ТОРФАЗДАБЫ́ЧА,

сукупнасць аперацый па здабычы торфу, яго перапрацоўцы, сушцы і ўборцы з дапамогай тарфяных машын і комплексаў.

Звесткі пра здабычу «гаручай зямлі» для награвання ежы ёсць у Плінія Старэйшага (1 ст. н.э.). У 12—13 ст. Т. вялася ў Шатландыі. Галандыі, у сярэдзіне 17 ст. на Украіне, з канца 17 ст. — у Расіі. Напачатку Т. вялі ўручную: торф рэзалі спец. лапатамі (разакамі) на цагліны, якія сушылі на паветры. У 2-й пал. 19 ст. вынайшлі элеватарны спосаб: здабыты торф спец. элеватарнымі машынамі перамяшчалі з кар’ера, перамешвалі і фармавалі ў цагліны. У 1914 інжынер-электратэхнік Р.​Э.​Класон распрацаваў гідраўл. спосаб Т. («гідраторф»), пры якім тарфяны масіў размывалі струменем вады з гідраманітора, атрыманую масу перапампоўвалі па трубаправодах на спец. палі, дзе яе сушылі. З 1920-х г. укаранялі экскаватарны спосаб Т.: радовішча на ўсю глыбіню распрацоўвалі многакаўшовымі экскаватарамі, тарфяную масу высцілалі паралельнымі стужкамі. раздзеленымі на цагліны, якія сушылі, пераварочвалі і складвалі ў штабелі. З 1940-х г. развіваецца фрэзерны (паверхнева-паслойны) спосаб Т., які ўключае аперацыі фрэзеравання (здрабнення) паверхневага слоя радовішча, варушэння (сушкі) яго, валкавання (укладкі ўборачнымі машынамі ў навалы), штабелявання (складвання штабелявальнымі машынамі ў штабелі). Торф выкарыстоўваўся ў асн. як паліва — бытавое і для цеплавых электрастанцый. З 1960-х г. развіваецца с.-г. выкарыстанне торфу і прадуктаў яго тэрмахім. перапрацоўкі. У канцы 20 ст. ў сувязі з ростам здабычы вугалю, нафты, газу Т. значна скарацілася.

На Беларусі Т. пачалася ў 1896 пры шклозаводзе ў в. Серкавіца (Талачынскі р-н Віцебскай вобл.), дзе торф выкарыстоўваўся ў газагенератарах, а ў 1899 каля Гомеля для патрэб цагельняў, з 1900 каля в. Шэбрын (Брэсцкі р-н) выраблялі торфабрыкеты. Да 1913 Т. пачалася каля Віцебска, Магілёва, Мінска, у Гомельскім і Полацкім р-нах. У перадваенныя гады дзейнічала больш за 200 торфапрадпрыемстваў. У 1950—60-я г. пабудаваны дзесяткі буйных торфапрадпрыемстваў. Да 1960-х г. на торфе працавала большасць ДРЭС і ЦЭЦ. З канца 1970-х г. здабыча торфу на паліўнаэнергет. мэты зменшылася. Гл. таксама Тарфяная прамысловасць.

Літ.:

Богатов Б.А., Никифоров В.А. Технология и комплексная механизация торфяного производства. Мн., 1988.

Б.​А.​Багатаў, У.​М.​Сацута.

Аперацыі фрэзернага спосабу торфаздабычы: 1 — варушэнне; 2 — валкаванне; 3 — уборка валкоў уборачнай машынай МТФ-41.

т. 15, с. 492

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)