ВІВЕ́РА

(Viverra),

род млекакормячых атр. драпежных. 3 віды: цывета буйнаплямістая (Viverra megaspila) з 2 падвідамі, цывета азіяцкая (Viverra zibetha), тангалунга (Viverra tangalunga). Пашыраны ў Паўд. i Паўд.-Усх. Азіі. Наземныя могуць добра лазіць па дрэвах і плаваць.

Даўж. цела 60—83 см, хваста 30—48 см, маса да 11 кг. Тулава падоўжанае, з бакоў пляскатае. Валасяное покрыва высокае, але рэдкае і грубае, рыжавата-карычневае або шараватае з чорнымі плямамі; хвост з чорнымі і белымі кольцамі. Кормяцца дробнымі млекакормячымі, птушкамі, рэптыліямі, амфібіямі, насякомымі, пладамі і каранямі раслін. Трымаюць у няволі, сакрэт анальных залоз (мускус) выкарыстоўваецца ў парфумерыі і медыцыне. Падвід цывета малабарская (Viverra megaspila civettina) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

т. 4, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)