востраў у групе Вялікіх Зондскіх астравоў Малайскага архіпелага; тэр. Інданезіі. Пл. 126,5 тыс.км². Даўж. больш за 1000 км. Адзін з самых густанаселеных раёнаў зямнога шара (113,6 млн.чал., 1994). Берагі слаба парэзаныя. Гарысты. Больш за 100 вулканаў (30 дзеючых, выш. да 3676 м), размешчаных уздоўж восі вострава. На Пн узгорыстая раўніна. Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Т-ра паветра на працягу года на ўзбярэжжы 26—27 °C, у гарах 9—18 °C. Ападкаў 1—2 тыс.мм на раўнінах да 5—6 тыс.мм за год у гарах. Вечназялёныя і лістападныя трапічныя лясы, на вяршынях гор — хмызнякі і лугі, на У — саванныя рэдкалессі. Нац. паркі — Балюран, Гунунг-Гедэ-Пангранга, Уджунг-Кулон; некалькі рэзерватаў. На раўнінах вырошчваюць рыс, кукурузу, цукр. трыснёг, какосавыя, пальмы, каўчуканосы. Радовішчы нафты, серы, руд марганцу, золата. Гал. гарады — Джакарта, Бандунг, Сурабая.