САНЕ́Т (італьян. sonetto ад правансальскага sonet песенька),
адна з цвёрдых форм верша; верш з 14 радкоў: двух катрэнаў (4-радкоўяў) і двух тэрцэтаў (3-радкоўяў). Памер — 5-стопны, радзей 4- ці 6-стопны ямб. Радкі ў катрэнах рыфмуюцца па схемах: абба абба ці абаб абаб, у залежнасці ад іх рыфмы ў тэрцэтах размяшчаюцца: ввг дгд ці ввг ддг. Першы катрэн — экспазіцыя, у ім намячаецца тэма верша, развіццё якой складае змест другога 4-радкоўя. На першы тэрцэт прыпадае кульмінацыя, на заключны — развязка. Асаблівая роля належыць апошняму радку, т. зв. санетнаму замку — своеасабліваму ідэйнаму ключу ўсяго верша. У класічнай форме С. дапускаецца ўжыванне аднаго і таго ж слова (за выключэннем службовых) толькі адзін раз.
С. узнік у Італіі ў 1-й пал. 13 ст., росквіту дасягнуў у творчасці Дантэ, Ф.Петраркі, развіўся ў ісп., партуг., франц., англ. і інш.зах.-еўрап. л-рах. У рус. паэзію ўведзены В.К.Традзьякоўскім. Карысталіся гэтай формай В.Жукоўскі, А.Пушкін і інш. Музычнасцю мовы вызначаюцца «Крымскія санеты» А.Міцкевіча. Напачатку С. належаў да інтымнай лірыкі. У.Шэкспір напоўніў яго філас. зместам, абнавіў форму.
У бел. паэзію С. увёў Я.Купала («Жніво», «Па межах родных і разорах», «Запушчаны палац», усе нап. 1910). Пэўны ўклад у развіццё С. зрабіў М.Багдановіч. У арт. «Санет» ён разглядаў не толькі страфічную структуру гэтага тыпу верша, але і яе сэнсавыяўленчыя магчымасці. Узорам у бел. л-ры лічыцца С. Багдановіча «Паміж пяскоў Егіпецкай зямлі». С. — пашыраная форма верша ў бел. паэзіі. Вядомыя санеты З.Бядулі («Тут неба — даль бязбрэжная, як мора»), У.Жылкі («Сёмуха», «Каханне», «Хараство»), П.Труса («Над кубкам возера»), М.Танка («Санет», «У век рэвалюцыйны, штармавы», «Трэска з дома Шэкспіра»), У.Дубоўкі («Ля Мядзела ёсць возера адно»), А.Звонака («Паэзія», «Вернасць», «Слава», «Жаданне») і інш. С. сустракаецца ў паэзіі Р.Барадуліна, Э.Валасевіча, С.Грахоўскага. Хв.Жычкі, К.Кірэенкі, Я.Сіпакова, М.Федзюковіча і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«САЮ́З»,
1) серыя сав. (рас.) касм. караблёў (КК) аднаразовага выкарыстання для арбітальных палётаў вакол Зямлі; праграма іх распрацоўкі (з 1962) і запускаў (з 1966). Прызначаліся для вырашэння тэхн. і навук. задач у каляземнай касм. прасторы, дастаўкі экіпажаў (1—3 чал.) на борт арбітальных станцый і вяртання касманаўтаў на Зямлю; былі і беспілотныя мадыфікацыі. У 1967—81 на арбіты выведзены 40 «С.», у т. л. 2 беспілотныя. Маса запраўленага і ўкамплектаванага «С.» да 6,9 т, даўж. 7,2 м, дыяметр 2,7 м.
Аб’ём жылых адсекаў 10,45 м³. Плошча панэлей сонечных батарэй да 14 м². Працягласць аўтаномнага палёту да 30 сут, у складзе арбітальнага комплексу — да 180 сут. На арбіту выводзіцца аднайм. ракетай-носьбітам з касмадрома Байканур.
Складаецца з 3 адсекаў, якія злучаны паміж сабой і аддзяляюцца пры пасадцы: спускальны апарат, дзе знаходзіцца экіпаж у час старту, стыкоўкі, расстыкоўкі і пасадкі; арбітальны (бытавы) адсек са стыковачным агрэгатам; прыборна-агрэгатны адсек з рухальнай устаноўкай. На базе «С.» распрацаваны КК «С. Т» (запускі ў 1979—86) і «С. ТМ» (з 1986) для дастаўкі экіпажаў адпаведна на арбітальныя станцыі «Салют» і «Мір» і вяртання касманаўтаў на Зямлю. «С. ТМ» выкарыстоўваецца як карабель-выратавальнік для Міжнар.касм. станцыі. Запушчаны 15 «С. Т» і 32 «С. ТМ» (2000). На аснове «С.» створаны таксама грузавы трансп.КК «Прагрэс».
2) Сав. (рас.) 3-ступеньчатыя ракеты-носьбіты (РН) для вывядзення на каляземныя арбіты пілатуемых і аўтам.касм. апаратаў. Стартавая маса (разам з КК) ~310 т, макс маса карыснага грузу ~7 т. Пры дапамозе РН «С.» з 1966 выводзіліся ў космас некаторыя ШСЗ серыі «Космас», цяпер выводзяцца КК «С.» і «Прагрэс». Запускаюцца з касмадромаў Байканур і Плясецк. РН «С.» з дадатковай 4-й ступенню, якая выкарыстоўвалася з 1961 для запуску ў космас некаторых касм. апаратаў серый «Венера», «Зонд», «Космас, «Маланка», «Марс», «Месяц», «Прагноз», называлася РН «Маланка».
англійскі пісьменнік. Вучыўся ў Трыніты-каледжы Дублінскага ун-та (1682—88). У 1689—99 літ. сакратар і бібліятэкар дыпламата і эсэіста У.Тэмпла. У 1692 атрымаў ступень магістра мастацтваў у Оксфардскім ун-це. У 1695 прыняў сан свяшчэнніка. Д-р багаслоўя (1702). У 1710—14 зблізіўся з кіраўнікамі ўрада торы, падтрымліваў і накіроўваў іх урадавую палітыку ў артыкулах і памфлетах.
У 1713 настаяцель сабора св. Патрыка ў Дубліне. Літ. дзейнасць пачаў як паэт. Першыя паэт. творы насілі парадыйны характар і высмейвалі манернасць т. зв. высокай паэзіі. Майстар паліт. памфлета, у якім асуджаў унутр. палітыку Англіі, калан. войны, выступаў супраць забабонаў і невуцтва. У памфлетах «Бітва кніг» (1697) і «Казка бочкі» (1704), напісаных у алегарычнай форме і насычаных паліт., антырэліг. сатырай, — ідэі карыснасці ведаў. Памфлеты «Пісьмы Суконшчыка» (1723—24), «Сціплая прапанова» (1729) прысвечаны барацьбе за правы ірл. народа. Асн. твор — раман «Падарожжы Гулівера» (1726), у якім вострая сатыра на славалюбства і крывадушнасць тагачасных судоў, паліт. дзеячаў і партый; у ім С. стварыў гратэскавы партрэт грамадства, з дапамогай якога высмейваецца ўсё чалавецтва. У апісанні падарожжа ў краіну ліліпутаў С. праводзіць ідэю аб выхаванні дзяцей у атмасферы справядлівасці, мужнасці, рэлігійнасці і любві да сваёй краіны. Вобразы патрыярхальных і мудрых волатаў, якія займаюцца мірнай плённай працай і не ведаюць зброі, служаць для акцэнтавання ідэалу пісьменніка — адукаванай манархіі. Апошняя частка рамана, якая апавядае пра разумных коней, напоўнена песімізмам: С. ужо не верыць у адраджэнне дабрадзейнасці людзей, аднак вобраз Гулівера, простага, працавітага і сумленнага чалавека, заклікае да самаўдасканалення. Паводле рамана зняты маст. і мультыплікацыйныя фільмы (Англія, ЗША, Іспанія). Бел.т-р юнага гледача паставіў спектакль «У краіне ліліпутаў» (1985). На бел. мову раман пераклаў А.Кудравец.
Тв.:
Бел.пер. — Падарожжы Гулівера. Мн., 1974;
Рус.пер. — Памфлеты. М., 1955;
Дневник для Стеллы. М., 1981;
Путешествия Гулливера... Мн., 1992;
Приключения Гулливера в Лилипутии. Мн., 1996.
Літ.:
Муравьев В.С. Джонатан Свифт. М., 1968;
Дубашинский И.А. Памфлеты Свифта. Рига, 1968;
Левидов М.Ю. Путешествие.., мысли и чувства Джонатана Свифта... М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПАДАРО́ЖНІКІ ПЛАНЕ́Т,
целы Сонечнай сістэмы, якія абарачаюцца вакол вял. планет пад дзеяннем іх прыцягнення. Першыя адкрыцці С.п. (акрамя Месяца) адносяцца да пач. 17 ст. (4 спадарожнікі Юпітэра; 1610, Г.Галілей). У тым жа стагоддзі выяўлены 5 спадарожнікаў Сатурна, у 18 ст. — па 2 спадарожнікі Урана і Сатурна, у 19 ст. — па 1 у Нептуна і Юпітэра, па 2 у Марса, Сатурна і Урана. У 1-й пал. 20 ст. адкрыты 6 спадарожнікаў Юпітэра, па 1 — Урана і Нептуна. Да 1979 былі вядомы 34 С.п. Спрыяльныя ўмовы для назірання Сатурна з Зямлі, а таксама палёты касм. апаратаў «Піянер» і «Вояджэр» прывялі да адкрыцця новых С.п. Усяго вядомы 91 С.п. (2001); 66 маюць уласныя назвы, астатнія — часовыя абазначэнні.
У Меркурыя і Венеры (бліжэйшыя да Сонца планеты) няма прыродных спадарожнікаў; у Зямлі 1 — Месяц; у Марса 2 — Фобас і Дэймас. У Юпітэра 28 спадарожнікаў (16 з уласнымі назвамі. 12 з часовымі абазначэннямі). Спадарожнікі з уласнымі назвамі падзяляюцца на 4 групы: Галілеевы спадарожнікі, — Іо, Еўропа, Ганімед, Каліста і 3 групы малых — 4 унутр. спадарожнікі (Адрастэя, Амальтэя, Метыда, Тэба) знаходзяцца бліжэй да планеты, чым Іо, і ўтвараюць кальцавую сістэму Юпітэра; 4 знешнія (Гімалія, Леда, Лісітэя, Элара) — з прамым рухам (напрамак супадае з напрамкам руху планеты) на адлегласці каля 11 млн.км; 4 знешнія (Ананке, Карме, Пасіфе, Сінопе) — з адваротным напрамкам руху на адлегласці каля 22 млн.км. Галілеевы і ўнутраныя спадарожнікі рухаюцца ў плоскасці экватара Юпітэра па амаль кругавых арбітах (рэгулярныя С.п.), астатнія — па эксцэнтрычных вельмі нахіленых арбітах (нерэгулярныя С.п.). У Сатурна 30 спадарожнікаў (18 з уласнымі назвамі, 12 з часовымі абазначэннямі): Тытан (самы вялікі), Атлас, Гіперыён, Дыёна, Елена, Каліпса, Мімас, Пан, Пандора, Праметэй, Рэя, Тэлеста, Тэфія, Феба, Энцэлад, Эпіметэй, Янус, Япет. Уран мае 21 спадарожнік: 15 рэгулярных (Аберон, Арыэль, Міранда, Тытанія, Умбрыэль і інш.), 5 нерэгулярных, 1 адкрыты ў 1999 (арбіта не вызначана). У Нептуна 8 спадарожнікаў, 2 з якіх (Нерэіда і Трытон) адкрыты наземнымі метадамі, 6 — пры пралёце «Вояджэра» паблізу планеты. Плутон мае 1 спадарожнік — Харон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАКАПЫ́ТАЎСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1919,
антыбальшавіцкае выступленне ў Гомелі 24—29.3.1919. Узнята 67-м і 68-м палкамі т.зв. Тульскай брыгады, перакінутымі ў сярэдзіне студз. ў Гомель з Бабруйска. Прычынамі выступлення сталі антысав. настроі вайскоўцаў, дрэнныя ўмовы іх забеспячэння, непадрыхтаванасць да ваен. дзеянняў, кантакты з мясц. насельніцтвам, незадаволеным «харчовай дыктатурай» і мабілізацыямі ў Чырв. Армію. Мяцеж пачаўся ў ноч на 23 сак. на станцыі Славечна Абодва палкі пакінулі баявыя паз шыі і праз Калінкавічы і Рэчыцу вярнуліся ў Гомель, патрабуючы адпраўкі ў Бранск. Створаны для барацьбы з мяцежнікамі ваен.-рэв.к-т абапіраўся на інтэрнац. роту і атрад асобага назначэння. 24 сак. Гомель апынуўся ў руках паўстанцаў. Гомельскі пав.к-т РКП(б) заняў абарону ў атэлі «Савой». Кіраўніцтва мяцяжом узяў на сябе «Палескі паўстанцкі камітэт» у складзе б. афіцэраў 67-га і 68-га палкоў на чале з заг.гасп. часткі М.Стракапытавым. У прынятых к-там адозвах абвяшчалася звяржэнне ўрада Леніна—Троцкага і стварэнне «Рускай Народнай Рэспублікі» з часовай перадачай уладных паўнамоцтваў «Палескаму паўстанцкаму камітэту». Праграма паўстання патрабавала перадачы ўсёй улады Устаноўчаму сходу, зямлі і грамадз. свабод — народу, спалучэння прыватнай і дзярж. ініцыятывы ў сферы вытв-сці. Гомельскія вайск. часці абвяшчаліся 1-й Арміяй «Рускай Народнай Рэспублікі». 25 сак.Ваен.-рэв.к-т здаўся паўстанцам. 28 сак. аб’яднанымі чырвонаармейскімі і мабілізаванымі камуніст. атрадамі з гарадоў Беларусі і РСФСР пачалося задушэнне мяцяжу. Стыхійная эвакуацыя паўстанцаў спалучылася з рабаваннямі, пажарамі і яўр. пагромам, а таксама расстрэлам членаў Ваен.-рэв.к-та. Паўстанцы, якія з баямі адступалі праз Рэчыцу і Васілевічы, у раёне Хойнікаў перайшлі фронт і здаліся атрадам С.Пятлюры. Яны былі перададзены польск. боку, раззброены і інтэрніраваны. Усяго ў час мяцяжу ў Гомелі загінула каля 100 чал., у выніку следства па прыгаворы ЧК за прыналежнасць да яго расстраляна больш за 150 чал.
Літ.:
Лелевич Г. Стрекопытовщина: Страничка из истории контррев. выступлений в годы гражданской войны. 2 изд. М.;
Пг., 1923;
Лебедзева В. Стракапытаўскі мяцеж // Бел. мінуўшчына. 1995. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРО́ФІКА,
1) раздзел паэтыкі, які вывучае спосабы спалучэння радкоў вершаваных у страфу, яе ўзнікненне, развіццё і мастацка-выяўл. магчымасці.
2) Сукупнасць страфічных форм асобнага твора, паэта і інш., пэўным чынам упарадкаваная сістэма радкоў і строф.
Зараджэнне бел. паэзіі звязана з двухрадкоўямі (упершыню ў Ф.Скарыны ў прадмове да кн. «Зыход», 1519) і чатырохрадкоўямі — катрэнамі (упершыню ў Скарыны ў прадмове да кн. «Іоў», 1517; у Афанасія Філіповіча «Дыярыушы», 1647). Багатая С. дэкламацый Сімяона Полацкага. У 19 ст. С. бел. паэзіі ўзбагацілася творамі, напісанымі пяцірадкоўямі («Дзеванька» Я.Баршчэўскага), шасцірадкоўямі (ананімны «Я клічу Вас...»), васьмірадкоўямі (ананімны «Ой, у полі вецер вые...») і інш.Найб. інтэнсіўна ў бел. паэзіі С. развіваецца з пач. 20 ст. Больш разнастайнай стала структура строф, паглыбіліся яе рытміка-выяўл. магчымасці. Страфічны падзел тэксту падкрэсліваецца рэфрэнам («Мужык» Я.Купалы), выкарыстоўваецца кальцавая кампазіцыя («Як я полем іду...» Я.Купалы) Пашырыліся цвёрдыя формы верша (тэрцыны, секстына, сіцыліяна), засвоіліся айрэны, газелі, рубаі і інш., складаныя віды строф набылі значэнне самаст. відаў верша (санет, трыялет, рандо, актава), распаўсюдзіліся нізкі строф — вянок санетаў, стансы. Паявіліся віды строф, якія не маюць вял. пашырэння ў паэзіі: сямірадкоўе («Малебен» Я.Коласа), дзевяцірадкоўе («Полымя» Я.Коласа) і інш. Своеасаблівай страфой напісана паэма Я.Коласа «Рыбакова хата» (складаецца з 12 радкоў з рыфмоўкай абабвгвгдеед). Асобныя віды строф сталі адметнымі для творчасці некат. паэтаў (шаснаццацірадкоўі А.Куляшова). У паэзіі пераважаюць вершы, напісаныя аднолькавымі строфамі — раўнастрофныя вершы («Беларусі» П.Броўкі). Сустракаюцца аднастрофныя вершы («Знаць хочаш, як я цябе знайшоў?» М.Танка), разнастрофныя вершы («Гапон» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мёртвая вясна» Броўкі), астрафічныя вершы і строфы, якія ўзніклі на матэрыяле пэўнага жанру, тэматыкі. стылю (баладная страфа, элегічны двуверш) і ў пэўнай ступені захоўваюць сувязь з імі. Аднак строфы звычайна не рэгламентуюцца памерам ці літ. жанрам, іх сэнсавыяўленчая роля вызначаецца зместам канкрэтнага твора.
Літ.:
Лазарук М.А., Ленсу А.Я. Пытанні тэорыі літаратуры. Мн., 1964;
Ралько І.Д. Беларускі верш. Мн., 1969;
Грынчык М.М. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗІЛО́ЎСКІ Мікалай Канстанцінавіч (псеўд.Русель; 15.12 1850, г. Магілёў — 30.4.1930),
дзеяч міжнар.рэв. руху, вучоны-прыродазнавец. Вучыўся ў Пецярбургскім, Кіеўскім і Бухарэсцкім ун-тах, д-р медыцыны (1877). Удзельнічаў у народніцкім руху ў Расіі, адзін з арганізатараў гуртка «Кіеўская камуна» (1873—74), вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і сялян на Украіне і ў Паволжы. З канца 1874 за мяжой. З кастр. 1875 у Бухарэсце, адзін з арганізатараў сацыяліст. руху ў Румыніі; значна паўплываў на развіццё рэв. руху ў Балгарыі. З 1881 у краінах Зах. Еўропы, удзельнічаў у выданні і распаўсюджванні рэв. л-ры, быў блізкі да групы «Вызваленне працы», аказваў ёй фін. дапамогу. З 1887 займаўся медыцынай і публіцыстыкай у г. Сан-Францыска. З 1892 на Гавайскіх а-вах, стварыў партыю незалежных і стаў яе лідэрам, у 1900 выбраны чл. сената, у 1901 — прэзідэнтам Гавайскай рэспублікі. З 1903 у Кітаі, спрабаваў арганізаваць напад на акатуйскую катаржную турму ў Забайкаллі з мэтай вызвалення палітвязняў. У рус.-яп. вайну 1904—05 у Японіі, вёў рэв. прапаганду сярод рус. ваеннапалонных, адкрыў, для іх 3 школы; у 1905 спрабаваў арганізаваць паход 60 тыс.рас. узброеных салдат з Японіі ў Расію, каб падтрымаць рэвалюцыю. У Японіі выдаваў рус. газеты «Япония и Россия», «Воля» і «Восточное обозрение». З 1906 у Кітаі, быў знаёмы з Сунь Ятсенам, памагаў кіт. рэвалюцыянерам зброяй. З 1921 жыў у Цяньцзіні, атрымліваў пенсію ад сав. ўрада. З яго імем звязаны вядомыя дасягненні ў галіне хірургіі, тэорыі туберкулёзу і інш. хвароб. С. — першы падарожнік-географ, які грунтоўна пазнаёміў рас. чытачоў з флорай і фаунай астравоў цэнтр. часткі Ціхага акіяна. Аўтар прац па медыцыне, хіміі, філасофіі, сацыялогіі, геаграфіі.
Літ.:
Грицкевич В.П. Добрый русский доктор на Гавайях // Грицкевич В.П.Путешествия наших земляков. Мн., 1968;
Мельников М.Ф. Из семьи соколиной мн., 1973;
Иосько М.И. Николай Судзиловский-Руссель. Мн., 1976;
Славутыя імёны Бацькаўшчыны. Мн., 2000. Вып. 1. С. 357—368;
Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл.давед.Мн., 1995. С. 556—564;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯДЗІ́БНЫ ДОМ,
1) жылы будынак у панскай сядзібе, які адрозніваўся ад палаца меншымі памерамі і колькасцю памяшканняў, больш простым арх.-маст. вырашэннем фасадаў і інтэр’ераў; арх.-планіровачны цэнтр сядзібы. Вядомы на тэр. Беларусі, Літвы, Польшчы, Расіі і інш. у 16 — пач. 20 ст. Будавалі пераважна ў сельскай мясцовасці, у гарадах і мястэчках найчасцей былі зімовым жыллём сям’і пана. Першапачаткова — драўляныя будынкі, выкананыя ў традыцыях нар. дойлідства на ўзор 2- і 3-камерных сял. хат, але мелі печ з комінам, шкляныя вокны, ганак. З 17 ст. пашырылася буд-ва мураваных С.д. (напр., у в. Гайцюнішкі Воранаўскага р-на). Развіццё планіроўкі С.д. садзейнічала дыферэнцыяцыі памяшканняў паводле іхфункцыян. прызначэння, вылучэнню алькежаў, флігеляў. Часцей выкарыстоўвалася анфіладная планіроўка, сім. кампазіцыя аб’ёмаў. Цэнтр.ч. дома вылучалася адкрытым слупавым (нагадвала сваімі формамі каланаду) ці закрытым ганкам, мезанінам, балконам (напр., у вёсках Відзы Лаўчынскія Браслаўскага, Кашубінцы, г. Навагрудак Гродзенскага р-наў). Архітэктура правінцыяльных С.д. спалучала прынцыпы вядучых маст. стыляў з традыцыямі мясц. дойлідства. З 18 ст. С.д. атрымалі выразныя барочныя сілуэтныя кампазіцыі, складаныя формы дахаў (ламаныя, мансардавыя), якія дапаўняліся аб’ёмамі прыбудаваных алькежаў з шатровымі дахамі (г.п. Копысь Аршанскага р-на). З канца 18 ст. пашырыліся класіцыстычныя кампазіцыі, засн. на вылучэнні гал. фасада і ўвахода (гарады Ваўкавыск, Кобрын, в. Янавічы Клецкага р-на). У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. часта выкарыстоўваліся прыёмы эклектыкі (Чырвонабярэжская сядзіба, Краскаўская сядзіба).
2) У сучаснай забудове населеных пунктаў — жылы дом, разлічаны на адну сям’ю. Сваёй планіроўкай і аб’ёмнай кампазіцыяй звязаны з тэр. сядзібы і з’яўляецца ч. ансамбля вуліцы, групы дамоў, квартала (в. Мышкавічы Кіраўскага р-на, арх. Т.Галіёта). Пры ўзвядзенні выкарыстоўваюцца тыпавыя праекты дамоў (1- і 2-павярховыя, мансардавыя, з цокальным паверхам).
Літ.:
Кулагин А.Н. Архитектура дворцово-усадебных ансамблей Белоруссии: Вторая половина XVIII — начало XIX в Мн., 1981;
Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. Т. 1. 3 изд. Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯНКЕ́ВІЧ (Sienkiewicz) Генрык (5.5.1846, в. Воля-Акшэйска Мазавецкага ваяв., Польшча — 15.11.1916),
польскі пісьменнік, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1869—71). У 1872—87 працаваў у перыяд. друку. На яго светапогляд і творчасць паўплываў «варшаўскі пазітывізм», які прапагандаваў ідэю супрацоўніцтва ў імя эканам. ўзвышэння Польшчы. Дэбютаваў аповесцю «Дарэмна» (1872). Тэмы ранніх аповесцей, апавяданняў і навел, у т. л. «Эскізы вугалем» (1877), «Цераз стэпы» (1879), «Па хлеб» (1880), «Бартак-пераможца» (1882) — жыццё польскага сялянства, лёс дзяцей, трагедыі польскіх эмігрантаў; іх вызначае патрыят. пафас у спалучэнні з трагічным светабачаннем. Шырокую вядомасць прынесла С. гіст. трылогія «Агнём і мячом» (1883—84), «Патоп» (1884—86), «Пан Валадыёўскі» (1887—88), прысвечаная гіст.-сац. асэнсаванню мінуўшчыны Польшчы 17 ст. У сац.-псіхал. раманах «Без догмату» (1889—90), «Сям’я Паланецкіх» (1893—94) праблемы жыцця Польшчы, духоўныя пошукі пакалення канца 19 — пач. 20 ст.Рэв. падзеі 1905—07 у Расіі ў рамане «Віры» (1909—10). Раман «Quo vadis» («Кама градзешы», 1895—96) — гісторыя супрацьстаяння хрысціянства і язычніцтва. Лепшы гіст. раман — «Крыжакі» (1897—1900) — эпапея барацьбы славян супраць Тэўтонскага ордэна на мяжы 14—15 ст.; ён вылучаецца псіхалагізмам, веданнем гіст. рэалій, маст. вобразнасцю. Аўтар прыгодніцкай аповесці «У пустыні і пушчы» (1910—11), незавершанага рамана пра напалеонаўскія войны «Легіёны» (1913—14, выд. 1918), літ.-крытычных прац «Пра гістарычны раман» (1889), «Леў Талстой» (1908) і інш. Творы С. неаднаразова экранізаваны. На бел. мову яго асобныя творы перакладалі П.Бітэль, М.Кенька, М.Машара, П.Татарыновіч, М.Фальскі. Нобелеўская прэмія 1905.
Тв.:
Dzieła T. 1—60. Warszawa. 1948—55;
Бел.пер. — Янка-музыкант Мн., 1938;
Апавяданні. Мн., 1955;
Здарэнне ў гарах // Далягляды, 87 Мн., 1987;
Крыжакі. Мн., 1997;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—9. М., 1983—85;
Крестоносцы. Мн., 1983.
Літ.:
Горский И.К. Исторический роман Сенкевича. М., 1966;
Лявонава Е.А. Магія таленту: гісторыя і сучаснасць у творчасці Г.Сянкевіча // Лявонава Е.А. Плыні і постаці. Мн., 1998;
Krzyżanowski J. Twórczość Henryka Sienkiewicza. Warszawa, 1970;
Bujnicki T. Sienkiewicz i historia. Warszawa, 1981;
Mazan B. «Impresjonizm» «Trylogii» Henryka Sienkiewicza. Lódź, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЛУ́ШЧЫ,
рэчывы расліннага (тлустыя алеі) або жывёльнага паходжання, якія складаюцца пераважна з трыгліцэрыдаў — поўных эфіраў гліцэрыны і тлустых кіслот. Агульная ф-ла трыгліцэрыдаў R′OCOCH2—CH(OCOR″)—CH2OCOR‴, дзе R′, R″, R‴ — радыкалы тлустых кіслот. У састаў Т. уваходзяць трыгліцэрыды неразгалінаваных насычаных, а таксама мона- і поліненасычаных тлустых кіслот з цотным (ад 4 да 26) лікам атамаў вугляроду. Т. маюць таксама ды- і монагліцэрыды (1—3%; гл.Гліцэрыды), фосфаліпіды, глікаліпіды і дыольныя ліпіды (0,5—3%), свабодныя тлустыя к-ты, стэрыны і іх эфіры (0,05—1,7%), вітаміны A, D, E і K. Разам з вугляводамі і бялкамі Т. ўваходзяць у састаў жывёльных і раслінных арганізмаў (гл.Тлушчавы абмен).
Жывёльныя Т. — цвёрдыя або вадкія рэчывы, шчыльн. 900—970 кг/м³. Цвёрдыя Т. ёсць у тканках наземных млекакормячых і птушак, вадкія — у тканках марскіх млекакормячых і рыб, а таксама ў касцях і капытах наземных жывёл. У састаў цвёрдых Т. уваходзяць пераважна трыгліцэрыды насычаных кіслот (пальміцінавай C15H31COOH і стэарынавай C17H35COOH) і монаненасычанай C17H33COOH алеінавай к-ты. Вадкія Т. маюць значную колькасць трыгліцэрыдаў поліненасычаных кіслот. Т. плавяцца ў інтэрвале т-р (напр., для свінога Т. tпл22—48 °C, для барановага — 44—55 °C), кіпяць з раскладаннем у высокім вакууме (пры ціску ~0,1 Па tкіп-250 °C). Раствараюцца ў большасці арган. растваральнікаў; у вадзе не раствараюцца, утвараюць з ёй устойлівыя эмульсіі (напр., малако). Пры дзеянні перагрэтай вадзяной пары, мінер. кіслот і ферментаў Т. гідралізуюцца з утварэннем гліцэрыны і свабодных тлустых кіслот, пры дзеянні шчолачаў — амыляюцца (гл.Амыленне); па падвойных сувязях ненасычаных кіслот далучаюць вадарод (гл.Гідрагенізацыя), галагены і інш. Атрымліваюць Т. вытопліваннем з сала-сырцу пераважна сухім (бязводны) ці мокрым (у прысутнасці гарачай вады пад ціскам) спосабамі. Выкарыстоўваюць жывёльныя Т. як харч. прадукты і сыравіну для атрымання такіх прадуктаў, у вытв-сці мыла і мыйных сродкаў, тлустых кіслот, гліцэрыны, касметычных сродкаў, змазачных матэрыялаў, як дабаўкі да высыхальных алеяў у вытв-сці пакостаў і алкідных смол, у медыцыне (крыніца вітаміну A) і сельскай гаспадарцы (падкормка для жывёл).