прыродныя карбонавыя к-ты, якія прадуцыруюцца раслінамі хвойных парод; асн. кампанент жывіцы (62—65%), талавага масла (30—45%) і прадукту іх перапрацоўкі каніфолі (60—92%).
Сярод С.к. найб. пашыраны ненасычаныя трыцыклічныя карбонавыя к-ты агульнай ф-лы C19H29COOH, якія адрозніваюцца пазіцыяй падвойных сувязей у малекулах, а таксама іх дыгідра-, тэтрагідра- і дэгідравытворныя (C19H31COOH, C19H33COOH і C19H27COOH адпаведна). У жывіцы хвойных дрэў пераважаюць к-ты абіяцінавая (у жывіцы піхты яе 46—52%, кедра 32% па масе) і левапімаравая (27—36% у жывіцы хвоі). Індывід С.к. — бясколерныя крышталі без паху, добра раствараюцца ў ацэтоне, бензоле, дыэтылавым эфіры, не раствараюцца ў вадзе. Для С.к. характэрныя рэакцыі з удзелам карбаксільнай групы (утвараюцца солі і эфіры) і па падвойных сувязях. С.к. са спалучанымі падвойнымі сувязямі лёгка акісляюцца ў паветры і ізамерызуюцца адна ў другую (першасны кампанент жывіцы — левапімаравая к-та лёгка пераходзіць у абіяцінавую). У прам-сці атрымліваюць і выкарыстоўваюць у выглядзе каніфолі.
Я.Г.Міляшкевіч.
Структурныя формулы смаляных кіслот: а — абіяцінавай; б — левапімаравай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМО́ЛІЧ Дзмітрый Мікалаевіч (11.4.1919, С.-Пецярбург —28.4.1987),
оперны рэжысёр. Сын М.В.Смоліч. Засл. дз. маст. Грузіі (1954), засл. дз. маст. Расіі (1958). Нар.арт. Украіны (1960). Нар.арт. Беларусі (1964). Нар.арт.СССР (1979). Скончыў оперна-драм. студыю імя К.Станіслаўскага ў Маскве (1941). Працаваў у оперных т-рах СССР. У 1962—69 гал. рэжысёр Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Спектаклям С. ўласцівы падпарадкаванасць усіх элементаў агульнай маст. задуме, майстэрства арганізацыі масавых сцэн. На бел. сцэне паставіў спектаклі: «Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’ева, «Джаконда» А.Панк’елі, «Кето і Катэ» В.Далідзе (усе 1962), «Атэла» Дж.Вердзі, «Арэстэя» С.Танеева (абодва 1963), «Севільскі цырульнік» Дж.Расіні, «Яснае світанне» А.Туранкова (абодва 1964), «Кастрычнік» В.Мурадэлі (1965), «Князь Ігар» А.Барадзіна, «Брэсцкая крэпасць» К.Малчанава, «Алеся» Я.Цікоцкага (усе 1967), «Багема» Дж.Пучыні, «Калі ападае лісце» Ю.Семянякі (абодва 1968), «Травіята» Вердзі (1969). Дзярж. прэмія Украіны 1971. Дзярж. прэмія Грузіі 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕГІРО́Ў Іван Міхайлавіч (4.5.1793, Масква — 21.12.1868),
рускі этнограф, фалькларыст, археолаг. Скончыў Маскоўскі ун-т (1814), з 1826 праф. у ім. Сабраў, пракаменціраваў і апублікаваў багаты матэрыял па рус. лубачных малюнках, прыказках і прымаўках. Апісаў рус.нар. святы і абрады, з выкарыстаннем для параўнання слав. і зах.-еўрап. крыніц, найб. поўна — бел.этнагр. друкаваныя і рукап. матэрыялы, якія дасылалі яму В.Р.Анастасевіч, В.М.Бадзянскі і інш. Асабліва многа каштоўных звестак, сабраных па анкеце З.Я.Даленгі-Хадакоўскага студэнтамі Віленскага ун-та, перадаў яму І.М.Лабойка. Сябраваў з Даленгам-Хадакоўскім, кансультаваўся з ім па пытаннях гісторыі, этнаграфіі і фальклору бел. народа, карыстаўся яго архівам. Багаты матэрыял па этнаграфіі, гісторыі і фальклоры Беларусі змясціў у працы «Рускія простанародныя святы і прымхлівыя абрады» (вып. 1—4, 1837—39).
Літ.:
Ивановский А. И.М.Снегирев и дневник его воспоминаний, 1821—1865. СПб., 1871;
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1. СПб., 1890.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СОВЕ́ТСКАЯ ПРА́ВДА»,
грамадска-палітычная газета Абласнога выканаўчага камітэта Саветаў рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў Заходняй вобласці і фронту. Выходзіла з 1(14).12.1917 да 6.3.1918 у Мінску (53 нумары) і Смаленску (9 нумароў) на рус. мове штодзённа. Рэдактар А.А.Белазёраў, з 27.1(9.2).1918 — К.І.Ландар. Асвятляла мясц. жыццё, асн.міжнар. падзеі. Друкавала дэкрэты і распараджэнні цэнтр. і мясц. ўрада, загады Вярх. і зах.-франтавога камандавання, начальнікаў Мінскага гарнізона, міліцыі, справаздачы пленумаў Аблвыкамзаха, рэзалюцыі, паведамленні аб ходзе сац. перабудовы ў Мінскай і Віленскай губ. Змяшчала аб’явы ўладных структур, грамадска-паліт. арг-цый левага кірунку, прыватных асоб. Публікавала фельетоны Г.Ф.Усцінава, вершы Дз.Беднага і інш. Крытыкавала эсэраўскія, меншавіцкія і інш. выданні дэмакр. кірунку. Выступіла супраць арганізатараў і ўдзельнікаў Усебел. з’езда, кіраўнікоў Цэнтр.бел. вайсковай рады і Вял.бел. рады, праводзіла агітацыю супраць узбр. выступлення 1-га Польскага корпуса. 19.2.1918 у сувязі з наступленнем на Мінск часцей Ю.Доўбар-Мусніцкага эвакуіравана ў Смаленск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́ЛТАН Уладзімір Яўгенавіч (9.1.1953, г. Баранавічы Брэсцкай вобл. — 1.6.1997),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1979, кл. А.Багатырова). З 1983 выкладчык Бел. акадэміі музыкі. Творчасць адметная жанравай разнастайнасцю, інтанацыйнай выразнасцю, эмацыянальнай напружанасцю, нац. акрэсленасцю. Асн. дасягненні ў жанры оперы і віяланчэльнай музыкі. Сярод твораў: оперы «Дзікае паляванне караля Стаха» (паводле аповесці У.Караткевіча, паст. 1989), «Пані Ядвіга» (паводле аповесці К.Тарасава «Чорны шлях», 1990), «Мілавіца» (паст. 1994); 2 сімфоніі (1981, 1983), 2 канцэрты для віяланчэлі з арк. (1987, 1997); для камернага арк.: сюіта «Думкі і настроі» (1978), канцэрт (1983), лірычная кантата «Мая Беларусь» на тэксты нар. і бел. паэтаў (1981); камерна-інстр. творы, у т. л.стр. квартэт, фп. трыо, саната для фп., элегія для віяланчэлі; вак. цыклы на вершы М.Багдановіча, А.Таркоўскага, хары на вершы Я.Купалы, Ф.Цютчава; песні, музыка да кінафільмаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.
Літ.:
Галушко М. Национальный сюжет — современное прочтение // Сов. музыка. 1990. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПЕКТРО́МЕТР (ад спектр + ...метр),
прылада для вымярэння функцыі размеркавання некаторай фіз. велічыні па зададзеным параметры. Функцыю размеркавання электронаў (і пазітронаў) па энергіях вымяраюць бэта-спектрометрамі, атамаў і малекул па масах — мас-спектрометрамі, гама-квантаў па энергіях — гама-спектрометрамі, энергію светлавых патокаў па даўжынях халь (аптычным спектры) — аптычнымі С.
Да аптычных С. адносяць прылады для вылучэння вузкіх участкаў спектра аптычнага выпрамянення (монахраматары) і фотаэл. прыёмнікі выпрамянення. Класіфікацыя аптычных С. робіцца па колькасці каналаў і фіз. метадах раздзялення выпрамянення па даўжынях хваль (напр., Фур’е-С.). Аптычная С. звычайна наз. проста С. і ў гэтым сэнсе азначаюць аптычныя спектральныя прылады для вымярэння аптычных спектраў з дапамогай фотаэл. прыёмнікаў выпрамянення.
Літ.:
Альфа-, бета- и гамма-спектроскопия: Пер. с англ.Вып. 1. М., 1969;
Зайдель А.Н., Островская Г.В., Островский Ю.И. Техника и практика спектроскопии. 2 изд. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЙН (Stein) Гертруда (3.2.1874, г. Пітсбург, штат Пенсільванія, ЗША — 27.7.1946),
амерыканская пісьменніца; тэарэтык л-ры. Вывучала псіхалогію ў Рэдкліфскім каледжы Гарвардскага ун-та, медыцыну — ва ун-це Дж.Хопкінса ў Балтымары. З 1902 жыла ў Парыжы. Маст. метад С. фарміраваўся пад уплывам эстэтыкі імпрэсіянізму, філасофіі А.Бергсона і экзістэнцыялістаў. Найб. значныя яе творы — раман «Станаўленне амерыканцаў» (1906—08, апубл. 1925) і аповесць «Тры жыцці» (1908), у якіх звярнулася да праблем адзіноты чалавека, яго адчужанасці ад грамадства, абсурднасці існавання. Аўтар кн. «Аўтабіяграфія Алісы Б.Токлас» (1933), мемуараў «Войны, якія я пабачыла» (1945), п’ес, зб-каў вершаў, эсэ, літ.-эстэт. прац, у т. л. «Як пісаць» (1931), «Лекцыі ў Амерыцы» (1935) і інш. Яе паэтыцы ўласцівы герметызм, эксперыменты з лексікай і сінтаксісам, кампазіцыяй і рытмам, асацыятыўнасць, вобразная абстрактнасць; выкарыстоўвала прынцыпы кінатэхнікі, авангардысцкага жывапісу, мастацтва фатаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАЛЯРО́Ў Іван Міхайлавіч (н. 20.5.1923, г. Віцебск),
бел. мастак. Засл. дз. маст. Беларусі (1993). Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1951), Маскоўскі паліграф.ін-т (1960). Выкладаў у віцебскіх маст.-графічным вучылішчы (з 1951), у пед. ін-це (1959—85). Працуе пераважна ў акварэлі і графіцы. Творам уласцівы натурны дакументалізм, апавядальнасць, падкрэсленая дынаміка разгортвання сюжэтнага дзеяння, тонкая нюансіроўка колеру. Тэме Вял.Айч. вайны прысвечаны работы: «Партызанская пабыўка» (1960), «Машкоўцы перад заданнем» (1965), «У разведцы» (1976), «Партызанскі хлеб» (1984), «Выхад з блакады» (1989), «Дзень расплаты» (1992), «Пайсці на заданне» (1997). Аўтар пейзажаў «Арка палаца Бухарскага хана» (1959), «Стары Полацк» (1966), «Руіны старажытнай крэпасці» (1972), «Суражская зямля» (1980), «Мармашэльскі манастыр» (1981), «Від на вёску Буева» (1998); ілюстрацый да твораў М.Горкага «Буравеснік» (1982), Я.Купалы «Курган» (1983), М.Гогаля «Страшная помста» (1985), былін і казак (1990—91).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАПО́ВІЧ (Стэповіч) Альбін Мацвеевіч
(18.3.1894, в. Барані Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 18.12.1934),
бел. грамадска-паліт. і музычны дзеяч, публіцыст. Брат К.Сваяка. Вучыўся ў кансерваторыі Монтвіла ў Вільні, Казанскім і Віленскім ун-тах (1918—24). Адзін з заснавальнікаў Бел.каап. земляробча-прамысл. банка ў Вільні, Бел. ін-та гаспадаркі і культуры, яго сакратар, нам. старшыні (1930—34), старшыня Віленскага аддзела, кіраўнік хору пры ім. З 1926 сакратар, у 1927—30 віцэ-старшыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, выдавец яго органа — газ.«Беларуская крыніца». У 1928—30 пасол (дэпутат) польскага сейма. У 1930 нам. старшыні Бел.нац.к-та ў Вільні. Адзін з ідэолагаў бел. нацыянал-сацыялістаў (пад псеўд. Уладзімір Загорскі). Супрацоўнічаў у выданнях «Наш шлях», «Крыніца», «Беларуская крыніца», «Родныя гоні», «Нёман», «Новы шлях», «Шлях моладзі», «Самапомач» і інш. Аўтар музыкі да вершаў Я.Купалы, М Машары, К.Сваяка, Ф.Грышкевіча, У.Казлоўскага, А.Гурло, вершаваных перакладаў з польскай мовы.
Літ.:
Глагоўская А. Кар’еру пачынаў у Цеханаўцы // Спадчына. 1994. № 6.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАМІ́НСКІ (Стшамінскі) Уладзіслаў Максімілянавіч
(21.11.1893, Мінск —25.12.1952),
бел. мастак; прадстаўнік авангарднага мастацтва. Зазнаў уплывы К.Малевіча і супрэматызму. Скончыў Маскоўскі кадэцкі корпус (1911), Ваен.інж. вучылішча ў С.-Пецярбургу (1914). У 1918—19 працаваў у Мінску, з 1920 у Смаленску, з 1922 у Вільні, з 1936 у Вілейцы (Мінская вобл.). З 1940 у г. Лодзь (Польшча), выкладаў (1945—50) у Вышэйшай маст. школе. Прапагандаваў рэв. авангард, стварыў смаленскі філіял аб’яднання Сцвярджальнікі новага мастацтва, суполкі «Блок» (1925), «Прэзенс» (1926), «A.R.» («Рэвалюцыйныя мастакі», 1929; усе з Г.Стажэўскім і інш.). Заснавальнік тэорыі унізму (маніфест «Унізм у жывапісе», 1928), у якой сцвярджаў, што адзіная значнасць карціны — яна сама, а жывапіс, матэрыял, колер, форма, фактура і інш. павінны ўяўляць адзінае цэлае. Сярод твораў: «Архітэктанічная кампазіцыя 9с» (1929), «Пейзаж Лодзі» (1931), «Мора. Марскі пейзаж» (1933), «Уністычная кампазіцыя 14» (1934), цыклы «Дэпартацыя», «Грамадзянская вайна», «Таннае, як багна», «Твары», «Заходняя Беларусь», «Вайна дамам», «Рукі, якія не з намі» і інш.