агнястрэльная зброя, паверхня канала ствала якой мае нарэзы (вінтавыя канаўкі) для надання снараду (кулі) вярчальнага руху, што забяспечвае ўстойлівасць траекторыі ў паветры, павышае скарастрэльнасць, далёкасць і кучнасць стральбы. Да Н.з. адносяцца: стралковая зброя (вінтоўкі, карабіны, аўтаматы, кулямёты, пісталеты), артыл. гарматы (пушкі, гаўбіцы, марціры, асобныя ўзоры мінамётаў і безадкатных гармат). Ручная Н.з. з прамымі нарэзамі з’явілася ў канцы 15 ст., гарматы (пішчаль і інш.) з прамымі нарэзамі вядомы з 16 ст. Значнае пашырэнне Н.з. атрымала ў сярэдзіне 19 ст. У сучасных гарматах армій большасці краін прынята правая нарэзка (злева ўверх направа), у франц. гарматах — левая (справа ўверх налева). Адлегласць паміж двума супрацьлеглымі палямі (па дыяметры) наз.калібрам зброі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАРО́Д»,
газета, орган Бел.сял. партыі. Выдавалася з 18.8.1927 да ліп. 1929 у Вільні на бел. мове. Адлюстроўвала паліт. пазіцыю правацэнтрысцкай групоўкі ў бел.нац.-вызв. руху Зах. Беларусі. Апублікавала шэраг артыкулаў па праблемах бел.вызв. руху («Не дадзімся збіць з беларускай дарогі» М.Пронскага, «Беларускі рух і бальшавікі», «Дзе выхад?» і інш.). Надрукавала выступленне ў сейме дэпутата ад Навагрудскай акр. Я.Станкевіча, крытычны арт. «Польскае вучыцельства ў Заходняй Беларусі», нататкі пра Паўн. кірмаш і маст. выстаўку ў Вільні, рэцэнзію на падручнік С.А.Любіч-Маеўскага, ліст А.Каўша. Друкавала паэму «Новая зямля» Я.Коласа, у бел. перакладзе аповесць «Абарона зямлі» У.Рэйманта. Выйшла 25 нумароў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЎТЫЛАІДЭ́І, наўтылоіды (Nautiloidea),
падклас (паінш. класіфікацыях атрад, падатрад) беспазваночных жывёл кл. галаваногіх малюскаў. 1 сучасны (караблікі) і каля 700 выкапнёвых родаў, больш за 2000 відаў. Вядомы з кембрыю, росквіту дасягнулі ў ардовіку—дэвоне (каля 400 млн. гадоў назад). Жылі ў морах, паводле спосабу жыцця поўзаючыя, плаваючыя або прымацаваныя да субстрату жывёлы. На Беларусі рэшткі Н. знойдзены ў адкладах ардовіку і дэвону. Выкарыстоўваюцца пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Памеры выкапнёвых відаў ад 0,5 см да 5 мдаўж. або 3 м у дыяметры. Ракавіны рознай формы, паводле будовы блізкія да аманітаў. Сіфон, прызначаны для рэгулявання суадносін газу і вадкасці ў камерах ракавіны, складанай будовы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАБХО́ДНЫ РАБО́ЧЫ ЧАС,
частка рабочага часу, на працягу якога ў сферы матэрыяльнай вытв-сці ствараецца неабходны прадукт, што выкарыстоўваецца для задавальнення матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей работніка і членаў яго сям’і. Прац. дзень падзяляецца на 2 часткі. Адна з іх складае час, за які рабочы стварае эквівалент вартасці сваёй рабочай сілы (Н.р.ч.), а праца, затрачаная на яго, — неабходную працу. Другая частка прац. дня па-за межамі Н.р.ч. складае прыбавачны рабочы час, а затрачаная ў гэты час праца — прыбавачную працу. Н.р.ч. ствараецца эквівалент аплаты працы і частка грамадскіх фондаў спажывання (напр., затраты на адукацыю, ахову здароўя, культуру і г. д.). Развіццё грамадскай вытв-сці, рост прадукцыйнасці працы вядзе да скарачэння Н.р.ч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕПАЧАЛО́ВІЧ (Ала Іванаўна) (н. 23.12.1951, г.п. Моніна Маскоўскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1975). З 1996 выкладае ў Бел. ун-це культуры. У творчасці выкарыстоўвае традыцыі нар.маст. ткацтва. Сярод твораў батык «Кантрасты» (1976), серыя ручнікоў «Па матывах слуцкіх паясоў» (1978), габелены «Барысаў» (1980), «Адлюстраванне» (1984), пакрывала «Восень» (1982), серыі дэкар. тканін «Елачка», «Фактурная», «Святочная» (усе 1987), «Мажорны настрой» (1989), заслоны для палацаў культуры «Лясныя напевы» (1990) у г.п. Клічаў Магілёўскай вобл., «Экспромт» (1992) у г. Івацэвічы Брэсцкай вобл., «Залацісты» (1994) у г. Жодзіна Мінскай вобл., ручнікі «Кветкі», «Цецерукі», «Нацюрморт» (усе 1995), «Спадчына» (1996), «Золата Нясвіжа» (1997), дэкар. тканіна «Месячная дарога» (1998).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЧЫПУРЭ́НКА (Наталля Іванаўна) (н. 4.1.1946, Мінск),
бел. вучоны ў галіне паталагічнай фізіялогіі. Д-рмед.н. (1993). Скончыла Мінскі мед.ін-т (1970). З 1970 у Бел.НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі. Навук. працы па фундаментальных механізмах гіпаксіі, нейрадыстрафічнага працэсу і болевага сіндрому пры захворваннях нерв. сістэмы, распрацоўцы спосабаў іх фармалагічнага і немедыкаментознага лячэння.
Тв.:
Медиаторные взаимоотношения на спинальном и супраспинальном уровнях при хроническом болевом синдроме (у сааўт.) // Весці АНБССР. Сер. біял.навук. 1988. №5 Содержание компонентов ренин-ангиотензин-альдостероновой системы и простагландинов серий E,F в различных органах после сшивания периферических нервов при лечении дегидратантами (разам з Г.В.Шарсцюк) // Патол. физиология и эксперим. терапия. 1996. №4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ДЭРЛЕ ((Niederle) Любар) (20.9.1865, г. Клатаві, Чэхія — 14.6.1944),
чэшскі археолаг, этнограф і гісторык-славіст. Чл. Чэшскай АН. Скончыў Пражскі ун-т (1887). У 1898—1929 праф. дагіст. археалогіі і этнаграфіі Пражскага ун-та. Заснавальнік і першы дырэктар Археал. ін-та ў Празе (1919—24). Займаўся першабытнай і антычнай, потым славянскай археалогіяй. У 1893 выдаў кнігу «Чалавецтва ў дагістарычныя часы», дзе пададзена археалогія Еўропы ад палеаліту да сярэдневякоўя. У 1902—34 апублікаваў шматтомную працу «Славянскія старажытнасці» (т. 1—3, 1902—19; 2-я частка пад назвай «Культура старажытных славян», т. 1—3, 1911—34). У 1931 выйшла праца Н. «Кіраўніцтва па славянскай археалогіі», дзе падагульнены вынікі яго археал. даследаванняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКАЦІНАМІДАДЭНІНДЫНУКЛЕАТЫ́Д (НАД),
кафермент, які прысутнічае ў жывых клетках і ўваходзіць у склад некат. дэгідрагеназ. Адкрыты А.Гардэнам і англ. біяхімікам У.Іонгам (1904). Мае адэнін, амід нікацінавай к-ты, па 2 астаткі рыбозы і фосфарнай к-ты. Функцыянуе на пач. этапах біял. акіслення тлушчу, бялкоў і вугляводаў. У каталізуемых дэгідрагеназамі рэакцыях Н. і яго фасфарыліраванае вытворнае НАД-фасфат з’яўляюцца прамежкавымі акцэптарамі і пераносчыкамі электронаў і вадароду. У большасці тканак біясінтэз Н. ажыццяўляецца шматферментнай сістэмай з нікацінаміду, нікацінавай к-ты, у печані і нырках — з трыптафану.
Літ.:
Фридрих П. Ферменты: четвертичная структура и надмолекулярные комплексы: Пер. с англ.М., 1986;
Браунштейн А.Е. Процессы и ферменты клеточного метаболизма М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЧЫ́ПАР (Генрыета Валянцінаўна) (н. 26.12.1941, г.п. Чаркаскае Вольскага р-на Саратаўскай вобл., Расія),
бел. вучоны ў галіне радыяцыйнай хіміі. Д-рхім.н. (1990). Скончыла БДУ (1964). З 1964 у Ін-це ядз. энергетыкі, з 1992 у Ін-це радыяцыйных фізіка-хім. праблем Нац.АН Беларусі. Навук. працы па кінетыцы тэрмічнага і радыяцыйна-тэрмічнага раскладання аксідаў азоту і серы, а таксама хлорвытворных вуглевадародаў у паветры, распрацоўцы тэарэт. асноў радыяцыйнага метаду ачысткі газавых выкідаў прамысл. прадпрыемстваў і ЦЭС ад шкодных прымесей.
Тв.:
Физико-химические и теплофизические свойства растворов на основе четырехокиси азота. Мн., 1981 (у сааўт.);
Кинетика и механизм термических и радиационно-термических процессов в теплоносителе N2O4—NO. Мн., 1989 (разам з В.Б.Несцярэнкам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.