ТУМА́Н,

намнажэнні дробных вадзяных кропель або ледзяных крышталёў у прыземных слаях атмасферы ( часам да вышыні некалькіх соцень метраў). Паводле фіз. генезісу вылучаюць Т. ахалоджвання, якія ўтвараюцца пры зніжэнні т-ры паветра да пункта расы, і Т. выпарэння — узнікаюць пры дадатковым паступленні вадзяной пары з больш цёплай выпаральнай паверхні ў халоднае паветра. Паводле сінаптычных умоў утварэння адрозніваюць Т. ўнутрымасавыя (пераважаюць; фарміруюцца ў аднародных паветраных масах) і франтальныя (фарміруюцца ў зонах атм. франтоў). Унутрымасавыя Т. ў большасці выпадкаў — гэта Т. ахалоджвання, падзяляюцца на радыяцыйныя (узнікаюць пры паніжэнні т-ры ў выніку радыяцыйнага ахалоджвання зямной паверхні) і адвекцыйныя (утвараюцца ў выніку ахалоджвання цёплага вільготнага паветра пры яго руху над больш халоднай паверхняй сушы або вады). У час Т. пагаршаецца бачнасць атмасферная (ад 10—20 м да 1 км). На Беларусі за год бывае 35—100 сут з Т., на халодную ч. года прыпадае 60—80% усіх выпадкаў Т.

т. 16, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)