МАДЖА́РСКІЯ, Мажарскія, Мадзьярскія,

майстры-ткачы 18 — пач. 19 ст.; бацька і сын. Арандатары Слуцкай ф-кі кн. Радзівілаў, на якой вырабляліся слуцкія паясы.

Ян (сапр. Маджаранц Аванес; 1-я пал. 18 ст., Стамбул — каля 1800), кіраўнік Нясвіжскай мануфактуры шаўковых паясоў і Слуцкай мануфактуры шаўковых паясоў, мастак-картаньер, ткач. Сын венгра і армянкі. Ткацкаму рамяству вучыўся ў Стамбуле. У Рэч Паспалітую прыехаў да 1757. Спачатку жыў у Станіславе (цяпер г. Івана-Франкоўск, Украіна). У 1758 запрошаны М.К.Радзівілам Рыбанькам у Нясвіж. У 1761 уцёк у Броды, дзе быў адшуканы і вернуты назад. Каля 1767 пераехаў у Слуцк, наладзіў мануфактуру, на якой у тым жа годзе выпусціў больш за 200 паясоў. Распрацаваў асн. тыпы дэкору канцоў паясоў: «карумфілевыя», «сухарыкавыя», «вянкова-медальённыя» і інш. Вырабленыя ў перыяд яго кіраўніцтва паясы пазначаны меткамі: у 1767—76 — Sluck, Me fecit/ Sluciae, Me fecit/ Slutiae, y 1776—80 — Me fecit/ sluciae Joannes Madzarski. Каля 1780 перадаў пасаду сыну Лявону. Апошнія звесткі датуюцца 1796.

Лявон (каля 1740—1811), мастак-тэкстыльшчык і ткач. Ткацкай справе вучыўся ў бацькі. Каля 1780 стаў кіраўніком і арандатарам Слуцкай мануфактуры. Стварыў новую сістэму дэкар. аздаблення сярэдніх частак паясоў са складанай арнаменталізацыяй і яркай шматколернасцю і т.зв. «пазітыўкі» — сярэбрана-зялёныя паясы з аздабленнем канцоў гербамі ВКЛ. У 1780—1807 паясы пазначаў меткамі СЛУЦК, ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ ЛЕО МА/ЖАРСКІЙ ВЪ ГРАДЕ/СЛУЦКЕ. У канцы 1790 набілітаваны, у 1791 атрымаў герб «Дар». З 1792 ротмістр Навагрудскага ваяводства і каралеўскі камергер. У 1807 адмовіўся ад арэнды мануфактуры. Пахаваны ў Слуцкім касцёле бернардзінцаў.

І.М.Каранеўская.

т. 9, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)