Алесандра (2.5.1660, г. Палерма, Італія — 22.10.1725), кампазітар, пачынальнік і буйны прадстаўнік неапалітанскай опернай школы. Вучыўся ў свайго бацькі і ў М.-А.Спартоніо, А.В.Амата. У 1672—1722 капельмайстар у т-рах Рыма, каралеўскай капэле (1684—1702), у кансерваторыі Неапаля (1708—17 і выкладаў у ёй). У яго творчасці рэалізаваны гал. тэндэнцыі італьян.муз. барока і опернага мастацтва 17—18 ст. Аўтар опер-серыя (больш як 125, каля 80 страчана), у т. л. «Нявінная памылка» (паст. 1679), «Дзівацтвы кахання, ці Разаўра» (паст. 1690), «Карынфскі пастух» (паст. 1701), «Вялікі Тамерлан», «Мітрыдат Еўпатар» (абедзве паст. 1706), «Трыумф свабоды» (паст. 1707), «Сцыпіён у Іспаніі» (паст. 1714), «Тыгран» (паст. 1715), «Тэлемак» (паст. 1718); камедыі «Трыумф гонару» (паст. 1718); каля 660 кантат, 20 араторый, 20 серэнад, каля 200 мес для 4—10 галасоў, псалмаў, камерна-інстр. музыкі і інш. Оперныя уверцюры С. падрыхтавалі паяўленне жанру сімфоніі. Сярод вучняў Ф.Гелініяні, Ф.Дурантэ. Джузепе Даменіка (25.10.1685, г. Неапаль, Італія — 23.7.1757), кампазітар, арганіст, клавесініст-віртуоз. Сын Алесандра. Вучыўся ў свайго бацькі, у Ф.Гаспарыні і Б.Паскуіні. Працаваў у Лісабоне і Мадрыдзе як арганіст, капельмайстар, кампазітар капэл: з 1701 каралеўскай у Неапалі, з 1705 у Венецыі, 1708 у Рыме, у т. л. з 1713 у папскай. З 1720 прыдворны музыкант партуг. караля ў Лісабоне. З 1729 на службе ў іспанскай каралевы. Гал. месца ў яго творчасці належыць клавірным творам. У яго санатах для клавесіна («экзерсісы») фарміравалася санатнае алегра. Для твораў характэрны апора на танц. жанры, «барочнае» наватарства ў выяўленні магчымасцей клавесіна і ва ўвядзенні тэхн. навін у ігры на ім, якія развіліся ў фп. музыцы кампазітараў-рамантыкаў 19 ст. Сярод твораў: 20 опер, у т. л. «Актавія» (паст. 1703), «Іфігенія ў Аўлідзе» (паст. 1713), 20 кантат, 6 араторый, серэнады, 12 канцэртаў для скр., альта і віяланчэлі, духоўная музыка, 555 твораў для клавіра і інш.
Літ.:
Алексеев А.Д. История фортепианного искусства. Ч. 1. М., 1962;
Окраинец И.А. Доменико Скарлатти: Через инструментализм к стилю. М., 1994;
Луцкер П.В., Сусидко И.П. Итальянская опера XVIII в. Ч. 1. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТО́ЛІН,
горад, цэнтр Столінскага р-на Брэсцкай вобл., на р. Гарынь. На аўтадарозе Пінск—Давыд-Гарадок, за 7 км ад чыг. ст. Гарынь на лініі Лунінец—Сарны (Украіна), за 245 км на У ад Брэста. 12,5 тыс.ж. (2001).
Вядомы з 16 ст. як мястэчка ў Пінскім пав. Берасцейскага ваяв. Прыватнае ўладанне з драўляным замкам, належала Саламярэцкім, Вішнявецкім, Пацеям, Солтанам, Скірмунтам, Стахоўскім і інш. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 у вер. 1655 С. узялі і спалілі казакі І.Залатарэнкі. Пры вызваленні войскамі ВКЛ Пагарыння на подступах да С. адбылася няўдалая для іх бітва. Пасля гэтых падзей замак прыйшоў у заняпад У 1792—93 цэнтр Запінскага пав. Берасцейскага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Рас. імперыі, мястэчка, цэнтр воласці Пінскага пав. Мінскай губ. У 1897 у С. 3,3 тыс.ж., 250 двароў, пач. вучылішча, бровар, смалакурня. З 1921 у складзе Польшчы, горад, цэнтр гміны ў Лунінецкім пав. Палескага ваяв., 4763 ж.; з 1922 цэнтр Столінскага павета. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Столінскага раёна Пінскай, з 1954 Брэсцкай абл. У Вял.Айч. вайну з 12.7.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў С. і раёне 9309 чал. У студз. 1944 партызаны брыгады «Савецкая Беларусь» і атрадаў злучэння С.А.Каўпака разграмілі ў С. ням.-фаш. гарнізон. У 1970—7,1 тыс. жыхароў.
Працуюць: масласырзавод, хлебазавод, ф-ка кухоннай мэблі, 2 перасоўныя механіз. калоны, дарожная рамонтна-буд. калона, дарожна-буд. ўпраўленне, «Сельгасхімія», прадпрыемства меліярацыйных сетак і інш.; Столінскі аграрна-эканамічны каледж, ПТВ-164, гімназія, 2 сярэднія, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, Дом рамёстваў, 2 б-кі, раённае тэр.мед. аб’яднанне, Столінскі краязнаўчы музей. Правасл. царква, царква хрысціян веры евангельскай. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і ахвяр фашызму, магіла ахвяр фашызму. Мемарыял памяці воінаў-вызваліцеляў і землякоў, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі: Вызвалення, землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Помнікі архітэктуры: Свята-Узнясенская царква (1-я пал. 20 ст.), будынак сінагогі (1792). На паўд.-ўсх. ускраіне Столінская сядзіба «Манькавічы».
Комплекс будынкаў аграрна-эканамічнага каледжа ў г.Столін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРУКТУ́РНА-ФУНКЦЫЯНА́ЛЬНЫ АНА́ЛІЗ,
тэарэтыка-метадалагічны кірунак у сацыялогіі, які зыходзіць з прыярытэту сістэмнага аналізу пры вывучэнні сац. рэальнасці, яе структуры і функцыян. сувязі яе элементаў. Тэарэт. асновы С.-ф.а. распрацоўвалі Э.Дзюркгейм, А.Р.Радкліф-Браўн, Б.К.Маліноўскі, В.Парэта і іх паслядоўнікі Т.Парсанс, Р.К.Мертан, К.Дэвіс і інш. Яны разглядалі грамадства, сац. з’явы і працэсы як цэласную сістэму, элементы якой узаемазвязаны і выконваюць пэўную функцыян. ролю ў адносінах адзін да аднаго і да сістэмы ўвогуле. Адрозніваюць С.-ф.а. як сацыялагічную тэорыю і як метад сац. даследавання. Як сацыялагічную тэорыю С.-ф.а. распрацоўвалі Парсанс, М.П.Фуко, Н.Дж.Смелсер, Дэвіс, С.Айзенштат і інш., якія асн. задачай сацыялогіі лічылі вывучэнне механізмаў, што забяспечваюць цэласнасць сац. структуры, а функцыянаванне грамадства і яго асобных падсістэм разглядалі з пункту гледжання выканання імі пэўнага комплексу функцыян. патрабаванняў. У аснове С.-ф.а. Парсанса — ідэя сац. парадку, які адлюстраваны ў імкненні сац. суб’ектаў да падтрымання раўнавагі сістэмы. Фуко, К.Леві-Строс гал. задачай С.-ф.а. лічылі выяўленне элементаў грамадскай сістэмы і вызначэнне іх асн.функцый у забеспячэнні цэласнасці грамадства Як метад сацыяльнага даследавання С.-ф.а. распрацаваў Мертан. Унутры метаду С.-ф.а. існуюць 2 асн. падыходы: структурны (аналіз сац. структур) і функцыянальны (аналіз сукупнасці сац. функцый і вызначэнне структур, якія ажыццяўляюць пэўныя функцыі). Сумяшчэнне ідэі стабільнага функцыянавання, грамадства, характэрнай для С.-ф.а., і ідэі развіцця прывяло да распрацоўкі ў 1960—70-х г. канцэпцыі неаэвалюцыянізму (Парсанс, Э.А.Шылз), паводле якой устойлівае развіццё сац. сістэмы патрабуе вырашэння 4 асн. праблем: атрыманне рэсурсаў з навакольнага асяроддзя і іх размеркаванне ўнутры сац. сістэмы (адаптацыя), мабілізацыя рэсурсаў для дасягнення пэўных мэт і вызначэнне парытэту паміж імі (метадасягненне), каардынацыя адносін унутры сістэмы (інтэграцыя), забеспячэнне індывідаў неабходнай матывацыяй (падтрыманне «цэласнага стандарту»), Найноўшыя версіі С.-ф.а. характарызуюцца сінтэзам шэрагу ідэй сацыялагічнай думкі. С.-ф.а. пашыраны ў галінах сацыялогіі палітыкі, сацыялогіі сям’і, сацыялогіі злачыннасці і інш.
Літ.:
Дюркгейм Э. О разделении общественного труда: Метод социологии: Пер. с фр.М., 1996;
Американская социологическая мысль;
Р.Мертон, Дж.Мид, Т.Парсонс, А.Шюц. М., 1996;
Парсонс Т. О структуре социального действия: Пер. с англ.М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЛАЧЫ́Н,
горад, цэнтр Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. За 124 км на ПдЗ ад Віцебска, чыг. ст. на лініі Мінск—Масква, на аўтадарозе Мінск—Масква, вузел аўтадарог на Круглае, Чашнікі, Сянно. 10,6 тыс.ж. (2001).
Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як горад у ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. З сярэдзіны 16 ст.гандл. мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. Належала роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх), з канца 16 ст. Сапегам (імі заснаваны базыльянскія манастыр і царква, 1604), потым Сангушкам. У 1621 у Т. 314 дамоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, захаваліся 142 дамы. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка мястэчка ўвайшла ў склад Рас. імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Т. (да 1793 памежны пункт з мытняй), а заходняя. што знаходзілася за р. Друць — Зарэчны ці Новы Т. Стары Т. — цэнтр Стараталачынскай вол. Копыскага, з 1861 — Аршанскага пав. Новы Т. — цэнтр Зарэчна-Талачынскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У вайну 1812 Т. разбураны. У 1897 у мястэчку 2614 ж. У пач. 20 ст. ў Т. 3748 ж., 391 дом, у т. л. 6 цагляных пабудоў; працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны з-ды, шкляная гута, вадзяны млын, школа. 2 нар. вучылішчы, царква, касцёл. У 1917 у Т. 2181 ж., 355 гаспадарак. З 1920 Т. у складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Талачынскага р-на ў Аршанскай акр.БССР (да 1930), з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6100 ж., ільнозавод (67 рабочых), гарбарны, шпалапільны і інш. з-ды, ткацкая ф-ка. У Вял.Айч. вайну з 8.7.1941 да 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. якія загубілі ў гар. пасёлку і раёне 9521 чал. З 22.7.1955 — горад.
Працуюць крухмальны, масларобчы з-ды, тэкст.ф-ка, элеватар, лясгас. У горадзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры, 4 б-кі; царква, касцёл. Брацкая магіла сав. войнаў, партызан. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (гл.Талачынская царква), Талачынскі манастыр базыльян (18 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТВЭН (Twain) Марк [сапр.Клеменс
(Clemens) Сэмюэл Ленгхарн; 30.11.1835, Фларыда, штат Місуры, ЗША — 21.4.1910], амерыканскі пісьменнік. Працаваў наборшчыкам у друкарні, рачным лоцманам, шукальнікам золата, рэпарцёрам. Дэбютаваў апавяд. «Знакамітая жаба-скакуха з Калавераса» (1865). Уражанні ад падарожжа ў Еўропу і Палесціну ў кн. нарысаў «Прасцякі за мяжой» (1869). Аўтар аўтабіягр. нарысаў «Загартаваныя» (1872),
сатыр. рамана «Пазалочанае стагоддзе» (1873, з Ч.Д.Уорнерам), гумарыст. зб. «Старыя і новыя апавяданні» (1875). Найб. вядомасць атрымалі 2 цыклы твораў Т.: своеасаблівы эпас ракі Місісіпі (зб-кі нарысаў «Даўнія часы на Місісіпі», 1875, «Жыццё на Місісіпі», 1883; аповесці «Прыгоды Тома Соера», 1876, «Прыгоды Гекльберы Фіна», 1884) і проза на «сярэдневяковыя» тэмы (алегарычная аповесць «Прынц і жабрак», 1882; раман-антыўтопія «Янкі з Канектыкута пры двары караля Артура», 1889; раман «Асабістыя ўспаміны пра Жанну д’Арк яе пажа і сакратара Луі дэ Конта», 1896, і інш.). Уражанні ад кругасветнага падарожжа ў кн. «Па экватары» (1897). Аўтар аповесцей «Прасцяк Вільсан», «Том Соер за мяжой» (абедзве 1894), «Том Соер—сышчык» (1897), «Чалавек, які спакусіў Гедліберг» (1899), серыі памфлетаў і інш. У творах выкрываў сац.-грамадскія заганы, расізм і калан. палітыку, ілжывасць афіц. маралі, параўноўваў амер. мінуўшчыну з сучаснасцю, Старому свету супрацьпастаўляў Новы як увасабленне амер. цывілізацыі; яны насычаны фалькл. і міфалагічнымі матывамі і вобразамі, прыгодніцкімі сюжэтамі, адметныя багатай палітрай камічнага (сатыра, гратэск, пародыя, гумар), фабульным дынамізмам і інш. Яго творы неаднаразова экранізаваны. Сярод перакладчыкаў твораў Т. на бел. мову І.Гурскі, П.Кавалёў, А.Марціновіч, Я.Маўр, І.Пташнікаў, А.Савіцкі, Б.Сачанка, Я.Семяжон, М.Татур, М.Ткачоў, Т.Хадкевіч і інш. У 1982 Бел.т-р імя Я.Коласа паводле яго аднайм. аповесці паставіў спектакль «Прыгоды Гекльберы Фіна».
Тв.:
Бел.пер. — Прыгоды Гекльберы Фіна. Мн., 1937;
Прыгоды Тома Соера. 2 выд.Мн., 1939;
Утаймаванне веласіпеда: Апавяданні. Мн., 1971;
Прынц і жабрак. Мн., 2001;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—8. М., 1980;
Афоризмы и шутки. М., 2000.
Літ.:
Боброва М.Н. Марк Твен: Очерк творчества. М., 1962;
Марк Твен и его роль в развитии американской реалистической литературы. М., 1987;
Марк Твен в воспоминаниях современников. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТОРФАЗДАБЫ́ЧА,
сукупнасць аперацый па здабычы торфу, яго перапрацоўцы, сушцы і ўборцы з дапамогай тарфяных машын і комплексаў.
Звесткі пра здабычу «гаручай зямлі» для награвання ежы ёсць у Плінія Старэйшага (1 ст.н.э.). У 12—13 ст. Т. вялася ў Шатландыі. Галандыі, у сярэдзіне 17 ст. на Украіне, з канца 17 ст. — у Расіі. Напачатку Т. вялі ўручную: торф рэзалі спец. лапатамі (разакамі) на цагліны, якія сушылі на паветры. У 2-й пал. 19 ст. вынайшлі элеватарны спосаб: здабыты торф спец. элеватарнымі машынамі перамяшчалі з кар’ера, перамешвалі і фармавалі ў цагліны. У 1914 інжынер-электратэхнік Р.Э.Класон распрацаваў гідраўл. спосаб Т. («гідраторф»), пры якім тарфяны масіў размывалі струменем вады з гідраманітора, атрыманую масу перапампоўвалі па трубаправодах на спец. палі, дзе яе сушылі. З 1920-х г. укаранялі экскаватарны спосаб Т.: радовішча на ўсю глыбіню распрацоўвалі многакаўшовымі экскаватарамі, тарфяную масу высцілалі паралельнымі стужкамі. раздзеленымі на цагліны, якія сушылі, пераварочвалі і складвалі ў штабелі. З 1940-х г. развіваецца фрэзерны (паверхнева-паслойны) спосаб Т., які ўключае аперацыі фрэзеравання (здрабнення) паверхневага слоя радовішча, варушэння (сушкі) яго, валкавання (укладкі ўборачнымі машынамі ў навалы), штабелявання (складвання штабелявальнымі машынамі ў штабелі). Торф выкарыстоўваўся ў асн. як паліва — бытавое і для цеплавых электрастанцый. З 1960-х г. развіваецца с.-г. выкарыстанне торфу і прадуктаў яго тэрмахім. перапрацоўкі. У канцы 20 ст. ў сувязі з ростам здабычы вугалю, нафты, газу Т. значна скарацілася.
На Беларусі Т. пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), дзе торф выкарыстоўваўся ў газагенератарах, а ў 1899 каля Гомеля для патрэб цагельняў, з 1900 каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) выраблялі торфабрыкеты. Да 1913 Т. пачалася каля Віцебска, Магілёва, Мінска, у Гомельскім і Полацкім р-нах. У перадваенныя гады дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1950—60-я г. пабудаваны дзесяткі буйных торфапрадпрыемстваў. Да 1960-х г. на торфе працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ. З канца 1970-х г. здабыча торфу на паліўнаэнергет. мэты зменшылася. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.
Літ.:
Богатов Б.А., Никифоров В.А. Технология и комплексная механизация торфяного производства. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУР Юрый Мікалаевіч (н. 4.3.1937, Мінск),
бел. тэатральны мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1977). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1962). У 1964—70 і ў 1973—94 працаваў у Дзярж.рус.драм. т-ры Беларусі (у 1974—89 гал. мастак), у 1970—73 — у Бел.рэсп. т-ры юнага гледача. У дэкарацыях арганічна спалучае зрокавыя вобразы, жывапіс і асвятленне з характарам падзей спектакля. У рус. т-ры аформіў спектаклі: «Куды ідзеш, Сяргей?» А.Маўзона і «Дзеці сонца» М.Горкага (1965), «Шчыт і меч» паводле В.Кажэўнікава (1967), «Дзеля жыцця» («Першы ўрок») К.Губарэвіча і «Дурнічка» Лопэ дэ Вэгі (1968), «Апошняя інстанцыя» М.Матукоўскага (1974), «Васіль Цёркін» паводле А.Твардоўскага і «Энергічныя людзі» В.Шукшына (1975), «Трохграшовая опера» Б.Брэхта (1976), «Вяртанне ў Хатынь» паводле А.Адамовіча і «Лазня» У.Маякоўскага (1977), «Пайсці і не вярнуцца» (1978) і «Знак бяды» (1985) паводле В.Быкава, «Сінія коні на чырвонай траве» («Рэвалюцыйны эцюд») М.Шатрова (1979), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (разам з Я.Волкавым) і «Вішнёвы сад» А.Чэхава (1981), «Гамлет» У.Шэкспіра і «Бабскае царства» Ю.Нагібіна (1984), «Апошні наведвальнік» У.Дазорцава (1986), «Ноч анёла» А.Розанава і «Начныя карлікі і Антыгона» («Дарагая Алена Сяргееўна») Л.Разумоўскай (1987), «І быў дзень» («Злом») А.Дударава і «Доўгае падарожжа ў ноч» Ю.О’Ніла (1988), «Курыныя галовы» Дз.Шапіры і «Тут жывуць людзі» А.Фугарда (1989), «Свабодны шлюб» Д.Фо, Ф.Рашэ (1994). У т-ры юнага гледача аформіў спектаклі: «Том — вялікае сэрца» С.Багамазава і С.Шатрова (1962), «Бялее ветразь адзінокі» В.Катаева (1970), «Несцерка» В.Вольскага (1971), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» А.Махнача, «Чаму ж мне не пець, чаму ж не гудзець...» паводле Я.Купалы і М.Чарота, «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (усе 1972), у Брэсцкім абл.драм. т-ры — «На бойкім месцы» А.Астроўскага (1972), «Таблетку пад язык» А.Макаёнка (1973), «Каварства і каханне» Ф.Шылера (1974); у Бел. т-ры імя Я.Коласа — «Пяць рамансаў у старым доме» У.Аро (1982), «Блытаныя сцежкі» («На вастрыі») К.Крапівы (1983); у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі — оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980), балет «Курган» Я.Глебава (1982).
П.А.Карнач.
Ю.Тур. Эскіз дэкарацыі да спектакля «Дзеці сонца» М.Горкага. 1965.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛАГІ́ЧНАЯ КЛАСІФІКА́ЦЫЯ МОЎ,
адзін з кірункаў лінгвістычных даследаванняў, што ўстанаўлівае падабенствы і адрозненні моў свету (моўнага ладу), якія карэняцца ў найб. агульных і найб. важных якасцях мовы і не залежаць ад іх генет. роднасці. Засн. на прынцыпах тыпалогіі моўнай. Узнікла ў 19 ст., грунтавалася на вывучэнні падабенства і адрознення ў марфал. структуры моў незалежна ад іх роднасных сувязей (гл.Марфалагічная класіфікацыя моў). Паводле гэтай класіфікацыі натуральныя мовы падзяляюцца на 4 тыпы: коранеізаляваныя мовы, аглюцінатыўныя мовы, інкарпараваныя мовы і флектыўныя мовы. Аднак многія мовы не падпадаюць пад «чыстыя» тыпы марфал. класіфікацыі, бо маюць асаблівасці розных тыпаў. Інш. канцэпцыя была пакладзена ў аснову Т.к.м. у 20 ст. Э.Сепірам: улічваліся тыпы функцыянавання фармальна-грамат. элементаў і перадаваемых імі грамат. паняццяў: каранёвых, канкрэтных, дэрывацыйных, канкрэтна-рэляцыйных і чыста-рэляцыйных. Камбінацыі гэтых прыкмет даюць 2 асн. тыпы моў: чыста-рэляцыйныя і змяшана-рэляцыйныя. Спробу зменшыць расплывістасць тыпаў моў паводле Сепіра зрабіў Дж.Грынберг, які ўвёў колькасныя паказчыкі і стварыў т.зв. квантытатыўную тыпалогію моў. Істотнае навук. значэнне мае падзел на сінтэтычныя мовы і аналітычныя мовы. Крытэрыем Т.к.м. можа служыць сінтаксіс, а менавіта — структура сказа. На гэтай падставе мовы падзяляюць на намінатыўныя (уся будова сказа падпарадкавана максімальнаму адрозненню суб’екта дзеяння і яго аб’екта), эргатыўныя (сказы проціпастаўляюцца паводле актыўнасці суб’екта: актыўны суб’ект перадаецца адмысловым эргатыўным склонам), актыўныя (вылучаюцца наяўнасцю семантыка-сінтакс. апазіцыі актыўнай і пасіўнай канструкцый), класныя [істотнае значэнне маюць разрады (класы) назоўнікаў і дзеясловаў, спалучэнні якіх рэалізуюцца ў розных структурах сказаў] і нейтральныя (вылучаюцца тым, што не фіксуюць выразна суб’ектна-аб’ектныя адносіны). Акрамя ўнутр. асаблівасцей моў, у аснову Т.к.м. могуць быць пакладзены іх знешнія сац. характарыстыкі: функцыянальная разнастайнасць і аб’ём зносін на пэўнай мове, наяўнасць пісьменства і працягласць пісьмовых традыцый, ступень унармаванасці мовы, дыялектная і сацыялектная разгалінаванасць нар. мовы, прававы, канфесіянальны, пед. і інш. статус мовы. Стварэнне сучасных несупярэчлівых структурных і сац. Т.к.м. ідзе пераважна па шляху ўдакладнення і эксплікацыі крытэрыяў іх падзелу на тыпы, а таксама распрацоўкі апарату універсальнай метамовы. Значныя дасягненні ў галіне Т.к.м. належаць мовазнаўцам Т.Мешчанінаву, Т.Мілеўскаму, Н.Мячкоўскай, У.Скалічку, Б.Успенскаму і інш.
Літ.:
Кузнецов П.С. Морфологическая классификация языков. М., 1954;
Успенский Б.А. Структурная типология языков. М., 1965;
Теоретические основы классификации языков мира. М., 1980;
Мечковская Н.Б. Общее языкознание: Структурная и социал. типология языков. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛЬТРАГУКАВА́Я ТЭ́ХНІКА,
тэхніка, звязаная з генерыраваннем і выкарыстаннем ультрагуку. Пашырана ў машынабудаванні (прылады і прыстасаванні ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў, ультрагукавой дэфектаскапіі, ультрагукавой зваркі), вытв-сці аптычных прылад, радыёэлектроніцы, металургіі, хіміі, медыцыне і інш.
Да У.т., звязанай з генерыраваннем ультрагукавых ваганняў, адносяцца магнітастрыкцыйныя і п’езаэлектрычныя пераўтваральнікі, інш.акустычныя выпрамяняльнікі, акустычныя канцэнтратары, ультрагукавыя кантрольна-вымяральныя прылады (мікраскопы, расхадамеры, вісказіметры, дэфектаскопы, гідралакатары, рэхалоты, аптычныя мадулятары, узроўнямеры, таўшчынямеры, устройствы гукабачання і інш.). Выкарыстоўваюцца таксама ультрагукавыя сродкі, прызначаныя для апрацоўкі і аналізу эл. сігналаў, кіравання імі (акустааптычныя і акустаэлектронныя прылады). Атрымалі пашырэнне сродкі У.т. тэхнал. прызначэння: ультрагукавыя станкі (для чыставой апрацоўкі і даводкі дэталей з матэрыялаў высокай цвёрдасці; у іх ультрагукавыя ваганні надаюцца інструменту і праз часцінкі абразіўнай сумесі перадаюцца матэрыялу); ультрагукавыя паяльнікі (іх рабочая частка вагаецца з ультрагукавой частатой), зварачныя прыстасаванні і інш. З дапамогай магутнага ультрагуку паскараецца шэраг працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі; ультрагукавая кавітацыя выкарыстоўваецца для ачысткі дробных (у гадзіннікавай вытв-сці, прыладабудаванні, электроннай тэхніцы) і буйных вытв. дэталей (трансфарматарнага жалеза, пракату і інш.). Ультрагук дазваляе апрацоўваць дэталі крохкія і складанай канфігурацыі. У многіх хіміка-тэхнал. працэсах ультрагук непасрэдна дзейнічае на рэчыва (полімерызацыя, акісленне, аднаўленне і інш.). З дапамогай У.т. атрымліваюць высокадысперсныя суспензіі, эмульсіі, робяць каагуляцыю аэра- і гідразоляў, дыспергаванне цвёрдых і вадкіх рэчываў. Шырока выкарыстоўваецца ультрагукавая мед. апаратура: прылады і прыстасаванні для дыягностыкі, тэрапеўтычнага і хірургічнага лячэння. У біялогіі прылады У.т. выкарыстоўваюцца для лакальнага награвання тканак, што павышае інтэнсіўнасць працэсаў абмену рэчываў.
На Беларусі даследаванні ў галіне У.т. і тэхналогіі вядуцца з 1960-х г. у ін-тах Нац.АН Беларусі (фізіка-тэхн., прыкладной фізікі, тэхн. акустыкі, электронікі), Бел.нац.тэхн. ун-це і інш.
Літ.:
Северденко В.П., Клубович В.В. Применение ультразвука в промышленности. Мн., 1967;
Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—69;
Хорбенко И.Г. Ультразвук в машиностроении. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНТАВЫ́Я ТЭАТРА́ЛЬНЫЯ КАЛЕКТЫ́ВЫ,
прафесійныя тэатр. калектывы, прызначаныя для культ. абслугоўвання вайск. часцей у франтавых і прыфрантавых зонах, ваенізаваных тылавых устаноў і арганізацый (мабілізацыйных і эвакуацыйных пунктаў, шпіталяў, лазарэтаў). Былі пашыраны ў грамадз. і Вял.Айч. войны. На Беларусі першы франтавы т-р створаны ў студз. 1919 пры Мінскім Доме асветы (у кастр. 1919 пераведзены ў Смаленск). У грамадз. вайну на Зах. фронце пры палітаддзеле 16-й арміі дзейнічалі паказальныя тэатры. У чэрв. 1941 створана першая франтавая бел.тэатр.-канцэртная брыгада (з часцямі 3-га Бел. фронту дайшла да Усх. Прусіі), ядро якой склалі акцёры Гомельскага абл.драм.рус.т-ра С.Астравумаў, З.Аўчарова, П.Галышоў, І.Кірэеў, Я.Палосін, І.Пацюткоў, М.Персцін, П.Чарноў, а таксама ў розны час уваходзілі музыканты і артысты муз. т-раў Г.Альшэўская, М.Бергер, А.Бяссмертны, Ю.Гузок, Д.Кроз, М.Маслоўскі, І.Сайкоў і інш. Кіраўнікі (у розны час) — Р.Прагін, Бяссмертны, Персцін. У рэпертуары — «Рускія людзі» К.Сіманава, «Ілгуння» («Мая жонка — ілгуння») М.Мэё і М.Энекена, канцэртныя выступленні. У 1943 у Маскве адноўлены як франтавы Дзярж.рус.драм.т-р Беларусі, які абслугоўваў гвардз. часці паветрана-дэсантных войск, часці 1-га Бел. фронту. Летам 1943 на Калінінскі фронт выязджала франтавая брыгада БДТ-1 у складзе Г.Глебава (кіраўнік), Р.Кашэльнікавай, П.Пекура, В.Полы, Л.Рахленкі, З.Стомы, Э.Шапко, М.Шашалевіч, Б.Янпольскага і інш. У рэпертуары — «Скупы» Мальера і канцэртнае выступленне. У 1944 створана 2-я франтавая брыгада т-ра пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага. У рэпертуары — «Прымакі» Я.Купалы, «Валодзеў гальштук» К.Крапівы, канцэртная праграма. У. часці 1-га Бел. фронту вясной 1944 выязджала франтавая брыгада БДТ-2 у складзе Т.Бандарчык, М.Бялінскай, Я.Гаробчанкі, Л.Мазалеўскай, П.Малчанава (кіраўнік). А.Радзялоўскай, Ф.Шмакава. У рэпертуары — «Прымакі», «Проба агнём» К.Крапівы, «З цёплым ветрам» В.Пацёмкінай і Х.Херсонскага, канцэрты. Дзейнічала франтавая брыгада Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі на чале з Л.Александроўскай. У Ф.т.к. працавалі таксама рэжысёры М.Кавязін, К.Саннікаў і інш.
Літ.:
Остроумов С.П. Особое подразделение. Мн., 1981;
Няфёд У.І. Тэатр у вогненныя гады. Мн., 1959;
Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1985. Т. 2. С. 506—517.