ВО́ЙСТАМ,
вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета. За 20 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 241 км ад Гродна. 255 ж., 114 двароў (1996).
Упамінаецца з 1460 пад назваю Ушакова. З пач. 16 ст. вядома як Войстам. У канцы 15—19 ст. належала С.Ядалговічу (Радзівілу), Буцвіловічу, Зяневічам, Карэйвам, Храпавецкім, Бужынскім, Пшаздзецкім і інш. На карце Т.Макоўскага (1613) пазначана як мястэчка. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Ашмянскім, з 1842 у Свянцянскім пав. Віленскай губ. У 1880-я г. 189 ж. З 1922 у Свянцянскім пав. Віленскага ваяв. Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Смаргонскага р-на. У 1970 — 306 жыхароў.
Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл (пач. 20 ст.). Каля вёскі гарадзішча 7 ст. да н.э. і селішча 6—8 ст.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)