ГАРАДЗЕ́ЦКІ БОЙ 1943.

Адбыўся 30.11.1943 паміж 425-м партыз. палком і карным атрадам гітлераўцаў у в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. ў Вял. Айч. вайну. Камандаванню палка стала вядома, што карнікі занялі в. Гарадзец, жыхароў гэтай і суседніх вёсак (больш за 70 чал.) зачынілі ў трох хлявах і 1 снежня збіраліся спаліць. 1-ы батальён партыз. палка на чале з П.М.Цагельнікавым хутка дабраўся да ўскраіны Гарадзецкага лесу. Атрымаўшы даныя разведкі пра ўзбраенне гарнізона і выставіўшы засады на дарогах да вёскі, партызаны атакавалі ворага. У выніку бою 66 з 70 карнікаў былі знішчаны, мясц. жыхары выратаваны.

т. 5, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РЫМАН, Харыман (Harriman) Уільям Аверэл (15.11.1891, Нью-Йорк — 26.7.1986), палітычны дзеяч ЗША, дыпламат. Чл. Дэмакр. партыі з 1928. У 2-ю сусв. вайну пасланнік прэзідэнта Ф.Рузвельта ў Вялікабрытаніі і СССР па каардынацыі праграмы ленд-лізу (1941—43). Пасол у СССР (1943—46) і Вялікабрытаніі (крас.вер. 1946). Міністр гандлю (1946—48). Спец. ўпаўнаважаны па ажыццяўленні Маршала плана (1948—50). Губернатар штата Нью-Йорк (1955—59). У 1963 як намеснік дзярж. сакратара ЗША вёў перагаворы пра заключэнне пагаднення аб спыненні выпрабаванняў ядз. зброі. У 1968—69 узначальваў дэлегацыю ЗША на канферэнцыі па В’етнаме ў Парыжы.

т. 5, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАШУ́К Віктар Нічыпаравіч

(н. 16.9.1938, в. Валокі Хойніцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. кінарэжысёр і сцэнарыст. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1960), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1967). З 1960 на кінастудыі «Беларусьфільм», працуе ў галіне дакумент. кіно. Для творчасці Д. характэрны арганічны сплаў лірыкі і публіцыстыкі. Стварыў цыклы публіцыстычных фільмаў (Дзярж. прэмія СССР 1985): «Хатынскі цыкл» (1975—78, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1976); «У вайны не жаночы твар» (1980—84, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Лейпцыгу 1983). З інш. фільмаў: «Дом» (1970), «А зязюля кукавала...» (1972, біяграфічны пра Я.Купалу), «Развітанне» (1980), «Віцебская справа» (1991).

В.Н.Дашук.

т. 6, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДВАРАНІ́Н Арсень Міхайлавіч

(н. 13.3.1949, в. Малыя Краглі Дзятааўскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1977). Працуе ў тэхніцы габелену. Асн. работы (усе з жонкай І.Данілавай). трыпціх «Раніца», «Поўдзень», «Вечар» (1986—87), дыпціх «Мой горад», «Маё Палессе» (1988—90) для аэрапорта, «Музыка» (1990—91), «Песня» (1991—93), «Музыка і тэатр» (1994) для муз. і маст. навуч. устаноў, «Песня пра зубра» (1995), для абл. драм. т-ра — усе ў Гомелі, «Лес» (1996) і інш. Творчасць адметная тонкім колераспалучэннем, кампазіцыйнай завершанасцю, эмацыянальнасцю.

Т.Ф.Літвінава.

А.Дваранін. Лес. 1995.

т. 6, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛЬДЭ (Vilde) Эдуард

(4.3.1865, Сімуна Ракверэскага р-на, Эстонія — 26.12.1933, эстонскі пісьменнік. У 1875—82 вучыўся ў Таліне. З 1883 журналіст у эст. і ням. газетах. У 1906—17 у эміграцыі (Германія, Швейцарыя, ЗША, Данія). Раннія творы — бытавыя, пераважна гумарыстычныя, апавяданні-фельетоны. Аўтар гіст. трылогіі «Вайна ў Махтра» (1902),

«Калі сяляне з Анія наведалі Талін» (1903), «Прарок Мальтсвет» (1905—08) пра сял. рух 1850—60-х г. у Эстоніі. Псіхал. раман «Малочнік з Мяэкюлы» (1916), апавяданні і нарысы (зб. «Усмешкі», 1913), драма «Няўлоўны цуд» (1912), камедыя «Дамавік» (1913) і інш. вызначаюцца драматызмам канфліктаў, напружанасцю дзеяння, эмацыянальнасцю мовы.

т. 4, с. 172

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІНДЫКА́ЦЫЯ

(ад лац. vindicatio абарона, ахова),

у цывільным праве іск уласніка або асобы, якая валодае маёмасцю на законных падставах, аб выпатрабаванні яго з чужога незаконнага валодання. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, патрабуючы маёмасць па віндыкацыі, уласнік мае права таксама патрабаваць ад асобы, якая ведала або павінна была ведаць, што яе валоданне не заснавана на законе, вяртання або выплаты ўсіх даходаў, што гэтая асоба атрымала або павінна была атрымаць за ўвесь час валодання; ад уладальніка, які не ведаў і не павінен быў гэта ведаць, — усіх даходаў, атрыманых ім з таго часу, калі яму стала вядома пра неправамернасць яго валодання.

т. 4, с. 183

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ШЧЫН,

гарадзішча канца 11 — сярэдзіны 13 ст. паміж в. Вішчын і Кісцяні Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл., на беразе Дняпра. Пляцоўка ўмацавана 3 лініямі валоў і равоў, знаходзіцца на месцы стаянкі эпохі мезаліту і ранняга неаліту. Выяўлены рэшткі абарончай сцяны, свірна, майстэрні ювеліра, 6 наземных драўляных пабудоў (у 2 жытлах захаваліся рэшткі печаў і падлогі). Знойдзены разнастайны гасп. інвентар, прадметы ваен. справы, бытавыя рэчы і ўпрыгожанні з каляровых і каштоўных металаў, імпартны посуд, Вішчынскі скарб. Верагодна, гарадзішча было феад. сядзібай-замкам. Знаходка віслай свінцовай пячаткі Мсціслава Расціславіча Храбрага сведчыць пра сувязь замка з дынастыяй смаленскіх князёў.

т. 4, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́ЛКАЎ Алег Васілевіч

(21.1.1900, С.Пецярбург — 10.2.1996),

рускі пісьменнік. З дваранскай сям’і. У 1928 рэпрэсіраваны, амаль 28 гадоў адседзеў у турмах і лагерах ГУЛАГа. Пасля рэабілітацыі вярнуўся ў Маскву, займаўся перакладамі з франц. і англ. моў. Аўтар зб. аповесцей і апавяданняў «У ціхім краі» (1976), кніг эсэ па гісторыі Масквы «Кожны камень у ёй жывы» (1985), нарысаў і публіцыстыкі «Усе павінны адказваць» (1986). Кніга ўспамінаў «Пагружэнне ў цемру» (1989) пра трагічны лёс аўтара, які, прайшоўшы праз усе нечалавечыя выпрабаванні, не зачарсцвеў душой, захаваў веру ў чалавека і агульначалавечыя каштоўнасці.

Тв.:

Избранное. М., 1987;

Век надежд и крушений. М., 1989.

т. 4, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАТАЎКАНІЮ́К (Zatovkaňuk) Мікалаш

(н. 21.9.1919, в. Палонкі Валынскай вобл., Украіна),

чэшскі мовазнавец. Д-р філасофіі (1952).’Скончыў Тбіліскі ун-т (1947). У 1947—49 вывучаў славістыку ў Карлавым ун-це (Прага; выкладаў курс «Уводзіны ў бел. мову» ў гэтым ун-це). Займаецца параўнальным вывучэннем бел., укр. і рус. моў, іх узаемадзеяннямі з зах.-слав. мовамі, тыпалогіяй блізкароднасных моў, псіхалінгвістыкай. Аўтар манаграфіі «Словазмяненне назоўнікаў ва ўсходнеславянскіх мовах» (1975), даследаванняў і артыкулаў па праблемах беларусістыкі: «Усходнеславянскія традыцыі і беларусістыка ў Пражскім універсітэце» (1970), «Пра лексічныя кантакты беларускай і польскай моў (з пункту гледжання моўнай інтэрферэнцыі)» (1973) і інш.

І.І.Лучыц-Федарэц.

т. 7, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗНАК,

матэрыяльны, пачуццёва ўспрымальны прадмет (з’ява, дзеянне), які выступае як прадстаўнік іншага прадмета, уласцівасці або адносін і выкарыстоўваецца для фіксавання, захоўвання, перапрацоўкі і перадачы інфармацыі. Адрозніваюць З. моўныя і нямоўныя (апошнія падзяляюцца на З.-копіі, З.-прыкметы, З.-сімвалы). Выконваюць гнасеалагічную (абазначае думку) і камунікатыўную (служыць сродкам зносін) функцыі. Разуменне З. немагчыма без высвятлення яго значэння: прадметнага, сэнсавага або экспрэсіўнага.

Гнасеалагічныя функцыі З. разглядалі ант. філосафы (Платон, Арыстоцель, стоікі), мысліцелі 17—18 ст. (Дж.Лок, Г.Лейбніц, Э.Кандыльяк). У 19 ст. новае ў даследаванні З. ўнеслі лінгвістыка і матэм. логіка. У 20 ст. склалася асобная навука пра З. — семіётыка.

І.І.Мячыкава.

т. 7, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)