ТЫШКЕ́ВІЧ Канстанцін Піевіч (17.2.1806, г. Лагойск Мінскай вобл. — 13.7.1868),

бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел. навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат Я.П.Тышкевіча. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім, Забельскім дамініканскім калегіумах. Скончыў Віленскі ун-т (1828). У 1828—36 у мін-ве фінансаў Царства Польскага. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя з-ды, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.; на аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. У 1861 удзельнічаў у рабоце Мінскага губ. к-та па сял. пытаннях. Шмат вандраваў па Расіі і замежжы, чл. навук. т-ваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, чл. Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губ., стварыў першыя тапагр. планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. Першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і звёў іх у табліцы. У 1856 арганізаваў экспедыцыю Па р. Вілія, у выніку якой сабраў багаты этнагр. матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі» (Дрэздэн, 1871; на польск. мове). Адзін з раздзелаў кн. «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865) прысвяціў знаходкам стараж. пісьменнасці ятвягаў. Паклаў пачатак вывучэнню стараж. Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і інш.

Літ.:

Каратынскі В. Канстанцін Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;

Каханоўскі Г.А. Адзін з ранніх даследчыкаў беларуска-літоўскага пагранічча // Быт і культура беларусаў. Мн., 1984;

Яго ж. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;

Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2.

Дз.​У.​Караў.

К.П.Тышкевіч.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)