ФЛА́ЭРЦІ (Flaherty) Роберт (16.2.1884, г. Айран-Маўнтын, ЗША — 23.7.1951),

амерыканскі кінарэжысёр, заснавальнік амер. дакумент. кіно. Скончыў горную школу ў Мічыгане (1910). З 1910 прымаў удзел у экспедыцыі па кан. Запаляр’і, дзе ў 1919 у Гудзонавым заліве пачаў здымкі жыцця эскімосаў, аб’яднаныя ў фільме «Нанук з Поўначы» (1922). Наватар дакумент. фільма, засн. на працяглым кінаназіранні рэальнага жыцця: «Маана паўднёвых мораў», «24-доларавы востраў» і «Гісторыя ганчара» (усе 1926). З 1932 у Вялікабрытаніі, зняў фільмы «Індустрыяльная Брытанія» (з Дж.​Грырсанам, 1932), «Чалавек з Арана» (1934), у якіх працягваў тэму складаных адносін чалавека з прыродай, спалучыў рэаліст. метад назірання з паэт. выяўленнем; маст. фільм «Маленькі паганяты сланоў» (з З.​Корда, 1937). З 1939 у ЗША: фільмы «Зямля» (1939—41), «Луізіянская гісторыя» (1948).

Г.​У.​Шур.

т. 16, с. 427

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)