ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э. стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.
Літ.:
Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;
Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. М., 1992.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛІ́ПАЎ Пётр Паўлавіч (н. 18.1.1920, в. Патаронаўка Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. акцёр. Засл. арг. Беларусі (1967). Скончыў акцёрскую студыю пры т-ры імя А.Пушкіна ў Данбасе (1940). З 1946 працаваў у т-рах СССР. З 1961 у Гродзенскім, у 1968—75 у Гомельскім абл. драм. т-рах. Створаныя ім вобразы вызначаюцца пераканальнасцю, абаяльнасцю і тэмпераментам: у Гродзенскім т-ры — Яраш («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Ляскавец («Першы ўрок» К.Губарэвіча), Чаркун («Варвары» М.Горкага), Дзяржавін («Сябры і гады» Л.Зорына); у Гомельскім т-ры — Каравай («Таблетку пад язык» А.Макаёнка), Скарапад («Усяго адно жыццё» А.Маўзона), Чабутыкін («Тры сястры» А.Чэхава), акадэмік Карэеў («Залатая карэта» Л.Лявонава) і інш.
Н.І.Альпяровіч.
т. 16, с. 393
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЛА́ЭРЦІ (Flaherty) Роберт (16.2.1884, г. Айран-Маўнтын, ЗША — 23.7.1951),
амерыканскі кінарэжысёр, заснавальнік амер. дакумент. кіно. Скончыў горную школу ў Мічыгане (1910). З 1910 прымаў удзел у экспедыцыі па кан. Запаляр’і, дзе ў 1919 у Гудзонавым заліве пачаў здымкі жыцця эскімосаў, аб’яднаныя ў фільме «Нанук з Поўначы» (1922). Наватар дакумент. фільма, засн. на працяглым кінаназіранні рэальнага жыцця: «Маана паўднёвых мораў», «24-доларавы востраў» і «Гісторыя ганчара» (усе 1926). З 1932 у Вялікабрытаніі, зняў фільмы «Індустрыяльная Брытанія» (з Дж.Грырсанам, 1932), «Чалавек з Арана» (1934), у якіх працягваў тэму складаных адносін чалавека з прыродай, спалучыў рэаліст. метад назірання з паэт. выяўленнем; маст. фільм «Маленькі паганяты сланоў» (з З.Корда, 1937). З 1939 у ЗША: фільмы «Зямля» (1939—41), «Луізіянская гісторыя» (1948).
Г.У.Шур.
т. 16, с. 427
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (Parti Socialiste Français; ФСП),
адна з вядучых партый паліт. сістэмы Францыі (каля 150 тыс. членаў у 1990-я г.). Засн. ў 1905 у выніку аб’яднання Франц. сацыяліст. партыі (засн. ў 1902 прыхільнікамі ідэй А.Мільерана, кіраўнік — Ж.Л.Жарэс), Сацыяліст. партыі Францыі (засн. ў 1901, кіраўнік — Ж.Гед) і інш. сацыяліст. арг-цый. Да 1969 наз. Франц. секцыя Рабочага Інтэрнацыянала — СФІО. У 1968—69 самараспусцілася, у 1971 адноўлена пад наз. ФСП. Вышэйшы орган — з’езд, паміж з’ездамі кіруе сакратарыят (1-ы сакратар з 1997 — Ф.Аланд). Гал. друкаваны орган — газ. «Unité» («Адзінства»). Прытрымліваецца ідэалогіі рэфармізму, але ў час выбараў у Нац. сход блакіруецца з Франц. камуніст. партыяй (ФКП). Апошні па часе кааліцыйны ўрад ФСП, ФКП і іх саюзнікаў дзейнічаў у 1997—2002.
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКІ КАМІТЭ́Т НАЦЫЯНА́ЛЬНАГА ВЫЗВАЛЕ́ННЯ (Le Comité Français de Liberation Nationale; ФКНВ),
орган цэнтральнай франц. улады ў 1943—44. Прадстаўляў дзярж. інтарэсы Франц. Рэспублікі ў перыяд яе акупацыі ням. войскамі ў 2-ю сусв. вайну. Кіраваў вызв. барацьбой франц. патрыётаў у антыфаш. кааліцыі. Створаны ў чэрв. 1943 у Алжыры ў выніку пагаднення паміж Ш. дэ Голем і кіраўніком франц. адміністрацыі і каманд. арміяй у Паўн. Афрыцы А.Жыро. У ліст. 1943 у склад ФКНВ увайшлі прадстаўнікі некат. арганізацый унутр. Супраціўлення, у крас. 1944 — прадстаўнікі франц. кампартыі. ФКНВ аб’яднаў амаль усе былыя франц. калоніі і значныя ўзбр. сілы. Яго кіраўніцтва прызнавалі цэнтр. органы ўнутр. Супраціўлення. 2.6.1944 ФКНВ прыняў назву Часовага ўрада Французскай Рэспублікі. Гл. таксама Парыжскае паўстанне 1944.
т. 16, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРЫ́ДРЫХ I БАРБАРО́СА (Friedrich I Barbarossa літар. — чырванабароды; каля 1122, г. Вайблінген, Германія — 10.6.1190),
германскі кароль (з 1152), імператар «Свяшчэннай Рымскай імперыі» [1155—90]. З дынастыі Штаўфенаў. Сын і нашчадак герцага Швабіі Фрыдрыха II Аднавокага [1105—47]. З 1147 герцаг Швабіі (пад імем Фрыдрых 111). У 1153 заключыў у г. Канстанц (Германія) дагавор аб узаемным прызнанні правоў рым. папы і герм. імператара, але ў 1157 адмовіўся прызнаваць вяршэнства папы. Дзеля атрымання імператарскай кароны ад рым. папы і падпарадкавання італьян. зямель зрабіў 6 ваен. паходаў у Італію (1154—55, 1158—62, 1163, 1166—68, 1174—78, 1184), у час якіх каранаваны (1155). З 1178 таксама кароль Бургундыі. У 1180 дамогся суда над Генрыхам Львом. У 1183 заключыў мір з Ламбардскай лігай. Удзельнік 3-га крыжовага паходу (1189—90).
т. 16, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЫЁН (ад грэч. chorion скурка, абалонка, паслед), варсінчатая абалонка,
1) вонкавая зародкавая абалонка, якая ўтвараецца на ранніх стадыях індывід. развіцця (з гаструляцыі) у птушак, паўзуноў, млекакормячых жывёл і чалавека. Служыць для атрымання кіслароду, у млекакормячых для выдалення прадуктаў метабалізму і вуглякіслага газу. У зародкаў млекакормячых жывёл і чалавека адрозніваюць варсінчаты і гладкі Х., што ўзаемадзейнічаюць з асн. капсулярнай абалонкай слізістай маткі; звонку Х. укрыты варсінкамі, якія ўрастаюць у слізістую абалонку маткі і ўтвараюць плодную ч. плацэнты. З надыходам плацэнтацыі Х. набывае рысы структурна-функцыян. арг-цыі, уласцівай пэўнай форме плацэнты. У птушак і рэптылій шчыльна прылягае да шкарлупіны (дае магчымасць абмену паміж яйцом і вонкавым асяроддзем).
2) Другасная яйцавая абалонка зародкаў у беспазваночных і некат. ніжэйшых пазваночных жывёл.
А.С.Леанцюк.
т. 16, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦЕ́НЧЫЦЫ,
вёска ў Вілейскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 52 км на ПдУ ад г. Вілейка, 70 км ад Мінска, 23 км ад чыг. ст. Уша. 95 ж., 48 двароў (2003). Лясніцтва. Сярэдняя школа, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
Вядомы з 1470 як маёнтак М.Радзівіла Старога, потым уладанне Рагозаў, Рымшаў, Высоцкіх і інш. У 1550 дзейнічала царква. У 1800 у вёсцы 63 ж., 8 двароў. У 1886 мястэчка, цэнтр воласці Вілейскага пав., 28 ж., царк.-прыходская школа, царква, млын. У пач. 20 ст. 17 ж., нар. вучылішча. З 1940 цэнтр сельсавета Ільянскага.з 1957 Вілейскага р-наў Мінскай вобл. У Вял. Айч. вайну адбыўся Хаценчыцкі бой 1943. Знаходзіцца ў зоне пастаяннага радыяцыйнага кантролю.
Н.А.Яфімава.
т. 16, с. 564
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХЛЯБЦЭ́ВІЧ Іван Андрэевіч (1857, в. Сядзельнікі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. — 25.7.1919),
бел. гісторык. Бацька Я.Л.Хлябцэвіча. Скончыў правасл. Літоўскую духоўную семінарыю ў Вільні, вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай акадэміі. Выкладаў у Жыровіцкім духоўным вучылішчы, адначасова загадваў б-кай Жыровіцкага Свята-Успенскага мужчынскага манастыра, дзе ўпарадкаваў стараж. рукапісы. З 1897 святар у в. Кленікі Бельскага пав. У 1-ю сусв. вайну з 1915 у бежанстве у г. Сызрань (Расія). Аўтар публікацый па гісторыі Жыровіцкага манастыра, нарыса пра сына Уладзіміра.
Тв.:
Краткий исторический очерк образа Жировичского монастыря (анонимно). [Вильна, б.г.];
Иосафат Жарский, провинциал Литовских базилианских монастырей... Гродно, 1897;
Жировичское братство Милосердия Пресвятой Девы Марии. Вильна, 1900.
Літ.:
Хлябцэвіч Я. Біяграфія бацькі, НББ 091/159 // Białoruskie zeszyty historyczne. 1996. № 1(5).
В.У.Скалабан.
т. 17, с. 33
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРВАКО́Ў Васіль Фёдаравіч (4.4.1894, с. Канабеева Разанскай вобл., Расія — 3.1.1976),
бел. і рас. вучоны ў галіне судовай медыцыны. Д-р мед. н. (1935), праф. (1936). Засл. дз. нав. РСФСР (1955). Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). З 1924 у БДУ, з 1930 у Мінскім мед. ін-це. Адзін з арганізатараў БелНДІ крыміналістыкі, крыміналогіі і суд. экспертызы і Цэнтр. судова-мед. лабараторыі. З 1939 у 1-м Маскоўскім мед. ін-це. У 1945 у Надзвычайнай дзярж. камісіі па выяўленні і расследаванні злачынстваў ням.-фаш. захопнікаў і іх саўдзельнікаў і прычыненых імі страт на тэр. Беларусі. Навук. працы па суд. балістыцы, судова-мед. гельмінталогіі і дэанталогіі.
Тв.:
Судебномедицинская деонтология. М., 1957;
Судебная медицина. 3 изд. М., 1963 (разам з У.М.Смальянінавым, К.І.Таціевым).
т. 17, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)