мацярык у Паўд. паўшар’і, частка свету. Пл. 7631,5 тыс.км² (найменшы сярод мацерыкоў). Нас. 18 млн.чал. (1994). Працягласць з Пн на Пд ад мыса Йорк (10°14′паўд. ш.) да мыса Паўд.-Усходні (39°11′паўд. ш.) 3200 км; з З на У ад мыса Стып-Пойнт (113°51′усх. д.) да мыса Байран (153°34′усх. д.) 4100 км. На Пн Аўстралія абмываецца Тыморскім і Арафурскім, на У — Каралавым і Тасманавым морамі, на Пд і З — Індыйскім ак. Аўстраліі як частцы свету належыць шэраг а-воў: Тасманія, Кінг, Кенгуру, Мелвіл, Грут-Айленд і інш. (пл. з а-вамі 7704,5 тыс.км²). Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа на 2,3 тыс.км цягнецца Вялікі Бар’ерны рыф. Берагавая лінія парэзана слаба: на Пн зал. Карпентарыя, на Пд Аўстралійскі зал., вял. п-авы — Кейп-Йорк і Арнем-Ленд на Пн.
Адкрыў Аўстралію галандзец В.Янсзан у 1606. Усходні бераг ў 1770 наведаў Дж.Кук. Яго суайчыннік М.Фліндэрс назваў мацярык Аўстраліяй.
Рэльеф. У рэльефе Аўстраліі пераважаюць раўніны, каля 87% паверхні не перавышае 500 м над узр. м. Аўстралія — самы нізкі мацярык свету, сярэдняя выш. 215 м, найб. 2230 м — г. Касцюшкі ў Аўстралійскіх Альпах. Заходнюю ч. Аўстраліі займае Заходне-Аўстралійскае пласкагор’е (выш. 400—500 м) з хрыбтамі і шматлікімі сталовымі гарамі: на паўн.-зах. ускраіне масіў Кімберлі (выш. да 936 м), па ўсходняй — горы Мак-Донел (1510 м, г. Зіл), Масгрэйв (1140 м, г. Вудраф), на ПдЗхр. Дарлінг (выш. да 582 м), на Зхр. Хамерслі (выш. да 1226 м). Сярэдняя ч. Аўстраліі нізінная (пераважная выш. да 100 м над узр. м.). На ПдУ алювіяльныя раўніны рэк Мурэяі Дарлінга, у паўд. частцы хрыбты Фліндэрс і Маўнт-Лофты. Характэрны пенеплены — вял. ўраўнаваныя раўніны з астраўнымі гарамі. Усходнюю ч. Аўстраліі займае Вялікі Водападзельны хрыбет, які складаецца з шэрагу ізаляваных плоскавяршынных горных хрыбтоў з моцна расчлянёнымі стромкімі ўсх. і спадзістымі зах. схіламі.
Геалагічная будова. У аснове цэнтр. і зах. частак мацерыка — стараж.Аўстралійская платформа з дакембрыйскіх крышт. і метамарфічных парод, якія агаляюцца ў раёне Зах.-Аўстралійскага пласкагор’я і часткова на п-аве Арнем-Ленд. Цэнтральная ч. платформы перакрыта чахлом асадкавых парод ад познапратэразойскага да кайназойскага ўзросту. Усходняя ч. ўтворана Усх.-Аўстралійскім складкавым геасінклінальным поясам, уключае разам з палеазойскімі вулканічныя і інтрузіўныя пароды ўсіх узростаў. Карысныя выкапні: алмазы (1-е месца ў свеце па здабычы), золата, жал. руды (хр. Хамерслі), медзь (Маўнт-Айза, Квінсленд), марганец (в-аў Грут-Айленд), уран (п-аў Арнем-Ленд), баксіты (п-авы Кейп-Йорк, Арнем-Ленд, хр. Дарлінг), каменны і буры вуглі (Вял. Водападзельны хрыбет), нафта і газ на ўзбярэжжы і ў шэльфавай зоне мацерыка (Баса праліў, ПдУ Аўстраліі), поліметалічныя і тытанавыя руды, фасфарыты.
Клімат. Паўн. частка Аўстраліі (да 20°паўд. ш.) знаходзіцца ў экватарыяльным, цэнтр.ч. (20—30°паўд. ш.) — у трапічным, паўд. ўскраіны — у субтрапічным кліматычных паясах. На б.ч. в-ва Тасманія клімат умераны. Высокія тэмпературы і вял. сухасць клімату (38% плошчы атрымлівае менш за 250 мм ападкаў) абумоўлены геагр. становішчам, працягласцю мацерыка з З на У, размяшчэннем на УВял. Водападзельнага хр., на Пдхр. Дарлінг, якія затрымліваюць вільгаць з акіянаў. Сярэднія т-ры студз. ад 20 да 30 °C і больш, ліп. ад 12 да 20 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1500 мм да 300—250 мм за год і менш. Аўстралія — самая гарачая ч. сушы Паўд. паўшар’я: на 2/3тэр. трапічны пустынны і паўпустынны клімат (ва ўнутр. раёнах кантынентальны, сярэдняя т-растудз. 34 °C, ліп. 10 °C). На б.ч.ўсх. ўзбярэжжа клімат трапічны марскі, гарачы. Самы гарачы раён з т-рай студз. больш за 40 °C на ПнЗ (Марбл-Бар), самы засушлівы — катлавіна воз. Эйр (менш за 120 мм ападкаў за год). Найб.колькасць ападкаў на паўн.-ўсх. узбярэжжы — больш за 2000 мм за год.
Унутраныя воды. Натуральная рачная сетка развіта слаба. Амаль 60% тэрыторыі — бяссцёкавыя вобласці. Рэкі кароткія, жыўленне дажджавое, рэжым нераўнамерны. Пустыні перасякаюць часовыя вадацёкі (крыкі) Купер-Крык, Джарджына і інш.Найб. мнагаводная рака Мурэй (даўж. 2570 км) з гал. прытокам Дарлінг (2740 км; самая доўгая рака Аўстраліі), рэкі Фіцрой, Ропер, Фліндэрс, Вікторыя, Мерчысан. Найб. азёры: Эйр, Торэнс, Амадыес, Гэрднер; вял.колькасць дробных (да 400) на ПдУ — на раўніне Салёных азёраў. Шмат стараж. азёрных катлавін, якія запаўняюцца вадой толькі пасля дажджоў. Аўстралія — багатая падземнымі водамі — 33 артэзіянскія басейны агульнай пл. каля 4800 тыс.км² (глыб. залягання вады 20—1800 м). Найбольш значныя басейны: Вялікі Артэзіянскі басейн, Мурэйскі, Морэтан-Кларэнс, Юкла, Джарджына.
Глебы і расліннасць. Глебавае покрыва падпарадкавана шыротнай занальнасці, парушаецца толькі ў гарах. На Пд і ПнУ развіты месцамі забалочаныя чырвона-жоўтыя латэрытныя глебы, якія змяняюцца чорна-бурымі глебамі саваннаў. Ва ўнутр. раёнах пераважаюць шэразёмы трапічных і субтрапічных пустыняў і бурыя пустынна-стэпавыя глебы з саланчакамі і масівамі пяскоў. На Пд Аўстраліі прыбярэжная паласа каштанавых глебаў, на ПдЗ мацерыка чырваназёмы і жаўтазёмы субтрапічных саваннаў, па схілах гор горныя жоўта-бурыя лясныя, на вяршынях гор і ў Аўстралійскіх Альпах горна-лугавыя глебы. Расліннасць Аўстраліі развівалася ва ўмовах доўгай ізаляцыі, адрозніваецца своеасаблівым складам — каля 75% эндэмікі. Найб. тыповыя эўкаліпты (больш за 600 відаў), акацыі (490 відаў) і казуарыны (каля 25 відаў). Цэнтр.ч. мацерыка занята пясчанымі пустынямі (Вялікая Пясчаная пустыня, Вялікая пустыня Вікторыя, Гібсана пустыня) з рэдкімі дзярнінамі ксерафітных злакаў. Пустыні акаймаваны поясам паўпустыняў з зараснікамі калючых хмызнякоў (скрэбы). На Пн, У, ПдУ і ПдЗ паўпустыні пераходзяць у саванны (злакавае покрыва, асобна трапляюцца акацыі, «травяное дрэва», бутэлечнае дрэва). У далінах рэк паўн. і паўн.-ўсх. ўзбярэжжа ўчасткі гілеяў, у вусцях — балоты і мангравыя зараснікі. 3% пл. займаюць лясы. Наветраныя схілы Вял. Водападзельнага хр. на Пн укрыты субэкватарыяльнымі вільготнымі лясамі з пальмамі, фікусамі, лаўровым дрэвам, араўкарыяй і бамбукам, далей на Пд — трапічнымі лясамі з эўкаліптаў. На зах. падветраных схілах — рэдкалессе і саванны. У гарах найб. рэзка выяўлена вышынная пояснасць ландшафтаў. Каля верхняй мяжы лесу растуць бук, «снегавы» эўкаліпт, дрэвападобныя папараці. Мацярык Аўстралія з прылеглымі а-вамі Тасманія і інш. вылучаюцца ў асобную фларыстычную вобласць, гл.Аўстралійская біягеаграфічная вобласць.
Жывёльны свет. Фауна Аўстраліі адрозніваецца багаццем эндэмічных (да 90 відаў) і рэліктавых жывёл. На мацерыку вял.колькасць сумчатых зямнога шара: кенгуру, барсук, мядзведзь (каала). Толькі ў Аўстраліі яйцародныя млекакормячыя (качканос і яхідна), дваякадыхаючая рыба рагазуб, адсутнасць эндэмічных капытных, прыматаў і драпежнікаў (акрамя дзікага сабакі дынга). З птушак ёсць страус эму, казуары, чорны лебедзь, лірахвост, папугаі, райскія птушкі і інш. Шмат ядавітых змей, яшчарак, скарпіёнаў, ядавітых павукоў; у вадаёмах — аўстралійскія кракадзілы і чарапахі. Флора і фауна ахоўваецца ў нац. парках і запаведніках, найб. вядомыя: Маўнт-Бафала, Касцюшкі, Саўт-Уэст (в-аў Тасманія), Уілсанс-Проматары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСКУЛА́ЧВАННЕ,
адзін са спосабаў ліквідацыі кулацтва ў СССР. Праводзілася парт.-сав. ўладамі ў 1920-я — пач. 1950-х г. Мела на мэце унітарнасць сац.-эканам. жыцця на вёсцы дзеля канцэнтрацыі ўлады ў руках кіруючага апарата; цесна звязана з правядзеннем у жыццё бальшавіцкіх уяўленняў пра сацыялізм. Змест, характар, сродкі і метады Р. залежалі ад сац.-эканам. і паліт. умоў часу. Адзіным у ім было выкарыстанне прамой ці гвалтоўнай экспрапрыяцыі ў адносна самастойнага селяніна сродкаў вытв-сці, вынікаў вытв. дзейнасці, грашовых накапленняў і абмежаванне яго ў палітычных правах, а таксама ў правах на месцы працы, формы або віды навучання. Поўная экспрапрыяцыя гаспадарак часта спалучалася з бязлітаснымі пакараннямі (расстрэлы, зняволенне ў канцлагерах, ссылка ў аддаленыя раёны і інш.) іх уладальнікаў за сапраўдныя або ўяўныя контррэв. дзеянні. Часткова Р. выкарыстоўвалася як сродак ажыццяўлення ўраўняльных ідэалаў сялянства. На Беларусі Р. набывала асабліва масавы характар у 1929—31 (усх. і цэнтр. раёны) і 1949—52 (Заходняя Беларусь). Фундамент Р. закладзены сав. заканадаўствам 1917—20, скіраваным на шырокамаштабнае прымусовае ўраўноўванне земляробаў. Важкі ўклад у рэалізацыю гэтай палітыкі, якая ва ўмовах грамадз. вайны набывала часам вельмі жорсткія формы, зрабілі камітэты беднаты і харчатрады. Падставай для Р. многіх гаспадарак і пакарання іх уладальнікаў станавілася іх адмова да выканання харчразвёрсткі. У перыяд новай эканамічнай палітыкі (з сак. 1921) гал. кірункам Р. стала эканам. абмежаванне і гасп.-прававы ўціск заможных сял. гаспадарак (у БССР іх колькасць да 1927 складала 4,1% ад агульнай колькасці сял. гаспадарак). У 1926 сума падаткаў і збораў на адну заможную гаспадарку ў БССР прыкладна ў 3,8 разу перавышала сярэдні паказчык у разліку на адну сял. гаспадарку. У 1925—27 перададзена беднаце больш за 200 тыс.га зямлі, адрэзанай ад кулацкіх двароў. Пасля XV з’езда ВКП(б) (снеж. 1927), які абвясціў курс на правядзенне калектывізацыі сельскай гаспадаркі, эканам. захады супраць кулацтва ўсё часцей спалучаліся з адм., з прамой канфіскацыяй прадуктаў уласнай працы і зямельных лішкаў, новымі абмежаваннямі на атрыманне крэдытаў, забеспячэнне складанымі машынамі і прыладамі. Пры выкананні напружаных хлебанарыхтоўчых заданняў падатак для найб. моцных сял. гаспадарак часта падымаўся ў 2—6 разоў, што разарала іх. У 1929 спынена выдзяленне сял. гаспадарак на хутары і водрубы, надзвычайныя меры пачалі перарастаць у ліквідацыю заможных, у т. л. серадняцкіх гаспадарак у выніку ўзмацнення індывід. абкладання с.-г. падаткам і ўвядзення т.зв. цвёрдых заданняў па тэрмінах іх выканання. У сувязі з масавай калектывізацыяй асн. метадам Р. стала гвалтоўная экспрапрыяцыя-ліквідацыя кулацкіх гаспадарак з прымяненнем рэпрэсій да гаспадароў і членаў іх сем’яў.
У адпаведнасці з дырэктывамі органаў кіравання СССР (студз.—лют. 1930) па асобна ўзятых раёнах БССР планавалася раскулачыць ад 3 да 5% сял. двароў, а ў цэлым па рэспубліцы 4,2% (34 тыс.), што значна перавышала рэальную колькасцьсапр. кулацкіх гаспадарак. Мясц. ўлады ў раёнах суцэльнай калектывізацыі атрымалі права ўжываць супраць кулакоў ўсе захады аж да поўнай канфіскацыі іх маёмасці і высылкі разам з сем’ямі па-за межы раёна або акругі. Згодна з парт.-дзярж. дырэктывамі 1930 да 20% раскулачаных па рашэннях «троек» (1-ы сакратар райкома партыі, старшыня выканкома райсавета і нач. раённага аддзела Дзярж.паліт. ўпраўлення) без следства і суда адпраўляліся на Пн і УСССР у якасці вязняў канцлагераў і спецпасяленняў. Астатнія 80% рассяляліся на спец. землях па-за межамі калгасаў раёна. Канфіскаваная маёмасць і землі перадаваліся пераважна калгасам як уступны ўзнос беднаты. Выяўленне і высяленне кулакоў праводзілі органы дзярж. бяспекі, мясц. органы ўлады, якім дапамагалі групы беднаты, рабочыя брыгады, спец. накіраваныя рабочыя-«дваццаціпяцітысячнікі», работнікі палітаддзелаў МТС і саўгасаў. На Беларусі найб. шырокая кампанія па Р. адбывалася зімой 1929—30: да мая 1930 раскулачана 15,6 тыс. сямей (1,9% ад усёй іх колькасці на вёсцы), з якіх 6 тыс. сем’яў (0,74% усіх сял. гаспадарак) абвінавачаны ў контррэв. дзейнасці і высланы ў паўн.-ўсх. рэгіёны СССР. Гвалтоўныя метады калектывізацыі і Р. выклікалі масавыя выступленні сялян: падпалы, забойствы калгасных актывістаў і парт.-сав. работнікаў, разгромы памяшканняў органаў улады і інш, (у студз. — 1-й пал.крас. 1930—520 выпадкаў). Усяго да кастр. 1930 было раскулачана 20,5 тыс. гаспадарак (сярод іх 73 серадняцкіх). Прыкладна 10 тыс. гаспадарак «самараскулачыліся» (распрадалі ці кінулі маёмасць). У далейшым Р. праводзілася пераважна як мера пакарання сялян-аднаасобнікаў за невыкананне або адмову ад выканання высокіх індывід. падатковых заданняў. Колькасцьіндывід. абкладзеных гаспадарак павялічвалася за кошт зноў выяўленых або выключаных з калгасаў (паводле пастановы ЦВК і СНКСССР ад 13.11.1930) «кулацкіх» гаспадарак. Усяго ў БССР на 15.1.1931 у індывід. парадку было абкладзена 2974 гаспадаркі. Калі за 1930 было раскулачана больш за палавіну кулацкіх гаспадарак, то за 1931 у выніку жорсткіх захадаў па спагнанні падаткаў (адабранне маёмасці і інш.) і Р. былых кулакоў у новых раёнах калектывізацыі іх колькасць скарацілася яшчэ на 47%. У адказ на гэтыя захады толькі за 1-ю пал. 1931 адбылося не менш за 1169 сял. выступленняў, у т. л. 247 нападаў на актыў калгасаў. У наступныя гады, хаця кулацтва як сац. сілы ўжо не было, палітыка Р., барацьба з міфічнымі кулакамі не спынялася. Працягвалася частковае высяленне кулацкіх сем’яў на падставе асобных разнарадак зверху. З мая 1932 да мая 1933 у БССР экспрапрыіравана і саслана 35 тыс. сем’яў сялян. У выніку рэпрэсій адкрытае супраціўленне сялян самавольству і гвалту з боку ўлады паступова было зламана. Заключным актам барацьбы з кулацтвам стала кампанія па ліквідацыі хутароў у БССР у 2-й пал. 1930-х г. Пасля ўз’яднання Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) у 1939—41 асн. кірункам Р. была канфіскацыя «лішкаў» зямлі ў заможных сял. гаспадарак (плошчай больш за 50 га). Толькі вясной 1940 у прыкладна 28 тыс. гаспадарак было адрэзана 240 тыс.га зямлі. Аднак рашаючае наступленне на кулацтва ў зах. абласцях разгарнулася разам з масавай калектывізацыяй у канцы 1940 — пач. 50-х г. Яго формы і метады (запалохванне, адм. націск, ігнараванне волі і інтарэсаў сялян) асабліва не адрозніваліся ад практыкі 1930-х г. У 1951 дырэктыўныя органы СССР прынялі 2 пастановы аб высяленні кулакоў з зах.-бел. вёсак. У 1952 па-за межы Беларусі выслана больш за 4,4 тыс. кулацкіх сем’яў. Паводле некат. ацэнак талькі ў перыяд суцэльнай калектывізацыі раскулачана, г.зн. знішчана, 6—8% сял. гаспадарак СССР, з якіх толькі каля палавіны былі кулацкімі. На Беларусі за гэты час ліквідавана прыблізна 48—64 тыс. гаспадарак (297,8—397,8 тыс.чал.). У выніку Р. ў бел. вёсцы ў канцы 1920-х — 1941 і ў пасляваен. гады пацярпелі каля 8% сял. гаспадарак, была разгромлена сял. эліта і моцна падарваны прадукц. сілы вёскі.
Літ.:
Сорокин А.Н. Совхозы Белорусской ССР (1917—1941 гг.). Мн., 1979;
Яго ж. Эксперимент: Человек и Земля. Мн., 1994;
Трагедия советской деревни: Коллективизация и раскулачивание, 1927—1939: Док. и материалы: В 5 т. Т. 1—2, М., 1999—2000;
Зеленин И.Е. Осуществление политики «ликвидации кулачества как класса» (осень 1930—1932 гг.) // История СССР. 1990. № 6;
Конквест Р. Жатва скорби: Пер. с англ. // Вопр. истории. 1990. № 1, 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРО́Д, гідраген (лац. Hydrogenium),
H, хімічны элемент VII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 1, ат. м. 1,00794. Прыродны вадарод складаецца з 2 ізатопаў 1H (протый, 99,98% па масе) і 2H ці Д (дэйтэрый, 0,02%), атрыманы штучныя радыеактыўныя 3H ці T (трытый) і вельмі няўстойлівы 4H. У паветры колькасць вадароду 3,5∙10−6% па масе, у літасферы і гідрасферы — 1%, у вадзе — 11,19%, у складзе арганічных злучэнняў вадароду маюць усе раслінныя і жывёльныя арганізмы. Самы пашыраны элемент у космасе, складае каля палавіны масы Сонца, большасці зорак. Газ без колеру і паху, tпл -259,1 °C, tкіп -252,6 °C, шчыльн. вадкага 70,8 кг/м³ (-235 °C). Вадарод і яго сумесі з паветрам і кіслародам (гл.Грымучы газ) пажара- і выбухованебяспечныя.
Малекула вадароду двухатамная. Пры звычайных умовах узаемадзейнічае толькі з фторам і хлорам (на святле), пры павышаных т-рах у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл.Вада), галагенамі (гл.Галагенавадароды), азотам (гл.Аміяк). Са шчолачнымі і шчолачназямельнымі металамі, элементамі III—IV груп перыяд. сістэмы ўтварае гідрыды. Аднаўляе аксіды і галагеніды металаў да металаў, ненасычаныя вуглевадароды (гл.Гідрагенізацыя). Лёгка аддае электрон, у водных растворах пратон H+ існуе ў выглядзе іона гідраксонію, утварае вадародную сувязь. У прам-сці атрымліваюць канверсіяй метану: CH4 + 2H2O = 4H2 + CO2; пры газіфікацыі вадкага і цвёрдага паліва (гл.Вадзяны газ).
Газападобны вадарод выкарыстоўваюць для сінтэзу аміяку, хлорыстага вадароду, метылавага і вышэйшых спіртоў, вуглевадародаў, для гідрагенізацыі тлушчу, таксама для зваркі і рэзкі металаў вадародна-кіслародным полымем, вадкі — як гаручае ў ракетнай і касм. тэхніцы, ізатопы — у атамнай энергетыцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛКА́НСКІ ПАЎВО́СТРАЎ,
паўвостраў на ПдУ Еўропы. Пл. 505 тыс.км². Працягласць з Пн на Пд каля 950 км, з З на У да 1260 км. Паўночная ўмоўная мяжа праходзіць ад Трыесцкага зал. да р. Сава і далей па Дунаі да яго вусця. Абмываецца з З Адрыятычным і Іанічным морамі, з У — Чорным, Мармуровым, Эгейскім морамі. Берагі моцна парэзаны бухтамі і залівамі, на Пд і ПдУ шмат астравоў. Большую ч. тэрыторыі займаюць нізкія і сярэднія горы — Дынарскае нагор’е, Пінд, Сербскае нагор’е, Стара-Планіна, Радопы і інш., найб.выш. 2925 м (г. Мусала, у гарах Рыла). Раўніны размешчаны на Пн (паўд. часткі Сярэднедунайскай і Ніжнедунайскай раўнін), у міжгорных паніжэннях (Верхнефракійская, Фесалійская нізіны і інш.), месцамі ўздоўж узбярэжжаў. Частыя землетрасенні. Карысныя выкапні: каменны вугаль, медныя, алавяныя, жал. руды, нафта, ртуць, баксіты і інш. Клімат субтрапічны міжземнаморскі на ўзбярэжжах, умерана кантынентальны на Пн, ва ўнутр. раёнах і У, высакагорны ў гарах. Найб.колькасць ападкаў на зах. схілах Дынарскага нагор’я (да 5000 мм у раёне Котарскай бухты). Рэкі: Дунай з Савай і Маравай, Марыца, Струма і інш. Самыя вял. азёры — Скадарскае, Ахрыдскае, Прэспа. Шмат карставых азёраў. Расліннасць на З і Пд міжземнаморскага тыпу (вечназялёныя лясы і ксерафітныя цвердалістыя хмызнякі тыпу маквіс, жыбля-фрыгана і інш.). На Пн і У у гарах вышэй за 400—500 м шыракалістыя і хваёвыя лясы і лістападныя хмызнякі. Раўніны ўзараныя. Жывёльны свет: дзік, высакародны алень, казуля, мядзведзь, ліс, выдра; ёсць паўзуны — яшчаркі, змеі, чарапахі; шмат птушак. На Балканскім паўвостраве дзяржавы: Балгарыя, Славенія, Харватыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Югаславія, Албанія, б.ч. Грэцыі, часткі Румыніі і Турцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІНО́,
1) вінаграднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць поўным ці частковым спіртавым браджэннем вінаграднага соку (сусла) ці мязгі (здробненага вінаграду). Для прыгатавання выкарыстоўваюць вінаград тэхн. спеласці ці правялены да цукрыстасці не больш як 40% (гл.Вінаробства).
Віно мае ў сабе ваду і этылавы спірт, арган. к-ты (у асноўным яблычную і вінную, а таксама лімонную, малочную, воцатную і інш.), цукры (глюкозу і фруктозу), дубільныя і мінер. рэчывы, вітаміны (P, B1, B6, PP, B12 і інш.). Віно вінаграднае вызначаецца высокай каларыйнасцю (1 л сухога віна дае 2,5—3,3 кДж), бактэрыцыднымі ўласцівасцямі.
Віно вінаграднае падзяляюць на сартавое (вырабляюць з вінаграду аднаго сорту) і купажнае (з сумесі розных сартоў), «ціхае» (без лішкаў дыаксіду вугляроду) і насычанае дыаксідам вугляроду: пеністае (напр., шампанскае), шыпучае ці газіраванае. «Ціхія» віны адрозніваюць паводле саставу (гл.табл.). Па якасці віны падзяляюць на ардынарнае (вытрымка да 1 года), марачнае (вытрымка 1,5—2 гады), калекцыйнае (вытрымка на менш як 3 гады). Па колеры адрозніваюць белае, ружовае і чырвонае.
2) Віно пладова-ягаднае, алкагольны напітак, які атрымліваюць браджэннем сокаў дзікарослых і культ. пладоў і ягад (журавін, брусніц, малін, яблыкаў, сліў і інш.) з дабаўленнем вады і цукру. У выніку браджэння ў віне ўтвараецца да 6% (аб’ёмных) спірту. Мацунак такіх він павышаюць да 9—20% дабаўленнем спірту-рэктыфікату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАЛО́ІДЫ (ад позналац. alcali шчолач + грэч. eidos від),
група прыродных азотазмяшчальных злучэнняў, пераважна расліннага паходжання. Адкрыты ў пач. 19 ст.
Першы выдзелены морфій (марфін) з опію (1806), потым стрыхнін і бруцын, хінін і цынханін, кафеін, нікацін, атрапін і інш. У аснове будовы малекул алкалоідаў ляжыць гетэрацыкл ядра пірыдзіну, піралідзіну, імідазолу, аўрыну і інш. У залежнасці ад будовы алкалоіды класіфікуюць на групы: пірыдзіну (лабелін, нікацін, каніін), трапану (атрапін, какаін), хіналізідзіну (лупінін, цытызін) і інш.
Вядома некалькі тысяч алкалоідаў, з іх у жывёл толькі каля 50. Найб. багатыя алкалоідамі расліны з сям. бабовых, макавых, паслёнавых, казяльцовых, астравых, лебядовых. Колькасць алкалоідаў у тканках раслін звычайна вымяраецца долямі працэнта, рэдка дасягае 10—15% (кара хіннага дрэва). Асобныя алкалоіды спецыфічныя для пэўных родаў і сямействаў раслін, што з’яўляецца іх дадатковай сістэматычнай прыкметай. Лакалізуюцца алкалоіды ў органах раслін, напр., у хіннага дрэва ў кары, у аканіта ў клубнях, у какаінавага дрэва ў лісці. Многія з алкалоідаў у вял. дозах — моцныя яды, у малых — лек. рэчывы (шырока выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай прам-сці, напр., атрапін, новакаін, кадэін, папаверын, хінін і інш.). Арганізм чалавека і жывёл яны ўзбуджаюць (кафеін, стрыхнін) або паралізуюць (марфін, рэзерпін). Некаторыя алкалоіды выкарыстоўваюць у сельскай гаспадарцы супраць шкоднікаў раслін (напр., анабазін, нікацін і іх сернакіслыя солі) і ў эксперым. біялогіі для вывядзення новых формаў с.-г. раслін (напр., калхіцын).
Літ.:
Орехов А.П. Химия алкалоидов растений СССР. М., 1965;
Мироненко А.В. Метады определения алкалоидов. Мн., 1966;
Лукнер М. Вторичный метаболизм у микроорганизмов, растений и животных: Пер. с англ.М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РМІЯ (франц. armée ад лац. armare узбройваць),
1) ваенны орган дзяржавы, прызначаны праводзіць яе палітыку сродкамі ўзбр. насілля.
Узнікла разам з дзяржавай. Кожная сац.-эканам. фармацыя мела адпаведныя формы арганізацыі. Вядомы арміі: масавая, наёмная, міліцыйная, пастаянная, рэгулярная. Пастаянныя ўзбр. атрады разам з апалчэннем складалі аснову будаўніцтва першых рабаўладальніцкіх дзяржаў. Тады з’явіліся амаль усе формы арганізацыі арміі, якая складалася з лёгкай, сярэдняй і цяжкай пяхоты, конніцы, калясніц баявых і інш. У феад. эпоху фарміраваліся і выкарыстоўваліся таксама вярбовачныя і наёмныя войскі, у ВКЛ у 14—18 ст. аснову арміі складала апалчэнне — т.зв. паспалітае рушэнне, ядром якога была княжацкая дружына, вярбовачныя і наёмныя атрады і інш. Пазней узнікла кадравая армія сучаснага тыпу.
2) Сукупнасць узброеных сіл дзяржавы.
3) Аператыўнае аб’яднанне пэўнага віду ўзбр. сіл. Складаецца з некалькіх злучэнняў і часцей розных родаў войскаў, у т. л.спец. войскаў. Выконвае аператыўныя задачы ў ходзе баявых дзеянняў. Бываюць арміі агульнавайсковыя, танкавыя і інш. Кожная армія мае свой нумар або найменне. Звычайна армія ў час вайны ўваходзіць у склад фронту (групы арміі, армейскай групы), але можа дзейнічаць і самастойна.
4) Від узбр. сіл (побач з ракетнымі войскамі, войскамі ППА, ВПС, ВМФ). Гл.Сухапутныя войскі.
5) Частка ўзбр. сіл дзяржавы, спец. падрыхтаваная для раптоўнага нападу на тэрыторыю якой-н. краіны ў пачатку або ў ходзе вайны (армія нападу) або першаснай абароны граніцы дзяржавы ад раптоўнага нападу агрэсара, каб забяспечыць ваенную мабілізацыю і разгортванне гал. сіл (армія прыкрыцця).
6) У пераносным сэнсе — вял.колькасць людзей, аб’яднаных якой-н. агульнай справай, прыкметай (напр., працоўная армія і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́ЗЫ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯ,
колькасныя характарыстыкі ўздзеяння энергіі выпрамянення на рэчыва. Гал. велічынёй, якая характарызуе ўздзеянне выпрамянення на арганізм, з’яўляецца паглынутая доза — энергія іанізавальнага выпрамянення, паглынутая адзінкай масы апрамененага рэчыва. У сістэме СІ за адзінку паглынутай дозы прыняты грэй, пазасістэмная адзінка — рад. Пры аднолькавай паглынутай дозе біял. эфект уздзеяння розных відаў апрамянення адрозніваецца, таму карыстаюцца эквівалентнай дозай, якая вызначаецца пры памнажэнні паглынутай дозы на каэфіцыент якасці (К) дадзенага выпрамянення. У сістэме СІ адзінка эквівалентнай дозы — зіверт, пазасістэмная — бэр. Для вымярэння рэнтгенаўскага і гама-выпрамянення служыць экспазіцыйная доза — колькасць утвораных зарадаў пры іанізацыі паветра пад уздзеяннем гэтых выпрамяненняў. У сістэме СІ адзінка вымярэння экспазіцыйнай дозы — кулон на кілаграм (Кл/кг), пазасістэмная — рэнтген. Прынята параўноўваць біял. эфекты, што выклікаюць любыя іанізавальныя выпрамяненні, з біял. эфектамі, што выклікаюць рэнтгенаўскія і гама-выпрамяненні. У радыебіял. даследаваннях пры параўнанні радыяцыйных эфектаў карыстаюцца адноснай біялагічнай эфектыўнасцю выпрамяненняў. Натуральныя крыніцы іанізавальнага выпрамянення (касм. прамяні, прыродная радыеактыўнасць глебы, вады, паветра, радыеактыўнасць, што ёсць у целе чалавека і жывёл і інш.) складаюць каля 125 мбэр за год. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) у навакольнае асяроддзе выкінута радыеактыўных рэчываў агульнай актыўнасці каля 50 млн.Кі (3,5% агульнай колькасці радыенуклідаў). На Беларусі зацверджаны крытэрыі ўзроўню радыяцыйнай забруджанасці (А і Б). Узровень А — доза знешняга гама-апрамянення цела не перавышае 0,25 Гр (няма неабходнасці ў экстранных мерах). Пры ўзроўні Б (да 0,75 Гр) меры залежаць ад канкрэтных абставін. Экстранныя меры для забеспячэння радыяцыйнай аховы прымаюцца ў выпадках дасягнення дозы знешняга апрамянення ўсяго цела больш за 0,75 Гр. Вымяраюць Д.в. дазіметрамі (гл.Дазіметрычныя прылады).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕХАЛУ́Ц,
міжнародная арганізацыя (напачатку рух) сіянісцкага кірунку для падрыхтоўкі піянераў (халуцым) з яўр. моладзі да перасялення ў Палесціну. Рух пачаўся ў пач. 20 ст. ў Расіі, яго заснавальнік Іосіф Трумпельдор. Удзельнікі Гехалуца засноўвалі вытв. і с.-г. кааператывы для навучання метадам і навыкам працы і ваен. падрыхтоўкі ва ўмовах, набліжаных да ўмоў Палесціны. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 ячэйкі Гехалуца на месцах стварала сацыяліст. сіянісцкая арг-цыя Цэірэй-Цыён. У канцы 1917 групы Гехалуца існавалі ў 25 гарадах і мястэчках Беларусі. На Харкаўскай канферэнцыі Цэірэй-Цыён (1918) заснаваны Усерас. савет аб’яднанняў Гехалуца. 1-я Усерас. канферэнцыя Гехалуца адбылася ў студз. 1919 у Петраградзе; у гэты час ЦК Гехалуца пераехаў у Мінск. Колькасць ячэек Гехалуца ў Расіі перавысіла 60. У лют. 1919 у Віцебску адбылася канферэнцыя бел. аддзялення Гехалуца. У 1920—23 пачалося масавае перасяленне (часцей нелегальнае) яўрэяў з сав. рэспублік у Палесціну. Гал. перашкоду перасяленню чыніла яўр. секцыя РКП(б), па ініцыятыве якой у 1922 адбыліся арышты членаў гехалуца ў Расіі, на Украіне, Беларусі. Аднак у выніку перагавораў з кіраўніцтвам РКП(б) Гехалуц у СССР у 1923 быў легалізаваны, апублікаваны статут Усерас. арг-цыі Гехалуца. З-за расколу ў Гехалуце ў 1923 узніклі 2 яго арг-цыі: Гехалуц у СССР (легальная) і Нац.-працоўная арг-цыя Гехалуца (нелегальная). Першая арг-цыя дзейнічала да 1928, другая — да 1929. У сусв. маштабе дзейнасць Гехалуца працягвалася да канца 1940-х г.
Літ.:
Скир А. Еврейская духовная культура в Беларуси Мн., 1995;
Мы начинали еще в России: Воспоминания. Тель-Авив, 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЛЕ́ЗНЫЯ РУДЫ,
прыродныя мінеральныя агрэгаты, якія маюць у сабе жалеза ў выгаднай для здабычы колькасці. Галоўныя рудныя мінералы: аксіды жалеза — магнетыт, гематыт, мартыт; гідрааксіды — гётыт і гідрагётыт; карбанаты — сідэрыт; сілікаты — шамазіт, цюрынгіт. Прамысл.Ж.р. маюць 16—72 % жалеза. У плаўку ідзе абагачаны да 60—70% канцэнтрат (гл.Абагачэнне карысных выкапняў, Агламерацыя). Карысныя прымесі: нікель, кобальт, марганец, вальфрам, малібдэн, хром, ванадый і інш. Шкодныя прымесі: сера, фосфар, цынк, свінец, мыш’як, медзь. У залежнасці ад паходжання вылучаюць Ж.р. эндагенныя (магматычныя, гідратэрмальныя, вулканагенна-асадкавыя і інш.), экзагенныя (асадкавыя пластавыя, радовішчаў выветрывання і інш.) і метамарфагенныя (жалезістыя кварцыты і інш.). Прамысл. тыпы класіфікуюць паводле пераважнага руднага мінералу (магнетытавыя, гематытавыя, сідэрытавыя і г.д.). Найб. запасы і аб’ёмы здабычы Ж.р. прыпадаюць на дакембрыйскія жалезістыя кварцыты, менш пашыраны асадкавыя буражалезняковыя, а таксама скарнавыя, гідратэрмальныя і карбанатытавыя магнетытавыя руды. Адрозніваюць Ж.р. багатыя (больш за 50% Fe) і бедныя (менш за 25% Fe); бедныя падзяляюцца на лёгка- і цяжкаабагачальныя. Па агульных запасах Ж.р. краіны СНД займаюць 1-е месца ў свеце (больш за 100 млрд.т), на 2-м месцы Бразілія (34 млрд.т). Ж.р. выкарыстоўваюцца для выплаўкі чыгуну, сталі і ферасплаваў, невялікая колькасць — як прыродная фарба (вохра) ці як уцяжарвальнік свідравальных раствораў. На Беларусі ў зах.ч. выяўлены радовішчы Ж.р. у пародах крышт. фундаменту (г.п. Карэлічы Гродзенскай вобл., г. Стоўбцы Мінскай вобл.), а таксама шэраг рудапраяўленняў. Ж.р. ў іх прадстаўлены жалезістымі кварцытамі (Аколаўскае радовішча жалезных руд, Рубяжэвіцкае рудапраяўленне), ільменітмагнетытавымі рудамі (Навасёлкаўскае радовішча і інш.) і магнетытавымі метасаматытамі.
Літ.:
Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996.