Я́ШЧАРКІ (Sauria),

падатрад паўзуноў атр. лускаватых. З’явіліся ў трыясе. Продкі змей. 20 сучасных сям., у т. л. агамы, вараны, геконавыя, ігуанавыя, сцынкавыя, хамелеоны, вераценніцы, сапраўдныя Я. і інш. Больш за 4 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна, акрамя Антарктыды. Большасць вядзе наземны спосаб жыцця; некат. жывуць у глебе, закопваюцца ў пясок (круглагалоўкі і інш.), на дрэвах, скалах; марская яшчарка жыве каля лініі прыбою і часта заходзіць у ваду. На Беларусі 3 віды: вераценніца ломкая, Я. жывародная (Lacerta vivipara) і Я. порсткая (L. agilis).

Даўж. ад 3,5 см (некат. геконы) да 3,7 м, маса да 150 кг (вараны). Тулава валькаватае або цыліндрычнае, рознай афарбоўкі. Большасць мае развітыя канечнасці, у некат. яны слаба развітыя або іх няма. Цела ўкрыта лускавінкамі ці інш. рагавымі ўтварэннямі. Многія Я. здольныя да аўтатаміі хваста. Я. ў асн. яйцакладныя, ёсць яйца- і жывародныя. Некат. уласцівы партэнагенез. Адкладваюць да 35 яец. Кормяцца беспазваночнымі, пераважна насякомымі, зрэдку дробнымі пазваночнымі; радзей расліннаедныя або ўсёедныя. Мяса некат. вял. Я. ядомае, скура ідзе на вырабы. Некат. ядавітыя. 36 відаў і падвідаў у Чырв. кнізе МСАП. Гл. таксама Паўзуны.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 18, кн. 1, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)