крышталеграфічная сістэма, сукупнасць крышталёў, элементарныя ячэйкі якіх характарызуюцца аднолькавымі сіметрыяй крышталёў і крышталеграфічнай сістэмай восей каардынат. Паводле суадносін паміж даўжынямі рэбраў (a, b, c) і вугламі (α, β, γ), ячэйкі адрозніваюць 7 С. (32 віды сіметрыі): кубічная (a=b=c, α=β=γ=90°), мае 5 відаў (груп, класаў) сіметрыі; тэтраганальная (а=b≠с, α=β=γ=90°), 7 відаў; гексаганальная (a=b≠c, α=β=90°, γ=120°), 7 відаў; трыганальная (a=b=c, α=β=γ≠90°), 5 відаў; рамбічная (a≠b≠c, α=β=γ=90°), 3 віды; манаклінная (a≠b≠c, α=γ=90°, β≠90°), 3 віды; трыклінная (a≠b≠c, α≠β≠γ≠90°), 2 віды сіметрыі. Часам вылучаюць 2 падсінганіі гексаганальнай С. — трыганальную і гексаганальную. С. групуюцца ў 3 катэгорыі: вышэйшая (кубічная), сярэдняя (тэтраганальная, гексаганальная, трыганальная) і ніжэйшая (рамбічная, манаклінная, трыклінная). Крышталі ніжэйшай катэгорыі найменш сіметрычныя, характарызуюцца некалькімі адзінкавымі напрамкамі (не менш за 3). сярэдняй — адным адзінкавым напрамкам, вышэйшай — найб. сіметрычныя, не маюць адзінкавых напрамкаў. З дапамогай С. вызначаюць мінералы і інш.крышт. рэчывы. Каля 38% мінералаў крышталізуюцца ў трыкліннай і манакліннай, 23% — у рамбічнай, 10% — у трыганальнай, 7,5% — у гексаганальнай, 9,5% — у тэтраганальнай, 12% — у кубічнай сінганіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕРУ́Н (англ. Cameroon, франц. Cameroun),
Рэспубліка Камерун (англ. Republic of Cameroon, франц. République du Cameroun), дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы. На З абмываецца водамі зал. Біяфра (ч. Гвінейскага зал.) Атлантычнага ак. Мяжуе на ПнЗз Нігерыяй, на Пн і ПнУз Чадам, на Уз Цэнтральнаафр. Рэспублікай, на Пдз Конга, Габонам і Экватарыяльнай Гвінеяй. Пл. 475,4 тыс.км². Нас. 14677,5 тыс.чал. (1997). Дзярж. мовы — англ. і французская. Сталіца — г.Яўндэ. Падзяляецца на 10 правінцый. Нац. свята — Дзень абвяшчэння рэспублікі (20 мая).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1996. Кіраўнік дзяржавы і ўрада — прэзідэнт, якога выбірае насельніцтва тэрмінам на 5 гадоў. Заканад. ўлада належыць прэзідэнту і аднапалатнаму Нац. сходу (180 дэпутатаў, выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў). Выканаўчы орган — Кабінет міністраў на чале з прэм’ер-міністрам, назначаецца прэзідэнтам. На чале правінцый стаяць губернатары, якіх таксама назначае прэзідэнт.
Прырода. Берагі зал. Біяфра на Пн плоскія, з шырокімі эстуарыямі, на Пд скалістыя. Уздоўж узбярэжжа — нізіна шыр. да 150 кмз ізаляваным вулканічным масівам Камерун (выш. да 4070 м). Цэнтр.ч. займае плато Адамава выш. 1000—1500 мз конусамі патухлых вулканаў (выш. да 3008 м). Упадзіна Бенуэ аддзяляе нагор’і ад размешчаных на Пн гор Мандара (выш. да 1494 м). На ПнУ — алювіяльныя раўніны ўпадзіны воз. Чад. Большая ч. К. размешчана ў межах выступу Афр. платформы — шчыта Ядэ, складзенага з гнейсаў, крышт. сланцаў і гранітаў архею, кварцытаў і метавулканітаў ніжняга пратэразою. Карысныя выкапні: баксіты (запасы 1435 млн.т, 1993), жал. руда (240 млн.т), прыродны газ (110 млрд.м³), нафта (71 млн.т). Ёсць радовішчы руд волава, тытану, марганцу, медзі, свінцу, цынку, вальфраму, малібдэну, урану, золата, алмазаў. Клімат на Пд экватарыяльны, на Пн экватарыяльна-мусонны. Сярэдняя месячная т-ра ад 22 да 28 °C. Гадавая колькасць ападкаў у раёне воз. Чад 300—500 мм, ва ўнутр. раёнах 1500—2000 мм, на ўзбярэжжы больш за 3000 мм, на схілах масіву Камерун да 10 000 мм (самы вільготны раён Афрыкі). Рачная сетка густая і мнагаводная, рэкі багатыя гідраэнергіяй. Гал. рака — Санага. Каля 40% тэрыторыі займаюць лясы. На Пд вільготныя вечназялёныя экватарыяльныя лясы, якія на Пн пераходзяць у саванну, на ўзбярэжжы — мангравыя зараснікі. Глебы чырвоныя фералітныя, чырвона-бурыя і чорныя трапічныя. Жывёльны свет разнастайны. У лясах жывуць малпы (камерунская гарыла, шымпанзэ, бабуін); водзяцца афр. сланы, бегемоты, кракадзілы; шмат птушак (больш за 750 відаў), паўзуноў. У саваннах капытныя жывёлы (буйвалы, насарогі, антылопы, жырафы) і драпежнікі (львы, гепарды, леапарды). У прыбярэжных водах шмат рыбы, крабаў, крэветак, лангустаў. Нац. паркі (Бенуэ, Бубанджыда, Ваза) і запаведнікі (Бафія, Джа, Дуала-Эдэа, Кампа і інш.).
Насельніцтва. Большая ч. насельніцтва належыць да народаў, якія размаўляюць на нігера-кангалезскіх мовах. На Пд жывуць народы фанг, бамілеке, мака, дуала і інш.; у лясах на ПдУ — пігмеі бінга, ка і кола; у цэнтр. частцы — чамба, мбуле, гбайя, на Пн — вандала, маса, мусгу, бура і інш. Каля 51% насельніцтва трымаюцца традыц. вераванняў, 33% — хрысціяне, 16% — мусульмане. Сярэдняя шчыльн. 30,9 чал. на 1 км². Найб. заселены зах. і паўд.-зах. раёны краіны. Гар. насельніцтва 46%. Найб. гарады (тыс.ж.): Дуала — 1320, Яўндэ — 1119 (1996), Гаруа — 160, Маруа — 140, Бафусам — 120 (1992). У сельскай гаспадарцы занята 74%, у прам-сці — 11 % працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Археалагічнымі даследаваннямі на Пн К. выяўлены рэшткі матэрыяльнай культуры сярэдняга і верхняга палеаліту. У 8—15 ст.паўн. землі К. ўваходзілі ў склад імперыі Сао. У 16 ст. тут узнік султанат Мандара, у пач. 19 ст. ён заваяваны плямёнамі фульбе, якія ўтварылі некалькі самаст.феад. княстваў — ламідатаў (Маруа, Гаруа, Тыбаты і інш.). У Цэнтр. К. з 17 ст. існавалі дзяржавы Балі (на 3) і Бамум (на У). На Пд К. ў пач. 19 ст. створана дзяржава Дуала. У 1472 у вусці р. Вуры высадзіліся партуг. маракі. У 16—17 ст. галандскія, потым англ., франц. і ням. гандляры заснавалі на ўзбярэжжы К. гандл. факторыі. У 1884 Германія навязала правіцелям узбярэжных раёнаў К. дагавор аб 30-гадовым пратэктараце. У 1-ю сусв. вайну К. акупіраваны франц. і брыт войскамі і падзелены паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (1916). У 1922 Ліга Нацый перадала Усх. К. у мандатнае кіраванне Францыі (90% тэрыторыі), Зах. К. — Вялікабрытаніі. З 1946 абедзве гэтыя часткі падапечныя тэр.ААНз захаваннем кіравання за Францыяй і Вялікабрытаніяй. Уздым нац.-вызв. руху прымусіў кіруючыя дзяржавы правесці тут канстытуцыйныя рэформы.
У 1957 падапечная тэр. К. (франц. кіраванне) абвешчана падапечнай дзяржавай, 1.1.1960 — незалежнай, у сак. 1960 — Рэспублікай К. Першым яе прэзідэнтам выбраны лідэр партыі Камерунскі саюз (засн. ў 1958) А.Ахіджа. Брыт. частка К. ў выніку рэферэндуму 1961 падзелена: Пн далучана да Федэрацыі Нігерыі, Пд — да Рэспублікі К. Была створана Федэратыўная Рэспубліка К. у складзе надзеленых унутр. аўтаноміяй Усходняга і паўд.ч. Заходняга К. Прэзідэнтам стаў Ахіджа. У краіне ўстанавілася аднапарт. сістэма [кіруючая партыя Камерунскі нац. саюз (КНС), засн. ў 1966], Палітыка спалучэння прыватнага, замежнага і дзярж. капіталу з некаторымі элементамі рэгулявання і планавання забяспечыла К. высокія тэмпы эканам. росту. Паступовая уніфікацыя абедзвюх ч. краіны прывяла да стварэння ў выніку рэферэндуму 1972 Аб’яднанай Рэспублікі К. (прынята новая канстытуцыя). У 1982 прэзідэнтам стаў П.Бія. З 1984 краіна наз. Рэспубліка К. У 1985 КНС ператвораны ў Камерунскі нац.дэмакр. рух (КНДР). У снеж. 1990 у краіне ўведзена шматпарт. сістэма. У 1992 на выбарах перамог КНДР, які сфарміраваў кааліцыйны ўрад, на датэрміновых прэзідэнцкіх выбарах — Бія. К. — чл.ААН (з 1961), Арг-цыі афр. адзінства, Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй (з 1995). Дзейнічаюць Дэмакр. аб’яднанне камерунскага народа, Нац. саюз за дэмакратыю і прагрэс, Саюз народаў К., Сацыял.-дэмакр. фронт, Дэмакр. саюз К. і інш. Адзіны прафс. цэнтр — Прафс.арг-цыя працоўных К.
Гаспадарка. К. — агр. краіна, спецыялізуецца на вытв-сці экспартных культур (какава, кава, бананы і інш.). У прам-сці пераважаюць галіны па перапрацоўцы с.-г. сыравіны, лесанарыхтоўчая і дрэваапрацоўчая. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1995 склаў 16,5 млрд.дол. ЗША, па 1200 дол. ЗША на душу насельніцтва. Доля сельскай гаспадаркі ў ВУП — 28%, прам-сці — 25%, сферы паслуг — 47%. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — земляробства. Апрацоўваецца каля 13% тэр. краіны. Гал.харч. культуры: проса, сорга, кукуруза, рыс, маніёк, ямс, бананы, батат, арахіс, агародніна, цукр. трыснёг і інш.Асн. экспартныя культуры: какава (пл. 270 тыс.га, збор 70 тыс.т, 1995), кава (340 тыс.га, 100 тыс.т), бавоўна (каля 300 тыс.га, 170 тыс.т), бананы, каўчук, тытунь, чай, алейная пальма. Жывёлагадоўля качавога і паўкачавога кірунку, пераважна на Пн і З краіны. Гадуюць (млн. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлу — 4,9, авечак — 3,8, коз — 3,8, свіней — 1,4. Улоў рыбы ва ўнутр. вадаёмах і прыбярэжных водах у 1993 склаў 80 тыс.т. К. — пастаўшчык на сусв. рынак каштоўнай драўніны жал., чырв., эбенавага, жоўтага і інш. дрэў. Штогод нарыхтоўваецца каля 2 млн.м³ драўніны. Прамысловасць не атрымала значнага развіцця. Здабываюць нафту (каля 8 млн.т, 1995), волава, золата, кіяніт, мармур і інш.Вытв-сць электраэнергіі 2,7 млрд.кВт∙гадз (1995), пераважна на ГЭС (на р. Санага). Буйныя ЦЭС у гарадах Яўндэ і Гаруа. З галін апрацоўчай прам-сці найб. развіта харч. (перапрацоўка зярнят какавы, ачыстка кавы, алейная, піваварная, мукамольная, цукр., чайная; асн. цэнтры: Яўндэ, Дуала, Эдэа, Гаруа, Маруа, Нкангсамба, Дыбамбары, Мбанджок, Бафусам, Нду). Да традыц. галін належыць дрэваапр.прам-сць (вытв-сць піламатэрыялаў, аднаслойнай фанеры, мэблі, запалак, паркету, цэлюлозна-папяровая); асн. прадпрыемствы ў Белаба, Яўндэ, Дуала, Дымака, Мбальмайо, Эсека, Эдэа. З галін лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. (Дуала, Гаруа, Маруа, Каэле) і гарбарна-абутковая (Нгаўндэрэ, Дуала). Есць прадпрыемствы па першаснай апрацоўцы латэксу (Тыка, Дызанге), вытв-сці буд. матэрыялаў (Дуала, Фігіль), мінер. угнаенняў (Дуала). У г. Эдэа на гліназёме з Гвінеі працуе алюмініевы з-д. Маш.-буд. і металаапр.прам-сць (вытв-сць металаканструкцый і пракату, ручнога с.-г. інвентару, зборка легкавых аўтамабіляў, радыёапаратуры, электратэхн. прыбораў) размешчана ў Дуале і Яўндэ, нафтаперапр.з-д — каля г. Лімбэ. Большая ч.ўнутр. перавозак К. прыпадае на чыгунку. Даўж. чыгункі 1175 км, аўтадарог 64,5 тыс.км. 90 тыс. легкавых і 79 тыс. грузавых аўтамабіляў. Марскія парты: Дуала (каля 90% усяго грузаабароту, краіны), Крыбі, партовы комплекс Тыка—Лімбэ—Бата, Кампа (вываз драўніны). Рачны порт Гаруа. Экспарт 1,2 млрд.дол. ЗША (1994): какава, драўніна, алюміній, бананы, каўчук, абутак. Імпарт 810 млн.дол. ЗША (1994): абсталяванне, аўтамабілі, нафтапрадукты, быт. тэхніка, харч. прадукты. Асн.гандл. партнёры: Францыя, інш. краіны ЕС, ЗША. Грашовая адзінка — камерунскі франк.
Літаратура. Вытокі л-ры К. ў багатым нар. фальклоры. У пач. 20 ст. склалася арыгінальная пісьменнасць у народа бамум (заснавальнік — правіцель дзяржавы султан Нджоя); на ёй складзены 3 кнігі: гісторыя дзяржавы Бамум, мед. і рэліг. трактаты. Далейшага развіцця гэта пісьменнасць не атрымала. У 1930-я г. з’явіліся творы на мясц. мовах. Сучасная л-ра К. ствараецца пераважна на франц. мове, у меншай ступені на англійскай. Першыя творы на франц. мове адносяцца да 1920-х г. (запісы фальклору, этнагр. нататкі); найб. вядомы пісьменнік І.Мумэ-Этыа. Станаўленне л-ры пачалося ў 1950-я г. — перыяд узбр. супраціўлення каланізатарам. Вастрыня паліт. сітуацыі, усенар. характар барацьбы надавалі паэзіі і прозе рысы грамадзянскасці. Найб. вылучаецца творчасць паэта Э.Эпанья-Іандо (зб. «Камерун! Камерун!», 1960), цесна звязаная знар. песеннай традыцыяй. У прозе гал. месца заняў сац. раман, накіраваны супраць каланіялізму і аджылых норм патрыярхальнага грамадства (Б.Матып, М.Беці, Ф.Аяно). У 1960-я г.
зарадзілася навела (Р.Філамбэ, Г.Аяно-Мбіа), якая прадоўжыла традыцыі сац.быт. рамана. Разам з асветніцкімі (Філамбэ, Ж.Ж.Макто) і сац.-крытычнымі (Р.Меду Мвамо, П.Ндэдзі-Пенда) тэндэнцыямі прасочваюцца рысы рамант. ідэалізацыі традыц. ўкладу афр. краін (Ф.Бебей). Значных поспехаў дасягнула драматургія (сац.-быт. камедыі Аяно-Мбіа). Найб. вядомы паэт. твор — лірыка-філас. цыкл С.М.Эно-Белінга «Негрыцянскія маскі» (1972).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На Пн краіны выяўлены стараж., выбітыя на скалах, геам. і стылізаваныя выявы жывёл. Традыцыйныя пабудовы — круглыя і прамавугольныя ў плане хаціны з гліны, каменю, бамбуку на драўляным каркасе з канічнымі саламянымі дахамі і конусападобнае жыллё (выш. 6—8 м), вылепленае з гліны. Уваход і сцены ўнутры аздаблялі паліхромным геам. арнаментам. Звонку для аховы ад дажджу рабілі трохвугольныя рубцы, якія складалі своеасаблівы пластычны ўзор. У канцы 19 ст. ўзніклі гарады (Яўндэ, Дуала) з забудовай у духу араб. і еўрап. архітэктуры. З 1950—60-х г. узводзіліся будынкі ў сучасным стылі (арх. Нгодэ, Н.Колінс). Пашыраны разьба па дрэве (мэбля, аздобленая антрапа- і зааморфнымі кампазіцыямі; культавыя слупападобныя статуэткі, ярка размаляваныя і ўпрыгожаныя ракавінамі, бранзалетамі, каралямі, кавалачкамі металу і шкла), кераміка, вышыўка, ліццё з бронзы і інш. Пашыраны выраб масак з цэлага кавалка дрэва, абцягнутых скурай і ярка размаляваных, са скажонымі, экспрэсіўнымі рысамі і сакавітай разьбой. Фарміруецца нац.маст. школа (жывапісцы і скульптары Абасола, Кенфак, Мпанда і інш.).
Літ.:
Ляховская Н.Д. Литература Камеруна // Развитие литературы в независимых странах Африки (60—70-е гг. XX в.). М., 1980.
В.М.Сасноўскі (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.У.Адзярыха (гісторыя).
Герб і сцяг Камеруна.Да арт.Камерун. Горад Дуала.Да арт.Камерун. Краявід на поўначы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛІЗКАЎСХО́ДНІ КАНФЛІ́КТ,
ваеннае і палітычнае проціборства на рэгіянальным узроўні Ізраіля зараб. краінамі і Арганізацыяй вызвалення Палесціны (АВП). На глабальным узроўні — паміж ЗША, што падтрымлівалі Ізраіль, і СССР (да 1991), які дапамагаў дружалюбным яму араб. рэжымам. Бярэ пачатак ад утварэння Ізраільскай дзяржавы (1948). У аснове канфлікту палесцінская праблема і ўзаемаадносіны Ізраіля і араб. краін (гл.Араба-ізраільская вайна 1948—49, Ізраільска-арабскія войны). Праблема вяртання акупіраваных ізраільцянамі тэрыторый (Сінайскі п-аў, сектар Газа, Галанскія вышыні, Зах. бераг р. Іардан, частка г. Іерусалім) і барацьба палесцінцаў (у т. л. тэрарыстычныя акцыі) за стварэнне ўласнай дзяржавы зрабілі Б. Усход асяродкам самага працяглага канфлікту ў сусв. палітыцы. Пры пасрэдніцтве ЗША першым крокам да міру з’явіліся Кэмп-Дэвідскія пагадненні паміж Егіптам і Ізраілем (1979). Да 1993 па праблеме Блізкаўсходняга канфлікту ішла дыпламат. барацьба, у ходзе якой Ізраіль прызнаў АВП адзіным прадстаўніком араб. народа Палесціны, а АВП прызнала Ізраіль як дзяржаву. 13.9.1993 у Вашынгтоне бакі падпісалі мірны дагавор і палесцінцы атрымалі права на самакіраванне ў сектары Газа і гарадах Іерыхон і Віфлеем. 26.10.1994 падпісаны мірны дагавор паміж Ізраілем і Іарданіяй. У чэрв. 1995 пачаліся перагаворы паміж Ізраілем і Сірыяй па праблеме вываду ізраільскіх войскаў з Галанскіх вышыняў. Гал. перашкодай на шляху да канчатковага ўрэгулявання Блізкаўсходняга канфлікту з’яўляецца дзейнасць экстрэмісцкіх сіл як у Палесцінскім руху супраціўлення (ХАМАС і інш. арг-цыі), так і ўнутры ізраільскага грамадства (забойства прэм’ер-міністра І.Рабіна ў ліст. 1995).
А.А.Чалядзінскі.
Да арт.Блізкаўсходні канфлікт. У час падпісання пагаднення ў Вашынгтоне. 1993. Злева направа: І.Рабін, Б.Клінтан, Я.Арафат.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБМЕЖАВА́ЛЬНЫЯ ЗАКО́НЫпа землеўладанні і землекарыстанні,
сукупнасць расійскіх нарматыўных актаў па абмежаванні маёмасных правоў насельніцтва Беларусі, Літвы і Правабярэжнай Украіны ў канцы 18 — пач. 20 ст. ў сферы землеўладання і землекарыстання. Пасля далучэння гэтых тэрыторый да Рас. імперыі канфіскоўваліся маёнткі памешчыкаў, якія адмовіліся прысягаць расійскім імператарам, землі ўдзельнікаў паўстання 1794, 1830—31, 1863—64 падлягалі і секвестру (у гэтым выпадку ўладальнік павінен быў прадаць зямлю або абмяняць яе на маёнтак ва ўнутраных раёнах Расіі). У 1864—65 набываць зямлю (за выключэннем пераходу па спадчыне) і ўступаць у землекарыстанне было забаронена «асобам польскага паходжання» і яўрэям. У 1860—1-й пал. 1870-х г. канфіскаваны або секвестраваны сотні зямельных участкаў ваколічнай шляхты. У 1882 у сельскай мясцовасці мяжы аселасці яўрэям забаронена арандаваць, браць у заклад ці кіраванне зямельную маёмасць усіх відаў. У 1884 аналагічны закон прыняты да «асоб польскага паходжання». З 1887 на Беларусі (апрача Магілёўскай губ.) права куплі зямлі пазбаўлены іншаземцы. У канцы 1860-х—80-я г. пэўныя абмежаванні ўведзены і для сялян (напр., яны маглі купляць канфіскаваныя або секвестраваныя маёнткі толькі цалкам). У выніку абмежавальных законаў плошча зямель мясц. памешчыкаў на Беларусі паменшылася з 7,5 млн.дзес. (78,4%) да 4,1 млн.дзес. (42,4%). Пад уплывам рэв. руху ў пач. 20 ст. шэраг абмежавальныя законы скасаваны, астатнія праіснавалі да 1917.
Літ.:
Громачевский С.Г. Ограничительные законы по землевладению в Западном крае с мотивами и разъяснениями. Спб., 1892;
Жукович П.И. О русском землевладении в Северо-Западном крае со времени присоединения его к России. Спб., 1895.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛАВЫ́ ЎНУ́ТРАНЫ ПРАДУ́КТ (ВУП),
абагульняльны эканам. і статыст. паказчык, які адлюстроўвае сукупную вартасць канчатковых тавараў і паслуг, вырабленых на тэр. краіны, у дзеючых рыначных цэнах без уліку сальда плацежнага балансу. Уваходзіць у сістэму нацыянальных рахункаў. Вызначаецца па методыцы ААН, у бягучых і пастаянных цэнах. Яго даходы, як і валавога нац. даходу, — гэта сума заработнай платы ўсіх наёмных работнікаў (да выплаты падаткаў), рэнтных плацяжоў, працэнтаў па пазыках, амартызацыйных адлічэнняў, прыбытку фірмаў, карпарацый і асобных прадпрыемстваў, даходаў ад індывід.прац. дзейнасці, даходаў творчых, навук. і інш. работнікаў, ускосных падаткаў на бізнес. У матэрыяльна-рэчыўнай форме ВУП — сукупнасць вырабленых у краіне тавараў і паслуг, якія на працягу года выкарыстоўваюцца на спажыванне і накапленне. Падлічваецца ВУП у маштабе краіны ў разліку на душу насельніцтва, што дае магчымасць параўноўваць асобныя краіны і рэгіёны па ўзроўні сац.-эканам. развіцця. Важнае значэнне мае і структура выкарыстання ВУП: якая яго доля на якія мэты затрачваецца — на харчаванне, адукацыю, ахову здароўя, навуку і культуру, кіраванне, ваен. і інш. Такія паказчыкі адлюстроўваюць узровень жыцця ў пэўнай краіне і характар яе сац. палітыкі. На Беларусі ў сувязі з крызісам у пераходны да рыначнай эканомікі перыяд агульны аб’ём вытв-сці ВУП змяншаецца. У разліку на душу насельніцтва Беларусь адносіцца да групы краін, дзе гэты паказчык ніжэйшы за сярэдні. Істотныя змены адбываюцца і ў структуры ВУП. Доля расходаў на канчатковае спажыванне ў 1994 склала 84,4%, у 1995 — 71,9 (з іх адпаведна на дамашнюю гаспадарку 56,5 і 50,5, на дзярж. кіраванне 21,3 і 21,9%, на валавыя накапленні 28,9 і 25,2%).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (англ. Democratic Party),
адна з дзвюх асноўных паліт. партый у ЗША. Утворана ў 1828 прыхільнікамі кандыдата ў прэзідэнты ЗША Э.Джэксана як пераемніца антыфедэралістаў і Дэмакр.-рэсп. партыі Т.Джэферсана. Да сярэдзіны 19 ст. абапіралася пераважна на саюз дробных фермераў і заможных плантатараў-рабаўладальнікаў, выступала за дэмакратызацыю выбарчай сістэмы, абмежаванне ўлады Нац. банка ЗША, легалізацыю дзейнасці рабочых арг-цый, захаванне сістэмы рабства неграў, актыўную знешнюю палітыку. У грамадз. вайну 1861—65 падтрымлівала мяцежныя паўд. (рабаўладальніцкія) штаты. У 2-й пал. 19—20 ст. эвалюцыя праграмных установак партыі ішла ў кансерватыўна-ліберальным кірунку, пашырылася яе сац. база. Прэзідэнты ЗША ад Д.п. ўзначальвалі ўладу ў 1829—41 (Э.Джэксан і М.Ван Бурэн), 1845—49 (Дж.Н.Полк), 1853—61 (Ф.Пірс і Дж.Б’юкенен), 1885—89 і 1893—97 (С.Г.Кліўленд), 1913—21 (Т.В.Вільсан), 1933—53 (Ф.Д.Рузвельт і Г.Трумэн), 1961—69 (Дж.Ф.Кенэдзі і Л.Б.Джонсан), 1977—81 (Дж.Э.Картэр) і з 1993 (У.Дж.Клінтан). Партыя не мае пастаяннага членства, яе лідэр — дзеючы або былы прэзідэнт ЗША ці кандыдат у прэзідэнты. Раз у 4 гады склікаецца парт. з’езд, які прымае праграму, выбірае кандыдатаў на пасады прэзідэнта і віцэ-прэзідэнта ЗША; паміж з’ездамі парт. дзейнасць каардынуе Нац.к-т (штаб-кватэра ў Вашынгтоне). Сімвал Д.п. — выява асла.
Літ.:
Романова Н.Х. Реформы Э.Джексона, 1829—1837. М., 1988;
Галкин И.В. На пути в Белый дом: из истории дем. партии США (1920-е—1933 rr.). М., 1991;
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США, 1933—1952. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭНАЦЫЯНАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + нацыяналізацыя),
1) у сац.-эканам. і паліт. сэнсе — пераўтварэнне дзярж. (нац.) уласнасці, якая ўзнікла ў выніку нацыяналізацыі, у прыватную, каап., калект., акцыянерную або змешаную. Стала асн. зместам сац.-эканам. пераўтварэння ў час т. зв. першай хвалі лібералізму і свабоднага гандлю ў краінах Зах. Еўропы, ЗША, Японіі ў канцы 19 — пач. 20 ст. і новай хвалі лібералізму і рэфармавання эканомікі, якая пачалася ў пачатку 1980-х г. і ахапіла фактычна ўвесь свет. У 1950-я г. праводзілася звычайна шляхам продажу дзярж. уласнасці (прамысл. прадпрыемстваў, зямельных участкаў, акцый і інш.) або распродажу часткі акцый дзярж. кампаній, калі дзярж. ўласнасць ператваралася ў змешаную дзярж.-прыватную ўласнасць. Спецыфічнымі формамі Д. быў распродаж дзярж. прадпрыемстваў, пабудаваных за кошт дзяржавы, у час 2-й сусв. вайны, продаж акцый рабочым і служачым дзярж. прадпрыемстваў (ЗША, Германія, Італія, Бельгія і інш.). У Вялікабрытаніі, Францыі і інш. краінах звычайна ўжываецца ў адносінах да часткі нацыяналізаваных галін нар. гаспадаркі (прамысловасць, банкі, транспарт, сувязь і г.д.). З 2-й пал. 1980 — пач. 90-х г. Д. стала найб. важнай умовай фарміравання асноў эканам. свабоды грамадзян, пераадолення манапалізму і стварэння канкурэнтнага асяроддзя для эфектыўнага функцыянавання эканомікі ў краінах Лац. Амерыкі, Паўд.-Усх. Азіі, Цэнтр. і Усх. Еўропы і інш.
У адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь «Аб раздзяржаўленні і прыватызацыі дзяржаўнай уласнасці ў Рэспубліцы Беларусь» (1993) Д. ажыццяўляецца шляхам бязвыплатнай перадачы або продажу дзярж. або муніцыпальнай уласнасці калектывам, замежным фірмам, прыватным асобам (гл. таксама Прыватызацыя, Раздзяржаўленне).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЬДЭРО́Н ДЭ ЛА БА́РКА, Кальдэрон дэ ла Барка Энао дэ ла Барэда-і-Рыяньё (Calderón de la Barca Henao de la Barreda y Riaño) Педра (17.1.1600, Мадрыд — 25.5.1681), іспанскі драматург, буйнейшы прадстаўнік барока. Вучыўся ва ун-тах Алькала дэ Энарэс і Саламанкскім. У 1620-я г.гал. пастаўшчык п’ес для Каралеўскага Мадрыдскага т-ра. У 1651 прыняў духоўны сан. Аўтар 120 свецкіх п’ес, 78 аўта (рэліг.-містычных алегорый), 20 інтэрмедый. У «камедыях плашча і шпагі» праблемы ілюзорнасці і ірацыянальнасці быцця, залежнасці лёсу чалавека ад непадуладных розуму сіл: «З каханнем не жартуюць» (1627?), «Дама-прывід» або «Дама-невідзімка», «Дом з двума выхадамі цяжка ахоўваць» (абедзве 1629), «Сам у сябе пад вартай» (1636) і інш. У «драмах гонару» («Лекар свайго гонару», 1635, «Саламейскі алькальд», 1640—45) выклаў пазасаслоўную канцэпцыю гонару, які раўназначны жыццю, абараняў годнасць простага чалавека. У рэліг.-філас. драмах імкнуўся да раскрыцця глабальных тэм праз абагульненыя сімвалічныя сітуацыі і вобразы, узнімаў складаныя праблемы чалавечага існавання, свабоды выбару і знешняй несвабоды, наканаванасці лёсу і адказнасці чалавека за пройдзены шлях: «Стойкі прынц» (1628—29, выд. 1636), «Пакланенне крыжу» (1630—32, выд. 1636), «Жыццё ёсць сон» (1631—32, выд. 1636). «Чысцілішча святога Патрыка» (1634, выд. 1636). П’есы К. адметныя складанай метафарычнасцю і эмблематычнасцю стылю.
Тв.:
Рус.пер. — Пьесы. Кн. 1—2. М., 1961;
Драмы. Кн. 1—2. М., 1989.
Літ.:
Кальдерон и мировая культура. Л., 1986;
Разумовская М.В., Синило Г.В., Солодовников С.В. Литература XVII—XVIII вв. Мн., 1989. С. 26—33.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),
адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.
Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 1011 —1019кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 107км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл.Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.Галей (гл.Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.А.Брадзіхін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,
майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.
Ян (сапр.Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.К.Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.
Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.