ШАРО́Н Арыэль (н. ў 1928, Кфар-Малал, Ізраіль),

дзяржаўны і ваен. дзеяч Ізраіля. Ген.-маёр (1967). Ваен. адукацыю атрымаў у Вялікабрытаніі, скончыў Тэль-Авіўскі ун-т (1966). У 1940-я г. ўдзельнік яўр. самаабароны (Хаганы) у Палесціне. У час араба-ізраільскай вайны 1948—49 камандаваў брыгадай. Вызначыўся ў вайне з Егіптам 1956 (гл. Суэцкі крызіс 1956), араба-ізраільскіх войнах 1967 і 1973. З 1973 чл. паліт. аб’яднання «Лікуд», з 1999 яго лідэр. З 1975 саветнік прэм’ер-міністра І.Рабіна, з 1977 міністр сельскіх пасяленняў, у 1981—83 міністр абароны. Кіраваў уварваннем ізраільскіх войск у Ліван у 1982; у сувязі з абвінавачаннямі ў няздольнасці прадухіліць масавыя забойствы мірных жыхароў у Сабры і Шаціле пайшоў у адстаўку. З 1984 міністр прам-сці, у 1990—92 — буд-ва і жыллёвай гаспадаркі, у 1996—98 нац. інфраструктуры, у 1998—99 — замежных спраў. У вер. 1999 наведаў Храмавую гару ў Іерусаліме, што выклікала масавыя выступленні палесцінцаў. З лют. 2001 прэм’ер-міністр Ізраіля.

В.​У.​Адзярыха.

т. 17, с. 381

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)