мастацкае катанне на каньках: адна- і двухапорныя слізганні на рэбрах канькоў па крывых лініях у спалучэнні з паваротамі, скачкамі, вярчэннямі па верт. восі і інш.; від спорту. Ф.к. ўласцівы высокая эмацыянальнасць і выразнасць рухаў; складаная тэхніка катання спалучаецца з харэаграфіяй і муз. суправаджэннем маст. кампазіцый. Уключае адзіночнае катанне (асобна жанчыны і мужчыны), парнае катанне (жанчына і мужчына), спарт. танцы (жанчына і мужчына) і сінхроннае катанне (камандай). Адзіночнае катанне складаецца з кароткай праграмы (да 2 мін 40 с), адвольнай праграмы (да 4 мін у жанчын і 4,5 мін у мужчын) і інтэрпрэтаванага адвольнага катання (да 4,5 мін). Парнае катанне ўключае кароткую і адвольную праграмы. Аснову спартыўных танцаў складаюць камбінацыі крокаў, якія выконваюцца ў адпаведнасці з рытмам і характарам танца. Уключаюць абавязковы, арыгінальны і адвольны танцы. Выступленні па ўсіх відах Ф.к. ацэньваюцца па 6-бальнай шкале, асобна за тэхніку і маст. выкананне.
Як від спорту Ф.к. сфарміравалася ў 1860-я г. (сінхроннае катанне ў 1990-я г.). I чэмпіянат Еўропы сярод мужчын праведзены ў 1891 (г. Гамбург, Германія), свету — у 1896 (С.Пецярбург); жанчыны ўдзельнічаюць у чэмпіянатах свету з 1906, Еўропы — з 1930. У парным катанні чэмпіянаты свету праводзяцца з 1908, Еўропы — з 1930; па спарт. танцах адпаведна з 1950 і 1954. У праграме зімовых Алімп. гульняў з 1924 (у 1908 і 1920 — у праграме летніх Алімп. гульняў), па спарт. танцах — з 1976. Найб. папулярнае Ф.к. ў Аўстрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, ЗША, Канадзе, Расіі, краінах Скандынавіі.
На Беларусі Ф.к. развіваецца з пач. 1960-х г. Федэрацыя Ф.к. Беларусі створана ў 1968. Сярод бел. спартсменаў найб. вызначыліся ў парным катанні Н.Мішкуцёнак (у пары з А.Дзмітрыевым, Расія) — чэмпіёнка XVI зімовых Алімп. гульняў (1992, г. Альбервіль, Францыя), А.Гуд і Я.Колтун — бронз. прызёры чэмпіянату свету сярод юніёраў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІ́ЧНАЯ ХІ́МІЯ,
навука, якая вывучае хім. з’явы і ўстанаўлівае іх заканамернасці на падставе агульных прынцыпаў і законаў фізікі. Асн. яе задачы: даследаванне заканамернасцей ходу хім. рэакцый у часе, законаў хім. раўнавагі і вызначэнне механізму працэсаў. Метады даследавання: спектраскапія, мас-спектраскапія, квантавая хімія, структурны аналіз, электронная, іонная мікраскапія, тэрмічны аналіз і інш.
Узнікла ў сярэдзіне 18 ст. Тэрмін «Ф.х.» ўвёў М.В.Ламаносаў («Уводзіны ў сапраўдную фізічную хімію»; 1752). Яксамаст. навука сфарміравалася ў канцы 19 ст. Вывучае хім. тэрмадынаміку, паверхневыя з’явы, хім. кінетыку, каталіз і інш.Хім. тэрмадынаміка на аснове законаў тэрмадынамікі даследуе хім. раўнавагу і ўмовы яе парушэння пад уплывам знешніх фактараў. Асн. дасягненнем класічнай хім. тэрмадынамікі з’явілася прадказанне характару працякання хім. рэакцый у канкрэтных сістэмах. Магчымасці тэрмадынамічных метадаў пашырыліся ў выніку выкарыстання метадаў стат. фізікі і распрацоўкі прынцыпаў тэрмадынамічнага аналізу неабарачальных працэсаў. Пры вывучэнні паверхневых з’яў даследуюцца ўласцівасці паверхневых слаёў цвёрдых цел і вадкасцей, у хім. кінетыцы — механізмы і заканамернасці ходу хім. рэакцый у часе, у аб’ёме рэакцыйнай сумесі або на мяжы раздзелу фаз. Каталіз вывучае змены скорасці хім. рэакцый пад уплывам каталізатараў. Даследуюцца ферментны каталіз, працэсы з мембранным размежаваннем, хімія гетэрагенных сістэм, будова рэчыва — будова атамаў і малекул, а таксама агрэгатныя станы рэчываў, хім. растворы — іх прырода, структура і асн. ўласцівасці ў залежнасці ад канцэнтрацыі і хім. прыроды кампанентаў. Многія з прыкладных кірункаў Ф.х. сталі самаст. навукамі (напр. калоідная хімія, тэорыя металургічных працэсаў).
На Беларусі даследаванні па Ф.х. праводзяцца ў ін-тах Нац.АН: фізіка-арган. хіміі, агульнай і неарган. хіміі, фізікі, фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў, таксама БДУ, Бел.нац.тэхн. ун-та і інш.
Літ.:
Эткинс П. Физическая химия: Пер. с англ.Т. 1—2. М., 1980;
Стромберг А.Г., Семченко Д.П. Физическая химия. 2 изд. М., 1988;
Полторак О.М. Термодинамика в физической химии. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯКРА́ТЫ (франц. physiocrates ад грэч. physis прырода + kratos сіла, улада, панаванне),
прадстаўнікі аднаго з кірункаў класічнай школы палітэканоміі і сацыялогіі эканамічнай 18 ст.
Школа Ф. узнікла ў Францыі, тэорыі Ф. распрацоўваліся таксама ў Італіі, Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі і інш. Заснавальнік кірунку Ф. — Ф.Кенэ, асн. прадстаўнікі — А.Р.Ж.Цюрго, П.С.Дзюпон дэ Немур, В.Мірабо, Г.Летрон, П.Мерсье дэ ла Рыўер. Філас. аснова вучэння Ф. — ідэя натуральнага права. У процівагу меркантылізму Ф. лічылі, што асн. багацце дзяржавы паходзіць з вытв-сці, найперш сельскагаспадарчай, а не з грашовага абарачэння. Абсалютызуючы эканам. і сац. значэнне с.-г. працы, яны вылучалі ў грамадстве класы вытворчыя (працаўнікі сельскай гаспадаркі, землеўладальнікі) і непрадукцыйны (бясплодны, які аб’ядноўваў сац. слаі, што не мелі непасрэднага дачынення да земляробства). Ф. адстойвалі ідэю неўмяшання дзяржавы ў эканоміку, крытыкавалі спробы ўлады рэгуляваць прам-сць, асабліва з дапамогай падаткаабкладання.
На Беларусі вучэнне Ф. пашырылася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. Прыхільнікам ідэі натуральнага парадку выступаў І.Страйноўскі, які разумеў пад ім адзінства фіз. і маральнага парадку, законаў прыроды і грамадства; прынцыпы натуральнага права ён разглядаў у якасці крытэрыяў дасканаласці сац.-паліт. ладу, крыніцы правоў асабістай свабоды, узаемнай дапамогі, прыватнай уласнасці. Ідэю натуральнай абумоўленасці грамадскіх адносін падтрымліваў І.Я.Масальскі, які падкрэсліваў неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання зямлі і сял. працы як адзінай крыніцы ўсіх багаццяў, выступаў за паляпшэнне матэрыяльных умоў жыцця і ўзроўню адукацыі сялян. І.І.Храптовіч звязваў магчымасць пастаяннага росту забяспечанасці і асветы для ўсіх з арганізацыяй грамадскага жыцця ў адпаведнасці з патрабаваннямі натуральнага парадку, згодна з якім кожны павінен працаваць на тым месцы, якое яму наканавана. Погляды Ф. развівалі М.Ф.Карповіч, В.Калінскі, якія лічылі, што ўзровень дзярж. дабрабыту залежыць ад земляробаў — асн. стваральнікаў багаццяў, а ўсе сац. супярэчнасці яны звязвалі з цяжкім эканам. становішчам і нізкім узроўнем адукацыі сялянства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАЛО́ГІЯ (грэч. philologia літар. — любоў да слова),
комплекс навуковых дысцыплін гуманітарнага цыкла, што вывучаюць сутнасць і гісторыю духоўнай культуры чалавецтва праз моўны і стылістычны аналіз пісьмовых, часткова і вусных тэкстаў. Тэрмін «Ф.» ўвёў ва ўжытак у 1-й чвэрці 19 ст.ням. філолаг Ф.А.Вольф.
Вытокі Ф. ў антычнасці; высокага развіцця дасягнула стараж.-інд. Ф. З пашырэннем хрысціянства на першы план выступілі праблемы тлумачэнняў і перакладаў Бібліі і інш. багаслоўскай л-ры; традыцыі грэч. Ф. прадаўжаліся пераважна ў Візантыі. Цікавасць да класікі абудзілася пераважна ў эпоху Адраджэння. З’явіліся вучоныя-філолагі, якія былі адначасова лінгвістамі, літаратура- і мастацтвазнаўцамі, этнографамі, гісторыкамі, філосафамі і г.д., бо толькі ўсебаковая дасведчанасць давала магчымасць выявіць змест, пафас, асаблівасці стараж. пісьмён. Выдатныя філолагі 16—17 ст.: Ю.Ц. і І.Ю.Скалігеры, А.Эцьен, Эразм Ратэрдамскі, Р.Бентлі, Ш.Дзюканж і інш. «Гісторыя мастацтва старажытнасці» І.Вінкельмана (1764) спрыяла філал. вывучэнню мінулага з канца 18 да пач. 20 ст. (Вольф, Г.Узенер, Э.Родэ, У. фон Віламавіц-Мёлендорф). У 19 ст. ад Ф. адмежаваліся гіст. дысцыпліны, вылучыліся ў самаст. навукі мовазнаўства, літ.-знаўства, пачала фарміравацца тэксталогія; узніклі новыя галіны «Ф.» — навукі пра мову і л-ру асобных народаў: германістыка, славяназнаўства, раманістыка, усх. Ф. і інш., але падыход да тэксту як прадмета Ф. застаецца комплексным. Вял. роля ў развіцці рус. Ф., пачатак якой даў М.Ламаносаў, належыць Ф.Буслаеву, І.Сразнеўскаму, А.Шахматаву, Ф.Коршу, В.Вінаградаву, С.Абнорскаму і інш.
Асновы бел. Ф. заклалі Л.Зізаній, І.Насовіч, Я.Карскі. Пра філал. даследаванні на Беларусі гл. ў арт.Мовазнаўства, Літаратуразнаўства, Фалькларыстыка, Лексікаграфія, Дыялекталогія, Тэксталогія.
Літ.:
Алисова Т.Б., Репина Т.А., Таривердиева М.А. Введение в романскую филологию. М., 1987;
Супрун А.Я. Введение в славянскую филологию. 2 изд. Мн., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАСО́ФІЯ ПАЛІ́ТЫКІ,
адзін з раздзелаў філасофіі, які даследуе фундаментальныя праблемы палітыкі, законы паліт. развіцця грамадства, прынцыпы функцыянавання ўлады, адносіны паміж яе суб’ектамі і аб’ектамі, яе ўзаемаадносіны з грамадствам. Тэрмінам «Ф.п.» карыстаюцца таксама для абазначэння паліт. поглядаў асобы, партыі, класа і інш. (напр.: «Ф.п. кабінета торы», «Ф.п. новага пакалення» і інш.).
Узнікла ў ант. часы ў Еўропе і Стараж. Кітаі як роздум філосафаў аб чалавеку і свеце, уладзе, справядлівасці, няроўных адносінах паміж людзьмі і з’яўлялася адначасова аналізам, павучаннем і маральнай пропаведдзю. Аўтарамі найб. ранніх філас. прац пра палітыку былі Платон і Арыстоцель. У эпоху Адраджэння і ў Новы час распрацаваны філас. тэорыі ўлады і дзяржавы, канцэпцыі паліт. канфліктаў і рэвалюцый, раздзялення маралі і палітыкі (Н.Макіявелі), натуральных правоў (Т.Гобс, Дж.Лок, Б.Спіноза), раздзялення ўлад, грамадзянскай супольнасці і прававой дзяржавы (Дж.Лок, Ш.Мантэск’ё), асн. кірункі паліт. ідэалогіі — лібералізм і кансерватызм. Ням. класічная філасофія даследавала этнічныя асновы права і дзяржавы (І.Кант) і ў цэлым філасофіі права (Г.Гегель).
Сучасная Ф.п., у працяг класічных традыцый, увяла ў паліт. ўжытак вывучэнне праблем сац.-эканам. развіцця соцыумаў, палітыка-прагнастычныя тэорыі, сістэматызацыю паліт. ведаў, але асновай застаюцца эмпірычныя веды, іх абагульненне і выкарыстанне ў паліт. практыцы. Яна ўзаемадзейнічае з паліт.сацыялогіяй, псіхалогіяй і інш.навук. дысцыплінамі. Умоўна Ф.п. падзяляюць на палітычную анталогію (вучэнне аб паліт. жыцці, прыродзе і сутнасці паліт. сусвету), палітычную антрапалогію (вывучае спецыфіку паліт. творчасці асобы ў параўнанні з яго сацыяльнай дзейнасцю), палітычную эпістэмалогію (аналізуе суадносіны рацыянальнага і ірацыянальнага ў палітыцы), палітычную праксеалогію (вывучае асн. заканамернасці палітыкі), палітычную аксіялогію (вывучае паліт. каштоўнасці філас.-паліт. асновы грамадства), палітычную ідэалогію (абгрунтоўвае месца розных сац. груп у паліт. сістэме грамадства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНК Сямён Людвігавіч (29.1.1877, Масква — 10.12.1950),
расійскі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1894—98), скончыў Казанскі ун-т (1901). З 1912 у Пецярбургскім ун-це, з 1917 праф. Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў, адначасова з 1921 арганізатар (з М.А.Бярдзяевым) і дэкан Акадэміі духоўнай культуры ў Маскве. У 1922 высланы; эмігрыраваў у Германію (выкладаў у Берлінскім ун-це), з 1937 у Францыі, з 1945 у Лондане. Паслядоўнік рас. філасофіі ўсеадзінства, свае філас. погляды вызначаў як «хрысціянскі рэалізм». У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека. Ва ўнутр. свеце чалавека адрозніваў душэўную (адчуванні задавальнення, страху і інш.) і духоўную (адчуванні, якія выводзяць чалавека па-за межы фіз. свету) сферы. Найвышэйшым родам рэальнасці прызнаваў Бога, сувязь якога з інш. слаямі рэальнасці лічыў «трансрацыянальнай»: свет, паводле Ф., не частка Бога, а тое, у чым божае раскрываецца і выяўляецца. Наяўнасць у рэальнасці зла і граху тлумачыў незавершанасцю працэсу стварэння Богам свету («Неспасцігальнае», 1939). Яго гнасеалагічныя погляды будуюцца на прызнанні першаснасці перажыванняў, непасрэднай інтуіцыі і другаснасці рацыянальнага пазнання рэальнасці. Асаблівасцю рас. філасофіі лічыў спалучэнне рацыяналізму зах. філасофіі і ірацыяналізму ўсх. светапогляду («Сутнасць і вядучыя матывы рускай філасофіі», 1925). Творчасць А.Пушкіна, М.Гогаля, Ф.Цютчава, Ф.Дастаеўскага разглядаў з пункту гледжання выяўлення спецыфікі рус. светапогляду.
Тв.:
Соч.М., 1990;
Духовные основы общества. М., 1992;
По ту сторону «правого» и «левого». Мн., 1992;
Русское мировоззрение. Спб., 1996;
Реальность и человек. Спб., 1997;
Предмет знания;
Душа человека. Мн.;
М., 2000.
Літ.:
Буббайер Ф. С.Л.Франк: Жизнь и творчество рус. философа: Пер. с англ.М., 2001;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНС (France) Анатоль [сапр.Цібо
(Thibault) Жак Франсуа Анатоль; 16.4.1844, Парыж — 12.10.1924], французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1896). Літ. дзейнасць пачаў як журналіст і паэт. У ранніх творах (зб. «Залатыя паэмы», 1873; драм. паэма «Карынфскае вяселле», 1876) уплыў паэтаў-парнасцаў. У аповесцях «Іакаста» і «Худы кот» (абедзве 1879) цікавасць да філасофіі пазітывізму, дакладных і прыродазнаўчых навук. Высокім майстэрствам адзначаны яго раманы «Злачынства Сільвестра Банара» (1881),
«Таіс» (1890), «Харчэўня каралевы Гусіныя лапы» (1892), «Меркаванні пана Жэрома Куаньяра» (1893), кн. афарызмаў «Сад Эпікура» (1894), зб-кі навел «Валтасар» (1889), «Перламутравы куфэрак» (1892), «Студня святой Клары» (1895), «Кліо» (1900) і інш.Сусв. вядомасць набылі тэтралогія «Сучасная гісторыя» (1897—1901), раманы філас. «На белым камені» (1904), сатыр. «Востраў пінгвінаў» (1908), гіст. «Богі прагнуць» (1912), «Паўстанне анёлаў» (1914), у якіх выкрываліся сац.-паліт. заганы, падзеі і норавы розных гіст. эпох суадносіліся з тагачасным ладам. Паэтыка Ф. адметная багаццем сатыр. палітры, спалучэннем канкрэтна-рэаліст. з умоўна-фантаст., дакументальнасці з алегорыяй, біблейскімі матывамі і вобразамі, стылізацыямі стараж. легенд, хронік і мемуараў, утопіяй і антыутопіяй. Аўтар кн. «Літаратурнае жыццё» (т. 1—4, 1888—92, т. 5, выд. 1949), гіст. працы «Жыццё Жанны д’Арк» (т. 1—2, 1908), цыкла аўтабіягр. твораў, літ.-крытычных эцюдаў, філас. дыялогаў, п’ес і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі А.Жукоўскі, М.Блісцінаў. Нобелеўская прэмія 1921.
Тв.:
Бел.пер. — Богі прагнуць. Мн., 1940;
Крэнкебіль. 2 выд.Мн., 1940;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—4. М., 1983—84;
Избр. историческая проза. М., 1988.
Літ.:
Лиходзиевский С.И. Анатоль Франс: Очерк творчества. Ташкент, 1962;
Фрид Я.В. Анатоль Франс и его время. М., 1975;
Анатоль Франс: Библиогр. указ. рус. переводов и критич. лит. на рус. языке (1877—1982). М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАЦКЕ́ВІЧ Аляксандр Ісакавіч (28.1.1895, в. Навасёлкі Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 24.11.1937),
дзяржаўны дзеяч Беларусі. Працаваў на лесапільных з-дах Барысава і Рэчыцы. З 1915 у арміі, пасля ранення з 1918 на радзіме. Удзельнічаў ва ўстанаўленні сав. улады на Барысаўшчыне. Са снеж. 1918 старшыня Лошніцкіх валасных выканкома і рэўкома. У час польскай акупацыі кіраваў партыз. групамі на Барысаўшчыне. У 1920 старшыня Барысаўскай пав. РСІ, са снеж. — Барысаўскага пав. выканкома. У 1921 узначальваў камісію па барацьбе з бандытызмам, спекуляцыяй і дэзерцірствам. У снеж. 1922 якчл. паўнамоцнай дэлегацыі БССР падпісаў Дэкларацыю аб утварэнні СССР. З мая 1924 старшыня Магілёўскага акр. выканкома, з крас. 1925 нарком унутр. спраў БССР. У 1926—27 пастаянны прадстаўнік урада БССР пры ўрадзе СССР. З мая 1927 сакратар ЦВКБССР, адначасова старшыня Нац. камісіі пры ЦВКБССР, на гады дзейнасці якой на чале з Х. прыпаў пік праводзімай у рэспубліцы палітыкі беларусізацыі. У 1928 узначаліў урадавую Камісію па рэарганізацыі Ін-та бел. культуры ў Бел.АН. З лют. 1931 нарком фінансаў БССР. У 1935—37 сакратар Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР. Уваходзіў у склад рэдакцыйнай камісіі па выпрацоўцы Канстытуцыі СССР 1936, узначальваў Камісію па амністыі і сав. грамадзянстве. Быў рэдактарам час. «Революция и национальности», чл. рэдакцыйнага савета Вял.сав. атласа свету. Выступаў у друку па пытаннях сав. будаўніцтва. Чл.ЦВКБССР у 1920—37 і яго Прэзідыума ў 1925—36. Чл.ЦВКСССР у 1922—24, 1925—37 і яго Прэзідыума ў 1927—35. Чл. Кантрольнай Камісіі ЦБКП(б)Б у 1920—21, ЦБКП(б)Б у 1922—24. Чл.ЦККП(б)Б у 1927—37. Канд. у чл. Бюро ЦККП(б)Б у 1929—34. 25.7.1937 арыштаваны ў Маскве, этапіраваны ў Мінск. Неабгрунтавана абвінавачаны ў прыналежнасці да «Арганізацыі правых» і кіраўніцтве ёй (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле») і прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́ЙНІКІ,
горад, цэнтр Хойніцкага р-на Гомельскай вобл. За 103 км ад Гомеля, 3 км ад канцавой чыг. ст. Хойнікі, чыг. веткі Васілевічы—Хойнікі лініі Калінкавічы—Гомель. Аўтадарогамі злучаны з Рэчыцай, Калінкавічамі. Знаходзіцца ў зоне ўплыву катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. 14,6 тыс.ж. (2002). Працуюць з-ды аўтарамонтны, жалезабетонных вырабаў, Хойніцкі кансервавы завод, масласырзавод, тарфяны, філіял Гомельскага з-да «Гідрапрывод», ф-камаст. вырабаў, дрэваапрацоўчы камбінат, Хойніцкі краязнаўчы музей, царква, малітоўны дом евангельскіх хрысціян-баптыстаў. Цэнтр маст. рамяства. Брацкія могілкі сав. воінаў, партызан і падпольшчыкаў, брацкая магіла славацкіх партызан. Помнікі: землякам, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну і ў гонар воінаў кав. корпуса; землякам, якія загінулі ў Афганістане; жалобы наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Помнік архітэктуры — сядзіба (19—20 ст.).
Вядомы з 1512 як вёска т.зв. Брагінскага графства ў ВКЛ. Належалі Вішнявецкім, Шуйскім, Прозарам. З сярэдзіны 16 ст. мястэчка, у Рэчыцкім пав. З канца 17 ст. цэнтр воласці. У 17—18 ст. існаваў Хойніцкі замак. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці Рэчыцкага пав. Мінскай губ. У канцы 19 ст. ў Х. 2,7 тыс.ж., 2 спіртзаводы, жалезаапрацоўчы, лесапільны і колавы з-ды, 2 вадзяныя млыны, 2 школы, Пакроўская царква, касцёл, 3 сінагогі, 26 крам, 2 заезныя двары, паштовая станцыя. З 1919 у складзе Гомельскай губ. РСФСР. З 8.12.1926 цэнтр раёна Рэчыцкай, у 1927—30 — Гомельскай акруг БССР. З 27.9.1938 гар. пасёлак Палескай вобл. У 1939—3,4 тыс.ж., лесапільны з-д. 25.8.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія амаль цалкам спалілі і разбурылі Х., загубілі 184 жыхары. З ліст. 1941 да ліст. 1943 у Х. і раёне дзейнічала Хойніцкае патрыятычнае падполле. 15.11.1942 бел. і ўкр. партызаны разграмілі ў Х. фаш. гарнізон. Вызвалены 23.11.1943 воінамі 61-й арміі Бел. фронту ў ходзе бітвы за Дняпро 1943. З 1954 у Гомельскай вобл. З 10.11.1967 горад.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЫКЛІ́ЧНЫЯ ФО́РМЫ, цыклы,
музычныя формы, якія складаюцца з некалькіх частак, завершаных паводле будовы і звязаных у цэлае адзінай маст. задумай. Паводле выканальніцкага складу і жанравых асаблівасцей бываюць інстр., вак. (вак.-інстр.) і сцэнічныя. Інструментальныя (сюітныя, санатна-сімф.) вядомы з эпохі Адраджэння, сфарміраваліся ў 17—18 ст. Сюітныя складаюцца з танц. п’ес, якія дапаўняюць адна адну па тэмпавым і жанравым кантрасце і аб’яднаны адной танальнасцю, маюць неабмежаваную колькасць частак (І.С.Бах, Венская класічная школа). У 19 ст. яны ператварыліся ў цыклы інстр.мініяцюр. Санатна-сімф. маюць складаны змест, 2—5 частак кантрастных тэмпа-жанравых суадносін з устойлівымі функцыямі і формамі (сімфонія, саната, квартэт, канцэрт), для іх характэрна тэматычнае адзінства частак і абагульненне папярэдняга развіцця ў фінале. У 19 ст. з’явіліся праграмныя санатна-сімф. Ц.ф., сімфоніі з нетрадыц. колькасцю частак. Свабодныя, змешаныя, кантрастна-складаныя формы могуць утвараць т.зв. самкнутыя цыклы. Вакальныя (кантатна-аратарыяльныя і камерна-вак.) — месы, пасіёны, кантаты, араторыі. У пач. 19 ст. ўзніклі камерныя вак. цыклы — рамансы, песні для голасу з суправаджэннем (Л. ван Бетховен, І.Брамс, Ф.Ліст, П.Чайкоўскі, Ф.Шуберт, Р.Шуман, С.Пракоф’еў, Г.Свірыдаў, Дз.Шастаковіч, Л.Абеліёвіч, А.Багатыроў, Э.Тырманд). Сцэнічныя (опера, балет, музыка да драм. спектакляў) засн. на заканамернасцях муз. формаўтварэння і прынцыпах драм. дзеяння. Паводле структурна-кампазіцыйных асаблівасцей опера і балет могуць быць аднесены да суперцыклаў: дзеянне ў іх арганізавана яксамаст. комплекс складаных муз. форм.
Літ.:
Мазель Л. Строение музыкальных произведений. М., 1960;
Асафьев Б. Музыкальная форма как процесс. 2 изд. М., 1971;
Протопопов В. Принципы музыкальной формы И.С.Баха. М., 1981;
Ручьевская Е.А., Кузьмина Н.И. Цикл как жанр и форма // Форма и стиль. Л., 1990. Ч. 2;
Дулова Е. Балетный жанр как музыкальный феномен: (Рус. традиция конца XVIII — нач. XX в.). Мн., 1999;