СВАБО́ДА,

магчымасць чалавека дзейнічаць у адпаведнасці са сваімі мэтамі, жаданнямі, інтарэсамі. Практычная рэалізацыя С. ажыццяўляецца пры наяўнасці аб’ектыўнай магчымасці (знешняй С.) для дзейнасці. У гісторыі грамадскай і філас. думкі С. разглядалася як праблема валодання чалавекам свабодай волі і абумоўленасці С. знешнімі абставінамі (гл. Свабода і неабходнасць). У ант. філасофіі С. проціпастаўлялася лёсу (Сакрат, Платон), паліт. дэспатызму (Арыстоцель, Эпікур), чалавечаму існаванню (стаіцызм, платанізм). У сярэдневякоўі С. разумелася як збаўленне ад граху, спалучэнне ўнутр. маральнай С. з усемагутнасцю Бога. У эпоху Адраджэння яна разглядалася як магчымасць поўнага і бесперашкоднага развіцця асобы. У філасофіі Асветніцтва прызнавалася панаванне над С. натуральных заканамернасцей свету і прычынных сувязей паміж яго элементамі. У ням. філасофіі з 17 ст. С. разглядалася як маральна-творчае развіццё сутнасці чалавека (Г.​Лейбніц, І.​Кант, І.​В.​Гётэ, Ф.​Шылер, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ). Прадстаўнікі марксізму сцвярджалі, што С. чалавека дэтэрмінавана ўмовамі яго асяроддзя. У экзістэнцыялізме яна разумеецца як С. выбару самога сябе і звязваецца з адказнасцю за выбар (Ж.​П.​Сартр, М.​Хайдэгер, К.​Ясперс). Змест паняцця С. звязаны з гіст. працэсам развіцця грамадства. У стараж. грамадстве С. разумелася як прыналежнасць да пэўнага роду ці племені і супрацьпастаўлялася залежнасці ад інш. плямён. У індустрыяльным грамадстве яна набыла эканам. і юрыд. сэнс як магчымасць выбару прафес. дзейнасці, валодання ўласнасцю і яе стварэння. У постіндустрыяльным грамадстве характарызуецца здольнасцю чалавека да адаптацыі і сац. мабільнасці ў сацыякульт. і тэхнал.-інфарм. прасторы. Ступень С. ў грамадстве цесна звязана з формай праўлення. Перадумовамі С. ў дзяржаве з’яўляюцца канстытуцыяналізм, забеспячэнне гарантыі абароны правоў чалавека і задавальнення асн. патрэбнасцей яго жыцця, фарміраванне органаў дзярж. улады шляхам нар. волевыяўлення.

І.​І.​Катляр.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)