ГАНЧАРУ́К (Уладзімір Іванавіч) (н. 6.7.1961, пас. Качубееўка Стаўрапольскага краю, Расія),
бел. жывапісец, педагог. Скончыў Бел.тэатр.-маст.ін-т (1989). У 1991—94 вучыўся ў Творчых акад. майстэрнях у М.Савіцкага. З 1994 у Бел. акадэміі мастацтваў. Працуе ў жанры тэматычнай карціны, партрэта, нацюрморта. Філас. разважанні аб шматграннасці жыцця, свой духоўны, эстэт. ідэал Ганчарук выяўляе праз зварот да міфалагічных сюжэтаў, легендаў, паданняў. Сярод твораў: «Казачніца» (1985), «Лістапад», «Забыты Бог», «Прадказальнік» (усе 1988), трыптых «Датычнасць» (1989), «Знак зацьмення» (1991), «Адзінокая зорка», «Тэсей і мінатаўр» (абедзве 1992), «Блаславенне» (1993), «Жнівень», «Распяцце», «Зварот», «Усім самотным» (усе 1994), «Прэлюдыя ночы», серыя «Цыганскі барон» (усе 1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖО́ЎЛЯ—ТО́МСАНА ЭФЕ́КТ,
змена т-ры газу пры стацыянарным адыябатным працяканні яго праз сітаватую перагародку (гл.Драселяванне). Выяўлены і даследаваны Дж.П.Джоўлем і У.Томсанам у 1852—62. Паводле малекулярна-кінетычнай тэорыі будовы рэчыва Дж.—Т.э. сведчыць пра наяўнасць сіл міжмалекулярнага ўзаемадзеяння ў газе; вымярэнні дазваляюць устанавіць ураўненне стану рэальнага газу. Велічыня і знак Дж.—Т.э. вызначаюцца суадносінамі паміж работай газу і работай знешніх сіл, а таксама ўласцівасцямі самога газу, У прыватнасці памерамі малекул і іх узаемадзеяннем, напр., пры драселяванні ад 20 да 0,1 МПа і пач. т-ры 290 К паветра ахалоджваецца на 35 К. Дж. — Т.э. пакладзены ў аснову многіх тэхн. спосабаў звадкавання газаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕВЯТА́ЕЎ (Міхаіл Пятровіч) (н. 8.7.1917, г.п. Тарбеева, Мардовія),
Герой Сав. Саюза (15.8.1957). Скончыў Чкалаўскую ваен.авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Вял.Айч. вайну з чэрв. 1941 у дзеючай арміі. Камандзір звяна 104-га знішчальнага авіяпалка ст. лейт. Дз. у паветр. баях збіў некалькі варожых самалётаў. 13.7.1944 у няроўным паветр. баі збіты, трапіў у палон. 8.2.1945 група сав. ваеннапалонных (10 чал.) з канцлагера на воз. Узедом (Германія) захапіла на ням. аэрадроме бамбардзіроўшчык. Самалёт, які пілатаваў Дз., праз 2 гадз быў у размяшчэнні сав. войск. З 1945 у запасе, з 1946 працаваў у Казанскім рачным порце капітанам, капітанам-настаўнікам пасаж. суднаў на падводных крылах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ННАЕ ДРЭ́ВА, папайя (Carica papaya),
пладовае дрэва сям. карыкавых. Культывуецца ў трапічных краінах Амерыкі, Афрыкі і Паўд.-Усх. Азіі. Радзіма — Цэнтр. Амерыка. Адно з стараж.культ. раслін. Хуткарослае, недаўгавечнае (у культуры замяняюць праз 3—5 гадоў).
Вечназялёнае дрэва выш. 4—7 м, без галін. На верхавіне разетка з буйнога лісця на доўгіх чаранках. Суквецці вісячыя, кветкі крэмавыя або белыя, часцей аднаполыя. Плод — ягада (даўж. да 30 см, маса 3—6 кг), падобная на дыню (адсюль назва). Спажываюць як дыетычны прадукт. З млечнага соку няспелых пладоў і лісця атрымліваюць фермент папаін, які выкарыстоўваецца ў харч. і лёгкай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯ́ЛІЗ (ад грэч. dialysis раскладанне, аддзяленне),
метад раздзялення раствораных рэчываў, малекулярныя масы якіх значна розняцца.
Засн. на рознасці скарасцей дыфузіі такіх рэчываў праз мембрану, якая аддзяляе канцэнтраваны і разбаўлены растворы: раствораныя рэчывы з рознай скорасцю дыфундзіруюць у бок разбаўленага раствору. Раздзяленне раствору на кампаненты з дапамогай Д. ўпершыню праведзена англ. хімікам Т.Грэмам (1854). Для Д. звычайна выкарыстоўваюць плоскія мембраны на аснове цэлюлозы (цэлафан, купрафан) ці полыя валокны з полісульфону. Выкарыстоўваюць у вытв-сці штучных валокнаў (аддзяленне шчолачы ад геміцэлюлозы) і шэрагу біяхім. прэпаратаў, у медыцыне для лячэння атручэння, нырачнай недастатковасці і інш. хвароб. Гл. таксама Мембранныя метады раздзялення, Гемадыяліз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́РТАЎ ЛІСТ,
плоская алгебраічная лінія 3-га парадку, якая ў прамавугольнай дэкартавай сістэме каардынат вызначана ўраўненнем x3+y3−3axy=0, a>0. Названы ў гонар Р.Дэкарта, які вывучаў пятлю крывой (1638). Поўная форма крывой з асімптотай, якая праходзіць праз пункты (-a, 0) і (0, -a), вызначана нідэрл. вучоным К.Гюйгенсам і швейц. вучоным І.Бернулі. Д.л. сіметрычны адносна бісектрысы y=x. У пачатку каардынат — асаблівы пункт (вузел) з датычнымі x=0; y=0. Ураўненне асімптоты Д.л. — y=−x−a. Плошча паміж Д.л. і асімптотай і плошча, абмежаваная пятлёй лініі, аднолькавыя і роўныя S = 3a2/2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМЕ́ННІК (Anser fabalis),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.
Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́НРЫКАВЫ АРТЫ́КУЛЫ (лац. Articuli Henriciani),
акт аб абмежаванні вярхоўнай улады манарха ў Рэчы Паспалітай сеймам, прыняты ў 1574 пры абранні каралём і вял. князем Генрыка Валезы (гл. ў арт.Генрых, франц. каралі). Складаўся з 18 пунктаў, паводле якіх кароль абавязваўся правіць разам з радай (18 чал. з сенатараў) без спадчыннага замацавання трона, склікаць сеймы праз 2 гады, без аднагалоснай згоды сейма не заключаць мір і не аб’яўляць вайну, не склікаць шляхецкае апалчэнне — паспалітае рушэнне, не ўводзіць новых падаткаў. Шляхце давалася права адмаўляцца ад паслушэнства каралю пры парушэнні ім Генрыкавых артыкулаў. Без змен Генрыкавы артыкулы пацвярджаліся наступнымі каралямі пры іх абранні на трон Рэчы Паспалітай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РПЕС (ад грэч. herpēs лішай),
вірусная хвароба з характэрнай высыпкай згрупаваных пухіркоў на скуры і слізістых абалонках. Узбуджальнік — вірус простага герпесу, вірусаносьбіты. Узнікненню хваробы спрыяюць: пераахаладжэнне, пераграванне, хранічныя ачагі гнойнай інфекцыі, паталогія страўнікава-кішачнага тракту, печані, органаў дыхання, залоз унутр. сакрэцыі і інш. Інкубацыйны перыяд 3—7 дзён. Хвароба пачынаецца са свербу, паколванняў; на ацёчнай скуры з’яўляюцца празрыстыя пухіркі (2—3 мм), якія праз 1—2 дні мутнеюць і засыхаюць. Часта пухіркі лопаюцца і на іх месцы з’яўляюцца ружова-чырвоныя эрозіі. У хворых на СНІД герпес мае рэцыдыўны характар з гемарагічным змесцівам пухіркоў з некратычна-язвавым пашкоджаннем. Лячэнне: ліквідацыя прычын, што выклікаюць хваробу; тэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЦЫКЛО́Н (ад гідра... + грэч. kyklōn які аварочваецца),
апарат для раздзялення ў водным асяроддзі часцінак з рознай масай. Адрозніваюць гідрацыклоны: класіфікатары, сепаратары, згушчальнікі.
Пры вярчэнні гідрацыклона часцінкі гідрасумесі з вял. масай пад уздзеяннем цэнтрабежнай сілы трапляюць у перыферыйную частку апарата і па спіральнай траекторыі рухаюцца да разгрузачнай адтуліны. Часцінкі з меншай масай канцэнтруюцца ва ўнутр. патоку і выносяцца праз зліўную адтуліну. Гідрацыклон выкарыстоўваюць для абагачэння карысных выкапняў у вугальнай і горнай прам-сці, для асвятлення вадкасці, аддзялення часткі вады і інш.
Гідрацыклон: а — агульны выгляд; б — схема патокаў; 1 — конус; 2 — цыліндрычная частка; 3 — сілкавальны патрубак; 4, 5 — зліўная і разгрузачная адтуліны.