ФРАНК Сямён Людвігавіч (29.1.1877, Масква — 10.12.1950),
расійскі філосаф і публіцыст. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1894—98), скончыў Казанскі ун-т (1901). З 1912 у Пецярбургскім ун-це, з 1917 праф. Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў, адначасова з 1921 арганізатар (з М.А.Бярдзяевым) і дэкан Акадэміі духоўнай культуры ў Маскве. У 1922 высланы; эмігрыраваў у Германію (выкладаў у Берлінскім ун-це), з 1937 у Францыі, з 1945 у Лондане. Паслядоўнік рас. філасофіі ўсеадзінства, свае філас. погляды вызначаў як «хрысціянскі рэалізм». У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека. Ва ўнутр. свеце чалавека адрозніваў душэўную (адчуванні задавальнення, страху і інш.) і духоўную (адчуванні, якія выводзяць чалавека па-за межы фіз. свету) сферы. Найвышэйшым родам рэальнасці прызнаваў Бога, сувязь якога з інш. слаямі рэальнасці лічыў «трансрацыянальнай»: свет, паводле Ф., не частка Бога, а тое, у чым божае раскрываецца і выяўляецца. Наяўнасць у рэальнасці зла і граху тлумачыў незавершанасцю працэсу стварэння Богам свету («Неспасцігальнае», 1939). Яго гнасеалагічныя погляды будуюцца на прызнанні першаснасці перажыванняў, непасрэднай інтуіцыі і другаснасці рацыянальнага пазнання рэальнасці. Асаблівасцю рас. філасофіі лічыў спалучэнне рацыяналізму зах. філасофіі і ірацыяналізму ўсх. светапогляду («Сутнасць і вядучыя матывы рускай філасофіі», 1925). Творчасць А.Пушкіна, М.Гогаля, Ф.Цютчава, Ф.Дастаеўскага разглядаў з пункту гледжання выяўлення спецыфікі рус. светапогляду.
Тв.:
Соч. М., 1990;
Духовные основы общества. М., 1992;
По ту сторону «правого» и «левого». Мн., 1992;
Русское мировоззрение. Спб., 1996;
Реальность и человек. Спб., 1997;
Предмет знания;
Душа человека. Мн.;
М., 2000.
Літ.:
Буббайер Ф. С.Л.Франк: Жизнь и творчество рус. философа: Пер. с англ. М., 2001;
Гайденко П.П. Метафизика конкретного всеединства, или Абсолютный реализм С.Л.Франка // Вопр. философии. 1999. №5;
Котава В.А. Праблема суб’ектыўнасці ў «Неспасцігальным» С.Л.Франка // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1994. №4.
Н.Г.Кісялёва.
т. 16, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)