КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),

адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.

Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 10​11 —10​19 кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 10​7 км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл. Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.Галей (гл. Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.А.Брадзіхін.

Літ.:

Томита К. Беседы о кометах: Пер. с яп. М., 1982.

Камета Х’якутакі (год назірання 1996).
Камета Хейла-Бопа (год назірання 1997).

А.А.Шымбалёў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)