ЧУКО́ЦКА-КАМЧА́ЦКІЯ МО́ВЫ,

група роднасных моў насельніцтва Чукоцкага п-ва і Камчаткі. Часам іх адносяць да сям’і палеаазіяцкіх моў. Уключаюць: чукоцкую, каракскую, алюторскую, керэкскую, ітэльменскую мовы. Падзяляюцца на 2 групы: чукоцка-каракскую і ітэльменскую, межы і адносіны паміж якімі канчаткова не высветлены. У фанет. сістэмах Ч.-к.м. невял. колькасць зычных, пераважаюць санорныя; характэрная рыса вакалізму — сінгарманізм. Адносяцца да аглюцінатыўных моў прэфіксальна-суфіксальнага тыпу з наяўнасцю разрыўных афіксаў, з аднатыпнай па структуры сістэмай скланення і спражэння; у некат. мовах захаваўся падвойны лік; у пэўных сінтакс. пазіцыях назоўнікі змяняюцца па асобах. У сінтаксісе проціпастаўляюцца намінатыўныя і эргатыўная канструкцыі, пашыраны дзеепрыслоўныя і дзеепрыметныя звароты, могуць утварацца сінтакс. карпаратыўныя комплексы. Багатая сістэма словаўтварэння. У лексіцы запазычанні з рус. моў. Чукоцкая і каракская мовы маюць пісьменнасць, створаную ў 1931 на аснове лац., з 1936 — на аснове рус. графікі.

Літ.:

Скорик П.Я. Чукотско-камчатские языки // Языки народов СССР. Л., 1968. Т. 5.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 17, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЧЫРВО́НЫЯ БРЫГА́ДЫ»

(італьян. Brigate Rosse),

леваэкстрэмісцкая (ультралевая) тэрарыст. арг-цыя ў Італіі. Засн. ў 1969—70; арганізатары і ідэйныя кіраўнікі — Курча і Франчэскіні. Асн. раён дзейнасці — прамысл. зона Мілан—Турын—Генуя. З 1974—75 складаліся з тэрарыст. сеткі (калоны; падзяляліся на брыгады да 5 чал. у кожнай — усяго да 500 баевікоў), разведкі, службы інфармацыі, псіхал. службы. У 2-й пал. 1970-х г. перайшлі да ўзбр. гвалтоўных дзеянняў (пік прыпаў на 1977—81). Намагаліся праз выкраданні, замахі і забойствы прадстаўнікоў дзярж. улады, журналістаў і інш. змяніць грамадскі лад краіны. У 1971—80 забілі 15 італьян. пракурораў і суддзяў, у 1978 паліт. дзеяча А.Мора. З 1980 большасць тэрарыстаў арыштавана (1000 чал. да 1983), іх акцыі сталі менш масавымі. У 1984 раскалоліся на «старых» і «маладых». Да 1985 на волі актыўна дзейнічалі каля 100 тэрарыстаў з наяўных 300. Пасля 1989 іх дзейнасць стала малазначнай.

Літ.:

Зафесов Г.Р. Тень над Апеннинами. М., 1982;

Яго ж. Тайные рычаги власти. 2 изд. М., 1990.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЫЧАГО́Ў Васіль Якаўлевіч (11.3.1726—16.4.1809),

расійскі мараплавец, ваен. дзеяч. Адмірал (1782). Бацька П.В.Чычагова. Вучыўся ў школе навігацкіх навук, потым у Англіі. На флоце з 1742. З 1764 нач. экспедыцыі па адшуканні марскога шляху з г. Архангельск праз Паўн. Ледавіты ак. да ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі і праз Берынгаў праліў да Камчаткі. У 1765 экспедыцыя дасягнула 80°26′ паўн. ш. на ПнЗ ад Шпіцбергена, але з-за цяжкага лёду вярнулася ў Архангельск; у 1766 дайшла да 80°30′. У рус.-тур. вайну 1768—74 камандаваў (1772—74) атрадам Данской флатыліі, якая абараняла Керчанскі праліў. У рус.-швед. вайну 1788—90 камандаваў Балт. флотам, у т. л. ў бітвах каля Эланда, Рэвеля (Талін), Выбарга. З 1797 у адстаўцы. Імем Ч. наз. астравы ў архіпелагу Новая Зямля, востраў у архіпелагу Аляксандра каля Паўн. Амерыкі, заліў і мыс в-ва Науку-Хіва ў Паўд. Палінезіі, мыс на в-ве Кюсю (Японія) і гара на в-ве Шпіцберген.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 17, с. 323

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭЛІ́НІ (Cellini) Бенвенута (3.11.1500, г. Фларэнцыя, Італія — 13.2.1571),

італьянскі скульптар, ювелір, пісьменнік; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў ювеліра М.​Бандынелі, зазнаў уплыў Мікеланджэла. З 1532 працаваў у Фларэнцыі, Пізе, Балонні, Венецыі, Рыме, з 1540 — у Парыжы і Фантэнбло пры двары Францыска I. У сваіх творах увасабляў вытанчаныя, празмерна выцягнутыя фігуры, часта ў складаных паваротах (сальніца караля Францыска I, 1539—43; «Нарцыс», 1540-я г.; «Укрыжаванне», 1562, у касцельным комплексе Эскарыял, Іспанія), вырашаў праблемы абсалютна круглай скульптуры (статуя «Персей», 1545—54, Лоджыя дэі Ланцы, Фларэнцыя). Аўтар мемуараў «Жыццё Бенвенута, сына маэстра Джавані Чэліні фларэнцінца, напісанае ім самім у Фларэнцыі» (не завершаны, прадыктаваны ім паміж 1558 і 1565; выд. 1728), якія вылучаюцца непасрэднасцю аповеду, ігнараваннем норм літ. стылю, правіл граматыкі; у ёй мова вуліцы, ярка ўвасоблены характар чалавека позняга італьян. Адраджэння. Тэарэт. праца «Два трактаты пра ювелірнае мастацтва і скульптуру» (1568).

Тв.:

Рус. пер. — Жизнь... 2 изд. М., 1958.

Літ.:

Виппер Б.Р. Бенвенуто Челлини // Виппер Б.Р. Статьи об искусстве. М., 1970.

Б.Чэліні. Сальніца караля Францыска I.

т. 17, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАРО́Н Арыэль (н. ў 1928, Кфар-Малал, Ізраіль),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Ізраіля. Ген.-маёр (1967). Ваен. адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі, скончыў Тэль-Авіўскі ун-т (1966). У 1940-я г. ўдзельнік яўр. самаабароны (Хаганы) у Палесціне. У час араба-ізраільскай вайны 1948—49 камандаваў брыгадай. Вызначыўся ў вайне з Егіптам 1956 (гл. Суэцкі крызіс 1956), араба-ізраільскіх войнах 1967 і 1973. З 1973 чл. паліт. аб’яднання «Лікуд», з 1999 яго лідэр. З 1975 саветнік прэм’ер-міністра І.Рабіна, з 1977 міністр сельскіх пасяленняў, у 1981—83 міністр абароны. Кіраваў уварваннем ізраільскіх войск у Ліван у 1982; у сувязі з абвінавачаннямі ў няздольнасці прадухіліць масавыя забойствы мірных жыхароў у Сабры і Шаціле пайшоў у адстаўку. З 1984 міністр прам-сці, у 1990—92 — буд-ва і жыллёвай гаспадаркі, у 1996—98 нац. інфраструктуры, у 1998—99 — замежных спраў. У вер. 1999 наведаў Храмавую гару ў Іерусаліме, што выклікала масавыя выступленні палесцінцаў. З лют. 2001 прэм’ер-міністр Ізраіля.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАТА́ЛІН Станіслаў Сяргеевіч (24.8.1934, г. Пушкін Ленінградскай вобл., Расія — 1997),

расійскі вучоны-эканаміст. Акад. АН СССР (1987, чл.-кар. 1974). Скончыў Маскоўскі ун-т (1958). З 1959 у Н.-д. эканам. ін-це пры Дзяржплане СССР, Цэнтр. эканоміка-матэм. ін-це АН СССР, у НДІ сістэмных даследаванняў Дзярж. к-та па навуцы і тэхніцы і АН СССР, у Маскоўскім ун-це. Навук. працы па тэорыі і метадалогіі сістэмнага аналізу, яго выкарыстанні для вырашэння сац.-эканам. і навук.-тэхн. праблем. Дзярж. прэмія СССР 1968.

Тв.:

Функционирование экономики развитого социализма: Теория, методы и пробл. М., 1982;

Культура и средства массовой информации: социально-экон. пробл. М., 1985 (у сааўт.);

Интенсификация общественного производства: социально-экон. пробл. М., 1987 (разам з В.​Р.​Грабеннікавым, А.​С.​Пчалінцавым);

Организация управления: Пробл. перестройки. М., 1987 (у сааўт.);

Экономическая реформа: причины, направления, пробл. М., 1989 (разам з Я.​Ц.​Гайдарам);

Социальные ресурсы и социальная политика. М., 1990 (у сааўт.).

т. 17, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШЧУ́КІН Барыс Васілевіч (17.4.1894, Масква — 7.10.1939),

расійскі акцёр. Нар. арт. СССР (1936). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1916), Аляксандраўскае ваен. вучылішча (1918). З 1920 у 3-й Студыі Маскоўскага Маст. акад. т-ра (з 1926 Т-р імя Я.​Вахтангава). Яго творчасці былі ўласцівы арганічнасць, пачуццё жыццёвай праўды, імправізацыйная свабода, спалучэнне прыёмаў буфанады і гратэску з глыбокім драматызмам. Этапнымі ў развіцці рас. тэатр. мастацтва сталі створаныя ім ролі: Ягор Булычоў («Ягор Булычоў і іншыя» М.​Горкага), Кюрэ («Цуд святога Антонія» М.​Метэрлінка), Тарталья («Прынцэса Турандот» К.​Гоцы), Палоній («Гамлет» У.​Шэкспіра), Павел Суслаў («Вірынея» Л.​Сейфулінай і В.​Праўдухіна). Як адзін з рэжысёраў удзельнічаў у пастаноўцы п’ес «Тэмп» М.​Пагодзіна (1930), «Гамлет» Шэкспіра (1932), «Чалавечая камедыя» (паводле А. дэ Бальзака, 1934) і інш. Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэмія СССР 1941.

Літ.:

Бачелис Т. Великий советский артист Б.​В.​Щукин. М., 1956;

Б.​В.​Щукин: Статьи. воспоминания, материалы. М., 1965.

Б.В.Шчукін.

т. 17, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСПРО́МТ (ад лац. expromtus гатовы),

1) у літаратуры — невялікі верш, складзены хутка, без абдумвання, пад уражаннем пачуццяў, выкліканых якой-н. з’явай ці падзеяй; адзін з відаў імправізацыі. Э. звычайна невялікі па аб’ёме і просты па кампазіцыі. У маст. л-ры да Э. адносяць эпіграмы, мадрыгалы, жарты, лірычныя вершы. Прыклад Э.:

Адолець можна ўсё...
Ісці па першапутку
Праз непагадзь, праз дождж і снег,
Каб толькі вочы — з радасці і смутку —
Даверліва глядзелі ў вочы мне.
(М.​Пракаповіч. «Адолець можна ўсё...»)

Э. сустракаюцца ў творчасці сучасных бел. паэтаў (Р.​Барадулін, М.​Рудкоўскі і інш.).

2) У музыцы — інстр. п’еса імправізацыйнага характару; адзін з жанраў камернай музыкі.

Як самаст. жанр (пераважна для фп.) пашырыўся ў 19 ст. ў перыяд станаўлення рамант. кірунку ў музыцы. Сярод класічных Э. творы А.​Глазунова, Э.​Грыга, Ф.​Ліста, А.​Лядава, А.​Скрабіна, П.​Чайкоўскага, Ф.​Шапэна, Ф.​Шуберта. Э. стварылі бел. кампазітары А.​Багатыроў, Я Глебаў, Дз.​Лукас, К.​Цесакоў і інш.

А.​А.​Майсейчык (у літаратуры).

т. 18, кн. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСКІМО́СКАЯ МО́ВА,

адна з эскімоска-алеуцкіх моў. Пашырана сярод эскімосаў на Чукоцкім п-ве (Расія), на Алясцы (ЗША), у Канадзе, Грэнландыі (Данія, дзе яна служыць мовай астраўной аўтаноміі; у астатніх рэгіёнах — мовай побытавых зносін). Мае 2 групы дыялектаў: юіцкую і інуіцкую. Э.м. — аглюцінатыўна-полісінтэтычная. Ёй уласцівы: у марфалогіі — 7 склонаў, суфіксальнае словаўтварэнне, наяўнасць іменных і дзеяслоўных асноў, якія, далучаючы да сябе серыі розных па семантыцы і функцыях суфіксаў, здольны выражаць значэнне цэлага сказа (т.зв. слова-сказ), лексіка-семантычным цэнтрам якога служыць толькі каранёвая марфема; у сінтаксісе — выразны падзел сказа паводле структуры на абсалютную і эргатыўную канструкцыі. Пісьменства ў Грэнландыі з сярэдзіны 19 ст., у СССР з 1930-х г. (у 1932—37 на лац. графічнай аснове, з 1937 на аснове рус. графікі), у ЗША і Канадзе — з 1970-х г. (на аснове лац. графікі).

Літ.:

Меновщиков Т.А. Грамматика языка азиатских эскимосов. Ч. 1—2. М.; Л., 1962—67.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭСТО́НСКАЯ МО́ВА,

адна з фіна-угорскіх моў (прыбалтыйска-фінская падгрупа); мова эстонцаў. Пашырана ў Эстоніі, часткова ў Швецыі, Расіі, ЗША, Канадзе. Мае 3 дыялектныя групы: паўн.-эст., паўд.-эст. і паўн.-ўсх., або прыбярэжную. Э.м. ўласцівы: у фанетыцы — фаналагічная значнасць ступеней даўжыні, што ахоплівае ўсе доўгія галосныя, дыфтонгі, зычныя і спалучэнні зычных, гал. націск у слове на 1-м складзе, дадатковы на 3-м; у марфалогіі — 14 склонаў назоўніка, ва ўтварэнні якіх удзельнічаюць паслялогі, адсутнасць катэгорыі роду ў дзеяслова — катэгорыі трывання; у сінтаксісе — сувязь слоў у сказе выражаецца пераважна грамат. формамі асобных слоў і службовымі словамі, часам з дапамогаю парадку слоў і інтанацыі; у лексіцы — запазычанні са слав., балт. і герм. моў. Першыя запісы на Э.м. (асобныя сказы і глосы) з 13 ст. Першая друкаваная кніга — 1535. Пісьменства на аснове лац. алфавіта.

Літ.:

Каск А. Эстонский язык // Основы финно-угорского языкознания. М., 1975.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 18, кн. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)