РАДЗІВІ́Л Крыштоф (мянушка Пярун; 9.2.1547, Вільня — 20.11.1603),

ваенны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын М.Радзівіла Рудога. Удзельнік Лівонскай вайны 1558—83, у т. л. Ульскай бітвы 1564. З 1567 ротмістр коннай роты, крайчы ВКЛ у 1567—69, падчашы ВКЛ у 1569—79, гетман польны ў 1572—89, ахоўваў паўн.-ўсх. мяжу дзяржавы. У час кампаніі 1580 узяў замак Усвят і нанёс паражэнне праціўніку каля Вялікіх Лук. У жн. — кастр. 1581 атрады Р. (4 тыс. чал.) разам з атрадамі Ф.С.Кміты-Чарнабыльскага (2 тыс. чал.) зрабілі рэйд да вярхоўяў Волгі, занялі Старыцу і Ржэў. Гэты рэйд і аблога Пскова прымусілі Івана IV падпісаць перамір’е. У 1579—84 кашталян трокскі, адначасова ў 1579—85 падканцлер ВКЛ, з 1584 ваявода віленскі. Пасля смерці Стафана Баторыя падтрымліваў план часткі магнатаў і шляхты ВКЛ абраць каралём рас. цара Фёдара Іванавіча і стварыць дзярж. унію Польшчы, ВКЛ і Расіі на чале з Вял. княствам Літоўскім. Быў прыхільнікам мірных узаемадачыненняў з Расіяй. З 1589 вял. гетман ВКЛ. На чале войск ВКЛ змагаўся супраць Налівайкі паўстання 1594—96. У 1600 дамогся шлюбу Соф’і Алелькаўны (гл. ў арт. Святыя Беларусі) са сваім сынам Янушам, у выніку пасля смерці Соф’і (1612) Слуцкае княства і інш. ўладанні Алелькавічаў перайшлі да Радзівілаў. У час вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 з 1600 Р. камандаваў войскамі ў Інфлянтах. 23.6.1601 нанёс паражэнне шведскаму войску пад Кокенгаўзенам (Кокнесе), у ліп. 1601 заняў Вендэн (Кесь). Як і бацька, Р. вызнаваў кальвінізм, будаваў кальвінскія зборы. Пры яго двары было шмат вучоных, з ім былі звязаны дзеячы бел. культуры А.​Рымша, Г.​Пельгрымоўскі, С.​Рысінскі, А.​Волан. Меў адну з найбольшых латыфундый у ВКЛ.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 13, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСТРАПО́ВІЧ Мсціслаў Леапольдавіч (н. 27.3.1927, Баку),

расійскі віяланчэліст, дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Ганаровы чл. Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане (1961), Нац. акадэміі «Санта-Чэчылія» ў Рыме, Франц. акадэміі прасторавых мастацтваў і інш. Скончыў Маск. кансерваторыю (1946, кл. віяланчэлі ў С.​Казалупава, кл. кампазіцыі ў В.​Шабаліна, кл. інструментоўкі ў Дз.​Шастаковіча), у 1948—74 выкладаў у ёй (з 1960 праф.), адначасова з 1961 — у Ленінградскай кансерваторыі. З 1950-х г. вёў канцэртную дзейнасць як віяланчэліст, у т. л. на Беларусі. У 1962—74 дырыжор, у т. л. ў Вял. т-ры ў Маскве. З 1974 за мяжой (у 1978—90 Р. і яго жонка Г.​Вішнеўская былі пазбаўлены грамадзянства СССР). У 1977—94 узначальваў Нац. сімф. аркестр ЗША (Вашынгтон). Р. пашырыў межы віяланчэльнага мастацтва. Яго выкананне адметнае маштабнасцю, драматызмам, эмацыянальнасцю, інтэлектуальнасцю і глыбінёй разумення аўтарскай задумы. У рэпертуары класічныя, а таксама творы выдатных кампазітараў 20 ст., большасць з якіх прысвечана яму і ўпершыню ім выканана: Б.​Брытэна, Р.​Гліэра, А.​Жаліве, М.​Мяскоўскага, С.​Пракоф’ева, Л.​Піпкава, У.​Пістана, Л.​Фоса, А. і К. Хачатуранаў, Б.​Чайкоўскага, Шабаліна, Шастаковіча, А.​Шнітке, Р.​Шчадрына і інш. Выступаў у ансамблі з буйнейшымі музыкантамі свету. Дырыжыраваў вядомымі сімф. аркестрамі свету. Арганізатар Сусв. кангрэса віяланчэлістаў (1997, С.-Пецярбург). Першыя прэміі Усесаюзнага конкурсу музыкантаў (1945, Масква), Міжнар. конкурсу імя Г.​Вігана (1950, Прага). З 1970-х г. праводзіцца Міжнар. конкурс імя Р. (Парыж). Дзярж. прэмія СССР 1951. Ленінская прэмія 1964. Дзярж. прэміі Расіі 1991, 1995.

Літ.:

Гайдамович Т.А. Мстислав Ростропович. М., 1969;

Хентова С.М. Ростропович. СПб., 1993;

Грум-Гржимайло Т.Н. Ростропович и его современники. М., 1997.

Н.​В.​Шпянёва.

т. 13, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВАБО́ДА,

магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.​Лейбніц, І.​Кант, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер, К.​Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУ́ЦКІ ТЭА́ТР РАДЗІВІ́ЛА,

прыдворная тэатр. трупа кн. Г.​Ф.​Радзівіла ў г. Слуцк Мінскай вобл. ў 1751—60. У т-ры ставіліся оперы (на італьян. і ням. мовах), балеты і драм. спектаклі. Балетная трупа падрыхтавана ў Слуцкай балетнай школе. Спектаклі суправаджала капэла музыкантаў высокай кваліфікацыі (пераважна немцы, чэхі, аўстрыйцы). У драм. спектаклях прымалі ўдзел таксама кадэты, педагогі і музыканты кадэцкага корпуса (у 1752 капельмайстар Ф.​Вітман выступіў у ролі «багацея», у 1753 «шпрахмістар» Вебер — у ролі Візіра), прафес. акцёры (Мараўскі, Ажэльскі) і інш. Рэгулярнай з’явай былі пастаноўкі «нямецкіх» камедый. У масавых сцэнах удзельнічалі салдаты гарнізона (у параднай форме, са зброяй яны служылі «ўпрыгожаннем» залы, стоячы навыцяжку каля ложаў у час спектакляў). Спецыяльна для т-ра былі напісаны драмы на ням. мове, сцэнарый якіх прадугледжваў выхад на сцэну групы салдат (штурм крэпасцей, фехтаванне, баталіі, сцэны пакарання смерцю і інш.). Адбываліся паказы т-ра ценяў і марыянетак, якія спалучаліся з паказамі камедый дэль артэ і «турэцкіх камедый».

Драўляны будынак т-ра (паводле інвентара 1765) размяшчаўся на тэр. Старога горада. На гал. яго фасадзе мелася галерэя з размаляванай балюстрадай. Сцены глядзельнай залы былі аздоблены люстэркамі, лавы партэра, абапал якога размяшчаліся ложы, абцягнутыя чырвоным і блакітным сукном, столь была абабітая палатном і размаляваная. Асвятлялі залу 9 шкляных люстраў. Ад партала ўглыб сцэны (паралельна рампе) было замацавана (на рухомых рамах) 36 намаляваных на палатне кулісных перасоўных дэкарацый. У закуліснай частцы меліся 2 артыстычныя пакоі. З боку вуліцы т-р фланкіравалі 2 жылыя флігелі для акцёраў. Будынкі т-раў не зберагліся.

Літ.:

Барышаў Г.І. Тэатры Радзівілаў у Нясвіжы і Слуцку // Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1983. Т. 1;

Яго ж. Театральная культура Белоруссии XVIII в. Мн., 1992.

т. 15, с. 32

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМА́ШКА Іосіф (5.1.1799, с. Паўлаўка Вінніцкай вобл., Украіна — 5.12.1868),

уніяцкі, потым правасл. царк. дзеяч Рас. імперыі. З сям’і уніяцкага святара. Скончыў Гал. семінарыю пры Віленскім ун-це са ступенню магістра багаслоўя (1820). Кафедральны прапаведнік і праф. багаслоўя Луцкай семінарыі, пасвячоны ў бязжоннага іпадыякана, потым у дыякана (1820). Засядацель Луцкай кансісторыі, пасвячоны ў святара (1821). У 1822 протаіерэй, член 2-га дэпартамента рымска-каталіцкай калегіі (С.-Пецярбург). З 1823 канонік, з 1825 прэлат-схаласт Луцкага уніяцкага кафедральнага капітула, які заставаўся ў Пецярбургу. У 1827 падаў імператару Мікалаю I запіску аб становішчы уніяцкай царквы ў Рас. імперыі і сродках па яе далучэнні да праваслаўя, якая была ўхвалена і стала праграмай далейшых дзеянняў С. З 1829 вікарны епіскап мсціслаўскі Полацкай уніяцкай архіепархіі, старшыня яе кансісторыі. Адначасова захоўваў членства, а потым старшынства ў калегіі (у 1828 створана асобная Грэка-уніяцкая калегія). З 1833 кіруючы епіскап літоўскі. На гэтай пасадзе вёў падрыхтоўчую работу па скасаванні уніі: ездзіў па епархіях, наглядаў за ўвядзеннем у храмах іканастасаў і служэбнікаў маскоўскага друку, за вынішчэннем арганаў і навучаннем святароў богаслужэнню на царк.-слав. мове і інш., узгадняў арганізац. пытанні з дзярж. ўладамі. У 1836 звярнуўся з лістом да пецярбургскага мітрапаліта Серафіма з прашэннем аб далучэнні да праваслаўя. Быў ініцыятарам і актыўным удзельнікам Полацкага царкоўнага сабора 1839. З 1840 правасл. архіепіскап літоўскі і віленскі (з 1852 мітрапаліт). У 1844 пераехаў у сваю епархію ў Жыровічы, потым у Вільню (1845). Садзейнічаў пераводу з Жыровіч у Вільню Літоўскай духоўнай семінарыі. З 1847 чл. Свяцейшага Сінода. У апошнія гады займаўся дабрачыннасцю, пісаў мемуары.

Тв.:

Записки Иосифа, митрополита литовского. Т. 1—3. СПб., 1883.

В.​Р.​Кірэеў.

І.Сямашка.

т. 15, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНІ́ЧНАЕ ВЕРШАСКЛАДА́ННЕ (ад грэч. tonos націск),

сістэма вершаскладання, у аснове якой аднолькавая (прыблізна аднолькавая) колькасць моцных, або апорных, націскаў у вершаваных радках. Колькасць ненаціскных складоў паміж імі розная (ад 0 да 8).

Ва ўсх.-слав. вершаскладанні літ. танічны верш склаўся ў 19 — пач. 20 ст. на аснове народнага вершаскладання, танічнага па сваёй прыродзе. Танічны верш і нар. верш пры іх вял. падабенстве (і там і тут роўная колькасць моцных націскаў у радках) усё ж значна адрозніваюцца. Гал. адрозненне — у функцыі моцных (апорных) націскаў: калі ў нар. вершаскладанні націск выконваў рытмічную ролю, мог падаць на малазначныя (у т. л. службовыя) словы, то ў літ. танічным вершы ён мае сэнсавае значэнне і абавязкова прыпадае на найб. значнае па сэнсе слова, рытмічна падкрэслівае, выдзяляе яго. Націску ў танічным вершы памагаюць шматлікія паўзы.

Вылучаюць некалькі відаў Т.в.: акцэнтна-складовы верш (аднолькавая колькасць акцэнтаў — моцных націскаў. аднолькавая колькасць складоў у вершаваных радках), дольнік, тактавік, акцэнтны верш (аднолькавая або прыблізна аднолькавая колькасць акцэнтаў у радках). Кожны з іх вызначаецца пэўнай колькасцю моцных націскаў у вершаваных радках. Разам з тым яны адрозніваюцца сваёй мерай свабоды ў дачыненні да колькасці складоў у радках, колькасці ненаціскных складоў паміж націскамі, ужывання рыфмы і г.д. Першыя ўзоры літ. Т.в. — пераважна стылізацыя нар. творчасці (творы А.​Кальцова, «Казка пра рыбака і рыбку» А.​Пушкіна). На аснове ўкр. нар. верша Т.​Шаўчэнка стварыў свой тып верша — т.зв. каламыйкавы верш з аднолькавай колькасцю складоў у радках. Вял. ролю ў развіцці Т.в. адыграла паэзія У.​Маякоўскага. Танічным вершам напісаны «Тарасова доля», «Бандароўна» Я.​Купалы, «Страцім-лебедзь» М.​Багдановіча, «Босыя на вогнішчы» М.​Чарота, шырока ўжывалася ў творчасці М.​Танка, П.​Панчанкі, К.​Кірэенкі і інш.

В.​П.​Рагойша.

т. 15, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЛУ́ШЧАВЫ АБМЕ́Н, ліпідны абмен,

сукупнасць працэсаў пераўтварэнняў тлушчаў у арганізме чалавека і жывёл. Уключае ператраўліванне і ўсмоктванне тлушчаў і прадуктаў іх распаду ў страўнікава-кішачным тракце, прамежкавы Т.а., выдаленне з арганізма. Ліпіды забяспечваюць да 40% агульнай колькасці калорый, выконваюць пластычную функцыю пабудовы мембран клетак і інш. Найб. важныя ліпіды — трыацылгліцэролы (ТАГ) або нейтральныя тлушчы. Расшчапленне тлушчаў расл. і жывёльнага паходжання ў дарослых людзей пачынаецца ў кішэчніку (у грудных дзяцей у страўніку). Пад уплывам жоўці адбываецца эмульгаванне тлушчаў і актывацыя ліпазы. ТАГ расшчапляюцца да ды-, монагліцэрыдаў, гліцэрыны і тлустых кіслот. 25—30% эмульгаваных тлушчаў усмоктваецца кішэчнікам і пераходзіць у кроў без змены. Тлустыя к-ты ўсмоктваюцца ў комплексе з жоўцевымі к-тамі. Частка гліцэрыны і тлустых к-т у слізістай абалонцы кішэчніка ідзе на рэасінтэз тлушчаў, астатняя пераходзіць у кроў і лімфу.

Прамежкавы Т.а. уключае расшчапленне ТАГ у тканках з утварэннем вышэйшых тлустых к-т і гліцэрыны, мабілізацыю тлустых к-т з тлушчавых дэпо, іх акісленне, утварэнне кетонавых цел, біясінтэз вышэйшых тлустых к-т і інш. Тлустыя к-ты паступаюць у органы і тканкі, далей акісляюцца ў цыкле трыкарбонавых к-т. Каля 30% тлустых к-т затрымліваецца ў печані пры аднаразовым праходжанні праз яе. У печані ўтвараюцца ліпапратэіды рознай шчыльнасці, якія ўдзельнічаюць у Т.а. ўсіх органаў і тканак. Сінтэз ТАГ ажыццяўляецца гал. чын. у тлушчавай тканцы, печані, сценцы кішэчніка. Асн. шлях выдалення тлушчу — праз скуру з сакрэтамі сальных і потавых залоз, невял. ч. — з фекаліямі, мачой. Т.а. узмацняецца пры фіз. нагрузцы, галаданні, ахаладжэнні і інш. стрэсавых уздзеяннях.

Літ.:

Кучеренко Н.Е., Васильев А.Н. Липиды. Киев, 1985;

Липовецкий Б.М. Клиническая липидология. СПб., 2000.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫШКЕ́ВІЧ Канстанцін Піевіч (17.2.1806, г. Лагойск Мінскай вобл. — 13.7.1868),

бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел. навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат Я.П.Тышкевіча. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім, Забельскім дамініканскім калегіумах. Скончыў Віленскі ун-т (1828). У 1828—36 у мін-ве фінансаў Царства Польскага. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя з-ды, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.; на аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. У 1861 удзельнічаў у рабоце Мінскага губ. к-та па сял. пытаннях. Шмат вандраваў па Расіі і замежжы, чл. навук. т-ваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губ., стварыў першыя тапагр. планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. Першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і звёў іх у табліцы. У 1856 арганізаваў экспедыцыю Па р. Вілія, у выніку якой сабраў багаты этнагр. матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі» (Дрэздэн, 1871; на польск. мове). Адзін з раздзелаў кн. «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865) прысвяціў знаходкам стараж. пісьменнасці ятвягаў. Паклаў пачатак вывучэнню стараж. Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і інш.

Літ.:

Каратынскі В. Канстанцін Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;

Каханоўскі Г.А. Адзін з ранніх даследчыкаў беларуска-літоўскага пагранічча // Быт і культура беларусаў. Мн., 1984;

Яго ж. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2.

Дз.​У.​Караў.

К.П.Тышкевіч.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІНІ́ЗМ,

слова і форма слоў, запазычаныя бел. мовай з украінскай мовы.

У бел. пісьмовай мове вядомы з 15 ст. Рэалізаваліся ў змяшэнні «ы—и» [«печаты (и)», «влади (ы)-ка]; «ь—и» [«види(ъ)ти», «терпи(ъ)ти»]. Трапляюцца ў помніках стараж. перыяду, што ўзніклі на аснове ўкр. крыніц, напр., камянецкая «Чэцця-мінея» (1489). Узбагачэнне бел. лексікі У. найб. інтэнсіўна адбывалася з 1-й пал. 17 ст. (пасля перамяшчэння цэнтра правасл. культуры з Вільні ў Кіеў), праз помнікі, створаныя на суседняй з Украінай паўд.-зах. тэр. Беларусі, напр., Мазырскі спіс «Александрыі» (1697), Маскоўскі (бел.) спіс «Дыярыуша» Афанасія Філіповіча (1638—48). Пранікненню ў бел. помнікі У. садзейнічалі пісьменнікі, якія паходзілі з Украіны, але стваралі свае творы на бел. землях, напр. «Евангелле вучыцельнае» (1616) і «Казанне пахвальнае» (1620) М.​Сматрыцкага У некат. бел. помнікі траплялі словы з укр. агаласоўкай («котрий», «що», «сокіра»), а таксама лексічныя і словаўтваральныя У. («бучный» — раскошны, «зволокати» — адцягваць, марудзіць, «прохати» — прасіць, «шадок» — нашчадак). У 1920-я г. пры распрацоўцы бел. навук. тэрміналогіі некат. тэрміны бел. мовы ўтвараліся паводле ўкр. узораў: грамадска-паліт. («барацьба», «барацьбіт»), лінгвістычныя («дзеяслоў», «дзеепрыметнік», «займеннік», «дзеепрыслоўе», «чаргаванне»), бел. геагр. назвы ва ўкр. агаласоўцы («Мінск—Мънскъ, Пінск—Пьнскъ). Лексічныя У., звязаныя з абазначэннем спецыфічна ўкр. (сучасных і гіст.) рэалій, захоўваюцца ў перакладах з укр. мовы. Напр., у перакладах Я.​Купалы твораў Т.​Шаўчэнкі на бел. мову трапляюцца У. «байдак», «байрак», «гайдамак», «кабзар» і інш. Традыцыі ўкр. мовы аказаліся найб. устойлівымі ў бел. нар.-гутарковым маўленні (на ПдЗ), чым у літ. мове: «доня» — дачка, «худоба» — жывёла.

Літ.:

Булахаў М.Г. Развіццё беларускай літаратурнай мовы ў XIX—XX стст. ва ўзаемаадносінах з іншымі славянскімі мовамі. Мн., 1958;

Анічэнка У.В. Беларуска-ўкраінскія пісьмова-моўныя сувязі. Мн., 1969.

У.​В.​Анічэнка.

т. 16, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСПРЫМА́ННЕ,

працэс адлюстравання прадметаў і з’яў рэчаіснасці пры іх непасрэдным уздзеянні на органы пачуццяў; наглядны пачуццёвы вобраз, які ўзнікае ў выніку гэтага працэсу. Ажыццяўляецца ў выніку дзейнасці сістэмы аналізатараў, якая ўключае ўвесь адчувальны нервовы апарат ад перыферычных утварэнняў (рэцэптараў) да адпаведных аддзелаў галаўнога мозга. Адну і тую ж інфармацыю людзі ўспрымаюць па-рознаму, суб’ектыўна, у залежнасці ад вопыту, патрэбнасцей, схільнасцей і інтарэсаў чалавека (гл. Аперцэпцыя). Асн. ўласцівасці У.: цэласнасць (стварае цэласны вобраз прадмета ў адрозненне ад адчуванняў, якія адлюстроўваюць яго асобныя ўласцівасці); канстантнасць (навакольныя прадметы ўспрымаюцца як адносна пастаянныя па форме, колеры, велічыні і інш.); структурнасць (дазваляе ўспрымаць абагульненую структуру з розных адчуванняў); асэнсаванасць (звязана са складанай аналітыка-сінт. дзейнасцю мозга, разуменнем сутнасці назіральных прадметаў і з’яў); выбіральнасць (пераважнае вылучэнне адных аб’ектаў у параўнанні з інш.). У залежнасці ад таго, які з аналізатараў з’яўляецца вядучым у дадзеным акце, адрозніваюць У. зрокавыя, слыхавыя, рухальныя, смакавыя, нюхальныя і іншыя. Важнае значэнне маюць У. прасторы (велічыні, формы, аддаленасці, узаемнага размяшчэння і руху прадметаў), часу (працягласці, хуткасці і паслядоўнасці з’яў), складаных гукаў (прыродных, тэхн. аб’ектаў, муз., маўленчых і інш.), чалавека чалавекам (знешні выгляд, здольнасці, рысы характару, узаемаадносіны з інш. людзьмі, сац. групамі і супольнасцямі). Як неабходны этап пазнання У. апасродкавана мысленнем і звязана з памяццю, увагай, накіроўваецца матывацыяй і мае пэўную афектыўна-эмацыянальную афарбоўку (гл. Эмоцыі). Навук. даследаванні сутнасці, структуры і ўласцівасцей У. выкарыстоўваюцца пры стварэнні сістэм адлюстравання інфармацыі, у тэхн. эстэтыцы і маст. канструяванні, у педагогіцы, спорце і інш.

Літ.:

Асмолов А.Г. Психология личности. М., 1990;

Принципы порождающего процесса восприятия. М., 1992;

Петровский А.В. Личность. Деятельность. Коллектив. М., 1982;

Скотт Д. Сила ума: Пер. с англ. СПб., 1994.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 16, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)