мінеральныя рэчывы, якія маюць марганец у даступным для раслін выглядзе; адзін з відаўмікраўгнаенняў. У раслінах колькасць марганцу складае дзесяцітысячныя — сотыя долі працэнта (у глебе — у сярэднім 0,085%), таму у кіслых глебах марганцу дастаткова, месцамі нават лішка. Найб. распаўсюджаным М.у. з’яўляецца сульфат марганцу MnSO4∙5H2O — крышт. парашок белага ці светла-шэрага колеру, мае 22,5% Mn, добра раствараецца ў вадзе. Выкарыстоўваюць звычайна на вапнавых дзярнова-падзолістых і тарфяна-балотных глебах пад цукр. буракі, азімую пшаніцу, шматгадовыя травы, гародніну. пладовыя культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРДО́ЎНІК (Echinops),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 125 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — М. шарагаловы (E. sphaerocephalus). Трапляецца рэдка ў хмызняках, на аблогах, каля шашы. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваныя 3 віды М.: узвышаны (E. exaltatus), шыракалісты (E. latifolius) і банатыкус (E. banaticus).
Шматгадовыя травы са стрыжнёвым коранем. Сцёблы прамастойныя, рабрыстыя, часта апушаныя. Лісце чаргаванае, надрэзанае, калючае. Шматлікія кветкі ў аднакветных кошыках, утвараюць шарападобную або падоўжаную галоўку з агульнай абгорткай. Плод — густаапушаная сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСКІ́Я ЯЗЫКІ (Soleoidea),
падатрад (або надсямейства) рыб атр. камбалападобных, 2 сям.: касаротыя, або правабаковыя (Soleidae) і левабаковыя (Cynoglossidae); каля 40 родаў, некалькі дзесяткаў відаў. Пашыраны пераважна ў трапічных і субтрапічных морах (у Азоўскім і Чорным м. трапляюцца касарот — Solea laskaris і салея насатая — S. nasuta), некат. віды — у прэсных водах. Жывуць у прыбярэжнай зоне.
Даўж. да 60 см, маса да 4 кг. Цела падоўжанае, языкападобнае (адсюль назва). Пярэдні край галавы закруглены і выдаецца над рылам. Рот маленькі, косы. Кормяцца беспазваночнымі, дробнай рыбай. Аб’ект промыслу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАТЫЯ́НТА (Neottianthe),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 6 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від Н. клабучковая (N. cucullata) — еўразійскі таежны рэліктавы від; занесена ў Чырв. кнігу.
Трапляецца ў хвойніках-зеленамошніках, часцей на ўзгорыстай мясцовасці.
Н. клабучковая — шматгадовая травяністая расліна выш. да 30 см з ныркападобнымі белаватымі клубнямі. Сцябло тонкае, граністае, каля асновы 2 супраціўныя лісты, вышэй — 1—3 дробныя вузкаланцэтныя лісцікі. Кветкі фіялетава-ружовыя, часам белыя, сабраныя па 6—24 у аднабокі рэдкі колас. Плод — каробачка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕКРАФА́ГІ (ад грэч. nekros мёртвы + phagos пажыральнік),
1) клеткі з групы фагацытаў, якія паглынаюць у арганізме рэшткі пастаянна адміраючых і самааднаўляльных тканак.
2) Н., трупаеды, жывёлы, што кормяцца рэшткамі мёртвых арганізмаў, напр., насякомыя — шэраг відаў мух і жукоў, птушкі — грыфы, марабу і інш., млекакормячыя — гіена, шакал і інш. У фауне Беларусі да Н. належаць: насякомыя — жукі магільшчыкі, мерцвяеды, лічынкі мух і інш.; некат. птушкі — варона шэрая, каршун чорны, крумкач; млекакормячыя — буры мядзведзь, воўк, часткова ліс звычайны, дробныя куніцавыя. Н. — важнае звяно харч. сувязей у біяцэнозах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІПУ́ЧКА, турыца (Lappula),
род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, у Аўстраліі, часткова ў Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы. На Беларусі 1 дзікарослы від — Л. вожыкападобная (L. echinata). Трапляецца на засмечаных мясцінах, насыпах, каля жылля. Пустазелле.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны. Сцёблы прамастойныя, галінастыя, шаравата-зялёныя. Лісце вузкалінейнае ці ланцэтападобнае, апушанае, як і сцёблы, цвёрдымі валаскамі. Кветкі дробныя, блакітныя, радзей белаватыя, у верхавінкавых завітках. Плод — чатырохарэшак з шыпамі, якія чапляюцца за шэрсць жывёл і вопратку (адсюль назва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІЯ́НЫ (франц. lianes ад lier звязваць),
група травяністых і дрэвавых раслін, якія не здольны самастойна захоўваць вертыкальнае становішча сцябла і выкарыстоўваюць у якасці апоры інш. расліны, скалы, пабудовы. Больш за 2 тыс.відаў, пашыраны пераважна ў трапічных лясах. Л. ўзнімаюцца да святла, абвіваюць інш. расліны або падпоры, чапляюцца за іх вусікамі, кручкападобнымі валаскамі. Пераважна кветкавыя расліны. Адрозніваюць Л. лазячыя і павойныя. Да культ. Л. адносяцца вінаград, хмель, некат. віды бабовых (напр., гарох); дэкар. — розныя віды дзявочага вінаграду, павойніку, фасолі, некат. віды аспарагуса, сапр. язмін і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУ́КАВА,
біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл.Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс.экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДРА́ДЧЫК,
юрыдычная або фіз. асоба, якая выконвае пэўны від работ у сваёй краіне або за мяжой на аснове дагавора падраду, заключанага з заказчыкам. Для вядзення работ (напр., будаўніча-мантажных на аб’ектах капітальнага буд-ва) П. звычайна мае асн. і абаротныя сродкі, кадры і інш. рэсурсы, ажыццяўляе дзейнасць на аснове гасп. (камерцыйнага) разліку, знаходзіцца на самастойным балансе і дзейнічае па зацверджаным статуце (палажэнні). П. розных відаў работ падпарадкоўваюцца генеральнаму П. (генпадрадчыку), які можа перадаваць спец. работы (напр., сан.-тэхн.) субпадрадчыкам (інш. прадпрыемствам, арг-цыям), заключаючы з імі дагаворы субпадраду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫВЕ́Ц, анхуза (Anchusa),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўд. і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. лекавы (A. officinalis), нар. назвы валовы язык, заечая салата, мядоўка. Трапляецца каля дарог, на ўскрайках палёў. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. італьянскі (A. italica).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Сцёблы тоўстыя, прамастойныя, галінастыя. Лісце ланцэтнае, сядзячае. Сіне-фіялетавыя кветкі ў густых завітках. Плод — арэшак. Лек., дэкар., меданосныя, фарбавальныя расліны.