жывёлы, якія былі прыручаны чалавекам і гадуюцца ім для задавальнення гасп., эстэт. і інш. патрэб. Да іх адносяць: буйн. і дробную раг. жывёлу, свіней, коней, вярблюдаў, лам, якаў, аслоў, паўн. аленяў, трусоў, сабак, катоў, курэй, гусей, качак, індыкоў, пчол, тутавых шаўкапрадаў і інш. Паходзяць ад дзікіх продкаў (гл.Прыручэнне жывёл), адрозніваюцца ад іх паводзінамі, анатама-фізіял. прыкметамі, прадукцыйнасцю і інш., што з’яўляецца вынікам накіраванага ўздзеяння чалавека. Амаль усе С.ж. маюць шматлікія пароды. Прамежкавай стадыяй паміж дзікімі і С.ж. лічацца маралы, лісы, пясцы, собалі, норкі, нутрыі, страусы, зебры, сланы, лоўчыя птушкі, якіх разводзяць у паўвольных умовах ці ў няволі. Блізкія да С.ж. «дэкаратыўныя» птушкі (канарэйкі, паўліны), акварыумныя і сажалкавыя рыбы, лабараторныя жывёлы (мышы, пацукі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ЛІШЧА,
1) тэрмін, які шырока ўжываецца ў стараж. летапісах у сэнсе сяло, вёска.
2) Археал. тэрмін, які выкарыстоўваецца для абазначэння рэшткаў стараж. неўмацаванага паселішча. Як правіла, С. не маюць знешніх прыкмет (равоў, валоў). Найчасцей узнікалі на роўных мясцінах каля рэк і азёр. Жытлы звычайна драўляныя, чатырохвугальныя; дамы размяшчаліся радамі; сустракаецца і кучная забудова без бачнага парадку. Некат. С. былі абгароджаны плятнямі. На Беларусі С. вядомы з эпохі бронзавага веку. У раннім жал. веку насельніцтва пераважна жыло на гарадзішчах (акрамя Пд). Новая хваля пашырэння С. пачалася з першых стагоддзяў н.э., асабліва ў 4—5 ст. Шмат С. захавалася ад раннефеад. часу (9—13 ст.). На тэр. Беларусі зафіксавана некалькі соцень С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕПАРА́ТАР МАЛО́ЧНЫ,
апарат для раздзялення малака на вяршкі і адгон і ачысткі яго ад мех. дамешкаў. Сепарацыя адбываецца ў стальным барабане, які мае сістэму канічных талерак з верт. каналамі. Пры вярчэнні барабана (6—12 тыс. абаротаў за мінуту) малако па каналах расцякаецца ў міжталерачныя зазоры, дзе пад дзеяннем цэнтрабежнай сілы адгон як больш цяжкі адкідваецца на перыферыю, падымаецца ўгору і выходзіць праз адтуліну. Вяршкі збіраюцца каля восі барабана, па каналах талеркатрымальніка падымаюцца ўверх і выцякаюць у збіральнік. Прадукцыйнасць С.м. да 5 тыс.л/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРАБАКТЭ́РЫІ,
бактэрыі, якія акісляюць неарган. злучэнні серы і малекулярную серу; звычайна акісляюць серавадарод і інш. злучэнні серы да сернай к-ты. Да С. адносяць шэраг фотааўтатрофных пурпуровых і зялёных, бясколерныя хематрофныя (напр., з роду тыёбацылус), ніткаватыя слізготныя (напр., з роду тыётрыкс), аднаклетачныя формы (напр., з роду тыёбактэрыум) і інш. бактэрыі. Пашыраны ў вадзе, грунтах мораў, азёр, серных крыніц інш. вадаёмаў, якія маюць серавадарод, трапляюцца ў глебе, радовішчах серы і сульфідных мінералаў. Удзельнічаюць у кругавароце серы ў прыродзе і прадухіляюць намнажэнне ў вадзе таксічнага серавадароду. Некат. С. выкарыстоўваюць для вышчалочвання металаў з руды. У выніку ўтварэння сернай к-ты С. бываюць прычынай разбурэння мураваных і бетонных збудаванняў, карозіі металаў, абсталявання ў шахтах і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕТКАКРЫ́ЛЫЯ (Neuroptera, або Planipennia),
атрад насякомых. Каля 5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Вядомы з пермскага перыяду. На Беларусі найб. адзначаюцца прадстаўнікі сям.залатавочак і мурашыных ільвоў.
Даўж. цела 1—3 см, размах крылаў да 12 см. Цела тонкае, светла-зялёнае, чорнае і інш. Крылаў 2 пары, звычайна аднолькавых, празрыстых сеткавых (адсюль назва). Ротавы апарат грызучага тыпу. Ногі тонкія, хадзільныя, з 5-членікавымі лапкамі, у некат. відаў пярэднія — капальныя. Развіццё з поўным ператварэннем. У лічынак сківіцы ўтвараюць смактальныя трубкі. Многім з іх уласціва пазакішачнае страваванне (у цела ахвяры ўводзяць стрававальныя ферменты, потым высмоктваюць ператраўленую ежу). Карысныя: кормяцца тлёй, какцыдамі і інш. насякомымі, шкоднымі для сельскай і лясной гаспадарак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́ТЭРЫ (англ. setter ад set рабіць стойку),
пароды паляўнічых сабак-выжлаў. Выкарыстоўваюць для палявання на птушак.
Канстытуцыя моцная, сухая. Вядомы 3 пароды С.: англійскі (рабы або лаверак), выведзены ў Англіі; выш. ў карку 52—65 см, поўсць густая, бліскучая, доўгая, белая з чорнымі, рыжымі або карычневымі плямамі; ірландскі (чырвоны). выведзены ў Ірландыі; выш. ў карку 54—65 см, поўсць густая, сярэдняй даўжыні, цёмна-чырв.-рыжая; шатландскі (гардон), выведзены ў Шатландыі: выш. ў карку 58—67 см, поўсць гладкая або хвалістая, чорная з бліскучым адценнем, з яркімі рыжа-чырв. падпалінамі. Маюць добры нюх і прыроджаную здольнасць рабіць стойку перад затоенай дзічынай. Тып паводзін ураўнаважаны, рухомы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ́ДА, грудніка (Sida),
род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 150 (паводле інш. звестак да 300) відаў. Пашыраны ў тропіках і субтропіках. У Амерыцы і Еўропе культывуюць С. вострую (S. acuta) і шматгадовую (S. napala), у Індыі і Афрыцы — С. рамбалістую (S. rombifolia). На Беларусі інтрадукавана С. гермафрадытная (S. hermaphrodita).
Шматгадовыя травяністыя, кустовыя і паўкустовыя расліны. Сцёблы прамастойныя, выш. 2—4 м. Лісце чаргаванае, 5—7-лопасцевае, клінападобнае або суцэльнае. Дробныя кветкі белыя ці жоўтыя, адзіночныя або сабраныя па 5—10 у суквецце. Плод — каробачка. Сцёблы маюць 13—19% валакна, якое разам з ільняным, джутавым і кенафавым выкарыстоўваюць для вытв-сці грубых тканін і вяровак. Тэхн., кармавыя, меданосныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЛАГІ́СТЫКА (ад грэч. syllogistikos які робіць вывад),
раздзел логікі, які вывучае дэдуктыўныя розумазаключэнні, што складаюцца толькі з катэгарычных суджэнняў. Уключае класіфікацыю розумазаключэнняў у залежнасці ад пасылак, якія ўваходзяць у яго, а таксама ад становішча сярэдняга тэрміна — фігуры сілагізма. Адрозніваюць 4 фігуры: агульнасцвярджальную («усякае А ёсць Б»), агульнаадмоўную («ні адно А не ёсць Б»), прыватнасцвярджальную («некаторае А ёсць Б»), прыватнаадмоўную («некаторае А не ёсць Б») і 256 варыянтаў фігур (правільных 24) — модусаў. У такім выглядзе С. распрацавана стараж.-грэч. філосафам Арыстоцелем, які ўвёў літарныя сімвалы для абазначэння суджэнняў і іх тэрмінаў, класіфікаваў і абгрунтаваў розныя формы сілагізмаў (модусы). Сучасная матэматычная логіка скараціла колькасць модусаў да 15, адкінуўшы тыя, што супярэчаць правілам вываду.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНЕГАЛО́ВІК (Eryngium),
род кветкавых раслін сям. парасонавых. Каля 230 відаў. Пашыраны ва ўмераных, трапічных і субтрапічных паясах. На Беларусі 1 від — С. пласкалісты (E. planum). Трапляецца на сухіх грывах у поймах рэк, пясчаных узлесках, уздоўж дарог. Інтрадукаваны С.: альпійскі (E. alpinum), аметыставы (E. amethystinum), гіганцкі (E. giganteum), палявы (E. campestre).
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы з прамастойнымі галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, разнастайнай формы, часта скурыстае і калючазубчастае. Кветкі двухполыя, дробныя ў шчыльных галоўчатых суквеццях пераважна сіне-блакітнага колеру. Суквецці абкружаныя цвёрдымі лісцікамі абгорткі. Плод — сямянка. Калючы, моцна разгалінаваны С. палявы ўтварае перакаці-поле. Дэкар. (для зімовых букетаў і фларыстыкі), лек., харч., меданосныя расліны.