ГРЭ́ЧКА (Fagopyrum),

род адна-, радзей шматгадовых травяністых раслін сям. драсёнавых. 4—5 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 2 віды: грэчка пасяўная, ці ядомая (F. sagittatum, ці F. esculentum), — каштоўная крупяная культура, грэчка татарская (F. tataricum) — пустазелле.

Грэчка пасяўная — аднагадовая расліна выш. 40—120 см. Сцябло голае, злёгку рабрыстае, галінастае. Лісце трохвугольна-сэрцападобнае, бліскучае, зялёнае, іншы раз з антыцыянавай чырвона-бурай афарбоўкай. Кветкі двухполыя, белыя, ружовыя, зрэдку чырвоныя, сабраныя ў гронкі. Плод — трохгранны арэшак. Грэцкія крупы маюць 14—18% бялкоў, да 80% крухмалу, 3—3,5 % тлушчаў, цукры, мінер. солі, вітаміны. Добры меданос (да 100 кг мёду з 1 га пасеваў). Вегетац. перыяд 60—120 сутак. Раянаваныя сарты бел. селекцыі: Аніта беларуская, Іскра, Жняярка, Смуглянка, Чарнаплодная, Юбілейная 2.

Літ.:

Культурная флора СССР. Т. 3. Крупяные культуры. М., 1975;

Каргальцев Ю.В., Пруцков Ф.М. Гречиха. М., 1986.

Т.​А.​Анохіна.

Грэчка пасяўная.

т. 5, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),

атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.

Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАГАРАПАДО́БНЫЯ (Gaviiformes),

атрад вадаплаўных птушак. 1 сям., 1 род, 5 відаў. Пашыраны на Пн Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Пераважна марскія птушкі, на прэсных вадаёмах трапляюцца ў перыяд размнажэння і на пралётах. На Беларусі 3 віды: гагара палярная (Gavia immer) — вельмі рэдкі залётны від; гагара чырвонаваллёвая (Gavia stellata) — рэдкі пралётны від; гагара чорнаваллёвая (Gavia arctica) — рэдкі гнездавальны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Цела прадаўгаватае, даўж. 66—95 см, маса 1—6,4 кг. Спіна чорная з белымі стракацінамі, бруха белае. Крылы вузкія, завостраныя, хвост кароткі, дзюба прамая, вострая і моцная. Тры пальцы злучаны плавальнымі перапонкамі. Добра плаваюць і ныраюць, па сушы перамяшчаюцца паўзком; узлятаюць толькі з вады. Кормяцца рыбай і воднымі беспазваночнымі. Гнёзды будуюць каля вады, нясуць 1—3 (звычайна 2) яйцы. Шкуркі гагарападобных выкарыстоўваюцца як «птушынае футра».

Да арт. Гагарападобныя. Гагары: 1 — чырвонаваллёвая; 2 — чорнаваллёвая; 3 — палярная (а — у шлюбным, б — у зімовым убранні).

т. 4, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫПЛАДО́КІ (Diplodocus),

род вымерлых паўзуноў падатр. заўрапод атр. яшчаратазавых дыназаўраў. 3—4 віды. Вядомы з юры Паўн. Амерыкі і Пд Англіі. Упершыню рэшткі Д. выяўлены ў штаце Каларада (1887).

Даўж. да 27 м, маса каля 10 т. Зграбныя жывёлы з невял. галавой, тонкай доўгай шыяй і доўгім прутападобным хвастом. Магутная спінная мускулатура дазваляла адрываць пярэднія ногі ад зямлі і падымацца на задніх, каб дацягвацца да крон дрэў. Маса ног складала амаль палову масы цела. Мускулатура мацавалася пры дапамозе высокіх асцістых адросткаў крыжавых і злучаных з імі спінных і хваставых пазванкоў. На ніжняй паверхні хваставых пазванкоў былі двайныя (парныя) адросткі для засцярогі хваста, калі ён цягнуўся па зямлі (адсюль назва роду, якая азначае «двайны адростак», або «двухадросткавая істота». Насавыя адтуліны і вочы размяшчаліся на вяршыні чэрапа. Зубы нешматлікія, слабыя, былі толькі ў пярэдняй частцы сківіц. Расліннаедныя, карміліся мяккай воднай і наземнай расліннасцю.

П.​Ф.​Каліноўскі.

т. 6, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,

працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст. сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.​Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.​Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.​Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.

В.​І.​Боўш.

т. 6, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛАВЫЯ КЛЯШЧЫ́, чатырохногія кляшчы (Eriophydae або Tetrapodili),

падсямейства кляшчоў атр. акарыформных. Больш за 1500 відаў. Пашыраны ўсюды. Жывуць на раслінах, высмоктваюць змесціва іх клетак, многія ўтвараюць галы (адсюль першая назва). На Беларусі вядомы: грушавы (Eriophyes piri), парэчкавы пупышкавы (Eriophyes ribis), альховы (Eriophyes laevis), ясянёвы (Eriophyes fraxinivorus), хваёвы (Eriophyes pini) і інш. кляшчы.

Даўж. 0,1—0,6 мм, цела чэрвепадобнае, малочна-белае, залаціста-жоўтае, белаватае, саламяна-жоўтае. 4 пяцічленікавыя нагі (адсюль другая назва). Ротавыя органы сысучыя. Органаў дыхання і вачэй няма. Кладуць яйцы, з якіх развіваюцца лічынкі. Шкодзяць пладовым дрэвам, палявым і агародным культурам, лесу. Некаторыя віды — пераносчыкі ўзбуджальнікаў вірусных хвароб раслін. Знішчаюць галавых кляшчэй акарыцыдамі.

Да арт. Галавыя кляшчы: 1 — сасочкападобныя галы альховага кляшча на лісце вольхі; 2 — бляшкападобныя і краявыя галы грушавага кляшча на лістах грушы; 3 — павялічаны грушавы клешч; 4 — разрастанне парасткаў ясеня, выкліканае ясянёвым кляшчом; 5 — асмоленыя галы хваёвага кляшча на парастках хвоі.

т. 4, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАЎНЁВЫЯ ГРЫБЫ́ (Ustilagenales),

парадак базідыяльных грыбоў. Уключае 2 сям. — устылягавыя і тылецыевыя, больш за 50 родаў, каля 1000 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары. На Беларусі трапляюцца каля 100 відаў з 7 родаў (сараспорый, тылецыя, тэкафора, урацысціс, устыляга, энталома, энтарыза).

Звычайна спецыялізаваныя паразіты вышэйшых травяністых раслін: пашкоджваюць толькі пэўныя віды і нават асобныя сарты, выклікаюць спецыфічнае захворванне пераважна збожжавых злакаў — галаўню. У цыкле развіцця галаўнёвых грыбоў 3 стадыі (фазы): гаплоідная (кароткачасовая, базідыяспоры і першасны міцэлій), дыкарыятычная (працяглая, другасны паразітны міцэлій) і дыплоідная (вельмі кароткая, спелыя хламідаспоры). Міцэлій шматклетачны, бясколерны, мае гаўсторыі, з дапамогай якіх грыбы жывяцца. Міцэлій можа пранізваць розныя органы раслін, дзе ўтвараюцца спляценні з круглаватымі двух’ядравымі спорамі (хламідаспоры), якімі грыбы размнажаюцца. У некат. відаў утвараюцца спаракучкі з 40—50 і больш спораў. Хламідаспоры маюць ахоўную абалонку і здольныя пераносіць высушванне, захоўваюць жыццядзейнасць на працягу 20 і больш гадоў.

В.​С.​Гапіенка.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГВАЗДЗІКО́ВЫЯ (Caryophyllaceae),

сямейства кветкавых двухдольных раслін з парадку гваздзікакветных (Caryophyllales). Каля 80 родаў і больш за 2000 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмераных і арыдных абласцях Паўн. паўшар’я, асабліва ў Міжземнамор’і і Ірана-Туранскай фларыстычнай вобласці. На Беларусі 25 родаў (найб. вядомыя вапнаўка, галадок, гваздзік, гладун, зорка, зоркаўка, куколь, мыльнік, пясчанка, светнік, свінакроп, смалёўка, смалянка, смолка, ясколка) і больш за 70 відаў. Некат. з іх занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь. Растуць у лясах, хмызняках, на лугах, балотах, палях, па берагах рэк.

Шмат- або аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусты і кусты. Лісце простае, звычайна суцэльнае, супраціўнае, найчасцей без прылісткаў. Кветкі ў рознага тыпу суквеццях, рэдка адзіночныя, двухполыя ці аднаполыя, 5-членныя, з двайным калякветнікам ці без пялёсткаў, апыляюцца насякомымі. Завязь верхняя. Плады розных тыпаў (звычайна каробачка, арэшка- ці ягадападобныя). Лек., тэхн., меданосныя, харч., кармавыя і каштоўныя дэкар. расліны, некат. віды — ядавітыя і пустазелле.

Г.​У.​Вынаеў.

т. 5, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМАБУДАЎНІ́ЧЫ КАМБІНА́Т (ДБК),

будаўніча-мантажная арг-цыя, якая вырабляе зборныя жалезабетонныя канструкцыі жылых дамоў, транспартуе іх на буд. пляцоўкі, манціруе з іх будынкі і здае заказчыку цалкам гатовымі да эксплуатацыі. Структура кіравання ДБК залежыць ад яго магутнасці, умоў дзейнасці і да т.п. У арг-цыі такога тыпу рэалізуецца гал. перавага — магчымасць увязвання ў адзіны тэхнал. працэс дзейнасці ўсіх спецыялізаваных падраздзяленняў, таму ў шэрагу ДБК няма буд.-мантажных упраўленняў. Асн. вытв. падраздзяленні — пастаянна дзеючыя ўчасткі, якія выконваюць буд., сан.-тэхн., электрамантажныя і інш. віды работ.

Аснову базы індустр. домабудаўніцтва Рэспублікі Беларусь складаюць 28 з-даў буйнапанэльнага домабудаўніцтва з агульнай магутнасцю 3198; 3 тыс. м² агульнай плошчы жылля за год, або 2430,6 тыс. м³ зборнага жалезабетону (1996). Першы ДБК у краіне створаны ў Мінску ў 1960. Камбінаты падпарадкоўваюцца Мін-ву архітэктуры і буд-ва Рэспублікі Беларусь. Гл. таксама Аб’ёмнаблочнае домабудаванне.

М.​В.​Дэвіер.

т. 6, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,

група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.

Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.

Літ.:

Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.

т. 6, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)