ТАЛАЧЫ́Н,

горад, цэнтр Талачынскага р-на Віцебскай вобл., на р. Друць. За 124 км на ПдЗ ад Віцебска, чыг. ст. на лініі Мінск—Масква, на аўтадарозе Мінск—Масква, вузел аўтадарог на Круглае, Чашнікі, Сянно. 10,6 тыс. ж. (2001).

Упершыню ўпамінаецца ў 1433 як горад у ВКЛ. Уваходзіў у склад Друцкага княства. З сярэдзіны 16 ст. гандл. мястэчка Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. Належала роду князёў Друцкіх (Друцкіх-Талачынскіх), з канца 16 ст. Сапегам (імі заснаваны базыльянскія манастыр і царква, 1604), потым Сангушкам. У 1621 у Т. 314 дамоў. У вайну Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 спалены, захаваліся 142 дамы. У выніку 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) усх. частка мястэчка ўвайшла ў склад Рас. імперыі і стала называцца Стары ці Рускі Т. (да 1793 памежны пункт з мытняй), а заходняя. што знаходзілася за р. Друць — Зарэчны ці Новы Т. Стары Т. — цэнтр Стараталачынскай вол. Копыскага, з 1861 — Аршанскага пав. Новы Т. — цэнтр Зарэчна-Талачынскай вол. Сенненскага пав. Магілёўскай губ. У вайну 1812 Т. разбураны. У 1897 у мястэчку 2614 ж. У пач. 20 ст. ў Т. 3748 ж., 391 дом, у т. л. 6 цагляных пабудоў; працавалі 2 гарбарныя, крухмальны, цагельны, піваварны з-ды, шкляная гута, вадзяны млын, школа. 2 нар. вучылішчы, царква, касцёл. У 1917 у Т. 2181 ж., 355 гаспадарак. З 1920 Т. у складзе Віцебскай губ. РСФСР. З 17.7.1924 цэнтр Талачынскага р-на ў Аршанскай акр. БССР (да 1930), з 1938 у Віцебскай вобл. З 27.9.1938 гар. пасёлак. У 1939—6100 ж., ільнозавод (67 рабочых), гарбарны, шпалапільны і інш. з-ды, ткацкая ф-ка. У Вял. Айч. вайну з 8.7.1941 да 26.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі. якія загубілі ў гар. пасёлку і раёне 9521 чал. З 22.7.1955 — горад.

Працуюць крухмальны, масларобчы з-ды, тэкст. ф-ка, элеватар, лясгас. У горадзе Талачынскі гісторыка-краязнаўчы музей, Дом культуры, 4 б-кі; царква, касцёл. Брацкая магіла сав. войнаў, партызан. Помнік Вызвалення. Помнікі архітэктуры: Свята-Пакроўская царква (гл. Талачынская царква), Талачынскі манастыр базыльян (18 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (19 ст.).

Літ.:

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Талачынскага р-на. Мн., 1988;

Шнейдер А.А. Толочин. Мн., 1983;

Друцк старажытны. Мн., 2000;

Друцк і Барысаў: Да юбілеяў старажытных гарадоў. Мн., 2002.

Г.​І.​Дулеба, І.​П.​Хаўратовіч.

т. 15, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)