кампаненты прыроды, якія выкарыстоўваюцца, ці могуць быць выкарыстаны ў якасці сродкаў вытворчасці і прадметаў спажывання для забеспячэння матэрыяльных і інш. патрэб чалавека; гіст. катэгорыя, звязаная з патрэбнасцямі і магчымасцямі грамадства, развіццём навукі і тэхнікі. Уключаюць сонечную радыяцыю, атмасферу, спрыяльныя кліматычныя ўмовы (т-ра паветра, ападкі), карысныя выкапні, глебы, водныя рэсурсы, натуральную расліннасць, жывёльны свет, ландшафты і інш. Маюць дваісты характар: паводле матэрыяльнай формы іх уласцівасці, генезіс і геагр. размеркаванне маюць прыродныя заканамернасці і вывучаюцца прыродазнаўчымі навукамі; паводле эканам. зместу вызначаюцца ўзроўнем даследаванасці, тэхн. магчымасцямі, сац.-эканам. мэтазгоднасцю выкарыстання. Паводле генезісу вылучаюцца мінер., водныя, зямельныя, біял., кліматычныя рэсурсы. Паводле вычарпальнасці П.р. падзяляюцца на вычарпальныя і невычарпальныя (энергія сонца, ветру, прыліваў і інш.). Вычарпальныя прадстаўлены рэсурсамі, якія ўзнаўляюцца (урадлівасць глебы, біяпрадукцыйнасць расл. і жывёльнага свету) і не ўзнаўляюцца (карысныя выкапні). Могуць пераходзіць з адной катэгорыі ў другую. Паводле магчымасці замены адных рэсурсаў інш. вылучаюцца замяняльныя (метал — пластмасай, керамікай і інш.) і незамяняльныя (атмасферны кісларод для дыхання і інш.); паводле эканам. папаўняльнасці (за кошт з’яўлення новых крыніц, новых тэхналогій) — папаўняльныя і непапаўняльныя рэсурсы. Энергетычныя рэсурсы таксама падзяляюцца на рэсурсы, якія ўдзельнічаюць у пастаянным звароце і патоку энергіі (сонечная і гравітацыйная энергія, зямны магнетызм і інш.), дэпаніраваныя (нафта, вугаль, прыродны газ, торф, гаручыя сланцы) і штучныя крыніцы энергіі (атамная, тэрмаядзерная). Вылучаюць асобна пазнавальна-інфарм. рэсурсы, якія дазваляюць людзям уявіць сучасны і мінулы стан прыродных і прыродна-антрапагенных утварэнняў; рэсурсы прасторы (тэрыторыі, прастораў водных і паветраных) і часу (запас часу, які можа быць выкарыстаны для вырашэння экалагічных праблем). Існуе тэрмін інтэгральны рэсурс планеты — сукупнасць усіх рэсурсаў Зямлі, які дае магчымасць больш поўна ацэньваць іх стан і наяўнасць. На Беларусі ёсць розныя П.р.: спрыяльныя для гаспадарання кліматычныя ўмовы і глебавае покрыва, каля 1/3 тэр. ўкрыта лесам, густая сетка рэк, вял. колькасць азёр, багатых рыбай, радовішчы калійных і каменнай солей, нафты, бурага вугалю, гаручых сланцаў, торфу, сапрапеляў, буд. матэрыялаў, мінер. і прэсных вод і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПСАЛО́М, псалм,
псалмы (ад грэч. psalmos песня пад акампанемент арфы, хвалебная песня),
рэлігійнае песнапенне са Старога запавету.
Прыпісваюцца цару Давіду (канец 11 ст. — каля 950 да н.э.). Складаліся на працягу некалькіх стагоддзяў да н.э. вядомымі і ананімнымі паэтамі. У 1—3 ст. адбывалася пераасэнсаванне стараж.-грэч. царквой яўр. П. і песень прарокаў, пашырэнне іх у грэч. і лац. перакладах [грэч.зб. «Псалтэрыён» (бел. назва «Псалтыр») канчаткова склаўся ў 5—4 ст. да н.э.; колькасць і нумарацыя П. у розных песенніках не супадае]. У 2 ст. кананізаваны. П. — крыніца шматлікіх царк. пеўчых жанраў (хвалебныя, услаўляльныя песнапенні, малітвы). Яны фарміраваліся рознымі кірункамі: вольнае камбінаванне асобных строф і радкоў (антыфон, бязгрэшны, паліялей); ператварэнне прыпеваў да П. у самаст. жанры (алілуарый, пракімен); чаргаванне П. з новымі жанрамі: паміжпсалмія седальны, (з увядзеннем хрысціянства гэтыя жанры прыняты і правасл. царквой); для бытавога, хатняга ўжытку прызначаліся пазабогаслужэбныя вершаваныя паэтычныя пераклады П. з рыфмай і рыфмоўкай, з выкарыстаннем прынцыпова новых метадаў вершаскладання (адсюль т. зв. рыфматворныя псалтыры пазацарк., свецкага характару, а пакладзеныя на музыку, набывалі стылістыку канта, станавіліся псальмамі, якія маюць бытавыя танц. і нар. песенныя вытокі). П. пашыраны ў правасл. богаслужэнні. Псалтыр — настольная кніга ў правасл. богаслужэнні. У каталіцкім богаслужэнні большасць П. выкарыстана ў песнапеннях месы. У старажытнасці П. выконваліся антыфонна двума унісоннымі харамі. У сярэднія вякі сталі асновай гімнаў і інш.муз.-паэт. форм. У 14 ст. з’явіліся шматгалосыя П. Вял. папулярнасць у Францыі мелі гугеноцкія П. К.Гудымеля (1565 — у 4-галосай апрацоўцы, у наступных выданнях — гамафонныя), у Польшчы П. з польскага 4-галосага «Псалтыра цара Давіда» Я.Каханоўскага — М.Гамулкі (1580), у Нідэрландах П.Я.Клеменса-«не папы».
На Беларусі былі папулярныя псалтыры Яна Любельчыка (1558), Каханоўскага—Гамулкі, аднагалосы Мацея Рыбіскага (1598, 1617, 1632, 1642, 1744 і інш.) — пераклад на польскую мову псалтыра Гудымеля, ням.зб-кі духоўных песень. Да тэкстаў П. звярталіся замежныя (Ф.Мендэльсон, Ф.Ліст, І.Брамс, З.Кодай) і рус. (І.Стравінскі) кампазітары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ШЧА (Язэп) (сапр.Плашчынскі Іосіф Паўлавіч; 20.5.1902, в. Каралішчавічы Мінскага р-на — 14.9.1964),
бел.паэт. Вучыўся ў БДУ (1925—27), Ленінградскім ун-це (1927—29). Настаўнічаў (1921—26), працаваў у Інбелкульце (1926), Бел.дзярж. выд-ве (1929—30). Адзін з заснавальнікаў літ. аб’яднанняў «Маладняк» і «Узвышша». 25.7.1930 рэпрэсіраваны. Пакаранне адбываў у г. Шадрынск на Урале, у саўгасе «Джэмтэ» каля Анапы. У 1937—41 у Манькаўскай сярэдняй школе Мурамскага р-на Уладзімірскай вобл. Пасля вайны працаваў настаўнікам, дырэктарам Чаадаеўскай сярэдняй школы Мурамскага р-на. Рэабілітаваны ў 1956. З 1958 у Мінску. Друкаваўся з 1922. Аўтар паэт. зб-каў «Раніца рыкае» (1925), «Vita» (1926), «Дні вясны» (1927), «Песні на руінах» (1929). Раннім вершам уласцівы тонкае лірычнае светаадчуванне, шырыня асацыяцый, метафарычнасць, ускладненасць вобразнага мыслення, светлыя радасныя фарбы, бадзёрасць і жыццесцвярджальнасць. Захапляўся паэзіяй С.Ясеніна, у чым яго абвінавачвала вульгарызатарская крытыка. Асабліва жорстка крытыкавалі яго «Лісты да сабакі» (1927). У віну паэту ставілі сум па родных мясцінах, тое, што адарваўся ад вёскі і не прыжыўся да гарадскіх муроў. У 1930 падрыхтаваны да друку зб-кі «Мой маніфест» і «Грэшная кніга» (не выдадзены). Паэмы «Песні вайны» (1927—28), «Крывавы плакат» (1930) пра грамадз. і імперыяліст. войны. Барацьбе бел. народа супраць фаш. акупантаў прысвечаны паэмы «Бор шуміць» (нап. 1957) і «Людвіся» (апубл. 1968). Пасляваен. лірыка П. вызначаецца аптыміст. настроем, мажорным гучаннем. На яго словы напісана шмат песень. Аўтар зб. для дзяцей «На Бабрыцы» (1960). На бел. мову пераклаў аповесць А.Талстога «Дзяцінства Мікіты» (1960), вершы У.Сасюры, Е.Стулпана і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж. часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЗІВІЛІМО́НТАЎСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 ст. ў в. Чырвоная Зорка (б. Радзівілімонты) Клецкага р-на Мінскай вобл. Размешчаны ў б. летняй рэзідэнцыі мінскага ваяводы кн. Ю.Радзівіла, роду якога маёнтак належаў з 1586. У 2-й пал. 19 ст. належаў Вітгенштэйнам. У комплекс уваходзілі палац, драўляныя флігелі, будынак канцылярыі (1809), гасп. пабудовы, капліца (не захавалася), парк. Па-за межамі комплексу былі вадзяны млын, сушня, вятрак. Палац пабудаваны ў 1780—83 у стылі класіцызму (арх. К.Спампані, Я.Бэнса). Аднапавярховы выцягнуты па папярочнай восі прамавугольны ў плане будынак пад вальмавым дахам. Канструкцыя будынка мяшаная; вонкавыя сцены з дубовых брусоў, унутр. падоўжныя — мураваныя. У сім.-восевай кампазіцыі гал. фасада вылучаўся дарычны 4-калонны мансардавы порцік, выдзелены на фоне гарыз. шалёўкі сцен, якая імітавала руст. З дрэва былі выкананы пабеленыя элементы класічнага дэкору — трыгліфы, мадульёны, разеткі, дэнтыкулы. Драўляныя калоны кампазітнага і іанічнага ордэраў, карнізы і разеткі былі апрацаваны ў тэхніцы стука. Пасля пажару 1909 палац адбудаваны. У нішах інтэр’ера знаходзіліся кафляныя печы, малюнак якіх, як і інтэр’ерны жывапіс, выкананы ў 1780 маст. А.Смуглевічам. Ад палаца засталіся руіны. У гасп. частцы размяшчаліся дамы аканома і парабкаў, бровар, варыўня, стайні, адрына, абора. гумны, валовы млын, свіран. Свіран — прамавугольны ў плане будынак, накрыты 2-схільным гонтавым дахам на кроквах. Фасад мае значны вынас даху, пад ім — галерэя на высокіх слупах (служыла для падняцця грузаў на вышку). На вільчыку даху — вежачка з невял. звонам і флюгерам. Дзверы з узорыста выкладзеных дошак аформлены маст. коўкай. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл.каля 13 га) ахоплівае палац падковай. Высаджаны над р. Цапра, на якой створаны каскад ставоў. Перад палацам — вял. партэр. Элементы рэгулярнасці ў яго планіроўку ўносяць прамыя грабавыя, каштанавыя і ліпавыя алеі. У пач. алей устаноўлены памятны камень з інфарм. надпісам, што алея высаджана ў 1875 князёўнай М.Радзівіл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗА́НСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап.ч.Рас. Федэрацыі. Утворана 26.9.1937. Пл. 39,6 тыс.км². Нас. 1286 тыс.чал. (2000), гар. 68%. Цэнтр — г.Разань. Найб. гарады: Касімаў, Сасава, Скапін, Ражск.
Паверхня пераважна нізінная. На Пн — Мяшчорская нізіна, на Пд ад р. Ака — Окска-Данская раўніна, на З — адгор’і Сярэднярус. ўзв. (выш. да 236 м). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -11 °C, ліп. 19 °C. Ападкаў 450—550 мм за год. Гал.р. Ака з прытокамі Пра, Гусь (злева), Проня, Пара, Мокша з Цной (справа); на Пд — вытокі р. Варонеж. Шмат азёр, пераважна на Мяшчорскай нізіне (Вялікае, Белае, Чорнае). Новамічурынскае вадасх. Глебы на Пн дзярнова-падзолістыя, месцамі забалочаныя, і шэрыя лясныя, на Пд чарназёмныя, у далінах рэк алювіяльна-лугавыя. Пад лесам каля 24% тэр. (хвоя, бяроза і інш.). На тэр. Р.в. — Мяшчорскі нац. парк, Окскі запаведнік.
Гал. галіны прам-сці — электраэнергетыка (37% кошту прамысл. прадукцыі; Разанская ДРЭС, ДРЭС-24), маш.-буд. (вытв-сць металарэзных станкоў, электразварачнага абсталявання, грузавых вагонаў, гідраўлічных прэсаў, бульбаўборачных камбайнаў, сродкаў выліч. тэхнікі, тэлевізараў, гандл. абсталявання, суднарамонту), нафтаперапр., хім. (хім. валокны і ніці), лёгкая (шаўковыя і штапельныя тканіны, швейныя і аўчынна-футравыя вырабы, абутак, дываны, рыбалоўныя сеткі). Развіта каляровая металургія, дрэваапр., харч., паліграф.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л.маст. керамікі і шкляных вырабаў (шклаблокі, хрусталь). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі, вырошчванні збожжавых і кармавых культур. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак і коз, птушак. Племянная конегадоўля (2 конезаводы). Рыбагадоўля. Пчалярства. Пасяўныя пл. займаюць 1198 тыс.га (1998), у т. л. пад збожжавымі культурамі (ячмень, пшаніца, авёс, проса, жыта) 56,9% пл., кармавымі — 36%, бульбай — 5,7%, цукр. буракамі і агароднінай — 1,4%. Садоўніцтва. Даўж. чыгунак 1034 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 5,9 тыс.км. Асн. чыгункі Масква—Разань—Пенза і Уладзімір—Разань—Мічурынск. Тэр. вобласці перасякаюць аўтамагістралі Масква—Самара і Масква—Валгаград. Суднаходства па рэках Ака, Мокша, Цна. Кліматычны курорт Салотча.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАКЕ́ТА-НО́СЬБІТ, касмічная ракета,
шматступеньчатая (2—4 ступені) ракета для вывядзення ў космас касмічных апаратаў. Надае карыснаму грузу скорасць, большую ці роўную 1-й або 2-й касмічнай скорасці. Працягласць палёту Р.-н. на актыўным участку траекторыі каля 17 мін; стартавая маса 10—3000 т (да 90% масы складае паліва). Асн. тып ракетнага рухавіка — вадкасны ракетны рухавік, выкарыстоўваецца таксама цвердапаліўны.
Паводле стартавай масы, энергет. характарыстык і масы карыснага грузу, які выводзіцца на нізкія каляземныя арбіты (200—300 км), адрозніваюць Р.-н.: лёгкія (карысны груз да 5 т; «Косма», «Зеніт», «Днепр», «Скаўт», «Пегас», «Аджэна», «Дэльта»), сярэднія (5—20 т; «Саюз», «Маланка», «Тытан»), цяжкія (20—100 т; «Пратон», «Тытан-4», «Арыян-5»), звышцяжкія (больш за 100 т, «Сатурн», касм. сістэмы «Спейс шатл», «Энергія»). Макс. маса выведзенага на арбіту грузу 147,5 т («Сатурн-5»; 1972). Колькасць ступеней Р.-н. абумоўлена гал. чынам яе прызначэннем. На старце працуе самы магутны рухавік 1-й ступені, які надае сістэме пэўную скорасць. Пасля таго, як запас паліва 1-й ступені зрасходаваны, яна аддзяляецца, і пачынае працаваць рухавік 2-й ступені; сістэма атрымлівае дадатковую скорасць. Асаблівасць апошніх ступеней некаторых Р.-н. — магчымасць шматразовага ўключэння іх рухавікоў, што дазваляе рабіць манеўры для змены вышыні, нахілення арбіты і інш. Старты Р.-н. здзяйсняюцца з касмадромаў. У выпадку далёкіх палётаў Р.-н. звычайна выводзіцца на арбіту ШСЗ з наступным стартам з гэтай арбіты.
Літ.:
Казневский В.П. Космические ракеты. М., 1961;
Морозов К.В. Ракеты-носители космических аппаратов. М., 1975.
У.С.Ларыёнаў.
Трохступеньчатая ракета-носьбіт: 1, 5, 8 — вадкасныя ракетныя рухавікі 1, 2 і 3-й ступеней; 2 — стабілізатар; 3, 6, 9 — бакі паліва 1, 2, 3-й ступеней; 4, 7, 10 — бакі акісляльніку 1, 2 і 3-й ступеней; 11 — прыборны адсек з апаратурай сістэмы кіравання; 12 — карысны груз; 13 — галаўны абцякальнік; 14 — механізм аддзялення касмічнага аб’екта, 15 стык паміж 2 і 3-й ступенямі; 16 — стык паміж 1 і 2-й ступенямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСПУ́ЦІН (Валянцін Рыгоравіч) (н. 15.3.1937, г.п. Усць-Уда Іркуцкай вобл., Расія),
рускі пісьменнік, публіцыст. Герой Сац. Працы (1987). Скончыў Іркуцкі ун-т (1959). Да 1966 на журналісцкай рабоце. Друкуецца з 1961. Прадстаўнік т.зв. вясковай прозы. У цэнтры аповесцей «Апошні тэрмін» (1970), «Развітанне з Мацёрай» (1976, фільм «Развітанне», 1986) трагічныя лёсы «сыходзячай» вясковай Русі, рэзкае проціпастаўленне вобразаў сялянак, захавальніц нац.-духоўных традыцый, тыпам напаўсялян-напаўгараджан, што страцілі карані; горыч ад уздзеяння тэхн. цывілізацыі на прыроду. Роздум над праблемай часу і месца чалавека ў ім у аповесці «Жыві і помні» (1974, Дзярж. прэмія СССР 1977; опера К.Волкава). У аповесці «Пажар» (1985, Дзярж. прэмія СССР 1987) з болем паказаны трыумф «бескаранёвых» герояў. Аўтар аповесці «Грошы для Марыі» (1967), зб-каў апавяданняў «Край каля самага неба» (1966), «Век жыві — век любі» (1982), серыі апавяданняў пра сучаснасць, у т. л. «У тую ж зямлю...» (1996), кн. публіцыстычных артыкулаў «Расія: дні і часы» (1993), кн. нарысаў, інтэрв’ю, рэцэнзій «Што ў слове, што за словам?» (1987) і інш. Яго творам уласцівы глыбіня паказу жыцця, яркасць характараў, вастрыня пастаўленых праблем. Апавяданні «Васіль і Васіліса», «Урокі французскага» экранізаваны. П’есы паводле твораў Р. ставіліся на Беларусі: «Апошні тэрмін» — у Т-ры юнага гледача (1977), Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі (1979), Дзярж.рус. т-ры (1980), «Грошы для Марыі» — у Гродзенскім абл.драм. т-ры, Магілёўскім абл.драм. т-ры (абодва 1978), «Жыві і помні» — у Гомельскім абл.драм. т-ры (1980). На бел. мову аповесці «Жыві і помні» і «Пажар» пераклаў М.Дубянецкі, апавяданне «Рудольфіо» — Т.Мартыненка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́МСКІ САБО́Р СВЯТО́ГА ПЯТРА́, Сан-П’етра,
помнік архітэктуры эпохі Адраджэння ў Рыме. Узведзены ў 1506—1614 на месцы аднайм. 5-нефавай базілікі 324—349 (перабудавана; з 1452 арх. Б.Раселіна). Задуманы і пачаты арх. Д.Брамантэ як цэнтрычная кампазіцыя. Праект неаднаразова перапрацоўваўся (пераважна са зменай кампазіцыі на падоўжную): арх. Фра Джаконда, Дж. да Сангала, Рафаэль (1516), Б.Перуцы, А. да Сангала Малодшы; у 1546—64 Мікеланджэла вярнуўся да цэнтрычнай кампазіцыі: узмацніў гал. апоры, узвёў апсіды і цэнтр.ч. да барабана. У 1564—85 узведзены 2 пярэднія купалы (арх. Дж.Віньёла), у 1586—93 — гал. купал (арх. Дж. дэла Порта), у 1607—14 створаны гал. фасад, 3 новыя нефы (арх. К.Мадэрна). На фасадзе з вял.цэнтр. порцікам — 9 балконаў (сярэдні наз. Лоджыя Дабравешчання, адсюль папа рымскі звяртаецца да вернікаў). Праз 5 манум.бронз. брам (адна з іх — Свяшчэнная, адчыняецца самім папам рымскім раз у 25 гадоў) з мармуровымі калонамі ўздоўж фасада — уваход у б. атрый (двор, абкружаны порцікамі; арх. Мадэрна). Грандыёзны манум. інтэр’ер — узор гарманічнага зліцця стыляў рэнесансу і барока. У апсідзе месца спавядання (т.зв. канфесія) пазначана адкрытай крыптай (1600, арх. Мадэрна). Гал. алтар увянчаны лёгкім і манум.бронз. балдахінам (1624—33, арх. Л.Берніні). У інтэр’еры творы Мікеланджэла (скульпт. група «Аплакванне Хрыста», ці «П’ета», каля 1498—99), Берніні (кафедра св. Пятра, 1657—66, надмагіллі), Дж.Манцу (манум.бронз. «Брама Смерці», 1947—64) і інш. У рызніцы (канец 18 ст.) створаны музей (зборы рэліквій і скарбаў сабора). Пад саборам вял. падзямелле — т.зв. Свяшчэнныя гроты, дзе сабраны дахрысц. грабніцы, а таксама магілы рымскіх пал і каралёў ( у 1935—50 гроты перароблены ў 3-нефавы могілкавы храм). Перад саборам — барочная авальная пл. святога Пятра (1657—63, арх. Берніні), абкружаная 2 паўкруглымі каланадамі і галерэямі са 140 статуямі святых; у цэнтры — стараж.-егіп. абеліск, фланкіраваны 2 фантанамі. Сабор уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Рымскі сабор святога Пятра.Рымскі сабор святога Пятра. Фрагмент інтэр’ера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭСПУБЛІКА́НСКАЯ СТУ́ДЫЯ ТЭЛЕБА́ЧАННЯ Пачала рэгулярнае вяшчанне з 1.1.1956 у Мінску. Напачатку Мінскі тэлецэнтр меў часовую студыю, разлічаную на аднапраграмнае вяшчанне з сярэднясутачным аб’ёмам 6 гадз, радыус дзеяння каля 60 км. У ліп. 1957 арганізавана перадача з дапамогай перасоўнай тэлевізійнай станцыі. У 1958—69 уведзены ў дзеянне тэлецэнтры ў Гомелі, Віцебску, Брэсце, Гродне. З 1962 пачалося вяшчанне па 2, з 1972 — па 3 праграмах. У 1962 адбыўся выхад бел. тэлебачання на Інтэрбачанне. У 1965 на Мінскім тэлецэнтры пачаў працаваць відэамагн. запіс. З вер. 1974 Р.с.т. стала рэгулярна ўключаць у праграму каляровыя перадачы ўласнай вытв-сці, з 1981 пачала працаваць на самаст. канале, адбыўся поўны пераход рэсп. вяшчання на каляровы стандарт. У склад Р.с.т. ўваходзяць інфарм. агенцтва і 6 дырэкцый: вяшчання 1-га нац. канала; маст.; спарт.; грамадска-паліт.; перспектыўнага вяшчання; спец. праектаў. Як сродак электроннай масавай інфармацыі, прапаганды і камунікацыі, асветы, выхавання, арганізацыі вольнага часу насельніцтва функцыянуе ў адпаведнасці з прынцыпамі праграмнага планавання, дакументальна зафіксаванымі ў т.зв. сетцы эфірнага вяшчання. Яна прадугледжвае перыядычнасць выхаду цыклавых праграм, збалансаванасць відаў вяшчання (інфарм., сац., пазнавальнага, спарт., маст., забаўляльнага), размеркаванне перадач на працягу дня ў адпаведнасці з узростам, сац. і прафес. катэгорыямі гледачоў, а таксама рэйтынгам тэлепрадукцыі. Паводле структуры тэлевізійнае вяшчанне падзяляецца на ўласнае (падрыхтаванае супрацоўнікамі бел. тэлебачання) і мясц. (агульны аб’ём прадукцыі, што выходзіць на экран; уласнае вяшчанне, заказное, дэманстрацыя тыражаваных кінафільмаў, паўторы перадач, спектакляў, канцэртаў і інш.). У канцы 1997 распрацавана і прынята канцэпцыя пад дэвізам «Зямля пад белымі крыламі», у якой вызначаны асн. кірункі палітыкі вяшчання нац. канала. Р.с.т. прымае ўдзел у ажыццяўленні праектаў — Дзень незалежнасці Рэспублікі Беларусь, тэлефестываль бел. песні «На скрыжаваннях Еўропы», рэсп. фестываль камернай музыкі «Музы Нясвіжа», Маладзечанскі фестываль песні і паэзіі, фестываль-кірмаш «Дажынкі», міжнар. фестывалі «Славянскі базар», «Залаты шлягер» і спец. акцый, прысвечаных юбілейным датам і інш. Перадачы бел. тэлебачання поўнасцю ахопліваюць тэр. Беларусі. На 2001 адзіная праграмная сетка мае 6 тэлецэнтраў і 23 рэтранслятары. Р.с.т. ўваходзіць у склад Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Рэспублікі Беларусь.