вялікая княгіня кіеўская [945—957], жонка кн. Ігара. Паводле некаторых звестак, паходзіла з Пскова. Кіравала дзяржавай пры непаўналетнім Святаславе Ігаравічу, пазней — у час яго паходаў. Жорстка расправілася з драўлянамі, якія паўсталі ў 945 і забілі яе мужа за непамерную даніну: спаліла іх гал.г. Іскорасцень (946) і загадала забіць каля 5 тыс.чал. «Аповесць мінулых гадоў» расказвае пра паход Вольгі ўлетку 947 да Пскова. Паводле Віцебскага летапісу, заклала на месцы будучага г. Віцебска драўляны замак (наз. ад р. Віцьба), пабудавала ў Верхнім замку мураваную царкву св. Міхаіла, а ў Ніжнім — Благавешчання. Каб умацаваць гандл. і паліт. сувязі з Візантыяй, двойчы (946, 955) ездзіла ў Канстанцінопаль, была ўрачыста прынята візант. імператарам Канстанцінам VII, у час другой паездкі прыняла хрысціянства. Падтрымала дыпламат. адносіны з герм. каралём Атонам I, з якім абмянялася пасольствамі. Кананізавана рус.правасл. царквою.
Літ.:
Сахаров А.Н. «Мы от рода русского...»: Рождение рус. дипломатии. Л., 1986. С. 226—250;
Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 1. С. 97—104.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКТЫНАМІКО́З (ад актына... + ...мікоз),
хранічная інфекцыйная хвароба жывёл, радзей чалавека, што выклікаецца грыбкамі з кл.актынаміцэтаў, якія пастаянна прысутнічаюць у арганізме (поласць рота, страўнікава-кішачны тракт, верхнія дыхальныя шляхі і інш.), а таксама пашыраны і ў прыродзе (глеба, расліны). Найчасцей хварэе буйн. раг. жывёла, успрымальныя авечкі, коні, свінні, драпежныя. У буйн. раг. жывёлы часцей пашкоджваюцца косці і тканкі ніжняй сківіцы, лімфавузлы, радзей іншыя часткі цела. Характарызуецца ўтварэннем шчыльных пухлін, інфільтратаў, абсцэсаў, свішчоў і рубцоў. У чалавека больш хварэюць мужчыны ва ўзросце 21—40 гадоў. Пры вузлаватай форме актынамікозу ў глыбокіх слаях скуры ўтвараецца цвёрды, цвёрдаэластычны, маларухомы інфільтрат цёмна-чырвонага колеру з фіялетавым адценнем, які нагнойваецца і прарывае свішчамі з гноем. Пры бугарковай форме ў тоўшчы скуры і падскурнай клятчатцы ўзнікаюць дробныя, паўшарападобныя, цвёрдыя, бязбольныя, цёмна-чырвоныя бугаркі, якія найчасцей нарываюць з выдзяленнем кроплі гною, потым утвараюцца свішчы. Пашкоджваецца і падскурная клятчатка. Язвавая форма развіваецца ў аслабленых хворых. Язвы мяккія, няроўныя, скура вакол іх сіняватага колеру. Атэраматозная форма — інфільтрат дыяметрам да 5 см, эластычнай кансістэнцыі, акрэслена абмежаваны, з паслядоўным нагнойваннем, выдзяленнем гною і свішчамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭ́ХВА (Мікалай Сямёнавіч) (24.11.1902, в. Баруны Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці — 16.7.1990),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі, гісторык. Засл. работнік культуры Беларусі (1981). З 1923 у апараце ЦКВЛКСМ. У 1924 старшыня Часовага Бел. Бюро ЦК РКСМ, 1-ы сакратар ЦК КСМБ, чл.ЦВКБССР. З 1925 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі: сакратар Віленскага акр.к-та, чл.ЦККПЗБ. У 1926 арыштаваны і на 5 гадоў зняволены ў турмах Польшчы. У 1934—35 узначальваў Краявы сакратарыят ЦККПЗБ. З 1935 чл. Бюро, з 1936 прадстаўнік ЦККПЗБ пры арганізац. апараце ЦК КПП у Празе. З 1939 у СССР. У Вял.Айч. вайну ў 1944 у Войску Польскім. З 1945 у апараце Мін-ва грамадскай бяспекі ПНР. У 1956—84 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. Складальнік зборнікаў дакументаў, аўтар успамінаў і даследаванняў па гісторыі рэв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)» (1966).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАЦЭ́Н (ад грэч. holos увесь + kainos новы),
пасляледавіковая эпоха, сучасная геалагічная эпоха, якая складае апошні, незавершаны адрэзак антрапагенавай сістэмы (перыяду). Настаў пасля плейстацэну, каля 10 тыс.гадоў назад, калі завяршылася апошняе мацерыковае зледзяненне Еўропы. Пачатак галацэну адпавядае пераходу ад палеаліту да мезаліту. У галацэне суша і мора, прыродныя зоны Зямлі набылі сучасны выгляд, узніклі поймавыя тэрасы рэк, памножыліся тарфянікі, пад узмоцненым уплывам дзейнасці чалавека пачалася трансфармацыя прыродных экасістэм.
Галацэн падзяляюць на перыяды: перадбарэальны, барэальны, атлантычны, суббарэальны, субатлантычны або сучасны (паводле шкалы Бліта — Сернандэра, распрацаванай для тэр. Скандынавіі і Фінляндыі). Характарызуецца паступовым пацяпленнем клімату (адносна позналедавікоўя), якое было максімальным у атлантычным перыядзе (оптымум галацэну, калі клімат быў больш цёплы і вільготны, чым цяпер) і змянілася некаторым пахаладаннем.
Горныя пароды, што намножыліся ў галацэне, залягаюць на паверхні. На тэр. Беларусі найб. пашыраны алювіяльныя адклады, якія на вял. рэках дасягаюць магутнасці 15—18 м, азёрныя — да 20—25 м, балотныя — 1—10 м; дэлювіяльныя, пралювіяльныя, крынічныя (вапняковыя туфы, сідэрыт, вівіяніт, буры жалязняк) і эолавыя маюць меншае пашырэнне. У галацэне сфарміраваліся радовішчы торфу, сапрапелю, прэснаводных вапнавых адкладаў, балотнай жал. руды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБУ́К (Вісарыён Сцяпанавіч) (24.11.1913, в. Шкілякі Полацкага р-на Віцебскай вобл. — 8.8.1986),
бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1979). Вучыўся ў Мінскім пед. Ін-це (1933—36). У 1936 рэпрэсіраваны. Зняволенне адбываў на Калыме. Рэабілітаваны ў 1961. Настаўнічаў у Дварэцкай (Чашніцкі р-н, 1933—36) і Мехаўскай (Гарадоцкі р-н, 1940—41) школах. У 1941—45 на фронце. З 1946 цяжка хварэў, каля 15 гадоў быў прыкаваны да ложка. Друкаваўся з 1957. Першая кн. апавяданняў «Не шукаю спакою» (1963). Пісаў пераважна для дзяцей: зб. «Алачка-забывалачка» (1964), «На маім акне» (1966), «Незнарок і знарок» (1969), «Такіх кветак не бывае» (1971), «Са мной здарылася неверагоднае» (1977) і інш. Апавяданні Гарбука займальныя, адкрываюць непаўторны свет дзіцячых уяўленняў, гульняў і забаў. Апрацаваў і пераклаў на бел. мову зб. «Напітак волатаў» (1969) — казкі народаў Паўн. Каўказа.
Тв.:
Горад без папугайчыкаў: Выбр.тв.Мн., 1983;
Лицо в полоску: Рассказы. Мн., 1967;
Мышки и мишки: Рассказы. Ставрополь, 1974.
Літ.:
Казека Я. Слова пра сябра // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛАВА (Галіна Канстанцінаўна) (н. 5.3.1951, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснай бел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз. мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.Беранжэ, Э.Верхарна, Г.Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.Геніюш, Е.Лось, Н.Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;
Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ЎНЫ АКАДЭМІ́ЧНЫ РУ́СКІ ХОР Створаны ў Маскве ў 1936 на базе вак. ансамбля Усесаюзнага радыё як Дзярж. хор СССР. У 1942 рэарганізаваны ў Дзярж. хор рус.нар. песні, з 1955 акадэмічны, сучасная назва. Арганізатар, першы маст. кіраўнік і гал. дырыжор А.Свешнікаў (да 1980). З 1987 гал. дырыжор і маст. кіраўнік У.Мінін. Першапачатковай задачай калектыву было адраджэнне старадаўніх рус.нар. песень (сялянскіх, гар., фабрычных, студэнцкіх, салдацкіх), развіццё нац.вак.-харавых традыцый. Сярод найб. вядомых песень «Вячэрні звон», «Гібель «Варага», «Ах ты, стэп шырокі», песні гадоўВял.Айч. вайны. З 1950-х г. у рэпертуары хар. музыка ўсіх часоў і народаў (каля 1000 твораў), у т. л. хары а капэла, буйнейшыя творы кантатна-аратарыяльнага і вак.-сімф. жанраў, з 2-й пал. 1980-х г. — шматлікія творы царк. музыкі. Гал. ўвага аддаецца развіццю традыцый рус.вак. мастацтва. Хору ўласцівыя дасканалае валоданне стылем а капэла, маналітнасць і стройнасць гучання, багацце каларыстычных адценняў, высокая хар. культура.
Літ.:
Локшин Д. Государственный хор русской песни. М., 1955;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),
бел.паэт.Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, Ш.Руставелі і інш.
Тв.:
Вершы. Мн., 1972;
Нашы птушкі. Мн., 1974.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд.Мн., 1963. С. 86—113;
Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРАВА́ЛЬНАЯ ГРА́МАТА,
назва заканад. актаў аб наданні правоў і прывілеяў манастырам, прыватным асобам або групам насельніцтва, якія выдаваў правіцель Стараж. Русі і Рас. імперыі (вял. князь, цар, імператар) у 12—18 ст.Найб. значныя — Д.г. гарадам і дваранству (абедзве ўведзены 21.4.1785 Кацярынай II). «Грамата на правы і выгоды гарадам Расійскай імперыі» складалася з «Гарадавога» і «Рамеснага» палажэнняў; рэгулявала становішча гараджан (падзяляліся на 6 разрадаў, у т. л. купецтва і мяшчанства) і работу органаў гар. самакіравання (гл.Гарадская дума). На Беларусі ў гарадах, якія мелі магдэбургскае права, захоўваліся магістраты, у судаводстве выкарыстоўваўся Статут Вялікага княства Літоўскага 1588, яўр. насельніцтва гарадоў падпарадкоўвалася кагалу. Асн. палажэнні Д.г. гарадам дзейнічалі да гарадской рэформы 1870-х гадоў. «Грамата на правы, вольнасці і прывілеі высакароднага расійскага дваранства» складалася з уводзін, 4 раздзелаў і 92 артыкулаў; пацвярджала асн. палажэнні Маніфеста аб вольнасці дваранства 1762, прадугледжвала захаванне элітнай ролі дваран у грамадстве, у т. л. недапушчэнне ў дваранскае саслоўе асоб з боку падатковага насельніцтва. Асобныя заканад. палажэнні Д.г. дзейнічалі да 1917.
Літ.:
Российское законодательство X—XX вв. Т. 5. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЎЖЭ́НКА (Аляксандр Пятровіч) (11.9.1894, г.п. Сосніца Чарнігаўскай вобл., Украіна — 25.11.1956),
украінскі і расійскі кінарэжысёр, пісьменнік. Засл. дз. маст. Украіны (1939), нар.арт. Расіі (1950). Скончыў Глухаўскі настаўніцкі ін-т (1914). Вучыўся ва Укр. акадэміі мастацтва ў Кіеве (1917—19). У 1926—28 працаваў на Адэскай кінафабрыцы, у 1929—41 — на Кіеўскай студыі маст. фільмаў (з 1957 носіць яго імя), з 1946 — на «Масфільме». Сярод фільмаў: «Сумка дыпкур’ера» (1927), «Звянігара» (1928), «Арсенал» (1929), «Зямля» (1930), «Іван» (1932), «Аэраград» (1935), «Шчорс» (1939), «Мічурын» (1949); дакумент. «Бітва за нашу Савецкую Украіну» (1943) і «Перамога на Правабярэжнай Украіне» (1945, разам з Ю.Сонцавай). Фільмы Д. філасофскія, рамантычна прыўзнятыя, паэтычныя, з метафарычнасцю кінамовы, блізкія да традыцый укр. фальклору. Аўтар апавяданняў («Маці», «Перад боем», «Перамога» і інш.), аўтабіягр. аповесці «Зачараваная Дзясна» (выд. 1957), кінааповесцей «Аповесць палымяных гадоў» (1944—45), «Паэма пра мора» (1956). Ленінская прэмія 1959 (пасмяротна), Дзярж. прэміі СССР 1941, 1949.