НАПО́РНЫЯ ВО́ДЫ,

падземныя воды ў ваданосных пластах, якія ізаляваны слабаводапранікальнымі гарызонтамі; валодаюць пругкай ёмістасцю і пры ўскрыцці могуць самавылівацца на паверхню. Даюць узровень вады вышэй верхняга кантакту водазмяшчальных і водатрывалых парод. Характарызуюцца: п’езаметрычным узроўнем падземных вод (узровень, які ўстанавіўся ў свідравінах пры ўскрыцці Н.в., вымяраецца ў атмасферах ці абс. адзнаках вышынь); вышынёй напору (адлегласць паміж верхнім кантактам ваданосных і водатрывалых парод і п’езаметрычным узроўнем, вымяраецца ў метрах) і напорам (вышыня п’езаметрычнага ўзроўню над нулявой — узр. м. — паверхняй параўнання, вымяраецца ў метрах). Фарміраванне напораў адбываецца за кошт гідрастатычнага (гл. Артэзіянскія воды) і залішняга пластавога ціску. Гідрагеалагічныя структуры могуць складацца з некалькіх (10 і болей) гарызонтаў Н.в. П’езаметрычныя ўзроўні ўтвараюць п’езаметрычную паверхню, якая на гідрагеалагічных картах адлюстроўваецца лініямі роўных напораў — гідраізап’езамі. Паводле характару п’езаметрычнай паверхні вызначаецца напрамак руху і нахіл патоку Н.в. Жыўленне Н.в. адбываецца за кошт перацякання з грунтавых вод і паверхневага вадасцёку (у горных раёнах). Разгрузка Н.в. адбываецца на паверхню зямлі ў выглядзе ўзыходных крыніц, у грунтавыя воды, у вышэй- і ніжэйзалеглыя напорныя ваданосныя гарызонты (адпаведна ў абласцях разгрузкі і на водападзелах). Н.в.

добра захаваны ад паверхневага забруджвання, маюць высакаякасныя арганалептычныя ўласцівасці (смак, пах, колер, празрыстасць і інш.). Прэсныя Н.в. з’яўляюцца асн. крыніцай цэнтралізаванага гасп.-пітнога водазабеспячэння, мінеральныя выкарыстоўваюцца ў бальнеатэрапіі і вытв-сці лячэбна-сталовых вод.

М.​С.​Капора.

т. 11, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́РХНЕВЫЯ АКУСТЫ́ЧНЫЯ ХВА́ЛІ пругкія хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з інш. асяроддзем і затухаюць пры аддаленні ад мяжы.

П.а.х. бываюць з верт. палярызацыяй — вектар вагальнага зрушэння часцінак асяроддзя ляжыць у плоскасці, перпендыкулярнай да мяжы падзелу, і з гарызантальнай — вектар зрушэння паралельны мяжы падзелу і перпендыкулярны да напрамку распаўсюджвання хвалі. Прыкладам першых служаць хвалі Рэлея, маюць 2 кампаненты мех. зрушэння часцінак: адну ўздоўж напрамку распаўсюджвання хвалі, другую перпендыкулярна да мяжы так, што часцінкі рухаюцца па эліпсе; распаўсюджваюцца ўздоўж мяжы цвёрдага цела з вакуумам, разрэджаным газам ці вадкасцю. Уздоўж мяжы 2 цвёрдых цел могуць распаўсюджвацца хвалі Стоўнлі, якія складаюцца як бы з 2 рэлееўскіх хваль (па адной у кожным асяроддзі). П.а.х. з гарыз. палярызацыяй, — зрухавыя хвалі Гуляева—Блюштэйна (на мяжы з п’езаэлектрычнымі матэрыяламі), хвалі Лява (на мяжы цвёрдай паўпрасторы з цвёрдым слоем).

П.а.х. выкарыстоўваюцца ў прыладах апрацоўкі радыёсігналаў, для неразбуральнага кантролю паверхні цвёрдых цел і інш.

Літ.:

Викторов И.А. Звуковые поверхностные волны в твердых телах. М., 1981;

Поверхностные акустические волны: Пер. с англ. М., 1981.

В.​М.​Дашанкоў.

Паверхневыя акустычныя хвалі: 1 — хваля Рэлея на свабоднай мяжы цвёрдага цела; 2 — хваля Лява на мяжы цвёрдая паўпрастора — цвёрды слой; x — напрамак распаўсюджвання хвалі; w, u, v — кампаненты зрушэння часцінак асяроддзя; крывыя паказваюць змену амплітуды зрушэння з аддаленнем ад мяжы падзелу.

т. 11, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДШЫ́ПНІК,

апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.

П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.

На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.

Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРЭ́ЧКІ (Ribes),

род кветкавых раслін сям. агрэставых. Каля 150 відаў. Пашыраны ў халодным і ўмераным паясах Еўразіі, Амерыкі і ў Афрыцы (Атласкія горы). На Беларусі 6 дзікарослых і культурных відаў П.: альпійскія (R. aiplinum), залацістыя (R. aureum), пушыстыя (R. spicatum), светлыя (R. lucidum), чорныя (R. nigrum), чырвоныя (R. rubrum). Трапляюцца ў вільготных лясах, сярод хмызнякоў, ускрай балот і па берагах рэк; культывуюцца ў прамысл. і аматарскім садаводстве. 14 відаў інтрадукавана ў Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі.

Лістападныя, радзей вечназялёныя кусты выш. да 2 м. Парасткі гладкія, часам шыпаватыя. Лісце простае, чаргаванае, голае або апушанае, бывае з залозкамі. Кветкі ў гронках, двух- ці аднаполыя. Плод — ягада. Віды П. аб’ядноўваюць у 3 групы. Для П. чорных характэрны спецыфічны пах з-за наяўнасці залозак на ніжняй паверхні лісця. Вядомыя сарты: Беларускія салодкія, Галубка, Мінай Шмыроў, Кантата-50, Паўлінка. Група П. чырвоных як лек. расліна вядомая з 14 ст., як ягадная — з 16 ст. Сарты: Галандскія чырвоныя, Вялікія белыя, Ненаглядныя. Група П. залацістых эндэмічная для Паўн. Амерыкі. Харч., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Волузнев А.Г. Ягодный сад. Мн., 1970;

Валягина-Малютина Е.Т. Деревья и кустарники Средней полосы Европейской части России. СПб., 1998.

Парэчкі. Сарты: 1 — Беларускія салодкія; 2 — Галубка; 3 — Мінай Шмыроў; 4 — Кантата 50; 5 — Галандскія чырвоныя; 6 — Вялікія белыя.

т. 12, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕТРАЛО́ГІЯ (ад грэч. petros камень + ...логія),

навука, якая вывучае горныя пароды, іх мінералагічны і хім. саставы, структуры і тэкстуры, умовы залягання, заканамернасці пашырэння, паходжання і пераўтварэння ў зямной кары і на паверхні. Займаецца таксама пытаннямі класіфікацыі і наменклатуры горных парод. Паводле тыпу парод адрозніваюць П._ магматычных, метамарфічных, асадкавых (літалогія), метасаматычных горных парод, метэарытаў, тэхн. каменю. Паводле характару ўласцівасцей горных парод і метадаў іх вывучэння П. падзяляецца на петраграфію, петрахімію, петрафізіку, петратэктоніку і П. эксперыментальную, тэхнічную, касмічную. Звязана з мінералогіяй, крышталяграфіяй, геахіміяй, тэктонікай і інш.

Даследаванні праводзяцца крышталеаптычнымі і рэнтгенаскапічнымі метадамі, спектральным, рэнтгенаўскім мікрааналітычным, хім. і ізатопным аналізамі, фотаэлектроннай спектраскапіяй, фіз. і матэм. метадамі. Паводле петралагічных даных вывучаецца эвалюцыя зямной кары, устаноўлена неабарачальнасць магматычных працэсаў і іх зменлівасць у прасторы і часе. Вынікі даследаванняў выкарыстоўваюцца пры геал. карціраванні, пошуках карысных выкапняў і інш.

На Беларусі петралагічныя даследаванні вядуцца па вывучэнні горных парод у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі, у арганізацыях ВА «Белгеалогія» (у т. л. ў Бел. геолагаразведачным НДІ), у Цэнтр. лабараторыі.

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы литологии. 3 изд. Л., 1961;

Петрография. Ч. 1—3. М., 1976—86;

Мейсон Р. Петрология метаморфических пород: Пер. с англ. М., 1981;

Пап А.М. Кристаллический фундамент Белоруссии М., 1977.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 12, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́МЕНАЎ (Юрый) (Георгій) Іванавіч (26.11.1903, Масква — 6.9.1977),

расійскі жывапісец і графік. Нар. маст. СССР (1970). Правадз. чл. АМ СССР (1962). Скончыў Вышэйшыя маст.-тэхн. майстэрні ў Маскве (1925). Выкладаў ва Усесаюзным дзярж. ін-це кінамастацтва ў Маскве (1945—72; з 1947 праф.). Чл.-заснавальнік Т-ва мастакоў-станкавістаў (з 1925). Раннія творы вызначаюцца манументальнасцю, дынамічнасцю кампазіцыі, аскетызмам каларыту («Даеш цяжкую індустрыю!», 1927, і інш.). З пач. 1930-х г. працаваў пераважна ў жанравым жывапісе. Творам уласціва паэтызацыя паўсядзённага жыцця, своеасаблівая манера пісьма дробнымі, паўпразрыстымі мазкамі, якія ствараюць эфект вібрыруючай жывапіснай паверхні: «Новая Масква» (1937), «Сляды шын» (1944), «Маруся, пара абедаць!» (1951—56), серыя «Новыя кварталы» (1962—67) і інш. Пісаў партрэты, нацюрморты (серыя «Рэчы кожнага дня», 1959, і інш.). Аформіў спектаклі «За тых, хто ў моры!» Б.​Лаўранёва ў Малым т-ры (1946, Дзярж. прэмія СССР 1947), «Стэп шырокі» М.​Віннікава ў Цэнтр. т-ры Сав. Арміі (1949, Дзярж. прэмія СССР 1950) і інш. Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Искусство жизни или искусство «ничего». 2 изд. М., 1964;

Необыкновенность обыкновенного. М., 1964;

Таинственный мир зрелищ. М., 1974.

Літ.:

Логинова Е. Ю.​Пименов. 2 изд. М., 1970;

Барабанова Н. Ю.​Пименов: [Альбом]. Л., 1972;

Кириллова Г.С. Ю.​Пименов. Л., 1980.

Ю.Піменаў. Новая Масква. 1937.

т. 12, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРУ́ГКІЯ ХВА́ЛІ,

механічныя ўзбурэнні, якія распаўсюджваюцца ў пругкім асяроддзі. Узнікаюць пры землетрасеннях, выбухах, ударах. Разнавіднасці П.х. — гукавыя хвалі і ультрагукавыя хвалі.

У вадкасцях і газах існуюць пераважна падоўжныя хвалі разрэджання-сціскання (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамку распаўсюджання). У ізатропных цвёрдых целах, якія маюць пругкасць зруху, існуюць падоўжныя і папярочныя хвалі (часцінкі асяроддзя зрушваюцца ў напрамках, перпендыкулярных да распаўсюджання). У анізатропных асяроддзях (крышталях) П.х. падоўжна-папярочныя (часцінкі зрушваюцца ўздоўж трох узаемна перпендыкулярных напрамкаў, якія не супадаюць з напрамкам распаўсюджання). Паблізу паверхні цвёрдага асяроддзя могуць існаваць паверхневыя акустычныя хвалі. У абмежаваных цвёрдых целах (пласцінках, стрыжнях) узнікаюць т.зв. нармальныя П.х. — камбінацыя падоўжных і Папярочных хваль. На мяжы асяроддзяў П.х. адбіваюцца і пераламляюцца. Пры гэтым у цвёрдым асяроддзі ўзнікаюць і падоўжныя і папярочныя П.х. На перашкодах можа адбывацца дыфракцыя хваль і іх рассеянне. З-за ўнутр. трэння (вязкасці) і цеплаправоднасці асяроддзя П.х. затухаюць з адлегласцю (гл. Паглынанне хваль). Пры вял. амплітудах хваль іх узаемадзеянне з асяроддзем становіцца нелінейным. П.х. ўлічваюцца пры тэхн. разліках падмуркаў, станкоў, турбін, самалётаў, караблёў, пры рашэнні геафіз. задач (распаўсюджанне П.х. ад землетрасенняў, зрухаў зямной кары), пры кантролі ядз. выпрабаванняў.

Літ.:

Федоров Ф.И. Теория упругих волн в кристаллах. М., 1965;

Красильников В.А., Крылов В.В. Введение в физическую акустику. М., 1984.

А.​Р.​Хаткевіч.

т. 13, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́ДНЫЯ РАДО́ВІШЧЫ,

рудны паклад (цела) або іх скопішчы на паверхні ці ў нетрах Зямлі, якія паводле памераў, якасці і ўмоў залягання прыдатныя для прамысл. распрацоўкі. Фарміраваліся на працягу ўсёй гісторыі геал. развіцця зямной кары. Вылучаюць 8 гал. эпох рудаўтварэння: архейская, раннепратэразойская, сярэднепратэразойская, раннерыфейская, познарыфейская, каледонская, герцынская і альпійская (гл. Металагенія). Паводле паходжання Р.р. падзяляюцца на эндагенныя і экзагенныя. Утварэнне эндагенных звязана з ’магматычнымі расплавамі (гл. Магматычныя горныя пароды) і гідратэрмальнымі растворамі (гл. Гідратэрмальныя радовішчы, Метасаматычныя радовішчы, Грэйзен, Скарн) ці абумоўлена ўздзеяннем метамарфічных працэсаў на горныя пароды і раней утвораныя радовішчы (гл. Метамарфагенныя радовішчы). Экзагенныя радовішчы ўтвараюцца з удзелам паверхневых ці грунтавых вод, паветра і арганізмаў. Сярод іх вылучаюць выветрывання радовішчы і асадкавыя радовішчы. Паводле саставу вылучаюць Р.р. чорных (жалеза, марганцу, хрому, тытану, ванадыю), лёгкіх (алюмінію, магнію), каляровых (медзі, свінцу, цынку, нікелю, сурмы), рэдкіх (волава, вальфраму, малібдэну, ртуці, берылію, літыю, танталу і ніобію), высакародных (золата, плаціноідаў і серабра), радыеактыўных (урану, торыю, радыю) металаў, а таксама рассеяных (актыній, гафній, галій, германій, індый, кадмій, протактыній, рэній, рубідый, селен, скандый, талій, тэлур, цэзій і інш.) і рэдказямельных (цэрыевай і ітрыевай груп) элементаў. Вылучаюць таксама Р.р. неметалічных карысных выкапняў (барыту, фасфарыту, серы, флюарыту, графіту і інш.). Гл. таксама Берыліевыя руды, Жалезныя руды, Уранавыя руды і інш.

Я.​А.​Ільін.

т. 13, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕЛІЯТЭ́ХНІКА (ад гелія... + тэхніка),

галіна тэхнікі, якая займаецца распрацоўкай тэарэт. асноў, практычных метадаў і тэхн. сродкаў пераўтварэння энергіі сонечнай радыяцыі ў інш. віды энергіі. Выкарыстоўвае розныя спосабы пераўтварэння сонечнай энергіі: цеплавы (ажыццяўляецца ў сонечных печах, сонечных воданагравальніках, апрасняльніках, сушылках, цяпліцах і інш.), фотаэлектрычны (у сонечных батарэях), тэрмаэлектрычны (у сонечных тэрмаэлектрычных генератарах), тэрмаэмісійны (у тэрмаэмісійных пераўтваральніках энергіі). Паводле рабочых т-р геліятэхніка падзяляецца на высока- (да 3000—3500 °C) і нізкатэмпературную (100—200 °C).

Паток сонечнай радыяцыі «дармавы» і невычэрпны, яго шчыльнасць на ўзроўні мора прыкладна 1 кВт/м² (у геліятэхн. разліках 0,815 кВт/м²). Спробы выкарыстання гэтага выпрамянення рабіліся яшчэ ў старажытнасці, аднак практычнага значэння не мелі. У 1770 Х.Б. дэ Сасюр (Швейцарыя) пабудаваў геліяўстаноўку тыпу «гарачая скрыня». Як асобная галіна тэхнікі геліятэхніка развіваецца з 2-й пал. 19 ст., калі былі створаны доследныя ўзоры паветраных і паравых сонечных рухавікоў (Францыя, Швецыя, ЗША). У Расіі ў 1890 В.​К.​Цэраскі правёў эксперыменты па плаўцы розных металаў у фокусе парабалічнага люстэрка. У 1912 каля Каіра (Егіпет) пабудавана сонечная энергетычная ўстаноўка магутнасцю каля 45 кВт. У 1930-я г. распрацаваны метады разліку геліяўстановак для атрымання эл. энергіі, апраснення вады, сушкі і інш. Даследаванні па прамым пераўтварэнні прамянёвай энергіі ў электрычную пашырыліся ў сувязі з асваеннем касм. прасторы. Значнае развіццё геліятэхніка атрымала ў Францыі, ЗША, Японіі, ПАР, Аўстраліі, Германіі, з краін СНД — у Расіі, Арменіі, Туркменіі, Узбекістане. Выкарыстанне сродкаў геліятэхнікі найб. эфектыўнае ў шыротах са значнай сонечнай радыяцыяй для энергазабеспячэння малаэнергаёмістых разгрупаваных спажыўцоў. У сувязі са збядненнем традыц. крыніц энергіі яны перспектыўныя і ў рэгіёнах з умераным кліматам, напр., геліятэхніка развіваецца ў Канадзе, Даніі, Швецыі. Павышэнне эфектыўнасці геліясістэм і пераадоленне прынцыповых недахопаў (невысокая шчыльнасць і няўстойлівасць сонечнай энергіі) забяспечваюцца значнымі памерамі паверхні, якая ўлоўлівае сонечную радыяцыю, яе канцэнтрацыяй на паверхні геліяпераўтваральніка, акумуляваннем цеплавымі, эл., хім. і інш. акумулятарамі. У адпаведнасці з гэтымі патрабаваннямі ствараецца шырокі спектр геліяўстановак рознага прызначэння.

На Беларусі даследаванні і распрацоўкі сродкаў і элементнай базы геліятэхнікі вядуцца з 1980-х г. у Акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.​В.​Лыкава» (АНК ІЦМА), Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў Нац. АН Беларусі, Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі і інш. У АНК ІЦМА створаны доследныя ўзоры калектараў сонечнай энергіі на цеплавых трубах (разам з Армянскім аддз. Усесаюзнага НДІ крыніц току), распрацаваны праект «Сядзіба 21 стагоддзя», у энергабалансе якога значная роля сонечнай энергіі, розныя тыпы геліяцеплапераўтваральных сістэм — геліяводападагравальнікі магутнасцю 0,4—100 кВт, сонечныя радыятары (абагравальнік, сонечныя кухня, цяпліца, сушылка і інш.). Асвоены выпуск геліямодуляў, аснашчаных бакам-акумулятарам (захоўвае цяпло на працягу тыдня).

Літ.:

Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;

Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с. англ. М., 1981.

У.​Л.​Драгун, С.​У.​Конеў.

Да арт. Геліятэхніка. Геліяпераўтваральныя сістэмы: а — геліяводападагравальнік (1 — цеплаўспрымальны элемент, 2 — бак-акумулятар); б — геліярадыятар (1 — сцяна будынка, 2 — радыятар-ацяпляльнік, 3 — цеплаўспрымальная панэль).

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)