БЛАХІ́НЦАЎ (Дзмітрый Іванавіч) (11.1.1908, Масква — 27.1.1979),
савецкі фізік, адзін з кіраўнікоў стварэння 1-й у свеце АЭС. Чл.-кар.АНСССР (1958). Герой Сац. Працы (1956). Скончыў Маскоўскі дзярж.ун-т (1930). У 1956—65 дырэктар Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна). Навук. працы па квантавай тэорыі цвёрдага цела, акустыцы, оптыцы, квантавай механіцы, ядз. фізіцы і фізіцы элементарных часціц, метадалогіі фізікі. Аўтар падручніка «Асновы квантавай механікі» (6-е выд., 1983). Ленінская прэмія 1957, Дзярж. прэмія СССР 1952, 1971.
Тв.:
Акустика неоднородной движущейся среды. 2 изд. М., 1981;
Пространство и время в микромире. 2 изд. М., 1982;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКСО́Н (ад грэч. axōn вось),
нейрыт, восевы цыліндр, адростак нейрона, які праводзіць нерв. імпульсы ад целанерв. клеткі да мышачных і залозістых клетак органаў, якія інервуюцца, або да інш. нейронаў. Ад кожнай нерв. клеткі адыходзіць адзін аксон дыяметрам у некалькі мікронаў, даўж. да 1 м і больш (у некаторых жывёл трапляюцца гіганцкія аксоны таўшчынёй да дзесятых доляў міліметра). Пачатковы сегмент аксон (бугарок) найбольш узбудлівы і з’яўляецца месцам генерацыі нерв. імпульсаў. Канцавыя разгалінаванні (тэрміналі) утвараюць сінаптычныя кантакты з інш. нейронамі, мышцамі або залозістымі клеткамі. Хуткасць перадачы ўзбуджэння залежыць ад структуры і дыяметра аксона, ступені пакрыцця іх міэлінавай абалонкай. Пучкі аксона і дэндрытаў утвараюць нервы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗІНАБО́РСТВЫ ЎСХО́ДНІЯ,
усходнія баявыя ўмельствы, сучасныя аздараўленчыя, спартыўныя і прыкладныя дысцыпліны. Сфарміраваліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. на аснове стараж. сістэм ваен. падрыхтоўкі ў краінах Д.Усходу і Паўд.-Усх. Азіі. Тэхніка адзінаборстваў усходніх засн. на выкананні ўдараў рукамі ці нагамі, кідкоў, абарончых прыёмаў, уздзеянні на слабыя месцы целаі г.д. Некаторыя адзінаборствы ўсходнія (дзюдо, каратэ-до, таэквандо) прызнаны як алімпійскія віды спорту. На Беларусі з адзінаборстваў усходніх пашыраны дзюдо, каратэ-до, таэквандо, ушу. Ёсць асобныя групы айкідо, в’етводао, тайскага бокса і інш. Прадстаўнікі Беларусі ў адзінаборствах усходніх перамагалі на чэмпіянатах свету, Еўропы і інш.міжнар. спаборніцтвах.
падвід насякомых атр. прамакрылых. Пашырана ў Паўд. Еўропе, Азіі і Паўн. Афрыцы.
Даўж.цела дарослых насякомых 3,5—6 см. Шэра-жаўтавата-зялёныя або зялёныя, надкрыллі ў бурых плямах. У залежнасці ад колькасці і канцэнтрацыі асобін утвараюцца стадная і адзіночная фазы. Лічынкі адзіночнай фазы зялёныя, жоўтыя, чорныя, стаднай — аранжавыя з чорнымі плямамі. Асобіны стаднай фазы ўтвараюць кулігі (шчыльная вял. колькасць лічынак) і чароды (вял. колькасць дарослых). Робіць пералёты на сотні кіламетраў. Вельмі шкодзіць с.-г. і дзікарослым раслінам. Кожны экз. за сваё жыццё з’ядае 300 г расліннай масы.
Азіяцкая саранча. 1 — дарослая; 2 — адзіночная форма лічынкі; 3 — стадыя фаза лічынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНДА́ТРА, мускусны пацук (Ondatra zibethicus),
млекакормячая паўводная жывёла атр. грызуноў. Пашырана ў Паўн. Амерыцы, Еўразіі. Радзіма — Паўн. Амерыка. У 1905 завезена ў Зах. Еўропу. На Беларусь пранікла з Польшчы. Шырока рассялілася. Жыве ў норах, «хатках» у старыцах, невял. з павольным цячэннем рэчках, каналах, азёрах, сажалках, багатых воднай і прыбярэжнай расліннасцю.
Даўж.цела да 40 см, хваста да 35 см, маса да 2 кт. Поўсць густая, шаўкавістая, ад светла-карычневай да чорнай. Хвост з бакоў пляскаты, укрыты рагавымі лускавінкамі. У самцоў у перыяд гону залозы выдзяляюць сакрэт з мускусам. Корміцца раслінамі. За год дае да 3 прыплодаў па 3—15 дзіцянят. Аб’ект промыслу (футра, мяса).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДЗЁНАЎСКАЯ ПАРО́ДАверхавых коней.
Выведзена ў 1921—48 на конных з-дах Растоўскай вобл. скрыжаваннем кабыл данской і часткова чарнаморскай парод з чыстакроўнымі верхавымі жарабцамі. У Расіі і Казахстане выкарыстоўваюць для верхавой язды, на лёгкіх трансп. і верхавых работах, для паляпшэння пагалоўя рабочых коней; на Беларусі — у конным спорце.
Коні буйныя, склад цела гарманічны, выш. ў карку 162—166 см, галава прапарцыянальная з прамым профілем, шыя доўгая прамая, спіна кароткая прамая, канечнасці сухія моцныя. Масць рыжая, часам бурая ці гнядая. Вызначаецца высокімі спарт. якасцямі: рэкордная рэзвасць у гладкіх скачках на 1600 м — 1 мін 43,4 с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРАКО́ВЫ ДАЎГАНО́СІКзвычайны
(Bothynoderes punctiventris),
жук сям. даўганосікаў. Пашыраны ў Сярэдняй і Паўд. Еўропе і часткова ў Азіі. Асабліва шмат на Пд лесастэпавай і Пн стэпавай зон. Ёсць на Беларусі.
Даўж.цела 9—16 мм. Жукі чорнага колеру, густа ўкрытыя бясколернымі або белавата-шэрымі лусачкамі. Наўскасяк надкрылаў ідзе чорная перарывістая паласа, на канцы кожнага надкрыла белы бугарок. Лічынка белая, бязногая, С-падобна выгнутая, даўж. 27—30 мм. Кукалка жаўтавата-белая, даўж. 11—15 мм. Жук зімуе ў глебе на глыб. 12—30 см пераважна на бураковых палях. Наносяць шкоду пасевам буракоў: абгрызаюць семядолі і маладое лісце; лічынкі пашкоджваюць карані.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛЬДЗЮ́ГІ (Zoarces),
род рыб сям. бяльдзюгавых атр. акунепадобных. 3 віды: бяльдзюга еўрапейская (Z. viviparus, пашырана ў бас.Паўн. Ледавітага ак. і Балтыйскага м.; бяльдзюга ўсходняя (Z. elongatus) — у Ахоцкім м. і паўн.ч. Японскага м.; бяльдзюга амерыканская (Z. americanus) — у паўн.-зах.ч. Атлантычнага ак. Жывуць у прыбярэжнай ч. на глыб. 20—30 м, заходзяць у апрэсненыя воды.
Даўж. да 1 м, маса да 6 кг. Цела падоўжанае, укрытае сліззю, буравата-жоўтае з плямамі. Бяльдзюга еўрапейская і ўсходняя — жывародныя, нараджаюць 10—400 малявак даўж. 3—4 см. Бяльдзюга амерыканская адкладвае ікру. Кормяцца беспазваночнымі, ікрой і маляўкамі інш. рыб. Прамысловыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАГА́ЛЬНАЯ СІСТЭ́МА,
фізічная сістэма, у якой у выніку парушэння стану раўнавагі могуць адбывацца свабодныя (уласныя) ваганні. Бываюць кансерватыўныя, дысіпатыўныя і аўтавагальныя. Вагальная сістэма з канечным лікам ступеняў свабоды наз. дыскрэтнымі (напр., маятнік), а з бесканечным — сістэмамі з размеркаванымі параметрамі (струна, пругкае цела, эл. кабель). Гл. таксама Асцылятар.
У кансерватыўных вагальных сістэмах ваганні адбываюцца амаль без страт энергіі (мех. сістэмы без трэння, вагальны контур без актыўнага супраціўлення і выпрамянення эл.-магн. хваляў). У дысіпатыўных сістэмах адбываюцца толькі затухальныя ваганні; пры дасягненні крытычнага значэння страт такая вагальная сістэма пераўтвараецца ў аперыядычную (гл.Аперыядычны працэс). У аўтавагальных вагальных сістэмах страты энергіі кампенсуюцца з крыніцы сілкавання (гл.Аўтаваганні).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАЛЮ́БЫ (Hydrophilidae),
сямейства насякомых атр. жукоў. У сусв. фауне больш за 4 тыс. відаў, пашыраных на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. На Беларусі каля 100 відаў. Жывуць у вадзе, берагавым пяску, у гнаі, у раслінных рэштках. Найб. пашыраны вадалюб вялікі (Hydrous aterrimus), вадалюб чорны (H. piceus), вадалюб малы (Hydrophilus caraboides), вадалюб гноевы (Sphaeridium scrabaeoides).
Даўж. 1—50 мм. Цела пукатае, бліскучае, чорнае, зеленавата-чорнае або з плямістым малюнкам. Некат. добра лятаюць і плаваюць. Водныя формы дыхаюць атм. паветрам. Самкі ўтвараюць яйцавыя коканы, куды адкладваюць да 50 яец. Акукліваюцца сярод водных раслін або ў глебе. Лічынкі драпежныя, дарослыя — расліннаедныя. Шэраг відаў — гаспадары паразітычных чарвей.