СЕЛЕНГА́,

рака ў Манголіі і Расіі (Бураціі). Утвараецца ад сутокаў рэк Ідэр і Мурэн. Даўж. (ад вытоку р. Мурэн) 1024 км, у т. л. 409 км у межах Расіі, пл. бас. 447 тыс. км², у т. л. 148 км у межах Расіі. Цячэ пераважна па нізкагор’ях і хвалістых раўнінах, упадае ў воз. Байкал, утварае дэльту (пл. 680 км²). Асн. прытокі: Эгійн-Гал, Джыда (злева), Архон, Чыкой, Хілок, Уда (справа). Нізкае веснавое разводдзе, летне-асеннія дажджавыя паводкі. Сярэдні расход вады больш за 900 м³/с. На С. прыпадае каля палавіны аб’ёму сумарнага гадавога сцёку рэк, якія ўпадаюць у воз. Байкал. Ледастаў ад ліст. да красавіка. Суднаходная. У бас. С. больш за 5,5 тыс. азёр агульнай пл. 616 км². На С. — г. Улан-Удэ.

т. 14, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНАЎБО́РКА,

комплекс працэсаў па прыгатаванні сена. Уключае скошванне, высушванне траў, укладванне сена на захоўванне. Травы скошваюць у перыяд, калі расліны маюць найб. колькасць пажыўных рэчываў (злакавыя травы ў перыяд калашэння, бабовыя — бутанізацыі). Вял. значэнне мае вышыня скошвання (завышэнне зрэзу травы на 1 см у параўнанні з аптымальным зніжае ўраджайнасць на 5—7%). Для паскарэння высушвання бабовыя травы плюшчаць. Скошаную траву правяльваюць у пракосах да 45—50% вільготнасці, пераварочваюць, зграбаюць у валкі, складаюць у копы, сцірты. Пры запаволеным высушванні і паўторным намаканні сена страчвае ч. мінер. і арган. рэчываў, таму ўжываюць актыўнае вентыліраванне ці штучную сушку на сушыльных апаратах. Пры гэтым павялічваецца на 30% збор сена з 1 га, павышаецца колькасць у ім пратэіну на 7—10%, караціну на 20%. Гл. таксама Сенаўборачныя машыны.

т. 14, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯПО́ВІЧ Алена Самойлаўна (н. 13.10.1951, Мінск) бел. псіхолаг. Д-р псіхал. н. (1994),

праф. (1997). Скончыла Мінскі пед. ін-т (1972). З 1986 у Бел. пед. ун-це, з 1995 у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі, з 1997 у БДУ. Навук. працы па праблемах псіхадыягностыкі і псіхакарэкцыі лёгкіх адхіленняў у развіцці дзяцей, падрыхтоўкі псіхолагаў да работы з дзецьмі з анамальным псіхічным развіццём.

Тв.:

Исправление речи у детей. Мн., 1983;

Формирование речи у дошкольников с задержкой психического развития. 2 изд. Мн., 1989;

Игровая деятельность дошкольников с задержкой психического развития. М., 1990;

Работа психолога в системе оказания помощи детям с задержкой психического развития от 0 до 7 лет. Мн., 1994 (разам з Н.​А.​Масюковай);

Ребенок с задержкой психического развития: (Психол. характеристика). Мн., 1996.

т. 15, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУСВЕ́ТНАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ БЕЛАРУ́СКАЙ ЭМІГРА́ЦЫІ (САБЭ). Існавала ў канцы 1940 — пач. 1950-х г. з месцам знаходжання ў Парыжы. Засн. на 1-м сусв. з’ездзе бел. эміграцыі

(адбыўся 28.11—2.12.1948 з удзелам 22 дэлегатаў ад беларусаў Францыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Бельгіі, Даніі, Італіі, Швецыі, Аргенціны, Канады, Аўстраліі),

скліканым ініцыятыўным к-там бел. эміграцыі ў Францыі «дзеля гуртавання ўсіх нацыянальных сілаў беларускай эміграцыі і каардынацыі яе арганізацыйна-творчай працы». У кіруючы орган (урад) аб’яднання ўваходзілі Л.Рыдлеўскі (старшыня), У.​Шыманец (нам. старшыні), Я.​Сурвіла (сакратар), В.Жук-Грышкевіч, У.​Тамашчык і інш. У 1949—50 у Парыжы выходзіў інфарм. бюлетэнь арганізацыі, які рэдагаваў Рыдлеўскі.

Літ.:

З гісторыяй на «Вы»: Публіцыстыч. арт. Мн., 1994. Вып. 3. С. 48—57, 63.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 15, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРА́НСПАРТНАЯ РАЗВЯЗКА інжынернае збудаванне (або комплекс збудаванняў) на перасячэнні дарог, якое забяспечвае бесперабойны рух трансп. патокаў у розных напрамках. Робіцца ў 2 або некалькіх узроўнях. Пры перасячэнні дарог у адным узроўні звычайна ў вузле перасячэння робяць кальцавое разгалінаванне.

Адрозніваюць Т.р. поўную (забяспечвае неперарыўны рух без перасячэнняў траекторый аўтамабіляў) і няпоўную (на асобных участках планіроўкі развязкі ёсць перасячэнні траекторый у адным узроўні). У сістэму Т.р. ўваходзяць штучныя збудаванні (пуцеправоды, тунэлі, насыпы, выемкі і інш.).

На Беларусі найб. пашырэнне набылі Т.р. пры перасячэнні 2 напрамкаў дарог у розных узроўнях у выглядзе канюшынавага ліста.

С.​В.​Багдановіч.

Транспартныя развязкі: 1 — схема перасячэння па тыпе канюшынавага ліста; 2 — Т-падобны тып прымыкання; 3 — кальцавы тып разгалінавання; 4 — перасячэнне «канюшынавы ліст».

т. 15, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРЫГЛІ́Ф (грэч. triglóphōs ад tri- у складаных словах — тры + glyphō рэжу) у архітэктуры, прамавугольная, крыху выцягнутая па вертыкалі пліта з некалькімі жалабкамі. Звычайна Т. размяшчаюцца па восях калон і інтэркалумніяў, на канцах фрыза па вуглах будынка; у выніку чаргавання з метопамі ўтвараюць фрыз у дарычным ордэры. Т. ў камені ўяўляюць сабой арнаментаваныя тарцы бэлек першапачатковага драўлянага перакрыцця. Вядомы ў драўлянай архітэктуры Стараж. Грэцыі. У бел. архітэктуры Т. найб. характэрны для збудаванняў стыляў класіцызму і ампіру (Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор). У некат. будынках Т. пад уплывам мясц. нар. традыцый адрозніваўся ад класічнай першаасновы і набываў своеасаблівую трактоўку (Пінскі палац). Матывы дарычных фрызаў з Т. выкарыстаны ў архітэктуры 1950-х г. (порцікі-лоджыі паміж дамамі на пл. Перамогі ў Мінску).

Трыгліф.

т. 15, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЫ́ГЕЛЬ (ням. Tiegel),

1) пасудзіна для плаўлення, варкі ці награвання розных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца, напр., для плаўлення металаў і сплаваў у газавым ці вадкім асяроддзі зададзенага саставу (гл. Горан, Тыгельная плаўка металаў). У залежнасці ад т-ры апрацоўкі і хім. уласцівасцей матэрыялаў, што апрацоўваюцца, Т. вырабляюць з металаў (чыгуну, гарачатрывалых сталей і сплаваў, плаціны і інш.), графіту, фарфору ці вогнетрывалых матэрыялаў. Форма Т. пераважна круглая (у папярочным сячэнні) і звужаная ўнізе. Прамысл. печы з Т., у якіх плавяць, вараць ці награваюць матэрыялы (вырабы), наз. тыгельнымі печамі.

2) Т. у паліграфіі — масіўная метал. пліта для прыціскання паперы ці інш. матэрыялу да друкарскай формы, напр., у машынах высокага друку. Для выраўноўвання ціску на Т. замацоўваецца спец. пругкая пласціна (дэкель).

т. 16, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЗГАРА́ННЕ, загаранне,

узнікненне полымнага гарэння пад уздзеяннем крыніцы запальвання (полымя, іскра, эл. разрад, нагрэтая паверхня і да т.п.).

Характарызуецца т-рай У. — найніжэйшай т-рай, пры якой у стандартных умовах выпрабаванняў над паверхняй гаручага рэчыва ўтвараецца (у выніку выпарэння вадкасці або газіфікацыі цвёрдага рэчыва) пара (газ) у дастатковай для ўстойлівага дыфузійнага гарэння колькасці; У. гаручых газаў вызначаецца саставам газавай сумесі і тыпам крыніцы запальвання. Т-ра У. (tузг.) істотна (на сотні градусаў) адрозніваецца ад т-ры самаўзгарання (tсамаўзг.), якая характарызуе ўзнікненне гарэння ў адсутнасці крыніцы запальвання (напр., для ацэтону tузг. -9 °C, tсамаўзг., 465 °C, для уайт-спірыту -17 °C і 260 °C адпаведна).

Літ.:

Монахов В.Т. Методы исследования пожарной опасности веществ. 2 изд. М., 1979.

т. 16, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЯ́ЖА,

рака ў Мінскім і Смалявіцкім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Гайна (бас. р. Дняпро). Даўж. 45 км, пл. вадазбору 473 км². Пачынаецца з вадасх. Астрашыцкі Гарадок у Мінскім р-не. У вярхоўі цячэ па паўд.-ўсх. схілах Мінскага ўзв., у нізоўі — па Верхнебярэзінскай нізіне. Вусце за 3 км на ПнУ ад в. Юр’ева Смалявіцкага р-на. Асн. прытокі: Дуброўка, Дзяражанка (злева) і Домелька (справа). Даліна ў верхнім і сярэднім цячэнні трапецападобная (шыр. 0,5—2 км), у ніжнім невыразная. Пойма ў верхнім і сярэднім цячэнні высокая, лугавая (шыр. 0,2—1 км), у ніжнім амаль поўнасцю асушаная (шыр. ад 1,5 да 5 км). Рэчышча на працягу 6,1 км каналізаванае. Сярэдні гадавы расход вады ў вусці 3,2 м³/с. На У. вадасх. Дубраўскае.

т. 16, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЭ́СТ (West) Бенджамін (10.10.1738, г. Спрынгфілд, штат Пенсільванія, ЗША — 11.3.1820),

амерыканскі мастак. Першапачаткова працаваў у Філадэльфіі і Нью-Йорку як акварэліст, рысавальшчык і жывапісец-пейзажыст. У 1760—63 падарожнічаў па Італіі. З 1763 пастаянна працаваў у Лондане, з 1792 — прэзідэнт Каралеўскай АМ. У партрэтах парадная прадстаўнічасць нярэдка спалучаецца з рэаліст. дакладнасцю вобразаў: партрэт палкоўніка Г.​Джонсана (каля 1775—76). Яго гіст. кампазіцыям («Смерць генерала Вулфа», каля 1770; «Дамова У.​Пэна з індзейцамі», 1772; «Смерць на белым кані», 1796), пабудаваным па тыповых для класіцызму 18 ст. кампазіцыйных схемах, уласцівы імкненне да верагоднасці ў перадачы падзеі і адначасова да этнагр. дакладнасці дэталей. Творчасць У. адыграла значную ролю ў станаўленні прафес. выяўл. мастацтва ў ЗША.

Б.Уэст. Смерць на белым кані. 1796.

т. 16, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)