АРО́Л-МАГІ́ЛЬНІК

(Aquila heliaca),

птушка сямейства ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Паўд. Еўропе, Азіі, Паўн.-Зах. Афрыцы. На Беларусі вельмі рэдкі выпадкова залётны від. Жыве ў старых лісцевых і мяшаных лясах, якія чаргуюцца з адкрытымі мясцінамі. Занесены ў Чырв. кнігу СССР.

Вял. арол, даўж. цела 72—84 см, размах крылаў каля 2 м, маса 2,5—3 кг. Самкі большыя за самцоў. Дарослыя птушкі цёмна-бурай афарбоўкі, галава вохрыстая або белаватая, на плячах белыя плямы. Дзюба масіўная, моцная. Гнёзды з тоўстых галін на верхавінах высокіх дрэў. Нясе 2 (радзей 3) белыя яйцы. Корміцца пераважна дробнымі млекакормячымі, птушкамі, мярцвячынай. Карысны для сельскай і лясной гаспадаркі (знішчае шкодных грызуноў).

т. 1, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)