ПАРАЛЕЛІ́ЗМ (ад грэч. parallēlos той, хто ідзе побач),
у біялогіі, паралельнае развіццё, парафілія, незалежнае развіццё падобных адзнак у эвалюцыі блізкароднасных груп арганізмаў. У выніку П. другасна набытае падабенства розных груп быццам бы накладваецца на іх падабенства, якое абумоўлена агульнасцю паходжання. Узнікае асобая катэгорыя падабенства органаў і розных відаў — гамаялогія. П. пашыраны ў філагенезе розных груп арганізмаў. Напр., шляхам П., відаць, развіваліся прыстасаванні да воднага спосабу жыцця ў 3 лініях эвалюцыі ластаногіх (маржы, вушастыя і сапраўдныя цюлені); у розных груп кісцяпёрых рыб развіваліся прыкметы земнаводных; у некалькіх груп зверападобных паўзуноў (тэрапсід) — прыкметы млекакормячых. Прыкметы пакрытанасенных раслін незалежна і паралельна развіваліся ў розных лініях эвалюцыі іх продкаў — праангіяспермаў. Узнікненне П. звязана з захаваннем роднаснымі групамі арганізмаў пэўнай генет. супольнасці і падабенства працэсаў антагенезу і яго рэгуляцыі. У генафондах роднасных відаў заканамерна з’яўляюцца падобныя (гамалагічныя) мутацыі (закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці, які ўстанавіў М.І.Вавілаў). П. тлумачыцца падобным напрамкам натуральнага адбору, які дзейнічае на групы продкаў, што разышліся першапачаткова (гл.Дывергенцыя). Часам П. вызначаюць як канвергенцыю блізкароднасных груп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎЛІ́НЫ (Pavo),
род птушак сям. фазанавых атр. курападобных. 2 віды. П. звычайны, або індыйскі, або чубаты (P. cristatus), пашыраны на п-ве Індастан і в-ве Шры-Ланка. Драбнейшы П. сінякрылы, або яванскі (P. muticus), пашыраны ў Індакітаі і Інданезіі; занесены ў Чырв. кнігу МСАП. Жывуць у зарасніках, на лясных высечках, па берагах рэк. У Еўропу (Стараж. Грэцыя) завезены ў 4 ст. да н.э. На Беларусі трымаюць як дэкар. птушку.
У самцоў даўж цела да 125 см, хваста да 45 см, падоўжаных, упрыгожаных «вочкамі» пёраў надхвосця да 150 см; маса да 4,3 кг Афарбоўка яркая, пераважна сіне-зял., з метал. адлівам. На галаве чубок. Самкі драбнейшыя, бурага колеру, без доўгага надхвосця. Кормяцца насеннем, зернем, травой, насякомымі. Палігамы. Пры такаванні самец разводзіць пёры надхвосця веерам і падымае іх амаль вертыкальна. Нясуць да 6 яец.
П. называюць таксама пароду галубоў свойскіх (паўлінавыя галубы, трасуны) з веерападобным або трубападобным хвастом (адсюль часамназ. трубачы). Паходзяць з Індыі, у Еўропе — з 17 ст. На Беларусі адна з найб. пашыраных парод. Гл. таксама Дэкаратыўныя птушкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕРА́ЛЬНАЕ ЖЫЎЛЕ́ННЕ РАСЛІ́Н,
сукупнасць працэсаў паглынання з раствораў мінер. солей, перамяшчэння і ўключэння ў абмен рэчываў раслінамі хім. элементаў, неабходных для іх нармальнай жыццядзейнасці. Разам з фотасінтэзам складае адзіны працэс жыўлення раслін. Да элементаў М.ж.р. адносяцца макраэлементы (азот, фосфар, сера, калій, кальцый, магній, жалеза) і мікраэлементы (бор, кобальт, медзь, цынк, марганец, малібдэн і інш.). Паглынаюцца ў форме іонаў (, , , , , K+, Ca2+, Mg2+ і інш.), у аднаклетачных і водных раслін — усёй паверхняй, у наземных вышэйшых — паверхняй маладых каранёў (пераважна каранёвымі валаскамі) і, часам, лістоў. Аніёны трапляюць у клетку актыўна (энергаёмісты ферментатыўны працэс), катыёны — звычайна пасіўна (працэсы адсорбцыі, дыфузіі). Элементы ў клетцы перамяшчаюцца пры кругавым руху цытаплазмы (цыклозе), ад клеткі да клеткі — праз злучальныя цытаплазматычныя перамычкі (плазмадэсмы) і па аб’яднаных клетачных абалонках (апапласце), у цэлай расліне — з узыходнай плынню вады па праводных элементах ксілемы. Элементы М.ж.р. уваходзяць у склад усіх арган. злучэнняў, каталізуюць біяхім. рэакцыі, рэгулююць тургар, інтэнсіўнасць фотасінтэзу, пранікальнасць мембран, забяспечваюць стабільнасць клетачных структур і інш. Пры іх недахопе выкарыстоўваюцца мінеральныя ўгнаенні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ ШКЛО,
шкляныя вырабы 16—19 ст. з г. Мсціслаў Магілёўскай вобл. Выраблялі сталовы посуд, пасудзіны для вадкасцей, аконнае шкло. Посуд адметны складаным S-падобным профілем, размалёўкай каляровымі эмалямі, пластычным аздабленнем донцаў хвалістымі паддонамі, сценак — рыфленнем і накладнымі пячаткамі з нізкарэльефнымі выявамі гербаў, клеймаў гутнікаў, асобных літар і надпісаў. Шырока выкарыстоўваліся кальцавыя паддоны ў выглядзе гладкай шкляной дужкі. Асобныя формы і пластычны дэкор посуду блізкія да аздоб мсціслаўскай керамікі. У 16—18 ст. М.ш. фармавалі адвольна, у 19 ст. — прасаваннем і выдзіманнем у формы. Посуд 17 ст. сціпла дэкарыраваны шклянымі жгутамі, пячаткамі і інш., часам каляровымі эмалямі. У 18—19 ст. выраблялі збаны, куфлі, чаркі, бутлі, пляшкі, шкляніцы, кубкі, бакалы. Некат. вырабы аздаблялі шліфоўкай, гравіроўкай, шклянымі жгутамі і вял. стужкамі, тулавы размалёўвалі геам.-раслінным арнаментам, выкананым рознакаляровымі эмалямі. Аконнае шкло ў 17 ст. выдзімалі ў выглядзе круглых шыбак-дыскаў, у 18—19 ст. — прамавугольных шыбак.
Літ.:
Яніцкая М.М. Сташкевіч А.Б. Мсціслаўскае шкло XVI—XIX стст. // Помнікі культуры: Новыя адкрыцці. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЫ́ТА, мыт, цло,
грашовы збор, які бралі ў ВКЛ з мясц. купцоў за ўвоз з-за мяжы або вываз тавараў за мяжу і з іншаземцаў за продаж тавараў на мясц. рынках ці правоз іх па тэр. дзяржавы. М. аддавалі і некат. таварамі; кошт тавараў і суму М. з 15 ст. запісвалі ў мытныя кнігі. М. збіралі мытнікі ў спец. памяшканнях — каморах і прыкаморках, дзе тавары аглядалі і ацэньвалі. Да 15 ст. купцы плацілі М. і буйным феадалам, па землях якіх ішлі гандл. шляхі (гасцінцы). Пратэсты і скаргі гарадоў прымусілі вярх. ўладу ў 16 ст. пакінуць скарбу манапольнае права збіраць М. (часам яно перадавалася ў арэнду). У 1570 устаноўлены 2 стаўкі М.: мясц. купцы плацілі 1 грош з кожнай капы (г.зн. 60) грошаў у кошце тавару (1,7% агульнага кошту); замежныя — 2 грошы з капы (3,4% кошту). Да сярэдзіны 17 ст. сеймавыя пастановы павялічылі мытны збор у 3—4 разы. З сярэдзіны 16 ст. да 1764 ад платы М. за вываз прадуктаў са сваіх маёнткаў вызвалялася шляхта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,
«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.
Літ.:
Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНЬША́НЬ,
горная сістэма ў Кітаі паміж Цайдамскай катлавінай на Пд і пустыняй Алашань на Пн. Часам разглядаецца як частка Куньлуня. Даўж. каля 800 км, шыр. да 320 км. Складаецца з некалькіх кароткіх высокіх хрыбтоў, размешчаных паралельна або кулісападобна, якія цягнуцца пераважна з ПнЗ на ПдУ і падзяляюцца падоўжанымі далінамі. Асн. хрыбты: Ціляньшань, Сулэнаньшань з выш. да 6346 м, Улан-Дабан, Дакэн-Дабан, Кукунор. Паўн. хрыбты ўзвышаюцца над пустыняй Алашань да 4500 м, адносныя перавышэнні паўд. схілаў Н. каля 1500 м. Паўд. адгор’і часта ўтвараюць рады кароткіх кражаў. Складзены пераважна з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў; развіты карставы альпійскі рэльеф, каля 1000 ледавікоў. Зледзяненне развіта пераважна ў Зах. Н. пераважаюць ледавікі даўж. 1—2 км. Снегавая лінія зніжаецца з 3 на У ад 5200 да 4200 м. Большая ч. Н. адносіцца да вобласці ўнутр. сцёку Цэнтр. Азіі, паўд.-ўсх. раёны — да бас.р. Хуанхэ. Рэкі мнагаводныя вясной і летам. На З пераважаюць пустыні і стэпы, на У — лесастэпы і стэпы, хваёвыя лясы, лугі. Радовішчы жал. і поліметалічных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРКЕТРЫ́ (франц. marqueterie),
розныя паводле колеру і тэкстуры фігурныя пласцінкі фанеры, якія наклейваюць на аснову (дрэва і інш.) для аздобы мэблі і інш. хатніх рэчаў, пры вырабе дэкар. пано; від мазаікі. Вядомы з даўніх часоў. Найб. росквіту дасягнулі ў 17—18 ст. у Францыі і Германіі. На Беларусі вядомы з сярэднявечча, у 17—19 ст. у тэхніцы М. аздаблялі дзверы палацаў, мэблю, куфэркі і інш. рэчы дэкар.-прыкладнога характару. Пашырыліся ў 1940—60-я г. (пано з сюжэтнымі кампазіцыямі, партрэты, арнаментацыя мэблі работы Я.Арлова, С.Вольскага, Р.Гебелева, Дз.Сакажынскага, К.Цяўлоўскага, Р.Чарнова, А.Шахновіча і інш.). У сюжэтна-тэматычных кампазіцыях прыкметна імкненне да імітацыі жывапісных твораў; мэблю, куфэркі аздаблялі арнаментам, які імітаваў вышыты ці тканы. Майстры 1970—90-х г. падкрэсліваюць прыродныя асаблівасці дрэва (слаістасць, рысунак валокнаў), што часам абумоўлівае характар кампазіцыі твораў. Дэкар. пано (пейзажы, партрэты, нацюрморты, сюжэтныя кампазіцыі) вырабляюць майстры ф-к маст. вырабаў, прафес. мастакі (П.Гапак), самадз. майстры (І.Раманчук, У.Іваноў, П.Грыгор’еў).
Я.М.Сахута.
Да арт.Маркетры. Спендлер П.Л. Фрагмент кампазіцыі «Паляванне».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНАГА́МІЯ (ад мана... + ...гамія),
1) форма адносін паміж поламі ў жывёл, калі адзін самец за сезон спароўваецца з адной самкай. У працэсе эвалюцыі М. развівалася як больш спецыялізаваная з’ява ў параўнанні з палігаміяй. Тыповая палавая структура папуляцый манагамных жывёл вызначаецца прапарцыянальнасцю (колькасныя суадносіны самцоў і самак 1:1). Полавы дымарфізм у манагамаў выяўлены менш выразна, чым у палігамаў. Пры М. самец звычайна прымае ўдзел у выхаванні патомства.
У млекакормячых М. сустракаецца радзей, чым палігамія. Параўнальна ўстойлівыя пары фарміруюцца ў барсука, ваўка, ліса (звычайна на 1 сезон), у чалавекападобных малпаў (на некалькі гадоў ці на ўсё Жыццё). У птушак М. шырока распаўсюджана, пары на некалькі гадоў, часам на ўсё жыццё ўтвараюць арлы, буслы, грыфы, лебедзі, совы; гусі — на сезон. У межах віду могуць быць пераходы ад М. да палігаміі (бабры). М. сустракаецца і ў беспазваночных, у якіх рамцы і самкі ці толькі самцы гінуць пасля спароўвання ці адкладвання яец (некат. павукі, жукі-караеды, свойскія пчолы і інш.).
2) Гіст. форма шлюбу і сям’і (аднашлюбнасць). Узнікла з парнага шлюбу ў эпоху распаду першабытнаабшчыннага ладу, стала пануючай формай шлюбу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДНІЦТВА,
выраб гасп. і маст. рэчаў з медзі ручным спосабам; галіна дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Вядома ў краінах Стараж. Усходу з 4-га тыс. да н.э., у Еўропе з 3-га тыс. да н.э. На Беларусі вытв-сцьмаст. вырабаў з прывазной медзі і яе сплаваў вядома з часоў бронзавага веку. Росквіту М. як рамяство дасягнула ў 17—18 ст. У многіх гарадах і мястэчках Беларусі працавалі майстры-меднікі і катляры, якія выраблялі з ліставой медзі літургічны і гасп. посуд. У сярэдзіне 17 ст.бел. майстры-меднікі працавалі ў Маскоўскай дзяржаве, дзе выконвалі заказы царскага двара і маскоўскіх храмаў. Сярод тэхнік і відаў маст. апрацоўкі медных вырабаў — выкалатка, паліроўка, паянне, чаканка, гравіраванне і інш. М. 18—19 ст. вызначаецца своеасаблівым спалучэннем усх. і традыц.мясц. форм. Глякі, тазы, кварты, дайніцы, збаны, вёдры, блізкія па форме аналагічнаму глінянаму і драўлянаму посуду, бытавалі ва ўжытку да 20 ст. У цяперашні час медзь часам выкарыстоўваецца самадз. майстрамі для стварэння дэкар. пано і інш.Я.М.Сахута.
Да арт.Медніцтва. Медны посуд Канец 19 — пач. 20 ст.