горная сістэма ва Усх. Сібіры, пераважна натэр. Бураціі, у Расіі. Працягваецца ад паўн. краю воз. Байкал да сярэдняга цячэння р. Алёкма. Даўж. каля 700 км, шыр. больш за 200 км. Горныя хрыбты (выш. да 2999 м) выцягнуты ва ўсх.-паўн. напрамку, чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі (навыш. 500—1000 м). Складзена ў асн. з крышт. і метамарфічных парод. Значная сейсмічнасць. Шматгадовая мерзлата. Карысныя выкапні: золата, медзь, флюарыт, каменны вугаль. Клімат рэзка кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, доўжыцца 2—3 месяцы, у высакагор’і — халаднаватае і кароткае (месцамі менш за 1 месяц). Зіма вельмі халодная і працяглая. Ападкаў за год ад 300—400 мм у катлавінах, да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі. Рачная сетка густая, шмат азёр. На схілах — лістоўнічная тайга, вышэй за 1200 м — рэдкалессе і горная тундра. У катлавінах — забалочаныя поймавыя лугі, на схілах — хваёвыя і хваёва-лістоўнічныя лясы. Нагор’е перасякае Байкала-Амурская магістраль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАЛЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1698у Расіі,
паўстанне маскоўскіх стральцоў, выкліканае іх нежаданнем несці цяжкую службу ў памежных крэпасцях і ўціскам з боку палкоўнікаў. 4 палкі маскоўскіх стральцоў (каля 4 тыс.чал.), якія ў 1695—96 удзельнічалі ў паходах наАзоў, замест вяртання ў Маскву былі накіраваны ўрадам (цар Пётр I падарожнічаў за мяжой) ахоўваць граніцу з ВКЛ. На шляху ў г.Вял. Лукі стральцы паўсталі, змясцілі начальнікаў і пайшлі на Маскву. Яны наладзілі сувязь з царэўнай Соф’яй Аляксееўнай, зняволенай у Новадзявочым манастыры, і збіраліся ўзвесці на прастол яе або кн. В.В.Галіцына, але 28.6.1698 разбіты ўрадавымі войскамі каля Новаіерусалімскага манастыра. У 1698—99 пакараны смерцю 1239 стральцоў, 601 пасля пакарання бізуном і клеймавання сасланы. Былі расфарміраваны і тыя стралецкія палкі маскоўскага гарнізона, якія не ўдзельнічалі ў паўстанні, а стральцы з сем’ямі высланы з Масквы. Т.ч. са сталіцы была выдалена варожая Пятру I ваен.-паліт. сіла.
Літ.:
Буганов В.И. Московские восстания конца XVII в. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТЭРЭАСКАПІ́ЧНЫ ДРУК,
паліграфічны спосаб атрымання аб’ёмных стэрэаскапічных відарысаўна паперы. Бывае двухфарбавы і растравы. Выкарыстоўваецца для выдання наглядных дапаможнікаў, каляровых паштовак, дзіцячых карцінак, для вырабу 2 сюжэтных (зменлівых) відарысаў на значках і сувенірах.
Фатаграфаванне аб’екта робяць з 2 пунктаў (перамяшчэннем фотаапарата) ці з паваротам аб’екта на вугал, адпаведны бачанню двума вокамі. Атрыманыя 2 выявы (стэрэапара) з’яўляюцца арыгіналамі для рэпрадукцыйных працэсаў пры вырабе друкарскіх форм: адна выява прызначана для правага, другая для левага вока. Абедзве выявы-аб’екта ўспрымаюцца бінакулярным зрокам як адна аб’ёмная. Пры двухфарбавым С.д. выкарыстоўваюць сіне-зялёны колер для левага і аранжава-чырвоны для правага вока. Разглядаюць стэрэаадбітак праз спец. акуляры-святлафільтры і бачаць пры гэтым адзін чорна-белы аб’ёмны відарыс. Пры растравым С.д. выкарыстоўваюць лінейны лінзава-цыліндрычны растр для фіксацыі аб’ёмнасці аб’екта пры фатаграфаванні і яго ўзнаўленні на адбітку. Аб’ёмнасць мнагафарбавага адбітка назіраюць праз лінейны лінзава-выпуклы растр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДЗЕ́БНІК 1497,
зборнік законаў Рус. дзяржавы, накіраваны на ліквідацыю яе феад. раздробленасці і стварэнне агульнарус. права. Яго крыніцамі былі Руская праўда, Пскоўская судная грамата, звычаёвае права, граматы і велікакняжацкія ўказы, перапрацаваныя дастасоўна да сац.-эканам. змен. Зборнік устанавіў адзіную сістэму дзярж.суд. органаў, вызначыў іх кампетэнцыю і супадпарадкаванне, рэгламентаваў суд. пошліны. Ён пашырыў кола ўчынкаў, якія прызнаваліся крымінальнымі [напр., крамола, «царкоўная тацба» (святатацтва), паклёп], увёў новыя паняцці злачынстваў і асабліва небяспечных злачынстваў, вышуковую форму працэсу. У якасці меры пакарання прадугледжвалася смяротная кара, лупцаванне (біццё бізуном у людных месцах, на таргах). Абмяжоўвалася права сервітутаў, павялічваліся тэрміны іскавай даўнасці ў адносінах да велікакняжацкіх зямель. Парушэнне межавых знакаў на велікакняжацкіх, баярскіх і манастырскіх землях каралася лупцаваннем, за тыя ж учынкі на сялянскіх землях — грашовым штрафам. Судзебнік увёў плату пажылога (карыстанне сядзібай) пры адыходзе селяніна ад феадала, устанавіў адзіны для ўсёй дзяржавы тэрмін пераходу сялян ад аднаго ўладальніка да другога — Юр’еў дзень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУЛАВЕ́СІ (Sulawesi), Цэлебес,
востраў у Малайскім архіпелагу, самы ўсходні з Вялікіх Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 170 тыс.км²Нас. каля 15 млн.чал. (2000). Складаецца з 4 доўгіх паўастравоў. Берагавая лінія вельмі парэзана, але зручных гаваней мала. Паверхня гарыстая (выш. да 3455 м, г. Рантэкомбала). Шмат патухлых вулканаў, наПнУ ёсць дзеючыя (Клабат і Сапутан). Частыя землетрасенні. С. складзены са стараж. гранітаў і гнейсаў, мезазойскіх вапнякоў, маладых асадкавых і вулканічных парод. Карысныя выкапні: жалеза, нікель, золата, серабро, свінец, волава, вугаль, нафта. Клімат субэкватарыяльны, мусонны, наПн — экватарыяльны. Сярэднегадавая т-рана ўзбярэжжы 25—27 °C, ападкаў 2000—5000 мм за год. Шмат азёр і горных рэк. Вільготныя трапічныя лясы (пальмы, панданусы, сандалавае, эбенавае, цікавае і інш. дрэвы, ліяны, бамбук). НаПд высакатраўныя саванны. У складзе фауны кабан-бабіруса, сумчатыя (кускусы), чубаты макак, райская птушка, какаду і інш. Вырошчваюць какосавыя пальмы, рыс, батат, кукурузу, чорны перац, каву, мускатны арэх. Рыбалоўства. Асн. гарады: Уджунгпанданг (Макасар), Манада, Гарантала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУПО́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць індывідаў, аб’яднаных гістарычна складзенымі ўстойлівымі сац. сувязямі і адносінамі, наяўнасцю агульных рыс, якія надаюць ёй пэўную адметнасць. У адрозненне ад арг-цый і ін-таў, што ствараюцца людзьмі свядома, С. узнікае пад уплывам аб’ектыўных прычын (характар гаспадаркі і ладу жыцця, падзел працы, спосаб вытв-сці і інш.). Кожная С. мае свае адметныя, уласцівыя толькі ёй рысы і захоўвае іх на працягу свайго існавання. Гістарычна першымі відамі С. былі сям’я, род, племя, абшчына. Яны ўзніклі на аснове кроўнароднаснага адзінства, сумеснай вытв. дзейнасці, агульных этнічных прыкмет. З пераходам ад першабытнаабшчыннага ладу да новых больш складаных форм грамадскай арг-цыі пашырыліся крытэрыі С. і найперш за кошт агульнасці тэрыторыі і мовы, у выніку чаго ўзніклі народнасці, пазней нацыі. Нац. С. на працягу доўгага часу адыгрывае ролю гал. суб’екта грамадскіх адносін. Есць і інш. віды С., што ствараюцца на розных уласцівых ім аб’ектыўных асновах. У якасці сац. С. можна разглядаць працоўныя калектывы, прафес. групы і інш. элементы сац. структуры грамадства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУХАДО́ЛЬСКІ Януар Іванавіч (19.9.1797, г. Гродна — 20.3.1875),
бел. жывапісец-баталіст. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі, Польшчы і Расіі. Жывапісу вучыўся ў Варшаве ў А.Брадоўскага (з 1815), у Рыме ў К.Вернэ (1832—37). Удзельнік паўстання 1830—31. Стварыў рамант. карціны нагіст. тэматыку «Бітва пад Рашынам» (1832), «Бітва пад Самасьерай» (1860), «Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну» (1866). Аўтар серыі батальных кампазіцый на тэму рус.-перс. і рус.-тур. войнаў, у якіх удзельнічаў сам: «Узяцце крэпасці Карс», «Узяцце Ачакава», «Штурм крэпасці Ахалцых», «Фельдмаршал Паскевіч прымае дэлегацыю жыхароў Эрзурума», «Асада крэпасці Абасабад» і інш. Сярод інш. твораў: «Сцэна з 1831 года», «Заключэнне Туркманчайскага міру», «Паляванне на аленя», «Дзед з унукам на паляванні» і інш. У творчасці С. дакументальная дакладнасць адлюстравання спалучаецца з выдатна распрацаванай кампазіцыяй, яркай маляўнічасцю жывапісных вырашэнняў.
Літ.:
Дробаў Л.М. Беларускія мастакі XIX ст.Мн., 1971;
Яго ж. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.
Л.Н.Дробаў.
Я.Сухадольскі. Пераход арміі Напалеона цераз Бярэзіну. 1866.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЯРЭДНЕАЗІЯ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1916,
выступленне народаў Сярэдняй Азіі і Казахстана супраць рас. царызму, выкліканае ўзмацненнем нац. і калан. прыгнёту ў час 1-й сусв. вайны. Штуршком стаў царскі ўказ ад 8.7.1916 аб мабілізацыі мясц. «іншародніцкага насельніцтва» (раней не падлягала прызыву наваен. службу) на абарончыя работы: 250 тыс.чал. з Туркестанскага, 140 тыс. са Сцяпнога (Казахскага) краёў. Пачалося 17.7.1916 у Хаджэнце (Худжанд), ахапіла Самаркандскую, Сырдар’інскую, Ферганскую. Акмолінскую, Сяміпалацінскую, Сямірэчанскую, Закаспійскую, Уральскую вобл. з насельніцтвам больш за 10 млн.чал. (узбекі, таджыкі, туркмены, казахі, кіргізы і інш.). Мела пераважна характар сял. вайны, удзельнічалі і гараджане. Працоўныя кідалі работу, насельніцтва ўцякала ў стэпы і за мяжу, адбыліся шматлікія ўзбр. паўстанні супраць рас. адміністрацыі, якія часам суправаджаліся нападамі нарус. паселішчы. Найб. арганізаванае было ўзбр. паўстанне казахаў Тургайскай вобл.на чале з Амангельды Іманавым. У студз. 1917 царскія войскі ў асн. ліквідавалі паўстанне, якое часткова сарвала мабілізацыю (да сак. 1917 з Туркестана адпраўлена толькі 123 тыс.чал.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТКАЧО́Ў Мікола (Мікалай Гаўрылавіч; 8.3.1918, в. Горанка Краснапольскага р-на Магілёўскай вобл. — 20.4.1979),
бел. пісьменнік. Скончыў Бел.ін-тнар. гаспадаркі (1939). З 1943 у рэд. магілёўскай абл.газ. «За Радзіму», з 1949 у час. «Полымя», з 1957 гал.рэд.газ. «Літаратура і мастацтва», з 1959 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. У 1972—79 дырэктар выд-ва «Мастацкая літаратура». Друкаваўся з 1938. Аўтар рамана «Згуртаванасць» (1949—50) пра ўсенародны характар партыз. руху на Беларусі ў Вял.Айч. вайну. У кнігах прозы «Пошукі скарбаў» (1963), «Дыханне агню» (1978) тэмы штодзённай працы людзей, хараства душы чалавека, роздум над жыццём, яго сэнсам, узвышанае пачуццё любові да роднай зямлі, маральна-этычныя праблемы. Набел. мову перакладаў творы з англ. (М.Твэн), лат., малд. (В.Рошка), рус. (С.Варонін, М.Прыляжаева, Я.Фёдараў), укр. і інш. л-р.
Тв.:
Дыханне агню: Раман, апавяданні. Мн., 1988.
Літ.:
Пашкевіч Н. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965. С. 66—90.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТО́РВАЛЬД КО́ДРАНСАН (Thorvalde Kodransson; ? — пасля 1002),
ісландскі падарожнік і місіянер 10 ст., адзін з першых апосталаў хрысціянства ў Ісландыі. У час знаходжання ў Саксоніі прыняў хрысціянства. За спробу пашырыць яго на радзіме быў асуджаны да выгнання. Аднак у 1000 хрысціянства ў Ісландыі было прынята ў якасці афіц. рэлігіі. У гэты ж год Т.К. выправіўся ў Святую зямлю, адкуль вяртаўся дамоў праз Канстанцінопаль і Кіеў. Паводле ісландскай сагі, «памёр на Русі, недалёка ад Полацка (Palteskja) і пахаваны там на гары пры царкве св. Яна Хрысціцеля і людзі лічаць яго святым». Невял. сага (татра) «Пра Торвальда Вялікага Падарожніка» ўдакладняе гэтыя звесткі і дадае, што магіла Т.К. «пад высокай гарой у Дрофне (Drafn) пры царкве св. Яна», дзе ён нібыта заснаваў манастыр. Паводле той жа крыніцы, Т.К. быў накіраваны на Русь як афіцыйны прадстаўнік візант. імператара. Месцазнаходжанне «высокай гары ў Дрофне» дакладна не лакалізавана. Звесткі пра Т.К. пацвярджаюць існаванне ў 9—10 ст. цесных сувязей Полацка са Скандынавіяй.