлівалі філал. падрыхтоўку, вывучалі ўкр., грэч., лац., польск. мовы, класічную грэч. і рымскую, сярэдневяковую л-ру, гісторыю, геаграфію і багаслоўе. Пазней уведзены рус., франц., ням., стараж.-яўр. мовы, матэматыка, трыганаметрыя, фізіка, архітэктура, у апошнія гады існавання К.а. — класы дамашняй і сельскай эканомікі, медыцыны. Значнае месца займала маст. і муз. адукацыя. Б-ка акадэміі ў 2-й пал. 18 ст. мела 12 тыс. тамоў, значную колькасць рукапісаў і дакументаў (згарэла ў час пажараў у 1780 і 1811; захаваліся асобныя экз.). К.а. адыграла вял. ролю ў пашырэнні асветы не толькі на Украіне, але і Беларусі. Яна давала магчымасць вучыцца бел. правасл. моладзі (навуч. ўстановы такога ўзроўню на Беларусі таго часу былі каталіцкія). У К.а. атрымлівалі адукацыю таксама студэнты з Балгарыі, Грэцыі, Малдавіі, Расіі, Сербіі. Сярод навучэнцаў і выкладчыкаў былі І.​Канановіч-Гарбацкі, Епіфаній Славінецкі, Сімяон Полацкі, Ф.​Пракаповіч, Г.​Каніскі, С.​Косаў і інш., у 1734 вучыўся М.Ламаносаў. З канца 18 ст. пачаўся заняпад акадэміі. У 1817 зачынена, замест яе адкрыта духоўная семінарыя (у 1819 пераўтворана ў духоўную акадэмію, існавала да 1920).

т. 8, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРМА́Ш,

перыядычныя таргі, рынкі тавараў, якія арганізуюцца ў пэўным месцы і ў пэўны час; сезонны продаж тавараў. Паводле складу ўдзельнікаў бываюць мясцовыя, рэгіянальныя, нац., міжнар. і сусветныя; падзяляюцца на універсальныя, шматгаліновыя, спецыялізаваныя (асабліва тэхнічныя). Узніклі пры першабытнаабшчынным ладзе, калі суседнія плямёны сыходзіліся, каб абмяняцца прадуктамі працы. Пашырыліся з развіццём эканам. сувязей паміж гарадамі і краінамі. Прымяркоўваліся да рэліг. свят ці пэўных пораў года, ад якіх часта паходзілі іх назвы (веснавы, асенні і да т.п.). На Беларусі першы К. афіцыйна дазволены ў 1498 у Полацку. Акрамя мясцовага, ён абслугоўваў транзітны гандаль Смаленска з Прыбалтыкай. Замежным купцам дазвалялася гандляваць у бел. гарадах толькі на К., таму яны ператвараліся ў вял. цэнтры міжнар. гандлю. У 15 ст. К. ўзніклі ў Мінску, Оршы, у 16 ст. — у Гродне. У 18 ст. вызначыўся Зэльвенскі К., які абслугоўваў гандл. абарот Гродзенскай губ. і суседніх з ёю ўкр., польскіх, літ. і латв. зямель. На пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічала 125 К. з абаротам 1508 тыс. руб. Гандлявалі пераважна лёнам, футрам, воскам, збожжам, мясам, жывёлай, а таксама таварамі, што прывозілі замежныя гандляры. У Расіі ў пач. 20 ст. было 18,5 тыс. К., найб. з іх Ніжагародскі, Ірбіцкі і інш. З развіццём рыначных адносін К. з цэнтраў прывозу буйных партый наяўнага тавару ператварыліся ў К. ўзораў, К.-выстаўкі, на якіх экспанентам дазваляецца паказваць узоры сваёй прадукцыі і заключаць гандл. здзелку ў нац. і міжнар. маштабах. Найбольшыя сучасныя міжнар. К. збіраюцца ў Мілане, Парыжы, Ліёне, Гановеры, Лейпцыгу, Познані, Таронта, Дамаску і інш.

Кірмаш у Слоніме. Пач. 20 ст.
Да арт. Кірмаш. На Лейпцыгскім кірмашы.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КНЯЗЬ,

кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз. вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 8, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕР (англ. laser, скарачэнне ад Light Amplification by Stimulated Emission of Radiation узмацненне святла вымушаным выпрамяненнем),

аптычны квантавы генератар эл.-магн. выпрамянення ў бачным, інфрачырвоным ці ультрафіялетавым дыяпазонах даўжынь хваль. Прынцып работы Л. заснаваны на ўзмацненні святла пры наяўнасці адваротнай сувязі. Выкарыстоўваецца ў навук. фіз., хім., біял. даследаваннях, прам-сці, медыцыне, экалогіі, лініях валаконна-аптычнай сувязі, для запісу, апрацоўкі, перадачы і захоўвання інфармацыі і інш., а таксама ў ваен. справе (прамянёвая зброя).

Л. мае актыўнае асяроддзе, прылады напампоўкі для ўзбуджэння рэчыва ва ўзмацняльны стан і адваротнай сувязі, якая забяспечвае шматразовае праходжанне выпрамянення праз актыўнае рэчыва. Адваротная сувязь ствараецца люстэркамі (гл. Аптычны рэзанатар) або перыядычнымі неаднастайнасцямі актыўнага рэчыва (Л. з размеркаванай адваротнай сувяззю). Паводле актыўнага рэчыва адрозніваюць газавы лазер, паўправадніковы лазер, цвердацелы лазер, вадкасны на арган. фарбавальніках, эксімерны Л. (на малекулах галагенаў з высакароднымі газамі), Л. на свабодных электронах і інш.; паводле рэжыму работы — неперарыўны і імпульсны (выпрамяняюцца адзінкавыя імпульсы ці перыядычная паслядоўнасць імпульсаў з частатой паўтарэння да 10​7 с​−1.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі Л. праводзяцца ў ін-тах фізікі, электронікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ, БПА і інш. Бел. вучонымі і інжынерамі створаны лазеры на арган. фарбавальніках, рэалізаваны розныя метады кіравання параметрамі лазернага выпрамянення і выкарыстання Л. ў навук. даследаваннях, медыцыне, апрацоўцы інфармацыі.

Літ.:

Степанов Б.И. Лазеры на красителях. М., 1979;

Яго ж. Лазеры сегодня и завтра. Мн., 1987;

Качмарек Ф. Введение в физику лазеров: Пер. с пол. М., 1981;

Тарасов Л.В. Лазеры действительности и надежды. М., 1985;

Войтович А.П., Севериков В.Н. Лазеры с анизотропными резонаторами. Мн., 1988.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)