СУПО́ЛЬНАСЦЬ,
сукупнасць індывідаў, аб’яднаных гістарычна складзенымі ўстойлівымі сац. сувязямі і адносінамі, наяўнасцю агульных рыс, якія надаюць ёй пэўную адметнасць. У адрозненне ад арг-цый і ін-таў, што ствараюцца людзьмі свядома, С. узнікае пад уплывам аб’ектыўных прычын (характар гаспадаркі і ладу жыцця, падзел працы, спосаб вытв-сці і інш.). Кожная С. мае свае адметныя, уласцівыя толькі ёй рысы і захоўвае іх на працягу свайго існавання. Гістарычна першымі відамі С. былі сям’я, род, племя, абшчына. Яны ўзніклі на аснове кроўнароднаснага адзінства, сумеснай вытв. дзейнасці, агульных этнічных прыкмет. З пераходам ад першабытнаабшчыннага ладу да новых больш складаных форм грамадскай арг-цыі пашырыліся крытэрыі С. і найперш за кошт агульнасці тэрыторыі і мовы, у выніку чаго ўзніклі народнасці, пазней нацыі. Нац. С. на працягу доўгага часу адыгрывае ролю гал. суб’екта грамадскіх адносін. Есць і інш. віды С., што ствараюцца на розных уласцівых ім аб’ектыўных асновах. У якасці сац. С. можна разглядаць працоўныя калектывы, прафес. групы і інш. элементы сац. структуры грамадства.
В.І.Боўш.
т. 15, с. 273
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)