імя 2 пінскіх князёў 13 ст., якія часам атаясамліваюцца. 1) Князь пінскі ў пач. 13 ст. Магчыма, сын тураўскага кн.Святаполка Юр’евіча. Упамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1204 (сапраўдная дата падзей 1208), калі белзскі кн. Аляксандр Усеваладавіч захапіў Уладзімір-Валынскі, «тогда же яша Володимера Пиньскаго». Далейшы лёс паланёнага У. невядомы. Верагодна, яго сынам быў пінскі кн.Расціслаў.
2) Князь пінскі ў 1220-яг. Верагодна, сын пінскага кн. Расціслава. У 1228 галіцка-валынскі кн. Даніла Раманавіч адабраў у Расціслава Чартарыйск і захапіў у палон яго дзяцей, верагодна, і У. У 1229, калі Даніла Раманавіч пайшоў у паход на Кракаў, то «остависта же в Берестии Володимера Пиньского, и оугровьчаны, и берестьяны стеречи земле отъ ятьвязь». З Бярэсця У. разам з берасцянамі пайшоў на яцвягаў і разбіў іх. Сынамі У. былі Фёдар, Дзямід і Юрый (?—1262), што княжылі ў Пінску ў 1262, — апошнія вядомыя пінскія князі з дынастыі Ізяславічаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
У́НГЕРН ФОН ШТЭ́РНБЕРГ Раман Фёдаравіч (10.1.1886, в-аў Хійумаа, Эстонія — 5.9.1921),
адзін з кіраўнікоў барацьбы супраць сав. улады ў Забайкаллі і Манголіі. З прыбалт. ням. роду, барон. Ген.-лейт. (1919). Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча (1908). Служыў у Забайкальскім казацкім войску. Удзельнік 1-й сусв. вайны, за крымінальнае злачынства асуджаны на 3 гады крэпасці, але вызвалены пасля Лют. Рэвалюцыі 1917. Часовым урадам накіраваны ў Забайкалле, дзе камандаваў конна-азіяцкай дывізіяй, на чале якой у 1920 накіраваўся ў Манголію. У лют. 1921 заняў Ургу (цяпер Улан-Батар), атрымаў ад манг. знаці тытул «вана» (князя) і пасаду галоўнакамандуючага ва ўрадзе, стаў фактычным дыктатарам Манголіі. У маі 1921 уварваўся на тэр. Далёкаўсх. рэспублікі. У ходзе Манг. аперацыі 1921 атрады У. фон Ш. былі разгромлены Чырв. Арміяй сумесна з манг.рэв. войскамі. 21.8.1921 У. фон Ш. выдадзены манголамі партыз. атраду П.Я.Шчацінкіна і паводле прыгавору Сіб.рэв. трыбунала расстраляны.
Літ.:
Юзефович Л. Самодержец пустыни: Феномен судьбы барона Р.Ф.Унгерн-Штернберга. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УШАКО́Ў Дзмітрый Мікалаевіч (24.1.1873, Масква — 20.4.1942),
рускі мовазнавец. Чл.-кар.АНСССР (1939). Скончыў Маскоўскі ун-т (1895), з 1907 выкладаў у ім. Праф. Вышэйшых жаночых курсаў, Ін-та слова, Літ. ін-та імя М.Горкага, Маскоўскага ін-та філасофіі, л-ры і мастацтва, Маскоўскага ун-та. Працы У. паслужылі асновай для развіцця рус. дыялекталогіі: «Нарыс рускай дыялекталогіі з дадаткам першай карты рускіх дыялектаў у Еўропе» (1915, з М.М.Дурнаво, М.М.Сакаловым), «Кароткія ўводзіны ў навуку пра мову» (1913, 9-е выд. 1929) і інш. Адзін са стваральнікаў (з 1903) і старшыня (1915—31) Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі. З 1901 удзельнічаў у працы па рэформе рус. правапісу. Узначальваў Арфаграфічную камісію Наркамасветы (1930-яг.). Ініцыятар вывучэння рус. арфаэпіі («Руская арфаэпія і яе задачы», 1928; «Да пытання аб правільным вымаўленні», 1936, апубл. 1964). Гал. рэдактар і адзін са складальнікаў «Тлумачальнага слоўніка рускай мовы» (т. 1—4, 1934—10).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФА́БУЛА (ад лац. fabula паданне, байка, казка, апавяданне),
сістэма знешняга дзеяння ў творы, якая можа перадавацца немаст. спосабам, пераказвацца. З’яўляецца падзейнай схемай сюжэта, пакідаючы па-за ўвагай нязначныя моманты знешняга дзеяння. У літ.-знаўстве служыць для канкрэтызацыі зместу твора. Ствараецца ўчынкамі, паводзінамі, дыялогамі персанажаў. Залежыць ад жанру, індывід.маст. стылю твора. Характэрна для эпічных і драм. твораў. Моцная Ф. ў творах з вострай інтрыгай, дзе характары герояў раскрываюцца праз іх справы (творы Я.Маўра, І.Шамякіна, У.Караткевіча). Вострую Ф. практыкавалі рамантыкі, каб дасягнуць маст. кантрастнасці, выявіць незвычайнае ў жыцці, эмацыянальна ўздзейнічаць на чытача. У рэаліст. л-ры Ф. значна нейтралізуецца багаццем фактуры У сучаснай бел. прозе Ф. выяўляецца досыць скупа (творы І.Пташнікава, А.Жука, В.Адамчыка, В.Карамазава, І.Чыгрынава і інш.).
Літ.:
Кожинов В. Сюжет, фабула, композиция // Теория литературы: Основные пробл в ист. освещении. М., 1964;
Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАВО́РСКІ Алег Мікалаевіч (н. 27.1.1929, г. Саратаў, Расія),
расійскі вучоны ў галіне цеплатэхнікі. Акад.Рас.АН (1990, чл.-кар. 1981). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1951). У 1951—73 і 1987—94 у Цэнтр. ін-це авіяц. маторабудавання. У 1973—87 ген. дырэктар, гал. канструктар маскоўскага НВА «Саюз». У 1995—2002 акад.-сакратар Аддзялення фіз.-тэхн. праблем энергетыкі Рас.АН. З 2001 дырэктар НДІ энергетычнай палітыкі (Масква). Навук. працы па цеплатэхн. даследаваннях газатурбінных рухавікоў, ядз. і касм. энергаўстановак і рухавікоў, цеплаабмене ў космасе, экалагічных праблемах энергетыкі. Ленінская прэмія 1982. Дзярж. прэмія Расійскай Федэрацыі 2000.
Тв.:
Основы теории космических электрореактивных двигательных установок. 2 изд. М., 1978 (разам з В.В.Фішгойтам, Я.І.Янтоўскім);
Контактный теплообмен в газотурбинных двигателях и энергоустановках. М., 1978 (разам з В.А.Мальковым, У.М.Ляоццьевым);
Влияние авиации на атмосферу: Пробл и перспективы исслед. М., 1998 (разам з В.Б.Паповічавай, А.М.Старыком).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАКТУ́РА (ад лац. factura апрацоўка, будова) у музыцы, сукупнасць сродкаў муз. выкладання, што ўтварае гукавую тканіну твора. Паняцце Ф. адпавядае прасторавым уласцівасцям муз. твора, як паняцце кампазіцыя — яго часавым уласцівасцям (у сваім разгортванні Ф. дае кампазіцыю, кампазіцыя заўсёды разгортваецца як Ф.). Тыпы арганізацыі Ф. наз.складамі. Існуюць Ф. аднагалосая адналінейная (манодыя), аднагалосая многалінейная і шматгалосыя (гетэрафонія, поліфанія, гамафонія). Шматгалосая Ф. — умова існавання гармоніі.
Ф. муз. твора арганізуецца ў залежнасці ад магчымасцей інструментаў і пеўчых галасоў харавая, арк., скрыпічная і інш. Музыку розных аўтараў, эпох, стыляў і жанраў вызначаюць свае тыповыя ўласцівасці Ф.
Складаная гамафонна-поліфанічная аркестравая пабудова Ф. вылучаецца ў творах бел. кампазітараў А.Багатырова, Я.Глебава і інш.
Літ.:
Скребкова-Филатова М.С. Фактура в музыке: Художественные возможности. Структура. Функции, М., 1985;
Аладава Р.М. Аб поліфанізацыі фактуры ў беларускай сімфанічнай музыцы другой палавіны 50—60-х гг. // Беларуская музыка. Мн., 1975. Вып. 1;
Громыко Е.А. Гетерофонное многоголосие // Сборник статей по музыкальному искусству. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФАРМАЛЬДЭГІ́Д [ад лац. form(ica) мурашка + альдэгід], мурашыны альдэгід, метаналь,
найпрасцейшы альдэгід, HCHO.
Бясколерны газ (tкіп 19,2 °C) з рэзкім пахам, шчыльн. 917,2 кг/м³ (вадкага пры -20 °C). Добра раствараецца ў вадзе, спіртах і інш. палярных растваральніках. Моцны аднаўляльнік (напр., асаджае серабро, плаціну, золата з раствораў іх солей). Лёгка полімерызуецца, асабліва пры t < 80 °C і ў прысутнасці вады, кіслот, шчолачаў; пры полімерызацыі ў непалярных растваральніках утварае поліфармальдэгід. У прам-сці атрымліваюць акісляльным дэгідрыраваннем метанолу CH3OH у паветры ў прысутнасці серабра або аксідаў металаў (жалеза, малібдэну, ванадыю). Выпускаюць у выглядзе водных раствораў (фармаліну) або цвёрдых парафармальдэгіду і цыклічнага трымеру Ф. — трыаксану (крышт. рэчыва, tm 64 °C), якія пры награванні з разбаўленымі мінер. к-тамі дэполімерызуюцца. Выкарыстоўваюць у вытв-сці сінт. смол, гексаметылентэтраміну (уратрапіну), лек. сродкаў, фарбавальнікаў і інш., а таксама пры дубленні скур, як дэзінфіцыруючы, антысептычны і дэзадарыруючы сродак. Таксічны, раздражняе слізістыя абалонкі дыхальных шляхоў і вачэй. ГДК у атм. паветры 0,003 мг/м³.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕАКРЫ́Т (Theokritos; канец 4—1-япал. 3 ст. да н.э.),
старажытнагрэчаскі паэт. Нарадзіўся ў Сіракузах (Сіцылія) ці паблізу ад іх. Росквіт літ. дзейнасці супадае з яго знаходжаннем у Александрыі пры двары Пталамея II. Заснавальнік жанру ідыліі, напісанай пераважна ў форме дыялогу або маналога. Выкарыстоўваючы сіцылійскую фалькл. традыцыю пастухоўскіх спаборніцтваў у спевах, стварыў букалічныя творы з умоўнымі вобразамі пастухоў, якія пакутуюць ад кахання на ўлонні прыроды («Тырсіс»). У ідыліях пра гараджан працягваў традыцыю дарыйскіх мімаў Сафрона: пераважалі любоўныя пачуцці («Вядзьмаркі»), быт. характарыстыкі («Сіракузянкі, або Жанчыны на свяце Адоніса»). Некат. ідыліі напісаны на міфалагічныя сюжэты («Дыяскуры», «Гілас» і інш.). Стыль Ф. адметны спалучэннем вытанчанасці і натуралізму, іроніі і сур’ёзнасці, наіўнасці і выразнасці. Збераглося каля 30 яго ідылій (з іх не ўсе арыгінальныя) і больш за 20 эпіграм.
Тв.:
Рус.пер. — у кн.: Феокрит. Мосх. Бион: Идиллии и эпиграммы. М., 1958.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ДЧАНКА Ларыса Мікалаеўна (30.7.1925, г. Рагачоў Гомельскай вобл. — 24.8.1996),
бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1975). Скончыла Бел.тэатр.ін-т (1949). З 1949 у Гродзенскім абл.драм. т-ры, з 1953 у Т-ры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, у Бабруйскім вандроўным т-ры, з 1970 у Магілёўскім абл. т-ры драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча. Яе індывідуальнасці ўласцівы эмацыянальнасць, тонкі псіхалагізм, лірычнасць, драматызм. Яркія, каларытныя персанажы стварыла ў бел. рэпертуары: у Т-ры пры Белдзяржэстрадзе — Насця («Пяюць жаваранкі» К.Крапівы); у Магілёўскім т-ры — Дзюркіна («Злыдзень» А.Петрашкевіча), Мальвіна («Несцерка» В.Вольскага), Грыпіна («Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота), Каралева («Янка і Ружа» У.Ягоўдзіка). З інш. роляў: Кукушкіна («Даходнае месца» А.Астроўскага), Baca («Васа Жалязнова» М.Горкага), Алена Андрэеўна («Дзядзька Ваня» А.Чэхава), місіс Сэвідж («Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка), Ганна Вальтэр («Апошні прыпынак» Э.М.Рэмарка) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕ́ЙГІН Юрый Міхайлавіч (н. 29.4.1947, г. Гомель),
бел. акцёр. Засл. арт. Беларусі (2002). Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1974). Працаваў у т-рах Расіі. У 1978—92 і з 1995 у Гомельскім абл.драм. т-ры, у 1992—95 у Гомельскім Незалежным т-ры. Валодае сцэн. абаяльнасцю, прыхільнасцю да яркай камед. формы, майстэрствам пераўвасаблення і пластычнага выражэння вобразаў. Найб. значныя ролі: Доктар, Камандор («Апошні ўзлёт», «Купала» А.Дударава), Свяшчэннік, Бергман-Ганцэвіч («Ладдзя Роспачы», «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле У.Караткевіча), Бабаеў («Грэх ды бяда на каго не жыве» А.Астроўскага), Дорн («Чайка» А.Чэхава), Барменталь, Журдэн («Сабачае сэрца», «Здурнелы Журдэн» М.Булгакава), Крачынскі («Вяселле Крачынскага» А.Сухаво-Кабыліна), Мефістофель («Святы і грэшны» М.Варфаламеева), Мальволіо («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра), Эміль Рабінэ («Жульен і Каломба» Ж.Ануя), граф дэ Гіш («Каханая, я павінен памерці» паводле «Сірано дэ Бержэрак» Э.Растана), Атыліо Самуэле («Цыліндр» Э. Дэ Філіпа) і інш.