На З Азіі, паміж зал. Суэцкім і Акаба Чырвонага м.; тэр. Егіпта. Пл. каля 25 тыс.км². На Пд горы, складзеныя з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў (выш. да 2637 м, г. Катэрын — вышэйшы пункт Егіпта). На Пн паверхня зніжаецца да 500—1000 м. Пераважаюць моцна расчлянёныя камяністыя плато Эгма і Эт-Тых і пласкагор’і. Уздоўж Суэцкага зал. — вузкая пясчаная нізіна. Паўпустыні і пустыні. Радовішчы нафты (Судр, Абу-Рудайс, Эт-Тур), марганцавай руды (Ум-Бугма). Клімат пераходны ад субтрапічнага да трапічнага, гарачы, сухі. Ападкаў менш за 50 мм за год. Густая сетка вадзі. Расліннасць разрэджаная пустынная (паўхмызняковая і травяністая). Па сухіх рэчышчах калючыя хмызнякі і асобныя дрэвы. Качавая жывёлагадоўля, аазіснае земляробства (вырошчванне фінікавай пальмы, ячменю, проса, кукурузы). На С.п. знаходзіцца манастыр св. Кацярыны — помнік архітэктуры і мастацтва, засн. ў 4 ст. (найбагацейшы збор твораў візант. мастацтва, сярэдневяковыя рукапісы, хрысц. абразы 6 ст. ў тэхніцы васковага жывапісу).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАЙМЫ́Р, Таймырскі паўвостраў. На Пн азіяцкай ч. Расіі, у Таймырскай (Даўгана-Ненецкай) аўт. акрузе, паміж Енісейскім зал. Карскага м. і Хатангскім зал. мора Лапцевых. Крайні паўн. пункт Т. — мыс Чэлюскін, паўд. мяжа — паўн. ўступ Сярэднесібірскага пласкагор’я. Пл. каля 400 тыс.км², даўж. каля 1000 км, шыр. больш за 500 км. Берагі пераважна нізкія, моцна парэзаныя. У цэнтр.ч. — горы Быранга (выш. да 1146 м), якія працягваюцца з ПнЗ на ПдУ. Паўн.-Таймырская і Паўн.-Сібірская нізіны. Радовішчы кам. вугалю. Клімат суровы. арктычны. Ападкаў 115—230 мм за год. Пашырана шматгадовая мерзлата. Найб. рэкі: Пясіна, Верхняя і Ніжняя Таймыра, Хатанга. Шмат азёр, найб.Таймыр. На Пн арктычныя і высакагорныя пустыні і паўпустыні, у сярэдняй ч. тундра, на крайнім Пд лесатундра. У складзе жывёльнага свету: заяц-бяляк, пясец, ліс, воўк, паўн. алень, белы мядзведзь; у моры — бялуха, нерпа, морж; летам шмат птушак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТУМА́Н,
намнажэнні дробных вадзяных кропель або ледзяных крышталёў у прыземных слаях атмасферы ( часам да вышыні некалькіх соцень метраў). Паводле фіз. генезісу вылучаюць Т. ахалоджвання, якія ўтвараюцца пры зніжэнні т-ры паветра да пункта расы, і Т. выпарэння — узнікаюць пры дадатковым паступленні вадзяной пары з больш цёплай выпаральнай паверхні ў халоднае паветра. Паводле сінаптычных умоў утварэння адрозніваюць Т. ўнутрымасавыя (пераважаюць; фарміруюцца ў аднародных паветраных масах) і франтальныя (фарміруюцца ў зонах атм. франтоў). Унутрымасавыя Т. ў большасці выпадкаў — гэта Т. ахалоджвання, падзяляюцца на радыяцыйныя (узнікаюць пры паніжэнні т-ры ў выніку радыяцыйнага ахалоджвання зямной паверхні) і адвекцыйныя (утвараюцца ў выніку ахалоджвання цёплага вільготнага паветра пры яго руху над больш халоднай паверхняй сушы або вады). У час Т. пагаршаецца бачнасць атмасферная (ад 10—20 м да 1 км). На Беларусі за год бывае 35—100 сут з Т., на халодную ч. года прыпадае 60—80% усіх выпадкаў Т.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАКА́ЙДА,
востраў на Пн Японіі, другі па велічыні пасля в-ва Хонсю. Абмываецца Ціхім ак. і яго морамі — Японскім і Ахоцкім. Пл. 77,7 тыс.км² (з прылеглымі астравамі 78,5 тыс.км²). Рэльеф пераважна горны, выш. да 2290 м (г. Асахі). Дзеючыя вулканы (Усу і інш.). Радовішчы каменнага вугалю, жал. руды, серы. Клімат умераны акіянічны, мусонны. Сярэдняя т-растудз. ад -3 °C да -11 °C, ліп. 17—21 °C. Ападкаў 800—1500 мм за год. Гал. рэкі — Ісікары, Тэсіо, Токаты — багатыя гідраэнергіяй, сплаўныя. Азёры: Сарома (лагуннае), Куцяра, Сікоцу, Тоя (кратэрныя) і інш. Каля 60% тэр. (пераважна ў гарах) укрыта лясамі (хвойныя на Пн, мяшаныя і шыракалістыя на Пд). Раўніны пад с.-г. ўгоддзямі (рыс і інш. збожжавыя). Рыбалоўства. Нац. паркі — Сікоцу Тоя, Дайсецудзан, Акан, Сірэтока. Гал. гарады — Сапара, Хакадатэ. Востраў Х. — асобны эканам. раён Японіі аграрна-індустр. характару, гал. пастаўшчык лесу і лесапрамысл. прадукцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЎКАЛІ́ПТ (Eucalyptus),
род кветкавых раслін сям. міртавых. Каля 500 відаў. Пашыраны пераважна ў Аўстраліі і Тасманіі. Уваходзяць у склад усіх тыпаў лясоў — ад вільготных да сухіх. З-за хуткага росту (за год прырост да 5 м) і вял. масы каштоўнай драўніны культывуюць у субтропіках і тропіках.
Кусты і пераважна вечназялёныя дрэвы выш. да 100 м. Жывуць да 500 гадоў. Кара разнастайная — гладкая, валакністая, лускаватая, складкаватая і інш. (відавая адзнака). Лісце звычайна пахучае. ад круглаватага да ланцэтнага, павернутае рабром да сонца, не дае ценю. Кветкі ў суквеццях або адзіночныя. Плод — каробачка. Драўніна цяжкая, ад белаватай да цёмна-чырв., устойлівая да гніення; выкарыстоўваецца ў буд-ве, на піламатэрыялы, паперу. паліва. Кара мае дубільныя рэчывы, лісце — эўкаліптавы алей, які выкарыстоўваецца ў тэхніцы, медыцыне і парфумерыі. Вырошчваюць як дэкаратыўныя. для замацавання глебы. з меліярацыйнымі мэтамі, у т. л. для барацьбы з малярыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮГУРЦІ́НСКАЯ ВАЙНА́ 111—105 да н.э., вайна Рыма з нумідыйскім царом Югуртай (адсюль назва) з мэтай эксплуатацыі прыродных рэсурсаў і насельніцтва Нумідыі.
Дынастычная барацьба ў Нумідыі паспрыяла Рыму для ўмяшання ў яе ўнутр. справы. Пасля першых поспехаў рым. арміі Югурта падкупіў рым. камандаванне і заключыў з ім мір (не быў абмеркаваны ў сенаце). Праз годваен. дзеянні аднавіліся. У 109 да н.э. Югурта разбіў рым. армію А.Пастумія і заключыў з ім мір, паводле якога рымляне пакідалі Нумідыю. У Рыме дагавор не прызналі і накіравалі армію на чале з К.Метэлам. Разбіты ў бітве каля р. Мутул Югурта перайшоў да партызанскай вайны. У 106 да н.э. яго атрады канчаткова разбіты консулам Г.Марыем. У выніку вайны рымляне захапілі Нумідыю і падзялілі: яе зах.ч. перадалі цару Маўрытаніі Бокху. усходнюю — сваяку Югурты.
Літ.:
Салюстий Г.К. Сочинения: Пер. с лат.М., 1981. С. 40—105.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ВА (Jawa),
востраў у групе Вялікіх Зондскіх астравоў Малайскага архіпелага; тэр. Інданезіі. Пл. 126,5 тыс.км². Даўж. больш за 1000 км. Адзін з самых густанаселеных раёнаў зямнога шара (113,6 млн.чал., 1994). Берагі слаба парэзаныя. Гарысты. Больш за 100 вулканаў (30 дзеючых, выш. да 3676 м), размешчаных уздоўж восі вострава. На Пн узгорыстая раўніна. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Т-ра паветра на працягу года на ўзбярэжжы 26—27 °C, у гарах 9—18 °C. Ападкаў 1—2 тыс.мм на раўнінах да 5—6 тыс.мм за год у гарах. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, на вяршынях гор — хмызнякі і лугі, на У — саванныя рэдкалессі. Нац. паркі — Балюран, Гунунг-Гедэ-Пангранга, Уджунг-Кулон; некалькі рэзерватаў. На раўнінах вырошчваюць рыс, кукурузу, цукр. трыснёг, какосавыя, пальмы, каўчуканосы. Радовішчы нафты, серы, руд марганцу, золата. Гал. гарады — Джакарта, Бандунг, Сурабая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЛІТУАНІ́СТЫКА»
(«Lituanistica»),
літоўскі навук. часопіс. Выдаецца ў Вільнюсе з 1990 на літ. мове 4 разы на годЛіт.АН. Асвятляе праблемы развіцця літ. гісторыі, археалогіі, л-ры, фалькларыстыкі, мовы. Мае раздзелы: «Артыкулы», «Публікацыі», «Агляды, думкі», «Палеміка», «Рэцэнзіі» і інш. Змяшчае артыкулы па гісторыі і культуры Літвы, Беларусі, ВКЛ, бел.-літ. узаемасувязях: «Беларуская карта ў палітычнай гульні Каўнаса і Масквы ў 1920—1925 гадах» А.Каспаравічуса, «Культурнае ўзаемадзеянне і нацыянальная ідэнтычнасць ва ўсходнелітоўскай і заходнебеларускай вёсцы (канец XIX — першая палова XX ст.)» Р.Мяркене, «Пячаці Вялікага княства Літоўскага ў XIII—XVIII стст.» Э.Рымшы (усе 1997), «Музеі Віленскага універсітэта XVIII — пачатку XIX стагоддзя» Н.Кяршытэ, «Пра паходжанне розніцы паміж літоўскімі і беларускімі палітычнымі аспірацыямі ў час 1-й сусветнай вайны» Э.Гімжаўскага (абодва 1998) і інш.; рэзюме на англ., ням., франц. мовах, рэцэнзіі на працы літ., польскіх, рус., ням., італьян., укр. даследчыкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МЯНО́ЦІРА»
(«Menotyra» «Мастацтвазнаўства»),
літоўскі навук. ілюстраваны часопіс. Выдаецца ў Вільнюсе з 1995 на літ. мове 4 разы на годЛіт.АН. Асвятляе праблемы развіцця літ. мастацтва старажытнасці і сучаснасці, нац. спецыфіку літ.маст. культуры, сувязі прафес. мастацтва Літвы з інш. краінамі, асаблівасці розных маст. стыляў і інш. Змяшчае артыкулы па архітэктуры і мастацтве ВКЛ, Літвы, Беларусі: «Віленскі ліцейны цэх волава XVI—XIX стст.» Р.Індрулайцітэ (1996), «Агляд гісторыі кунтушавых паясоў» (1996) і «Гродзенская каралеўская шаўковая мануфактура і яе кунтушавыя паясы» (1997) Г.Марцінайцене, «Вопіс рэчаў Любчанскай кунсткамеры 1647 г.» (1996), «Рэестр уласнасці Януша Радзівіла (1579—1620), складзены ў Койданаве ў 1627 годзе» (1999) і «Хрыстафор Радзівіл (1585—1640) — заказчык жывапісу» (2001) А.Палюшытэ, «Літоўская арганная музыка XVII ст. ў манускрыпце Сапег» Ю.Трылупайцене (2000), «Аб неапублікаваных тэатральных працах віленскага перыяду Станіслава Манюшкі» В.Бакуцітэ (2002) і інш.; рэзюме на англ. мове.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАХРЭ́ЙН, Дзяржава Бахрэйн,
дзяржава (эмірат) у Паўд.-Зах. Азіі, на а-вах Бахрэйн у Персідскім зал. Бліжэйшыя суседзі — Саудаўская Аравія і Катар. Пл. 620 км². Нас. 600 тыс.чал. (1994). Сталіца — г.Манама. Дзярж. мова — арабская, дзярж. рэлігія — іслам. Нац. свята — Дзень прыняцця Канстытуцыі (16 снеж.).
Дзяржаўны лад. Бахрэйн — незалежная канстытуцыйная манархія з 1971. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы — эмір. Заканад. ўлада належыць 1-палатнаму Нац. сходу, у склад якога ўваходзяць усе члены кабінета і 30 дэпутатаў (выбіраюцца на ўсеагульных выбарах на 4 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае эмір. Пасля ўрадавага крызісу 1975 эмір распусціў Нац. сход, з таго часу выбары не праводзіліся.
Прырода. У склад Бахрэйна ўваходзяць 33 мацерыковыя і каралавыя а-вы. Найб. з іх Бахрэйн (пл. каля 570 км²). Іншыя значныя а-вы: Мухарак, Ум-Наасан, Сітра, Хавар. У цэнтр. частцы в-ва Бахрэйн — вапняковае плато, над якім узвышаюцца ўзгоркі да 130 м. На астравах і ў тэрытарыяльным моры — радовішчы прыроднага газу (запасы каля 250 млрд.м³) і нафты (у значнай ступені вычарпаныя, запасы каля 20 млн.т). Клімат пераходны ад трапічнага да субтрапічнага, гарачы і сухі. Сярэдняя т-растудз. 16 °C, ліп. 37 °C. Ападкаў каля 90 мм за год, выпадаюць зімой. Расліннасць пустынная, рэдкая: засухаўстойлівыя хмызнякі, палын, астрагал і інш. Жывёльны свет бедны, прыбярэжнае мора багатае рыбай, шматлікія каралы, малюскі-жамчужніцы.
Насельніцтва. 62% складаюць карэнныя жыхары — арабы-бахрэйнцы, 38% — выхадцы з суседніх араб. краін, Індыі, Пакістана, Ірана. Сярэдняя шчыльн. каля 1 тыс.чал. На 1 км². Гар. насельніцтва больш за 90%. Найб. гарады: Манама (121 тыс.ж.; 1991), Сітра, Іса.
Гісторыя. Упершыню Бахрэйн упамінаецца ў 3-м тыс. да нашай эры. У 2000—1800 да нашай эры партовы і гандлёвы цэнтр. На пач. нашай эры Бахрэйн — араб. княства. У 4—6 ст. у складзе дзяржавы Сасанідаў, потым — Арабскага халіфата. У канцы 9 ст. захоплены карматамі, у 10—11 ст. цэнтр іх дзяржавы. У сярэдзіне 13 ст. Бахрэйн стаў незалежны, але ў хуткім часе далучаны да эмірата Армуз. У 1521—1602 належаў Партугаліі, потым Персіі (да 1782). У 1783 захоплены араб. шэйхамі з роду Аль-Халіфа, якія абвясцілі незалежнасць Бахрэйна. Гэты род пануе ў Бахрэйне і цяпер. На пач. 19 ст. ўзмацніўся ўплыў Вялікабрытаніі, якая заключыла з шэйхамі шэраг дагавораў (1820, 1847, 1861), а ў 1871 усталявала свой пратэктарат, пацверджаны дагаворамі 1880 і 1892, і фактычна зрабіла Бахрэйн сваёй калоніяй. У 1934 зацверджаны «новы статус» Бахрэйна — паводле саюзнага дагавора ён стаў падпарадкоўвацца Вялікабрытаніі. У 1968—71 Бахрэйн у складзе Федэрацыі Арабскіх Эміратаў. 14.8.1971 абвешчаны незалежнай краінай. Дзейнасць паліт. партый і прафсаюзаў забаронена.
Бахрэйн — член ААН (з 1971), Лігі арабскіх дзяржаў, удзельнік Руху недалучэння; з 1981 у Савеце супрацоўніцтва арабскіх дзяржаў Персідскага заліва.
Гаспадарка. Эканоміка Бахрэйна заснавана на здабычы газу і нафты, перапрацоўцы імпартуемай нафты і залежыць ад замежнага капіталу (вядучыя галіны знаходзяцца пад кантролем дзяржавы). Здабыча (1993) прыроднага газу каля 1,5 млрд.м³, нафты каля 2 млн.т. Працуюць: нафтаперапр.з-д (магутнасць 14 млн.т за год; 2-і па велічыні на Блізкім і Сярэднім Усходзе), які перапрацоўвае нафту, пераважна імпартаваную з Саудаўскай Аравіі (больш як 10 млн.т за год); комплекс па вытв-сці алюмінію (120—170 тыс.т за год; на гліназёме з Аўстраліі і таннай мясц. электраэнергіі); док па рамонце супертанкераў; 11 ЦЭС агульнай магутнасцю каля 1400 МВт; прадпрыемствы па вытв-сці буравога абсталявання, алюмініевых, пластмасавых і лакафарбавых вырабаў, трубаў, вадкага кіслароду, прапану і бутану са спадарожнага газу. Ёсць цэм.з-д, прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці, верфі па буд-ве невял. суднаў. Развіты саматужна-рамесніцкія промыслы. Сельская гаспадарка развіта слаба. Апрацоўваецца каля 5% тэрыторыі, пераважна ў аазісах. Гал. культура — фінікавая пальма. Вырошчваюць агародніну (батат, памідоры, баклажаны і інш.), пшаніцу, кукурузу, ячмень, садавіну (грэцкі арэх, папайю, персікі). Жывёлагадоўля мае другараднае значэнне. Гадуюць козаў, авечак, зебупадобных кароў, аслоў. Птушкагадоўля. Лоўля рыбы, крэветак, здабыча губак і жэмчугу. Бахрэйн — важны цэнтр міжнар.трансп. камунікацый. Гал. парты — Манама, Сітра. Міжнар. аэрапорт Мухарак (штогод каля 3 млн. пасажыраў) — адзін з буйнейшых у зоне Персідскага зал. Аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 200 км. Аўтапарк — каля 150 тыс. аўтамашын. Сувязь паміж найб. а-вамі па насыпных дамбах. В-аў Бахрэйн злучаны з Аравійскім п-вам (Саудаўская Аравія) дамбай даўж. каля 25 км з мостам (Сауда-Бахрэйнская шаша). Бахрэйн — буйны банкаўскі цэнтр (каля 150 устаноў, якія аперыруюць больш як 60 млрд.дол. ЗША). Даходы ад фінансавых аперацый даюць каля 16% валавога нац. прадукту. Краіна з’яўляецца цэнтрам транзітнага гандлю — больш за 40% тавараў рээкспартуецца (пераважна ў Саудаўскую Аравію і інш. суседнія краіны). Развіваецца турызм. Экспарт: нафтапрадукты, алюміній, пластмасы, крэветкі і інш. Імпарт: прамысл. абсталяванне і машыны, будматэрыялы, харч. і спажывецкія тавары. Асн.гандл. партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Саудаўская Аравія, ФРГ, Аўстралія. Грашовая адзінка — бахрэйнскі дынар.