род базідыяльных грыбоў сям. дажджавіковых. 35 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца 3 віды. Найб. вядомыя галавач мешкападобны (Calvatia utriformis) і гіганцкі (Calvatia gigantea). Глебавыя сапратрофы. Растуць асобнымі экзэмплярамі і групамі пераважна на лугах і пашах. Пладовыя целы з’яўляюцца летам і восенню.
Пладовыя целы наземныя, розных памераў (ад 5 да 60 см), авальныя, шарападобныя, грушападобныя, плаўна пераходзяць да асновы ў баразнаватую ножку. У асобных відаў пладовае цела сядзячае. Мякаць белая з прыемным пахам і смакам, складаецца з камер, з узростам распыльваецца на споры і капіліцый. Маладыя грыбы ядомыя. Некаторыя віды маюць біялагічна актыўнае рэчыва кальвацын.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКА (Corvus monedula),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі (акрамя паўн. і паўд. раёнаў), Паўн.-Зах. Афрыцы. Селіцца ў парках, гаях з дуплаватымі дрэвамі, расколінах скал, норах берагавых абрываў, пабудовах і інш. Больш шматлікая ў антрапагенных ландшафтах. На Беларусі пашыраны падвід галка звычайная (Corvus monedula monedula), трапляецца ўсюды.
Даўж.цела да 36 ем, маса да 250 г. Апярэнне чорнае, на галаве, хвасце і крылах з пурпурова-сінім метал. бляскам. Шыя шэрая. Дзюба кароткая. Корміцца расліннай і жывёльнай ежай: дажджавымі чарвямі, павукамі, жукамі, вусенямі матылёў, насеннем збожжавых, харчовымі рэшткамі і адкідамі. Знішчае шмат насякомых-шкоднікаў. Гняздуецца калоніямі паблізу і ў населеных месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГАНТАПІТЭ́К [ад грэч. gigas (gigantos) волат, гігант + pitēkos малпа],
род буйных выкапнёвых чалавекападобных малпаў, якія пражывалі ў паўд. і паўд.-ўсх. Азіі ў сярэдзіне антрапагену. У 1935—58 знойдзены 4 ніжнія сківіцы і больш за 1000 асобных вельмі вялікіх зубоў гігантапітэка (карэнныя зубы ў 6 разоў большыя за адпаведныя зубы сучаснага чалавека). Памеры цела гігантапітэка значна большыя, чым у чалавека (існуюць меркаванні, што гігантапітэк быў буйнейшы за гарылу і, магчыма, перасягаў 2,5 м). Па некат. адзнаках будовы зубной сістэмы гігантапітэк падобны да чалавека (адносна невялікія іклы), але ўся сківіца мае спецыялізацыю, характэрную для чалавекападобных малпаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕ́ЙНІКІ (Rhantus),
род жукоў сям. плывунцоў. 82 віды. Жывуць у стаячых або з павольным цячэннем водах сажалак, рачных затокаў, лясных рэк і ручаёў, часовых вадаёмаў. На Беларусі 9 відаў. Часцей трапляюцца глейнік плямагруды (Rh. notatus), глейнік чарнабрухі (Rh. suturellus) і глейнік жаўтабрухі (Rh. exoletus). Глейнік невядомы (Rh. incognitus) занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. 7—14 мм. Цела круглаватае, злёгку пукатае. Пярэдняспінка жоўтая, зрэдку з чорнай плямай пасярэдзіне. Надкрылы жоўтыя са шматлікімі чорнымі крапінкамі. Лічынкі з падоўжаным целам, рухомыя. Кукалкі развіваюцца на сушы. Дарослыя і лічынкі драпежнікі. Пры масавым размнажэнні шкодзяць рыбнай гаспадарцы. Адначасова карысныя — знішчаюць лічынак і кукалак камароў.
базідыяльны грыб з роду спарасіссям. рагацікавых. Пашыраны па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляецца рэдка, занесены ў Чырв. кнігу. Расце ў хвойных лясах, каля асновы ствалоў, радзей на свежых пнях. Выклікае жоўта-бурую гніль каранёў і асновы ствалоў хвоі. Малавядомы ядомы грыб. Пладаносіць у жн. — лістападзе.
Пладовае цела дыям. 10—35 см, масай да 10 кг, круглаватае, моцнагалінастае, мясістае, падобнае да галоўкі цвятной капусты (адсюль назва); у маладых грыбоў белаватае, у старых вохрыстае, светла-карычневае. Тканка белая, валакністая, смакам і пахам нагадвае грэцкі арэх. Ножка кароткая, тоўстая, знаходзіцца ў зямлі. Споры эліпсоідныя, гладкія, жаўтаватыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЦЯРА́ (Blicca bjoerkna),
рыба сям. карпавых. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Азоўскага і Каспійскага м.; на Беларусі — у большасці вадаёмаў звычайны від. Жыве ў вадаёмах з павольным цячэннем або стаячай вадой з глеяватым, гліністым дном. Нар. назвы ласкірка, пласкірка, губар, кромп, сухарэбрыца, сівуха, летка і інш.
Даўж. да 35 см, маса да 1, 3 кг, звычайна 100—200 г. Вонкавым выглядам нагадвае ляшча, адрозніваецца жаўтаватымі або чырванаватымі парнымі плаўнікамі, большай луской, двухраднымі глотачнымі зубамі. Цела высокае, пляскатае, серабрыстае, няпарныя плаўнікі шэрыя. Ікрынкі адкладвае на водныя расліны. Корміцца ракападобнымі, насякомымі, малюскамі, радзей водарасцямі. Абʼект лову.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ (Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж.цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮРЗА́ (Vipera lebetina),
змяя сям. гадзюкавых. Пашырана ў Паўн.-Зах. Афрыцы, Азіі, на некат. астравах Міжземнага м. Жыве ў сухіх перадгор’ях, цяснінах, па схілах гор і далінах рэк, у вінаградніках, садах. Падвід (V.l. schweizeri), які жыве на а-вах Эгейскага м., занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. да 1,6 м. Афарбоўка зверху шаравата-пясчаная або карычнявата-чырвоная, уздоўж спіны папярочна выцягнутыя цёмна-бурыя або аранжавыя плямы. Па баках цела больш дробныя цёмныя плямы. Галава аднатонная. Бруха светлае, у дробных цёмных плямках. Яйцажывародная, адкладвае да 43 яец. Корміцца грызунамі, яшчаркамі, дробнымі птушкамі. Укус гюрзы можа быць смяротным. Яд выкарыстоўваецца ў медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМА́НЫ (Hyracoidea),
атрад млекакормячых. 1 сям., 3 роды: Д. дрэвавыя (Dendrohyrax), Д. горныя, або шэрыя (Heterohyrax), Д. скалістыя, або пустынныя (Procavia). 7 відаў. Пашыраны ў Афрыцы і Паўд.-Зах. Азіі (п-вы Аравійскі, Сінайскі, Сірыя і Палесціна). Жывуць у лясах (Д. дрэвавыя) і ў гарах. Наземныя Д. селяцца калоніямі.
Даўж.цела 30—60 см, маса 1,5—4,7 кг. Вонкавым выглядам нагадваюць грызуноў, але філагенетычна бліжэй да хобатных. Афарбоўка карычнева-шэрая. Хвост даўж. 1—3 см або адсутнічае. Верхняя губа раздвоеная. Пярэднія лапы чатырохпальцавыя, заднія трохпальцавыя з капытападобнымі кіпцюрамі, на падэшве моцны прысосак Пераважна расліннаедныя. Нараджаюць 1—6 дзіцянят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРО́ЖНЫЯ ВО́СЫ (Pompilidae),
сямейства вос падатр. сцябліністабрухіх перапончатакрылых насякомых. Больш за 3 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. На Беларусі 24 віды, з іх сярод камянёў і раслін на пясчаных дарогах найб. трапляюцца пампіл дарожны (Pompilus viaticus), павукалоў буры (Priocnemis fuscus).
Даўж. 3—25 мм. Пярэдняспінка развітая, брушка кароткае, сцябліністае. Малюнак цела чорны або чорны з чырвоным ці жоўтым. Ногі доўгія, пярэднія часта з капальным грэбенем. Палююць на павукоў. Большасць з іх рые ў зямлі гнёзды, выкарыстоўваюць і норкі павукоў, куды адкладваюць яйцы на паралізаваных уколамі джала павукоў, якія з’яўляюцца кормам для лічынак. Лічынка акукліваецца ў норцы.